Читать книгу «На парозе раю» онлайн полностью📖 — Зінаіда Дудзюк — MyBook.
cover

Барыс узяў Юлю пад руку. Яны накіраваліся да будынка загса, узняліся па прыступках, увайшлі ў прасторны хол, потым – у маленькі кабінет, дзе іх прыняла ветлівая маладзіца, выдала нейкія анкеты, якія Юля не стала нават чытаць. Барыс сам падпісаў усе неабходныя паперы. Юля сачыла за ім. Ён усё рабіў няспешна, па-вясковаму грунтоўна і сур’ёзна. Зрэшты, ёй заўсёды падабалася назіраць за жыццём ці працаю іншых. Нават у маленстве, яна не брала ўдзел у гульнях, а назірала, як сяброўкі ўваходзяць у ролі бацькоў, выконваюць нейкія сцэнкі. Гэта часам здзіўляла, а найчасцей смяшыла яе. Ды і сама яна звычайна глядзела на сябе нібы збоку. Пасля кожнай сустрэчы ці гутаркі з людзьмі, згадвала, перабірала да драбніц усе сказаныя словы, пераасэнсоўвала, каб зразумець, дзе яна была недастаткова тактоўная ці ўважлівая. І дакарала, і вінаваціла сябе, калі нешта зрабіла не так. Гэтая рэфлексія часам псавала ёй настрой, але і надавала ўпэўненасці ў сваёй справядлівасці і сумленнасці. Наогул яна лічыла найвялікшым грахом хлусіць сабе.

– Юлія Максімаўна, справа зроблена. Я запрашаю вас адзначыць гэтую падзею.

– Дзе? – спытала яна абыякава.

– У кафэ. Ёсць тут адно паблізу.

Барыс узяў яе за руку, пацалаваў і павёў да выхаду.

– Мой генерал, ці не зашмат ты бярэш на сябе?

– Пакуль ніякае цяжкасці не адчуваю.

Кафэ іх сустрэла ціхаю музыкаю і напалову пустою залаю. Яны селі за маленькі круглы столік, накрыты белаю карункаваю сурвэткаю. Барыс пагартаў меню, спытаў:

– Будзем піць шампанскае? У нас жа свята.

– Будзем.

– Закуску прапаную выбраць вам?

– Не, – адказала Юля. – Сёння я давяраю твайму густу.

– Баюся вам не дагадзіць.

– Мой генерал збянтэжыўся?

– Мы вельмі мала знаёмыя, пакуль я не ведаю, якія стравы вам падабаюцца, але спадзяюся з часам выправіць гэты недахоп.

Юля раптам адчула, што яе раздражняе самаўпэўненасць Барыса, яго фальшывае выканне пры жаданні падпарадкаваць яе сваёй волі, і яна спытала:

– Я не вельмі зразумела, для чаго ўсё гэта?

– Мне здавалася, што… – сказаў ён і асекся, бо ў гэты час падышла афіцыянтка з нататнічкам і алоўкам у руках, запісала стравы, якія папрасіў згатаваць Барыс.

Юля запытальна зірнула на хлопца, жадаючы пачуць адказ на сваё пытанне.

– Няўжо вы яшчэ не зразумелі, што я кахаю вас з першай сустрэчы?

– А мае пачуцці цябе цікавяць?

– Пабачыце, я заслужу ваша каханне! – з гатоўнасцю прамовіў Барыс.

– А ты ведаеш, што каханне, калі яно ёсць, ніякіх заслуг не патрабуе? – яна пасміхнулася з позіркам дарослага чалавека, які глядзіць на неразумнае дзіця.

– Ведаю больш, чым вы сабе можаце ўявіць. Бо кахаю, зусім не ведаючы вас, – пакрыўджана адказаў ён.

– А для чаго вы хочаце ажаніцца?

– Хачу ніколі не разлучацца з вамі. Хачу, каб у нас былі дзеці! Хачу ўсё, што маюць звычайныя людзі! Ці гэта такія недазволеныя мары?

Афіцыянтка прыйшла з пляшкаю шампанскага, спрытна адкаркавала, наліла два фужэры, паставіла некалькі талерак з закускамі.

– Што ж, прызнаюся па шчырасці, мы марым па-рознаму, але, па сутнасці, пра адно і тое ж, – адказала Юля, як бы даючы згоду на тое, што прапаноўваў ёй Барыс.

6

Клаўдзія Міхайлаўна чакала званка ад Юлі, а дзяўчына не адгукалася цэлы тыдзень. «Напэўна, нічога ў журналісткі не атрымалася з таго, што я ёй напляла, – ці то суцяшала, ці то дакарала сябе яна. – Бадай, не трэба, каб маё імя зноў абрастала застарэлымі плёткамі? А з другога боку, калі б артыкул атрымаўся такі, як я сабе ўяўляю, дык няхай бы пачыталі тыя, хто паверыў, што я была ворагам свайму народу. Гэта ж трэба было прыдумаць такое азначэнне! Напэўна, ва ўсім свеце да такога абсурду не дадумаліся. А ўсё для таго, каб чалавек разумеў: судзіць яго не нейкі суддзя ці “тройка”, а цэлы народ. Таму і пакаранне адпаведна жорсткае. Ілжывы гэты свет! Немагчыма пражыць праведна, таму што кожны рэжым патрабуе слугаваць яму, маніпулюе людзьмі, прымушае пераступаць цераз свае прынцыпы дзеля агульнай далёка не гуманнай мэты. Разумныя людзі стараюцца трымацца як мага далей ад гэтых віроў, а мяне ўцягнула ў самы эпіцэнтр падзей, закружыла, перапляло асабістае з грамадскім і дзяржаўным. Нервы не вытрымалі такога напружання. Я была далёка не гераіня, а толькі слабая жанчына, якой хацелася абапірацца на надзейнае мужчынскае плячо, кахаць, гадаваць дзяцей. Пазней, чытаючы пра розных рэвалюцыянерак, даведалася, што яны заўсёды адмаўляліся ад асабістага жыцця на карысць ідэй. Калі ж у іх нараджаліся дзеці, дык яны аддавалі іх у прытулкі. Я не адважылася нават нарадзіць дзіця. Цяпер няма роднай душы побач. Не, не трэба пра гэта. Зрэшты, ёсць жа ў мяне сястра і пляменнікі. Дзеля маёй кватэры, якая ім застанецца ў спадчыну, можа, дагледзяць мяне, калі зусім занядужаю, і правядуць у апошні шлях…»

Зазваніў тэлефон. Жанчына падняла трубку і пачула голас сястры:

– Як ты там маешся?

– Памаленьку. Якраз цябе згадвала.

– Слухай, тут у газеце так пра цябе напісалі, што і гераіня, і пакутніца.

– Ці добра хоць напісана?

– Добра, аж занадта. Але чаму ты толькі пра сябе расказваеш? Я ж з табою разам лістоўкі раскідвала, спісы здраднікаў рыхтавала, эшалоны лічыла, данос на Збышака адправіла па пошце.

– Прабач, Надзя, у кароткім артыкуле ўсё не раскажаш і не распішаш.

– Не, ты гэта робіш знарок, каб прынізіць мяне. У цябе ж нікога няма. Перад кім табе красавацца? А ў мяне – дзеці і ўнукі. Ты ж сабе ўсе медалі пабрабала, а мне – нічога! Я нават не лічуся партызанкаю! А ты пабыла ў лесе два месяцы перад вызваленнем – і ўжо гераіня на ўсё астатняе жыццё.

– Ахвота табе згадваць леташні снег? – з дакукаю спытала Клаўдзія Міхайлаўна.

– Каб ты ведала, колькі мы страху натрываліся з-за цябе. Таму мама так рана памерла. Колькі яна нервавалася і плакала, калі ты сыходзіла на некалькі дзён да партызанаў! Мяне з-за цябе маглі вывезці ў Германію!

– Не маглі, я заплаціла солтысу.

– Нас жа маглі ўсіх расстраляць з-за таго, што ты пайшла ў партызаны! Тады ж паліцай Сцяпан Дзяркач прыходзіў і пытаўся, дзе ты? Добра, што Аляксей Здзітаўскі выручыў, сказаў, што ты з ім жывеш.

– Дзіўна, я і не ведала, што Аляксей мог такое сказаць. Навошта яму гэта? Мы ж проста сябравалі.

– Кахаў ён цябе.

– Вярзеш абы-што. Я пасля вызвалення яго толькі разы два бачыла. Куды ён падзеўся?

– Ён жа схаваўся ад мабілізацыі ў лес. Яго застрэлілі недзе, здаецца, у сорак дзявятым годзе, у балоце за Грушаўкай. Нават не пахавалі. Багна яго паглынула. Пасля, як у сямідзясятых рабілі меліярацыю, дык расказвалі, што адкапалі нейкія косці, але куды іх пасля падзелі, я не ведаю.

– Госпадзі, якая жахлівая смерць. Між іншым, ён ніколі не казаў мне пра каханне.

– Што ён мог табе сказаць, калі ўвесь раён ведаў, што ты гуляла спярша з Кедравым, потым – з Сіроціным?

– Не расказвай мне пра вашы калгасныя плёткі. З Кедравым у мяне нічога не было! Зразумела? Ён заляцаўся, а я яму адмовіла. А што датычыцца Сіроціна, дык і тут склаліся чыста дзелавыя адносіны. Ён быў маім непасрэдным начальнікам. Вам абы языкамі мянціць. Паўсотні гадоў мінула, а той-сёй яшчэ ўсё ад зайздрасці памірае! Калі Сіроцін мяне кахаў, дык навошта ахвяраваў мною? Чаму не збярог? Падумай!

– Падумала даўно. Прыехала ягоная жонка з дзецьмі, вось ён і пастараўся пазбыцца цябе. Спачатку накіраваў на курсы ў Брэст, а потым наогул перадаў нкусаўцам на расправу. Прынёс цябе ў ахвяру дзеля спакою сям’і і непарушнасці дзяржавы. Зрэшты, паскудны ён быў чалавек. Помніш, у Антопалі лавачнік Зыгмусь быў, яго з сям’ёю выслалі некуды на Поўнач, а ўсе рэчы забралі? Дык футрачка, у якім хадзіла лавачнікава дачка, я потым бачыла на дачцэ Сіроціна. Ты ўсё маўчыш. Ніколі нават не расказвала, як там у вас было.

– Годзе! Гэта не тэлефонная размова. Бывай, – Клаўдзія Міхайлаўна злосна пляснула трубку на апарат, села на канапу, задумалася.

«Ах, Алёшка, Алёшка, бадай, ты адзін не здрадзіў мне ў жыцці. Заўсёды падтрымліваў, стараўся правесці ды сустрэць з лесу, але не адважыўся нават абняць. Хаця, канешне, я і не заўважала цябе, аслепленая Кедравым, а потым Сіроцін свет засціў. Варта было мне хоць намякнуць табе пра якую-небудзь патрэбу, ты заўсёды стараўся аблегчыць маё становішча. Як толькі паскардзілася, што страшна хадзіць у лес без зброі, ты праз два тыдні недзе раздабыў пісталет».

Раптам выплыла ў памяці апошняя сустрэча з Алёшам ужо ў пасляваенны час. Яна тады затрымалася да цямна ў клубе, дзе быў прагляд мастацкай самадзейнасці. Алёша чакаў яе каля хаты гаспадыні, дзе Клава кватаравала. Аддзяліўся ад дрэва, што расло каля весніц. Яна ажно спалохалася. А ён супакоіў:

– Гэта я, Клава.

– Алёшка, куды ты прапаў?

– Гаспадарка ўвесь час забірае.

– Што ж, і гэта трэба.

– А ты ўсё ў начальстве ходзіш?

– Ай, Алёша, стамілася я ад усяго. Які з мяне начальнік? Праз два дні еду вучыцца на курсы ў Брэст, а пасля не ведаю, куды накіруюць.

– Хіба Сіроцін цябе крыўдзіць? Людзі кажуць, што ў цябе з ім шуры-муры.

– Хлусня гэта ўсё, Алёшка. Ты ж мяне ведаеш. Ад зайздрасці плятуць абы-што! Сіроцін па серадах у Вышанскай вечаруе!

– Дык жа з гэтаю Вышанскаю Кедраў сустракаўся.

– Да Кедрава жонка прыехала, ён і аціх. А гэтага ката памаўзлівага Сіроціна нішто не спыняе: ні сям’я, ні пасада. Яны Вышанскую з рук у рукі перадаюць, як рэч. Божа, як я яе ненавіджу гэтую самадайку! Раскажы лепш пра сябе, Алёшка. Ты яшчэ не ажаніўся?

– Пакуль не сустрэў такую, як ты.

– Дзякую за камплімент. Што ж мы тут стаім? Пайшлі да мяне, узварам якім напаю.

– Дзякую, я толькі на хвілінку, мяне сябры чакаюць, – раптам заспяшаўся Аляксей. – Яшчэ сустрэнемся… Ты доўга будзеш вучыцца?

– Прыкладна паўгода.

– Ну, бывай. Шчаслівага вяртання, – ён паціснуў яе руку на развітанне і знік у цемры.

Толькі цяпер жанчына звярнула ўвагу на словы, сказаныя Алёшам тады: «Не сустрэў такую, як ты». Выходзіла, што яна была ўзорам, якім ён кіраваўся ў пошуку сваёй палавіны. Дзіўна, яна ніколі нават не ўяўляла, што гэты хлопец мог быць яе мужам. Ён быў толькі добрым чалавекам, спагадлівым, надзейным, у лепшым выпадку – сябрам.

Праз два дні Клаўдзія з’ехала ў Брэст на курсы партыйных і савецкіх работнікаў. Спачатку там было цікава, новыя людзі, знаёмствы, а пасля яна адчула, што сумуе па Сіроціну, па ягонай мужчынскай сіле і пяшчоце, напісала яму доўгі і прачулы ліст. Адказу не атрымала, пакрыўдзілася і вырашыла больш не нагадваць пра сябе. Напэўна, Вышанская зусім яму галаву затлуміла, а жонка ягоная і не здагадваецца, што па серадах пасля вячэрніх сходаў, яе муж спяшае да палюбоўніцы.

Жонку Сіроціна Клаўдзія ціха ненавідзела да гэтага часу і ў нейкай ступені лічыла віноўніцай усіх сваіх нягод. Каб яна не з’явілася, усё было б добра. Усталяваліся трывалыя адносіны з Іванам Самуілавічам. Клава адчувала пры ім сябе абаронена і ўпэўнена. Варта было прыехаць жонцы, як пляткаркі адразу расказалі ёй пра каханне Сіроціна да Клавы, што раз’юшыла кабету. Яна прыслала палюбоўніцы ліст, у якім абвінавачвала Мартынюк ва ўсіх смяротных грахах і называла брыдкімі словамі. Тады Клаўдзія адчула, што вакол яе ўтварыўся вакуум, усе цураліся яе. А найбольш пакрыўдзіла тое, што і Сіроцін пачаў пазбягаць сустрэч з ёю, больш таго, паклапаціўся, каб выправіць яе на курсы. Дзе падзелася яго кахане, тыя словы, пяшчота і жарсць? А потым інструктар Дробкіна сказала, што ён сустракаецца з Вышанскай. Усё гэта трэба было перажыць, перадумаць і змірыцца з лёсам.

Калі Клава вярнулася ў Антопаль пасля заканчэння курсаў, дык даведалася, што Вышанскую нехта забіў. Ішло следства. Тэхнічны сакратар Таня Нічыпарук сказала, што ліст, які Мартынюк прысылала Сіроціну, знаходзіцца ў маёра дзяржбяспекі Войкава, які расследуе забойства Вышанскай.

Толькі цяпер, праз пяцьдзясят гадоў Клаўдзія Міхайлаўна міжвольна падумала: «Калі Аляксей у сорак шостым хаваўся ў лесе з рэшткамі ўкраінскай паўстанцкай арміі і ведаў, што сакратар райкама партыі Сіроцін бывае ў Вышанскай па серадах, можа, хацеў забіць яго там. Напэўна, тады Івану Самуілавічу пашчасціла, можа, у той вечар не наведаў палюбоўніцу.

За што забілі Вышанскую? Няўжо толькі за тое, што спала з раённым начальнікам? А мо таму, што я сказала пра сваю нянавісць да яе? Дык гэта ж я вінаватая. Я… – раптам падумала жанчына і заціснула сабе рот, каб не ўвасобіць у словах тую думку, што, як маланка, працяла яе сэрца. – Госпадзі, даруй і памілуй. Няўжо гэта праўда? У такі страшны час цяжка выжыць, выстаяць, не разгубіцца, не памыліцца, хто свой, хто чужы? Усе мы толькі кволыя стварэнні Божыя, няздатныя ні абараніцца, ні знайсці правільны шлях у поцемках беспрасветнага жыцця».

7

Пазванілі ў дзверы. Клаўдзія Міхайлаўна зазірнула ў вочка, убачыла Юлю, адчыніла.

– Добры дзень! Прабачце, што я без папярэджання, – сказала журналістка.

– Добры дзень. Заходзьце.

Юля, ледзь пераступіўшы парог кватэры, дастала з сумачкі газету і аддала гаспадыні.

– Вось артыкул пра вас. Рэдактар паставіўся вельмі прыхільна.

– Дзякую, Юлечка. Што ж мы тут стаім? Заходзьце, калі ласка, у пакой. Зараз я гарбатку завару, і мы пачытаем ды абмяркуем ваш артыкул.

Клаўдзія Міхайлаўна ўзяла газету, хаваючы хваляванне, але рука здрадліва дрыжала, і накіравалася на кухню. Юля прымасцілася на канапе, ёй не цярпелася пачуць думку гераіні нарыса. Яна паглядзела на шафу з кніжкамі і сустрэлася з позіркам маладой гаспадыні з фотаздымка. Вочы яе хітравата ўсміхаліся. Юля здзіўлена прыўстала, зрабіла некалькі крокаў, каб памяняць ракурс і зноў сустрэла той самы позірк. Тыдзень таму гэты фотаздымак вылучаў зусім іншую інфармацыю. Яна зазірнула на кухню, каб спытаць у Клаўдзіі Міхайлаўны, гэта той самы фотаздымак ці новы, але ўбачыла, што гаспадыня ўважліва чытае артыкул і не стала адрываць яе, вярнулася на канапу. Разглядваючы кветкі, вытканыя на дыване, якім была заслана падлога, Юля згадала пра Барыса: ніяк не магла вырашыць, ці выходзіць ёй замуж. Добрае ўражанне ад ягонай асобы пераважвалася нейкімі адмоўнымі дробнымі дэталямі. Дарослага чалавека не перавыхаваеш, яго трэба ўспрымаць такім, які ён ёсць. Яна была ў тым узросце, калі першае, другое і трэцяе каханне развеяліся, і ўспамінаць пра тое не хацелася. Цяпер яна перажывала такі перыяд, калі душа была вольная ад захаплення якою-небудзь асобаю мужчынскага полу. Так, адзін з супрацоўнікаў заляцаўся да яе, але ён жанаты чалавек, найхутчэй проста шукае сабе забаўку за межамі сям’і. Хоць даволі прыемны звонку, ды ў душы эгаістычны і чэрствы. Гэта бачна па тым, як ён ставіцца да супрацоўнікаў і да сваіх абавязкаў. Бырыс шчыры, адкрыты, але ўладны, і гэта пакуль яшчэ ён не муж, а толькі жаніх…

– Вось і гарбатка, – прамовіла Клаўдзія Міхайлаўна, паставіўшы на круглы столік кубачкі, цукар, хлебніцу з лустачкамі нарэзанага батона.

– Дзякую. Якая духмяная заварка! У вас ёсць нейкі сакрэт?

– Не, няма. Праўда, іншы раз дадаю чабор або душыцу. Частуйцеся, Юлечка.

Гаспадыня і сама села да стала, паглядзела на дзяўчыну, раздумваючы, як пачаць гаворку.

– Вы малайчына, Юля, выдатна напісалі, мне спадабалася.

– Дзякую. Я рада зрабіць хоць што-небудзь добрае для вас. Можа, варта было больш распісаць вашы пакуты там, у Сібіры.

– Скрозь людзі жывуць. І ў Сібіры – таксам. Былі там не толькі трагічныя, але і камічныя сітуацыі. Вось такая, напрыклад. Атрымалі золатаздабытчыкі разлік за сезон, купілі білеты на самалёт, каб вылецець на адпачынак ці да радні, а перад дарогай дзень балююць. Раніцай рынуліся да аэрадрома на таксі, а нехта дарогу перакапаў так, што машына не пройдзе. Самалёт чакае пасажыраў з загадзя набытымі білетамі, а яны, яшчэ непрацверазелыя, дарогу ладзяць. Вось табе смех і грэх!

– Клаўдзія Міхайлаўна, можа, яшчэ адзін артыкул напішам пра ваша жыццё ў Сібіры?

– Калі-небудзь потым, а цяпер дай Божа гэты перажыць.

– Што вас турбуе? – здзівілася Юля.

– Ды рознае. Ці мала як людзі гэта зразумеюць і ўспрымуць. Ды што мы ўсё пра мяне? Раскажыце лепш пра сябе.

– Мая мама таксама з-пад Антопаля была, з Пігановічаў. Так што мы з вамі амаль зямлячкі.

– Была? – перапытала гаспадыня.

– Так, яна памерла даўно, мне і дзесяці гадоў не было. Кволілася на сэрца, прастудзілася ў маленстве. Бацька адразу ажаніўся другі раз. Была ў яго даўняя сяброўка ў Кобрыне, куды мы пераехалі, там я дзесяцігодку скончыла, паступіла ў БДУ. З мачыхаю мы людзі чужыя.

– Юлечка, раскажыце пра што-небудзь весялейшае.

– Мяне замуж сватаюць, – нечакана для сябе сказала Юля пра тое, што яе найбольш хвалявала ў гэтую хвіліну, а параіцца не было з кім.

– Віншую і жадаю шчасця. З такой нагоды, можна і вінца выпіць? У мяне ёсць, – прапанавала гаспадыня.

– Не, калі ласка, не трэба. Сёння я дзяжуру па газеце. У такі дзень трэба мець абсалютна цвярозую галаву.

– Што ж, настойваць не буду. І хто ж жаніх? – лагодна спытала гаспадыня.

– Ды так, адзін хлоцец, трохі маладзейшы за мяне.

– Гэта не бяда. Абы чалавек быў добры.

– А вы свайго мужа моцна кахалі?

– Спачатку была закаханасць, а потым… Хто яго ведае? Ён быў такі неўраўнаважаны, проста камяк нерваў. Зразумела, перажыць прыніжэнні, голад, холад, страх смерці, хваробы. У такіх мітрэнгах мала каму ўдаецца выйсці пераможцам. Іншы раз мне здавалася, што ён ненавідзіць увесь свет. Таму і хваробу не адолеў.

– Як гэта страшна!

– Страшна – не тое слова. Жудасна! Ён жа быў з вайскоўцаў, людзей якіх з маладосці прывучваюць жыць па загадах. Такія людзі вельмі дрэнна арыентуюцца ў жыцці… А твой жаніх, дзе працуе?

Юля разгублена паглядзела на гаспадыню, не адважваючыся адкрыцца, пасля ўсё ж сказала:

– У міліцыі.

Клаўдзія Міхайлаўна скрушна паківала галавою і сказала:

– Што ж, міліцыянерам таксама трэба жаніцца. А які ён?

– З тых, што прыйшоў, пабачыў, перамог.

– Дай Божа вам шчасця. Сама я са шчасцем недзе размінулася. Але ж вось перажыла і каханых, і ворагаў.

– Канчаткова я яшчэ нічога не вырашыла. Магу і перадумаць.

– Жанчыны часам выходзяць замуж для таго, каб нарадзіць дзіця. Спрацоўвае магутны прыродны інстынкт. А каханне – толькі казачная жар-птушка. Ва ўсялякім разе я жадаю вам шчасця. І хачу зрабіць маленькі падарунак.

Клаўдзія Міхайлаўна выйшла на кухню і праз хвіліну вярнулася з маленькім чайнічкам, бакі якога былі распісаны ўзорам у выглядзе галінак хвоі.

– Вазьміце, Юля, гэты заварнічак на памяць. Я яго з Сібіры прывезла. Некалі памру, а вы будзеце на яго часам паглядваць і мяне ўспамінаць.

– Што вы, Клаўдзія Міхайлаўна, ён вам самой, можа, патрэбны, – запярэчыла Юля.

– Бярыце, бярыце, я хачу, каб вы помнілі мяне.

– Дзякую, Клаўдзія Міхайлаўна, я вас і так ніколі не забуду. Дарэчы, гэты мой жаніх таксама пэўным чынам звязаны з маёй працай. Некалі я брала ў ягонага бацькі інтэрв’ю, а ён мяне запомніў і знайшоў.

– Мэтанакіраваны хлопец. Дасць Бог, усё будзе добра.