Читать книгу «На парозе раю» онлайн полностью📖 — Зінаіда Дудзюк — MyBook.
cover

Барыс меў тую непрыкметную знешнасць, якая не вылучаецца ў натоўпе. Шэрыя вочы, кірпаты нос, свежы твар, валасы коратка стрыжаныя. Хлопец як хлопец. Калі выйшлі з машыны, Юля падзякавала за якасную транспартную дастаўку каштоўнага грузу.

– Я гатовы гэты груз да смерці на руках насіць, – запэўніў яе хлопец.

– Каму патрэбны такія ахвяры? – засмяялася Юля.

– Ахвяраванне ў гонар багіні кахання, – ці жартам, ці ўсёр’ёз адказаў хлопец.

– Адкуль вы ведаеце мой адрас?

– Я ж у міліцыі працую.

– Зразумела. Што ж, мне пара ў маю вавілонскую вежу, – сказала дзяўчына, ківаючы ў бок дзевяціпавярховага інтэрната.

– Нічога, у мяне ёсць магчымасць атрымаць службовую кватэру, трэба толькі ажаніцца.

– Нявеста ўжо ёсць? – спытала Юля.

– Ёсць, з тае першай нашай сустрэчы…

– Не размею.

– Не ўсё адразу, – усміхнуўся Барыс. – Можа, пойдзем у кафэ пасядзім? Ці вас правесці дадому?

Юлі не спадабалася, што гэты хлапчук раптам уварваўся ў яе жыццё і спрабуе распараджацца паводле свайго меркавання.

– Мяне дома чакаюць муж і дзеці, – схлусіла Юля.

– Не трэба выдумляць алібі, Юлія Максімаўна. Я сабраў пра вас усю неабходную інфармацыю. Сустрэча наша зусім не выпадковая. Разумею, што для вас гэта нечакана. Але ж у мяне не было іншага выйсця. Усе гэтыя гады я думаў пра вас.

Яна адчула сябе ніякавата, бо не мела звычкі хлусіць, а яшчэ таму, што гэты хлопец быў маладзейшы за яе.

– Давайце сустрэнемся заўтра ўдзень, – прапанаваў ён.

– Чаму ўдзень?

– У мяне заўтра выхадны. І пашпарт вазьміце з сабою.

– Навошта?

– А што ж я буду правяраць, грамадзяначка?

– Вам абавязкова трэба нешта праверыць? – засмяялася Юля не столькі са свайго пытання, колькі з-за прыхаванага падтэксту.

– Абавязкова. Прафесійнае захворванне, як вы заўважылі.

– Добра, але рыхтуйцеся ў такім разе расказаць і пра вясковае жыццё вашых бацькоў, і пра вашу міліцэйскую службу. Не буду ж я дарма час марнаваць.

– Усё, усё раскажу.

Яны дамовілі аб месцы і часе спаткання. Барыс пацалаваў ёй руку на развітанне.

Ліфтам Юля паднялася на сёмы паверх. Тут было шумна, у некага гарлапаніў тэлевізар, гаманілі дзеці, якія звычна бавілі час пасля садка на калідоры. Юля прайшла ў свой пакойчык. Есці не хацелася, гарбата з пачастункамі ў Клаўдзіі Міхайлаўны, пэўна, перабіла апетыт. Яна павесіла куртку, села за стол, стала праглядаць запісы, збіралася накідаць артыкул і раптам злавіла сябе на тым, што думае пра Барыса і ўсміхаецца.

«Вось паскудны хлапчук, – падумала яна, – зусім натхненне выбіў, перашкаджае працаваць. Даўно са мною такога не здаралася. Што ж будзе далей?»

4

Пасля візіту журналісткі ноч у Клаўдзіі Міхайлаўны выдалася бяссонная. Нават рэладорм не дапамог. Яна то клалася ў ложак, то ўключала святло, пачынала чытаць, але не магла адбіцца ад навязлівых успамінаў. Постаці людзей з яе далёка мінулага акалялі яе, пра нешта пыталіся, нечага патрабавалі. Паступова яна выбілася з сіл і больш не працівілася, а пачала размаўляць з імі, перагортваючы дні сваёй маладосці. І сама здзівілася, што так яскрава ўсё помніць з мінулага, у той час як звычайна забывалася пра тое, што здарылася зусім нядаўна.

Ёй згадаўся Сяргей Кедраў. Толькі яго аднаго яна і кахала ў сваім жыцці. У партызанскі атрад ён прыляцеў з Масквы ў снежні 1943 года ў новенькім белым кажушку, у шапцы з чырвонай зорачкай, чарнавокі і жвавы, як цыганчук, з кабурой на поясе. Паколькі ён узначаліў камсамольскую арганізацыю партызанскай брыгады, дык яна, сувязная і сакратар падпольнай камсамольскай арганізацыі Антопальскага раёна, атрымлівала ад яго заданні раскідаць лістоўкі, разведаць колькасць тэхнікі ў нямецкім гарнізоне. Клава была гатовая на ўсялякую рызыку, толькі б спадабацца яму. Упершыню яна перажывала такое моцнае захапленне. Калі раней, накіроўваючыся ў лес, апранала на сябе розную старызну, і ледзь сажаю твар не пэцкала, каб не кідацца ў вочы акупантам, дык цяпер прыбіралася, як на свята, у квяцістую хустку і цёмную світку, аздобленую пушыстым цыгейкавым каўняром. Аднойчы, калі яна, расчырванелая з марозу, шчаслівая ад прадчування сустрэчы з каханым, з’явілася перад Сяргеем, ён здзіўлена прамовіў:

– А ты нішто сабе дзяўчына!

– Якая ўжо ўдалася. Вось, Сяргей Анатольевіч, я накрэсліла, як размяшчаюцца ў Кобрыне паліцэйскі ўчастак і ўправа, а тут – іхняя сталоўка, усё, як на далоні. Да таго ж і гэтага польскага нацыяналіста Збышака Смактуноўскага ўпекла. Забралі яго ў гестапа.

– Ну, ну раскажы, прыгажуня мая лясная! – Сяргей глядзеў на яе з непрыхаванай пажадлівасцю.

– Данос на яго напісала па-польску, што, маўляў, ён супрацоўнічае з савецкімі партызанамі, што разам яны збіраюцца знішчыць гарнізон акупантаў у Кобрыне. Мая сястра паслала гэты ліст па пошце, праз тры дні яго арыштавалі.

– Малайчына! Такія твае поспехі варта адзначыць.

Сяргей паставіў на стол пляшку самагонкі, паклаў паўбохана хлеба, нарэзаў сала.

– Сядай, чаго стаіш, як чужая? Мы ж з табою ўжо цэлы месяц знаёмыя! Можна сказаць: своеасаблівы юбілей! – сказаў Сяргей, наліваючы два металічныя кубкі, зробленыя з гільз, і спакусліва пазіраючы на Клаву з-пад ілба.

Яна маўчала. Ёй хацелася проста глядзець яму ў вочы і слухаць ягоны голас. Гэта была найвялікшая насалода.

– За цябе, – сказаў Сяргей, адной рукой уздымаючы чарку, а другой абдымаючы Клаву за плечы.

– За нас, – адказала яна і прыгубіла горкае пітво.

– Закусвай, не саромейся, ты ж з дарогі, стамілася, напэўна.

– Не. Я звыкла шмат хадзіць.

– Што, і ногі не баляць? – ён працягнуў руку пагладзіў яе калена.

– Пабаляць і перастануць. Не трэба, Сяргей Анатольевіч, я саромеюся.

– Колькі табе гадоў, сарамлівая?

– Колькі ні ёсць, усе мае, – пакрыўдзілася Клава ад намёку на яе ўзрост, бо па вясковых мерках яна заседзелася ў дзеўках.

– Я не ў тым сэнсе. Думаў, што ты ўжо даволі самастойная дзяўчына. Зрэшты, давай яшчэ па адной.

Сяргей наліў сабе новы кубак, зазірнуў у Клавін, расчаравана пакруціў галавою:

– Якая ж з цябе будзе партызанка, калі ты зусім не п’еш? Ну, давай да дна за Сталіна, за Радзіму!

Клава вымушаная была выпіць за такі тост увесь кубак, у процілеглым выпадку гэта азначала б здраду, і адразу адчула, як запякло пад грудзьмі, цёплая п’янкая хваля разлілася па ўсім целе.

– Вось гэта па-нашаму, па-партызанску! – пахваліў яе Сяргей.

– Я больш не буду піць, бо не дайду дадому, сп'яна заблуджуся ў лесе, і ваўкі мяне з’ядуць, або засну і замерзну.

– Я цябе сам з’ем, такую салодкую, – сказаў Сяргей, абхапіў яе за шыю і пачаў цалаваць.

Клава адказвала на ягоныя пацалункі пяшчотай і любасцю, няўцямна шаптала ласкавыя словы, і не было зараз на свеце шчаслівейшага чалавека, чым яна.

– Усё, дапіваем гарэлку і кладзёмся спаць, табе ж трэба адпачыць з дарогі, – п’янаватым голасам прамовіў Сяргей, выпрабавальна пазіраючы на сувязную.

Ён напоўніў кубкі, з хітравата-змоўніцкай усмешкай падміргнуў дзяўчыне і абвясціў тост:

– За ноч кахання!

– Чаму толькі ноч? Бываюць жа і дні, – заўважыла Клава.

– Ну, удзень гэтым няма калі займацца, – пасміхнуўся Сяргей. – Давай – за каханне.

– За каханне, – паўтарыла Клава.

Пакуль Сяргей закусваў, потым прыбіраў са стала, Клава сачыла за ягонымі рухамі і думала пра тое, што ён вельмі прыгожы. Кучаравы смаляны чуб спадаў на лоб, чорныя вочы хавалі ў сабе нейкую таямніцу ранейшага жыцця, якое было ёй невядомае. Як бы яна хацела даведацца пра яго мінулае хоць што-небудзь, пахадзіць па тых шляхах, да якіх дакраналіся яго ногі, пабыць сярод людзей родных і блізкіх яму, каб раздзяліць яго жыццё, усе мінулыя і наступныя радасці і надзеі. І гэта здавалася тым больш недасяжным, бо зараз яна мусіла збірацца і ісці дамоў, нягледзячы на тое, што на дварэ была глухая ноч. Зімовыя дні кароткія, усё роўна дамоў трапіш поначы. Лепш выйсці зараз, дык да таго, як развіднее, можна дайсці да сваёй вёскі.

– Ты будзеш маёю каралеваю на адну ноч, – урачыста абвясціў ён.

– Чаму на адну ноч? – зноў уражана спытала яна.

– А на колькі ты хочаш? На дзве, на тры?

– На ўсё жыццё. Я моцна кахаю вас, Сяргей Анатольевіч.

– У партызана век вельмі кароткі. Сёння ёсць, а заўтра – няма.

– З вамі нічога не здарыцца, вы не ходзіце на заданні, – спакойна адказала Клава.

– Што? Ты мяне папракаеш? Я па-твойму пры штабе аціраюся? А ты ведаеш, колькі ў мяне такіх сувязных, як ты? Усім трэба даць заданні, асэнсаваць вынікі зробленага, распрацаваць стратэгію і тактыку далейшых дзеянняў! Ты хоць уяўляеш, аб’ём работы, якую мне даводзіцца выконваць? Я па трое сутак не сплю!

– Прабачце, Сяргей Анатольевіч, я зусім не хацела вас пакрыўдзіць. Мяркуючы па зводках саўінфармбюро, хутка прыйдзе вызваленне. Вайна скончыцца. Не варта думаць пра смерць.

– Гэта для жанчын вайна скончыцца, а мужчыны пагоняць фашыстаў далей, на захад.

– Я заўсёды буду вас кахаць і чакаць, Сяргей Анатольевіч.

– Мне не трэба заўсёды, я хачу цябе зараз, – катэгарычна сказаў ён і памкнуўся абняць Клаву.

Яна адхіснулася і адказала:

– Я вясковая дзяўчына старасвецкага выхавання. У нас не прынята жаніцца па-сабачы без сватоў і шлюбу. Мне пара, бывайце.

Клава памкнулася да дзвярэй зямлянкі, але Сяргей абхапіў яе за плечы, затрымаў:

– Ну, куды ты, дурненькая? Я цябе не пакрыўджу. Нам будзе добра, пабачыш.

– Не хачу я вашага дабра, – адказала Клава, вырываючыся з ягоных абдымкаў.

– Я цябе нікуды не пушчу, – утрымліваў яе за рукаў Сяргей. – Ты будзеш мая, мая, уся, уся, – яго свавольныя рукі абмацвалі яе грудзі.

– А я заўтра ўсё камандзіру раскажу! Вы п’яны, і невядома што вырабляеце!

Клаве раптам здалося, што яна баіцца гэтых ачмурэлых вачэй і ўчэпістых рук. Яна бараніла сябе, сваю годнасць і пры гэтым кахала яго, такога жаданага і чужога.

– Ты не сувязная, ты даносчыца! Ты шпіёнка! – злосна прамармытаў Кедраў. – Заўтра ж напішу рапарт, каб цябе арыштавалі і расстаралялі за тое, што ты ў такі адказны час адмаўляеш савецкаму афіцэру ў самым неабходным!

Ён, няпэўна стоячы на нагах, раптам зарагатаў хрыпла і жорстка, быццам уявіў, як яе будуць расстрэльваць і зласліва радаваўся гэтаму.

– Пішыце зараз, калі ўтрымаеце аловак у пальцах, – з’едліва адказала Клава, вырвалася, адштурхнула Кедрава і памкнулася да выхаду.

– Змяя балотная! Тваю маць! – пачула яна ўслед і хуценька зачыніла за сабою дзверы, адбегла, схавалася за сасну, баялася, што Сяргей кінецца даганяць.

Зімовы лес насцярожана маўчаў, толькі зрэдчас патрэсквалі на марозе дрэвы. Неба завалакло хмарамі, там-сям праз іх дзіравы невад праглядвалі зоркі. Напэўна, на адлігу. Сувязная пастаяла ў нерашучасці, падумала, мо варта вярнуцца, я ж яму падабаюся. Ён так сябе паводзіць таму, бо напіўся. Але тут жа сама сабе сказала, што, калі кахае, дык будуць новыя сустрэчы. Ён яшчэ будзе прасіць прабачэння за сваё нахабства. Да чаго дадумаўся! Не трэба мне шчасця на адну ноч! Яна намацала рукою халоднае жалеза пісталета ў кішэні і рушыла ў зваротны шлях. З таго часу, як Алёша Здзітаўскі падараваў ёй гэтую цацку, яна звыкла хадзіць са зброяй. Прынамсі, сустрэчы з ваўком не баялася, больш асцерагалася звяроў двухногіх, якія палаюць лютай нянавісцю да партызанаў і ўсіх, хто ім дапамагае. Алёша жыў на ўскраіне Антопаля з бацькамі, трымаў гаспадарку. Ягоны агарод выходзіў на шырокі выган з рэдкім кустоўем, далей цягнуўся лес. Гэта дазваляла незаўважна сустракацца з партызанскімі сувязнымі. Клаве ён дапамагаў асабліва ахвотна. Разам яны аднойчы напаілі паліцая Сцяпана Дзеркача самагонкаю і пакралі ў яго патроны. Алёша для яе быў надзейным сябрам. У памяці выплыў гэты сціплы хлопец з прыязным позіркам зялёных вачэй, у картузе з прымятым казырком, невысокі з крываватымі нагамі. Дзе ж ён цяпер? Ці жывы?

Пазней пры сустрэчах Кедраў быў з Клаваю падкрэслена сухі, гаварыў толькі пра справы. У хуткім часе, ён заняў Клавіну «пасаду», стаў лічыцца сакратаром Антопальскага падпольнага райкама камсамола, хоць з тэрыторыі размяшчэння партызанскага атрада не высоўваўся і да вызвалення не ведаў, як той Антопаль выглядае. Клава па-ранейшаму выконвала неабходную работу, якую ёй даручалі як сувязной. Яна таксама ніяк не выяўляла сваіх пачуццяў, хоць шмат думала пра Сяргея, пакуль не ўпэўнілася канчаткова, што ён яе не кахае. Здарылася гэта Восьмага сакавіка. Камсамолкі вырашылі наладзіць невялікі канцэрт у партызанскім атрадзе. Клава таксама далучылася да гэтага гурту. Сцэнаю была невялічкая палянка, акружаная высокімі елкамі, за якімі дзяўчаты пераапраналіся і прыхарошваліся. Клава выйшла на сцэну, каб праспяваць «Кацюшу», і раптам убачыла Кедрава. Ён стаяў побач з Вандай Вышанскай, сувязной з Антопаля, пра нешта з ёю гутарыў, усміхаўся і, здавалася, зусім не звяртаў увагі на тое, што адбывалася на ўяўнай сцэне.

Клава не помніла, як даспявала песню, як схавалася за елкамі, ускінула на плечы світку і паспяшала дамоў з адзінаю думкаю ў галаве: «Чаму я ў гэты дзень не захварэла?! Не трэба было спяваць. Вышанская, бадай, аказалася больш згаворлівай. Няхай жывуць. Такі лёс. Заблудзілася маё шчасце недзе, ніяк мяне не знойдзе. А я ж на Сяргея гатовая была маліцца».

Цяпер Клаўдзія Міхайлаўна разумела, што няварты быў Кедраў яе светлага кахання. Але што зробіш са сваёю апантанаю душою? Як ні ўгаворвай яе, якія доказы ні прыводзь, а яна цягнецца, бы кветка да сонца, да адзіна каханай асобы.

Калі Антопаль быў вызвалены, адразу пачала ўсталёўвацца савецкая ўлада. Тады сакратаром райкама партыі быў прызначаны Іван Самуілавіч Сіроцін. Клаве Мартынюк прапанавалі пасаду сакратара па ідэалогіі, вядома, каму ж яшчэ, як не ёй, падпольшчыцы, партызанцы было заняць гэтае адказнае месца. Клаўдзія з сухім і строгім выглядам курыравала працу сакратара райкама камсамола таварыша Кедрава, і не прамінала, каб не паўшчуваць за недахопы і недастатковую працу сярод моладзі. Час той быў напружаны. Па лясах у зграі збіваліся ўзброеныя мужчыны з ліку тых, хто не прымаў савецкую ўладу ці баяўся яе, а найбольш было звычайных дэзерціраў, якія пазбягалі мабілізацыі, каб не трапіць на вайну. Трэба было ісці ў самую гушчу людзей, агітаваць за савецкую ўладу, абяцаць залатыя горы і ўтрымліваць хісткую раўнавагу ў раёне. Дарогу да дома Вышанскай Кедраў быў вымушаны забыць, бо ў хуткім часе прыехала з Масквы ягоная жонка. Пасля гэтага адносіны ў Кедрава з Мартынюк сталі амаль прыязныя. Камсамольскі правадыр з усяе сілы стараўся выслужыцца, але пры гэтым сам уважліва сачыў за ёю, часам мог і падкусіць пры нагодзе. Клава прапускала міва вушэй ягоныя кпіны, і, напэўна, усё было б добра, каб не Сіроцін. Ах, Сіроцін, Сіроцін… Іван Самуілавіч, яна так спадзявалася на падтрымку, мужнасць, разуменне.

Ад гэтых згадак разбалеліся сэрца і галава. Клаўдзія Міхайлаўна паднялася, яе моцна павяло ўбок. Жанчына села на ложак, дацягнулася рукой да ўключальніка, шчоўкнула – загарэлася святло, зірнула на гадзіннік, было каля трох гадзін ночы, пашукала на кухні таблетку нітрагліцэрына, паклала яе пад язык. Памерала сабе ціск нязручным танометрам і жахнулася. Стрэлка паказала 160 на 100.

«Гэта ж трэба, дурніца старая, расхвалявалася з-за леташняга снегу! Ды пайшлі яны ўсе! Даруй, Божа! – падумала яна, наліваючы з чайніка ў кубачак вады і запіваючы таблетку клафеліна. – Усё, ніякіх успамінаў і думак! Спаць! Спаць! Бо заўтра буду зялёная, як вадзянік».

Жанчына падышла да акна, паглядзела на пустую, цьмяна асветленую ліхтарамі вуліцу, узняла вочы ўгору, дзе ззялі зоркі. «Адзінае неба ніколі не губляе свайго хараства і не старэе, – падумала жанчына. – Можна бясконца глядзець у яго і не нагледзішся, але трэба хоць трохі паспаць». Яна лягла ў пасцель, уздыхнула і аціхла ў чаканні сну.

5

Юля спазнялася на спатканне, але не прыспешыла крок, ішла па набярэжнай, паглядвала на спакойную роўнядзь ракі, якая ўсё ж такі цякла незаўважна, не спыняючыся ні на хвіліну. Гэтак струменіць і жыццё, незаўважна і будзённа, у памкненнях і клопатах. Сёння яна паспела да абеду напісаць артыкул пра Клаўдзію Мартынюк пад назваю «Палеская кветка ў Сібіры». Цікава, як успрыме гэты матэрыял рэдактар? Ён з тых абачлівых людзей, што сем разоў саломку падсцеліць, перш чым не тое што ўпасці, а проста сесці. З другога боку, яго можна зразумець. Каб заснаваць новую газету трэба мець першапачатковы капітал, прыкласці вялікія намаганні, а ў дзяржаўным выданні, дзе яна працуе, дастаткова аднаго – кіруй сабе, мінаючы рыфы, мелі і штормы. Жыццё спакойна плыло да пенсіі. Праўда, у рэдактара таксама шмат праблем, часам ён цішком даставаў з сейфа пляшку з саракаградуснай вадкасцю і прыкладваўся да кілішка, каб зняць стрэс. Што ж, у кожнага – свой лёс і воля выбару ў межах магчымага.

Юля здалёку пабачыла Бырыса, які абапіраўся на бетонную агароджу набярэжнай, памахала яму рукою, маўляў, не злуйся, што спазняюся, я ўжо тут. Хлопец пайшоў ёй насустрач. Быў ён на гэты раз у цывільным: сінія джынсы, шэрая куртка, шматколерныя кітайскія красоўкі.

«Дзеля першага спаткання мог бы апрануцца элегантней, – падумала Юля. – Дзіця вёскі, што з яго возьмеш?»

Барыс радасна ўсміхаўся. Юля залюбавалася гэтаю галівудскаю ўсмешкаю і замест прывітання спытала.

– Чаму радуешся?

– Сустрэчы, Юлія Максімаўна! – адказаў ён, выцягнуў з-за спіны тры барвовыя ружы і падаў дзяўчыне.

– О, вы такі галантны! Не чакала.

– Каб кветкі дарыць, шмат розуму не трэба. Вы з пашпартам?

– Правяраць будзеце? – насмешліва спытала яна.

– Абавязкова. Давайце ваш пашпарт.

– Мне гэты прымітыўны жарт надакучыў, – расчаравана сказала Юля.

– Я не жартую.

– Вы хочаце даведацца пра мой узрост? – з’едліва спытала дзяўчына?

– Ваш узрост мне вядомы, і ён мяне зусім не цікавіць. Я прызначыў вам спатканне насупраць загса. Ці заўважылі?

– Толькі зараз убачыла.

Барыс зрабіў шырокі жэст рукою:

– Я запрашаю вас у гэты палац, каб вырашыць адно важнае пытанне.

Юля паморшчылася і сказала:

– Госпадзі, гэта ж толькі міліцыянеры могуць так засакрэціць справу. У вас там працуе нейкая сваячка, пра якую трэба напісаць у газеце?

– Не, я думаю, нам пара падаць заяву для рэгістрацыі шлюбу.

– Шлюбу? – Юля зарагатала. – Першае красавіка даўно мінула.

Барыс памаўчаў, чакаючы, пакуль яна супакоіцца, пасля ўсхвалявана сказаў:

– Юлія Максімаўна, прабачце, я не з таго пачаў. Прапаную вам сваю руку і сэрца. Ці, наадварот, прашу вашай рукі. Як там правільна, па-кніжнаму? Дакладна не помню.

Барыс выглядаў збянтэжаным. Ён чакаў яе адказу, вінавата зазіраючы ў вочы. Яна таксама разгубілася і не ведала, што яму адказаць. Нарэшце яна выціснула з сябе:

– Перш, чым рабіць такі крок, трэба добра падумаць.

– Я шмат гадоў пра гэта марыў, думаў, уяўляў. Нас адразу не распішуць, дадуць тэрмін для абдумвання. Так што і ў вас будзе час нешта вырашыць для сябе канчаткова. Пойдзем, я прашу вас.

– Пойдзем, – сказала яна рэзка, – але гэта першы і апошні раз я патураю вашым авантурам. Запомніце гэта!

...
6