Читать книгу «На парозе раю» онлайн полностью📖 — Зінаіда Дудзюк — MyBook.
cover

Гэтыя словы Клаўдзіі Міхайлаўны супакоілі і абнадзеілі дзяўчыну. Юля паднялася з-за стала, падзякавала гаспадыні за пачастунак, накіравалася да выхаду, бо сапраўды трэба было спяшацца вычытваць газетныя палосы, каб своечасова выпусці выданне ў свет. Жанчына правяла яе да дзвярэй. І толькі цяпер Юля заўважыла нейкую нецярплівасць у вачах жанчыны, пэўна, яна хацела сам-насам яшчэ раз перачытаць артыкул.

8

Клаўдзія Міхайлаўна прагна ўпілася вачамі ў газетны тэкст. Спынілася, перачытала радкі: «Ведаеш, як страшна, горка і крыўдна, калі цябе, маладую, поўную сіл і жадання працаваць, цябе, што прайшла вайну, ні ў чым не вінаватую, на дзесяць гадоў пазбаўляюць волі! Але, можа, яшчэ пакутлівей перажывала я вызваленне, калі адчувала сябе адрынутай, выкінутай з жыцця і нікому непатрэбнай. На працу не бралі, сустракалі пагардлівымі позіркамі…»

Клаўдзія Міхайлаўна выцерла няпрошаныя слёзы, паглядзела ў акно, нібы там, за шклом, магла ўгледзець нешта важнае, што прынесла б спакой душы. Аднак даўнія крыўды ажылі, вярэдзілі душу. Яна паспрабавала сябе супакоіць, разумеючы, што лішнімі хваляваннямі толькі ціск падымеш, а таму зноў паглыбілася ў чытанне.

«За што павесілі на мяне кляймо ворага народа зразумець цяжка. Нейкі звышпільны нкусавец (напэўна, план выконваў) у маёй любоўнай цыдулцы, адрасаванай аднаму чалавеку, заўважыў прыкметы шпіёнскай дзейнасці. Да апошняга моманту не магла паверыць, што мяне, сакратара падпольнага Антопальскага райкама камсамола, узнагароджаную двума медалямі і ордэнам, на той час партыйнага работніка, на дзесяць гадоў кінуць у турму…» – прачытаўшы гэтыя радкі, Клаўдзія Міхайлаўна задаволена ўсміхнулася і падумала, што тут яна добра выкруцілася, не стала варушыць тыя даўнія свае сардэчныя мітрэнгі. Які сэнс вяртаць застарэлы боль, калі часам не хапае сілы на тое, каб проста жыць.

«Божа мой, на што я патраціла сваё жыццё? Да чаго імкнулася? Ці не лепш мне было б застацца на сялянскай працы, выйсці замуж за таго ж Алёшу Здзітаўскага, нарадзіць плойму дзяцей, дачакацца ўнукаў? – спытала яна ў сябе. – А ці можна было? Алёшу забілі, бо хаваўся ад мабілізацыі ў лесе. А калі б забралі на вайну, наўрад ці вярнуўся б. У нашу вёску з вайны вярнуліся толькі два сталыя чалавекі, якія недзе былі пры абозе, ды і то адзін з іх захварэў на сухоты. Маладыя мужчыны ўсе палеглі! Пэўна, такі ўжо лёс мой».

У дзверы доўга і патрабавальна пазванілі. Звычайна так званіла сястра. Клаўдзія Міхайлаўна згарнула газету, кінула на стол і пайшла адчыняць дзверы. Надзя стаяла на лесвічнай пляцоўцы, цяжка абапіраючыся на кульбаку.

– Божачкі, як жа ты даклыпала на трох нагах? – спытала Клаўдзія Міхайлаўна.

– Ты ж не збярэшся. І чым ты тут цэлы дзень займаешся адна?

– Мне з сабою сумна не бывае. Заходзь, Надзя.

Сястра, мажная і няўклюдная, асцярожна пераступіла парог, скінула атопкі, прайшла ў пакой і ўвалілася ў крэсла. Заўважыла газету на стале, сказала:

– Дарма я прысунулася. У цябе ўжо ёсць газета.

– Ты баялася, каб я ад цікаўнасці не сканала?

– Ай, Клаўка, нашы гады такія, што нам гора і радасць аднолькава шкодзяць. Думаю: пайду, падзіўлюся на цябе. Ад каляд не бачыліся.

– Прыйшла і добра зрабіла. Мо есці хочаш?

– Не, нічога не хачу. Дай толькі вады халоднай з чайніка. Смага сушыць, дыябет пракляты…

Гаспадыня прынесла з кухні кубак вады і талерку на якой ляжалі тры яблыкі. Надзя залпам апусташыла кубак, выцерла далонню вусны.

– Як твае дзеці ды ўнукі? – спытала Клава ў сястры.

– Халера іх не бярэ. Мы ім трэба, пакуль яны малыя, а як падрастуць, дык нашто тая маці?

– Не кажы так, Надзя.

– Паспытала б ты майго шчасця. Мужык п’яніца быў. Старэйшы сынок у яго ўдаўся. Унукі нейкія няўважлівыя ды абыякавыя. Адно што з табою словам і перакінуся. Аджылі мы сваё, толькі пад нагамі ў маладых блытаемся.

– Няўжо я каму замінаю? – спытала гаспадыня. – У маладых сваё жыццё, у нас – сваё. Хоць я і старэйшая за цябе на шэсць гадоў, але не лічу сябе лішняй на гэтай зямлі.

Надзя памаўчала, пакратала карункавую сурвэтачку на стале, падняла вочы на малады Клавін фотаздымак і ўздыхнула.

– Вядома, жывым у магілу не палезеш.

Гаспадыня ўважліва паглядзела на сястру і толькі зараз заўважыла, як пастарэла яна за паўгода: мяшкі пад вачамі набрынялі, валляк на шыі значна вырас, уся яна аплыла, налілася нездаровай паўнатой.

– Што з табою? Кажы, нешта здарылася.

Малодшая сястра скрушна паківала галавою і ціха прамовіла:

– Здарылася, паўсотні гадоў таму. Цяпер не паправіш.

– Давай паабедаем. У мяне булёнчык ёсць курыны, – прапанавала Клаўдзія Міхайлаўна.

– Дзякую. Не хочацца. Ты для мяне, Клава, заўсёды была ўзорам. Умела ты і апрануцца, і прычасацца. Мне далёка было да цябе. І грошы ў цябе вадзіліся, і палюбоўнікаў мела не абы-якіх, не тое, што я прагаравала век з п’яніцам. Адно што ён партызанам быў, дык на свята Перамогі медалямі брэнькаў. Знешне нябрыдкі ўдаўся, а душа паскудная.

– Не разумею, да чаго ты хіліш? – насцярожылася гаспадыня.

– Не ведаю, як табе і сказаць.

– Кажы ўжо, як ёсць.

Надзя зірнула на сястру насцярожана. Нешта ўтрымлівала яе ад адкрытай гаворкі, быццам яна сама сабе баялася ў нечым прызнацца.

– Зрэшты, не хочаш, не кажы. Якія ў нас, старых, могуць быць таямніцы? – сказала гаспадыня.

– Хачу я, Клава, пайсці да бацюшкі і пакаяцца за нашыя з табой агульныя грахі.

– Не зразумела, – здзіўлена сказала старэйшая сястра, – што ты маеш на ўвазе?

– Помніш, мы з табою складалі спісы здраднікаў і перадавалі партызанам?

– Ну і што? Яны ж і былі здраднікамі, служылі немцам. У цябе склероз? Забылася, колькі хлопцаў і дзяўчат вывезлі ў Германію, колькі людзей загінула? А пасля вайны колькі яшчэ забівалі! Каб ты глянула на твар мёртвага Шымава! Чалавек прыехаў з Мінска, з міністэрства дапамагаць нашым палешукам далучацца да сацыялістычнага будаўніцтва, мухі не пакрыўдзіў. А яго…

– Хто служыў, а хто не хацеў ехаць у Германію, таму і вымушаны быў наймацца на працу да немцаў. Мы ж і іх уносілі ў спісы здраднікаў. А потым… Сама ведаеш, што іх чакала..

Надзя неяк дзіўна ўсхліпнула, нібыта ёй перахапіла дыханне, выцерла потны твар і вочы, напоўненыя слязьмі.

– Тады была вайна. Людзі дзяліліся на сваіх і чужых. Ворагаў трэба было знішчаць, пакуль яны не знішчылі нас. Ніхто мяне не можа папракнуць за гэта.

– Могуць, яшчэ як могуць. Зрэшты, я сама сябе і дакараю. Усе мае хваробы і няшчасці праз гэтыя грахі!

– Хваробы твае ад старасці. А няшчасная ты толькі таму, што ўсё жыццё пражыла з п’яніцам. І дзеці ўдаліся ў яго. З каго ж ім прыклад браць?

– Чаму яны з мяне прыклад не бралі? Не, ты мяне не пераканаеш, – пахітала галавою Надзя. – Ці ты ведаеш, чыя ўнучка гэтая журналістка, што з цябе гераіню зрабіла?

– Якая розніца?

– Не, ты паслухай, – настойвала Надзя. – Гэта ўнучка таго Андрэя Кавальчука з Пігановічаў. Помніш?

– Не, не помню, – абыякава адказала Клава.

– Ён на чыгунцы пры немцах працаваў. Дзяцей меў чацвёра. Такі невялічкі чалавек, чорны, як жук.

– Паглядзі, яе прозвішча Яновіч, а не Кавальчук.

– Гэта яна па бацьку – Яновіч, а прозвішча яе маці – Кавальчук.

– Чаго ты ад мяне хочаш? – злосна спытала Клава. – Каб я пакаялася разам з табою за кампанію?

– Не. Ты паслухай. Ты помніш, што партызаны гэтага Кавальчука і ўсю яго сям’ю?..

– Давай лепш зменім тэму гаворкі, – абарвала яе гаспадыня. – У мяне, здаецца, ужо ціск падымаецца.

– Я нічога. Толькі хацела сказаць.

– Адкуль ты ведаеш?

– Мой мужык таксама быў з Пігановічаў. Дачка Кавальчука, як асірацела, жыла ў родзічаў па суседстве з маім мужыком. Яе выдалі замуж за першага, хто пасватаўся, такога ж горкага п’яніцу, як мой. Слабое ў яе было здароўе, рана памерла… Гэты артыкул – прывітанне табе ад тых Кавальчукоў.

Твар Клаўдзіі Міхайлаўны раптам пакрыўся чырвонымі плямамі, яна села на канапу і адчула, што губляе прытомнасць, нахілілася на бок і ўткнулася тварам у маленькую падушачку. Надзя кінулася да сястры, павярнула яе тварам дагары, пытаючы:

– Што з табою? Блага?

Дрыготкімі рукамі малодшая сястра дастала з сумачкі валідол, хацела пакласці сястры ў рот, але ўбачыла, што тая ніяк не рэагуе на яе голас, памкнулася да тэлефона, каб выклікаць хуткую дапамогу.

Пакуль прыехала брыгада кардыёлагаў, Надзя і пырскала на сястру халоднай вадой, і націрала нашатырным спіртам скроні, і клікала яе, і каялася, і праклінала сябе за тое, што распачала гаворку пра Кавальчука. Клава да памяці не прыходзіла.

Медыкі моўчкі памералі ціск, зрабілі кардыяграму, запісалі неабходныя дадзеныя хворай, спыталі, ад чаго здарыўся прыступ. Надзя схлусіла, што сястры стала блага раптам без усялякай прычыны. Медсястра зрабіла Клаве некалькі ўколаў, і хворая расплюшчыла вочы, няўцямна агледзела прысутных.

– Як вы сябе адчуваеце? – спытаў доктар.

– Добра, – па складах адказала яна.

– Госпадзі, як жа ты мяне напалохла! – узрадавалася малодшая сястра, бачачы, што Клава акрыяла.

– Памажы мне падняцца, Надзя, па мяне Аляксей прыйшоў.

– Які Аляксей? – здзіўлена спытала госця. – Гэта ж доктар.

– Здзітаўскі… Праходзь, Алёша, даўно мы з табою не бачыліся.

Надзя голасам, які зрываўся на плач, ціха папрасіла:

– Зрабіце, калі ласка, што-небудзь. Яна ж трызніць…

– Падобна на інсульт, – канстатаваў доктар. – Трэба везці хворую ў бальніцу.

– Мне можна з вамі? – спытала Надзя. – Я сястра ёй.

– А чаго вам ехаць? Хворую пакладуць у рэанімацыю. Туды наведвальнікаў не пускаюць. Як ёй палепшае, тады і прыходзьце наведаць.

Клаўдзію Міхайлаўну вынеслі на насілках. Надзя засталася ў пустой кватэры адна, вінавата падумала:

– Нездарма наш бацька казаў, што за грэх нябожчык і з таго свету адпомсціць. «Ніколі не скардзілася, каб што балела, і раптам – на табе! Напэўна, і запавет не склала. Зрэшты, я ды мае дзеці – адзіныя яе спадчыннікі».

9

Сваё замужжа Юля ўспрыняла з пэўнай доляй іроніі і з абсалютным спакоем. Цяпер стала модна выпрабоўваць сябе ў шлюбе. Як не атрымаецца сумеснае жыццё, дык можна развесціся. Не вялікая страта. Невядома, дзе шукаць тое каханне на свеце. Мо гэта яно і ёсць, толькі трэба лепш прыгледзецца. З Барысам ёй было лёгка і проста. Здавалася, што ён гатовы выканаць усялякае яе жаданне, хоць асаблівых капрызаў яна і не выказвала. Неставала часу. Паездкі ў раён і напісанне артыкулаў забіралі час, сілу і душу. Да таго ж у Барыса часта здараліся дзяжурствы ў святочныя дні, дык бачыліся яны рэдка. Часам Юля нават пачынала сумаваць па ім недзе ў дарозе. Барысу часцяком даводзілася самому гатаваць ежу, прыбіраць кватэру і нават мыць бялізну. Толькі калі пайшла ў дэкрэтны адпачынак, мімаволі занялася гаспадаркаю і заўважыла, што каханы муж часам па трое сутак не прыходзіць додому, усё праводзіць нейкія аперацыі і рэйды. Аднойчы, збіраючыся мыць ягоную міліцэйскую сарочку, праверыла кішэні, каб не сапсаваць якую патрэбную паперыну ці грошы, а знайшла фотаздымак, на якім Барыс трымаў на руках голую дзяўчыну. У Юлі ад нечаканасці ажно рукі затрэсліся і лоб пакрыўся кроплямі поту, быццам яна без дазволу дакранулася да брыдкай чужой таямніцы. Яна адкінула ад сябе фотаздымак, нібы змяю, а потым пачала таптаць яго нагамі. Хацела нават спаліць. Ды дзіцятка варухнулася пад сэрцам, і яна сцішыла свой гнеў, пайшла і легла на канапу, адчуваючы, як навальваецца на сэрца невыносны цяжар.

Так яна і праляжала, не ўстаючы, ажно да позняга вечара, пакуль не прыйшоў Барыс, ажыўлены, вясёлы.

– Што гэта? – спытала Юля, паказваючы рукою на фотаздымак, які ляжаў на падлозе сярод пакоя.

– А! Гэта! Я ж табе расказваў, як русалку злавіў, – Барыс нервова засмяяўся, хуценька падняў фотаздымак і схаваў у кішэню.

– Не хлусі. Ты мне нічога не казаў.

– Успомні. Пра русалку.

– У мяне добрая памяць. Такога не было.

– Не помніш? Тады слухай. Аднойчы ўвечары мы з сяржантам Міхальчуком ішлі па набярэжнай, чуем, нехта ў цемры плёхаецца. Думалі: тапелец. Я кінуўся ў ваду і дастаў голую дзяўчыну. Аказваецца, яна вырашыла пакупацца голенькая, бо не мела пры сабе купальніка. Сяржант мяне сфатаграфаваў на памяць.

– А цяпер ты ў гэтай русалкі па трое сутак дзяжурыш?

– Юлька, ну там няма нічога сур’ёзнага, – разгублена пачаў апраўдвацца Барыс. – Мы проста знаёмыя і ўсё.

– Для чаго табе гэтае знаёмства?

– Проста так.

– Ажаніўся ты таксама проста так? Дзе ж тваё каханне? На дне Мухаўца ўтапіў, як русалку ратаваў? А цяпер ходзіш да яе невад закідваць.

– А табе што да мяне? – абурыўся Барыс. – Я ж не магу цяпер з табою спаць. Мы нашага будучага сыночка аберагаем. А яна дзеўка вольная! Усе мужыкі так робяць!

– Прэч! Прэч з маіх вачэй! – закрычала Юля, адчуваючы, што падлога перакульваецца ў яе пад нагамі, а ўвесь свет рушыцца, ператвараецца ў хаос.

10

Юля нарадзіла мёртвае неданошанае дзіця. Барыс сам пахаваў сына, бо жонка была слабая і цэлы месяц праляжала ў бальніцы. Як толькі выпісалася, паехала на магілку да дзіцяці. Была ранняя вясна, недзе высока ў небе спяваў жаваранак, напэўна, першы сёлета. Юля доўга і ціха плакала, стоячы над маленечкім грудочкам зямлі пад невыносна шчаслівы спеў вольнай птушкі. Нават падумалася, што, магчыма, гэта душа яе сына ўвасобілася ў жаваранка і радуецца сустрэчы з мамаю, якая не паспела яго ні папесціць, ні накарміць малаком.

На драўляным крыжыку было напісана «Бабровіч Іван». Напэўна, Барыс не доўга думаў, даючы імя сыну, назваў першае, што прыйшло ў галаву. Яна марыла назваць сваё немаўлятка Святаславам. Дата нараджэння і смерці ў дзіцяці супадалі.

«Мёртванароджанае каханне прынесла мёртванароджанае дзіця, – горка падумала Юля, – сама я ва ўсім вінаватая. Калі б кахала Барыса па-сапраўднаму, напэўна, змагла б дараваць. Як нічога не мела, так і не маю. А сустракацца з ім не хачу. Ніколі! Сыночак мой, даруй мне. Я гатова аддаць табе сваё жыццё, але табе ўжо нічога не трэба. Ты не паспеў на гэтай зямлі нават паветра ўдыхнуць, выпіць глыток вады. Прыйшоў з неба і схаваўся ад мяне пад зямлю. Як жа страшна я пакарала сябе…»

Яна прысела, дакранулася да вільготнай глебы, якая замест пялюшак ахутвала зараз яе дзіця, і сэрца працяло вострым болем, нібы змяя пракусіла грудзі і высмоктвала сілу, жыццё, кроў з яе цела.

Няўпэўненаю, хісткаю хадою Юля доўга ішла да брамы, мінаючы мноства магіл, свежых і даўніх, тысячы нябожчыкаў пазіралі на яе з фотаздымкаў з нямым дакорам, што яна не ўратавала свайго сына, не вынасіла яго, не дала магчымасці пажыць на белым свеце, сказаць сваё першае ў жыцці слова: «Мама». Яе сын заставаўся сярод гэтых чужых магіл, сярод чужых душ.

«Як жа я не дадумалася пахаваць сыночка на вясковых могілках побач з яго бабуляй – маёй мамай? Яна б прыняла яго на тым свеце і даглядала б, а цяпер… – з жахам падумала яна. – Што ж, можа, я не надта зажывуся і прыйду да свайго сына, каб ніколі не разлучацца. Ніколі, ніколі…»

Знясіленая непамерным горам Юля увайшла ў свой пакой і са здзіўленнем убачыла Барыса.

– Прывітанне! Чаму ты мяне не дачакалася? – нездаволена спытаў ён. – Я прыехаў забраць цябе, а мне сказалі, што ты ўжо выпісалася і пайшла.

Юля моўчкі скінула паліто, села на канапу, заплюшчыла вочы.

– Не трэба мне дэманстраваць сваё гора! Я таксама пакутую, – злосна сказаў Барыс. – Гэта быў і мой сын!

Юля распюшчыла вочы, з нянавісцю паглядзела на Барыса і спытала:

– Што ты тут робіш?

– У якім сэнсе? – здзівіўся ён.

– У самым прамым.

– Я тут жыву на правах твайго мужа.

– Заўтра я падам на развод. А цябе прашу пакінуць мяне назаўсёды і не трапляць на вочы.

Барыс замітусіўся, збіраючы нейкія рэчы, потым выпрастаўся і сказаў:

– Калі я пайду, дык ужо назаўсёды.

– Я толькі гэтага ад цябе і чакаю.

– Я кахаў цябе.

– Я, здаецца, – таксама. Але ліміт выбраны. Усё скончылася. Можа, у цябе на русалку знойдзецца больш гэтага дэфіцытнага рэчыва.

Барыс раптам упаў на калені, схапіў Юлю за рукі, стаў іх цалаваць і казаць нешта бязладнае і бессэнсоўнае. Яна вызвалілася, з агідаю адштурхнуўшы яго, і закрычала:

– Пакінь мяне ў спакоі! Малю! Я не вытрымаю тваёй прысутнасці побач! Мне лепш легчы ў магілу з сынам, чым з табою ў адзін ложак! Ты можаш гэта зразумець?

– У цябе пасляродавы псіхоз!

– Затое ты разумны і цвярозы. Кіруйся далей сваім пачварным розумам!

– Я чалавек, а не рэч, якою ты хочаш распараджацца!

– Я? Табой? Эх, ты. Я хацела пакахаць у табе мужчыну, паважала як асобу, як чалавека. А ты толькі звычайны самец, гатовы сеяць сваё мярзотнае насенне куды заўгодна. Праходзь міма, сейбіт!

– Я табе гэтага не дарую!

Ён замахнуўся, гатовы выцяць яе. Юля выпрасталася перад ім, зрабілася быццам вышэйшаю ростам, і крыкнула.

– Забіў сына, цяпер забі і мяне, як сведку свайго паскудства!

Барыс выскачыў з пакоя, моцна грукнуўшы дзвярамі.

Юля няўпэўнена наблізілася да дзвярэй, замкнула іх, легла на канапу і апусцілася ў цяжкую дрымоту. Гэта было нешта сярэдняе паміж сном і смерцю, калі цела здатнае было пачуць кожны гук, але не магло варухнуцца, апанаванае здранцвеннем.

11

Некалькі месяцаў Юля праіснавала ў прыгнечаным стане, нішто не цікавіла яе. Калегі, спачуваючы яе бядзе, не надта даймалі прэтэнзіямі, ды і наўрад ці яна магда б зразумець і заўважыць іхнюю незадаволенасць ці прыязнасць. Душа апусцілася ў багну цяжкой дрымоты, каб не адчуваць востры боль ад страты дзіцяці. Скончылася лета, пачаўся верасень, а на дварэ ўсё яшчэ стаяла нязвыклая гарачыня, быццам і прырода запаволіла бег часу. Толькі калі аднойчы вераснёўскай раніцай Юля раптам узрушана заўважыла, што за акном зацвіла адна галіна каштана, нешта схамянулася ў яе душы, ажыло, прымусіла здзівіцца і ўзрадавацца. На дрэве віселі зялёныя калючыя шарыкі пладоў і цвілі кветкі! Гэта было неверагодна!

Юля доўна прыглядалася да кветак і потым прашаптала: «Каштан зацвіў другі раз. І я змагу. Я павінна. Трэба жыць. Душы вечныя. Я са сваім сыночкам сустрэнуся на тым свеце…»

Белыя кветкі з карычневымі тычынкамі ўсміхаліся, гарэлі побач з парыжэлаю высахлаю лістотаю, якая час ад часу асыпалася долу. Каштан цвіў і не думаў, што не паспее выспеліць новыя плады. Белая галіна красавала, абуджала радасць і надзею, як нечаканы і светлы цуд.

Гэтае здарэнне разбудзіла Юліну душу, уліло ў яе сілу. Яна ўзяла фотаапарат, зрабіла некалькі фотаздымкаў. Села і напісала проста ад рукі некалькі радкоў: «Самая сенсацыйная навіна. У Брэсце зноў, другі раз сёлета, зацвілі каштаны! Цнатлівыя белыя кветкі дораць людзям прыгажосць. Адкажам ім узаемнасцю!»

Рэдактар, чырвонатвары і паўнаваты, расплыўся ва ўсмешцы і ўзрадаўся не столькі нечаканаму матэрыялу, колькі таму, як ажыў і засвяціўся твар падначаленай. Загадаў пусціць сенсацыйную навіну ў нумар неадкладна. Юля падзякавала яму за тое, што ён здолеў раздзяліць яе ўзрушэнне, і сказала:

– Прабачце, напэўна, я дрэнна спраўлялася апошнім часам з абавязкамі.

– Усё выдатна, Юля! Я цалкам задаволены тваімі артыкуламі.

– Вы мяне песціце, Мікалай Ігнатавіч.

– Паважаю, – удакладніў рэдактар, – і чакаю новых матэрыялаў.