Читать книгу «Святло далёкай зоркі» онлайн полностью📖 — Уладзімір Касько — MyBook.
image

На жыццёвых пуцявінах

Пачатак жыццёвага шляху Аляксандра Казіміравіча Сержпутоўскага супаў з важнымі падзеямі ў палітычным жыцці Расіі і Беларусі. Зыходным момантам іх можна лічыць адмену прыгоннага права ў 1861 г., хоць «вызваленне» сялян на самай справе аказалася звычайным падманам: фармальна яны атрымалі свабоду, але зямля па-ранейшаму заставалася ва ўласнасці памешчыкаў, а тыя невялікія надзелы, што перайшлі да сялян, не маглі пракарміць іх сем’і. Даводзілася ва ўмовах цяжкіх кабальных адпрацовак, якія нічым не адрозніваліся ад паншчыны, арандаваць зямлю ў памешчыкаў.

У беларускай вёсцы імкліва расла колькасць сялян, якія разарыліся і вялі жабрацкае паўгалоднае існаванне. У многіх месцах незадаволенасць людзей прыводзіла да прамога непадпарадкавання ўладам. Яны адмаўляліся плаціць аброк, адпрацоўваць паншчыну, сілай захоплівалі землі памешчыкаў, вадапоі. Толькі ў першай палове 1862 г. у Беларусі было зарэгістравана звыш 300 выступленняў сялян. А ўсяго за 16 гадоў (1864–1880) тут адбыліся 132 сялянскія выступленні. Яны падаўляліся ўзброенай сілай[8].

У 1880–1890-х гг. у сувязі з пагаршэннем становішча сялян у выніку аграрнага крызісу сялянскі рух у Беларусі набыў яшчэ больш вострыя формы. У адказ на гэта царскія ўлады на месцах узмацнілі тэрор. За ўдзел студэнтаў у паўстанні 1863 г. быў зачынены Горы-Горацкі земляробчы інстытут. Сярэднія школы існавалі толькі ў вялікіх гарадах. У іх была ўстаноўлена такая высокая плата за навучанне, што далёка не кожны селянін мог аддаць туды сваіх дзяцей. Не заўсёды дзеці мелі магчымасць вучыцца нават у пачатковых школах, бо іх было вельмі мала. Ды і карысці ад вучобы там было не шмат – выкладалі ў іх, як правіла, не прафесіянальныя спецыялісты, а людзі, якія самі з горам папалам умелі чытаць і пісаць.

Галоўная ўвага ў дарэвалюцыйных школах удзялялася закону божаму і малітвам. Навучанне вялося на рускай мове. Папячыцель Віленскай вучэбнай акругі Карнілаў у 1885 г. раіў кіраўнікам школ наступнае: «Розных кніг, часопісаў і газет для сялян зараз не трэба… Вось наш каталог: евангелле, малітваслоў, псалтыр, свяшчэнная гісторыя… Акрамя таго, рассылаем іконы, крыжыкі, свяшчэнныя карціны, партрэты гасудара…»[9]

Сур’ёзнай перашкодай на шляху развіцця беларускай мовы і замацавання яе ў літаратуры з’яўлялася тое, што яна была мовай прыгнечанай нацыі, якая не мела сваёй дзяржаўнасці. На беларускай мове не дазвалялася друкаваць кнігі, весці дакументацыю. Не прызнаваліся, прыгняталіся нацыянальная культура і літаратура.

Такое становішча хвалявала і абурала прагрэсіўную грамадскасць не толькі Беларусі, але і Расіі. Рэзкую водпаведзь вялікадзяржаўным рэакцыянерам, якія сцвярджалі, што беларускі народ не мае сваёй уласнай культуры, адмаўлялі яму ў праве на нацыянальнае самавызначэнне, параўноўвалі з дзікунамі, лічылі людзьмі больш нізкай расы, даў М. А. Дабралюбаў. «Адносна беларускага селяніна, – пісаў ён, – справа даўно вырашаная: забіты канчаткова, так што нават пазбавіўся ўжывання чалавечых здольнасцей. Не ведаем, у якой ступені лжывая гэтая думка, таму што не вывучалі спецыяльна Беларускага краю, але паверыць ёй, вядома, не можам. Цэлы край так вось узялі ды і забілі, – як бы не так!.. Ва ўсялякім разе, пытанне аб характарыстыцы беларусаў павінна хутка быць растлумачана працамі мясцовых пісьменнікаў»[10].

Удзяляць больш увагі развіццю этнаграфічнай навукі, вывучэнню матэрыяльнай і духоўнай культуры народаў, іх быту заклікаў М. Г. Чарнышэўскі[11].

I сапраўды, ніякія забароны не маглі спыніць развіццё беларускай народнай культуры, якая ў другой палове XIX ст. развівалася пад жыватворным уплывам перадавой культуры рускага народа. З канца 30-х – пачатку 40-х гг. XIX ст. пачалося збіранне і асэнсаванне фальклорна-этнаграфічнага матэрыялу, яго сістэматызацыя. У гэты час з’яўляецца шэраг выдатных этнографаў і фалькларыстаў, якія ўнеслі велізарны ўклад у справу вывучэння матэрыяльнай і духоўнай культуры беларускага народа. Дзякуючы іх працы была сабрана найбагацейшая скарбніца народнапаэтычнай культуры, якая адыграла пэўную ролю ў станаўленні грамадскай думкі Беларусі таго часу, аказала вялікі ўплыў на развіццё беларускай літаратуры, фарміраванне нацыянальнай інтэлігенцыі.

Актывізацыі вывучэння Беларусі, яе гістарычнага мінулага, мовы, быту, твораў народнапаэтычнай творчасці ў другой палове XIX ст. у значнай ступені садзейнічалі два сацыяльна-палітычныя фактары: адмена ў 1861 г. прыгоннага права і паўстанне 1863 г. Важным штуршком у гэтай справе з’явілася палітыка царызму адносна заходніх зямель. Афіцыйная этнаграфічная навука была заклікана паказаць беспадстаўнасць прэтэнзій пэўных колаў Польшчы на Беларусь. Насуперак спробам царызму даказаць, што Беларусь з’яўляецца рускім краем, сапсаваным латынствам за гады польскага ўладарніцтва, сабраныя этнографамі і фалькларыстамі звесткі, і перш за ўсё творы моўнай творчасці, засведчылі самабытнасць беларускай мовы і культуры.

Многае зрабілі ў гэтым напрамку П. М. Шпілеўскі, П. В. Шэйн, Е. Р. Раманаў, М. Я. Нікіфароўскі, А. К. Кіркор і інш.

Нарысы П. М. Шпілеўскага[12], прысвечаныя земляробчым і сямейным абрадам беларусаў, сямейнай і каляндарнай паэзіі, не страцілі свайго значэння і сёння. Але абмежаванасць метаду (Шпілеўскі быў прыхільнікам і гарачым паслядоўнікам міфалагічнай школы) і ранняя смерць не дазволілі гэтаму таленавітаму чалавеку поўнасцю праявіць сябе ў навуцы.

Мэтанакіраванай і плённай была фальклорна-этнаграфічная дзейнасць П. В. Шэйна[13]. Першае выданне падрыхтаванага ім зборніка песень уключала самыя разнастайныя песенныя жанры і ахоплівала амаль усе рэгіёны Беларусі. Каштоўнасць яго заключаецца перш за ўсё ў тым, што абрадавыя песні збіральнік суправаджаў шырокім апісаннем народных традыцый і звычаяў. Сусветную славу фалькларысту прынеслі дзве кнігі першага тома «Материалов для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края» (1887–1890), у якіх была шырока прадстаўлена каляндарна-абрадавая і сямейная паэзія беларусаў, а таксама неабрадавая лірыка. У другі том сваіх «Материалов…» Шэйн упершыню ўключыў казачны эпас беларусаў.

У 1880-я гг. пачалася навукова-збіральніцкая дзейнасць аднаго з самых славутых беларускіх фалькларыстаў Е. Р. Раманава[14]. Ён апублікаваў звыш дзесяці тысяч фальклорных твораў, даў грунтоўнае апісанне матэрыяльнай культуры, сямейнага і грамадскага побыту беларускага сялянства. Яго «Белорусский сборник» (вып. 1–9) можа служыць сапраўднай энцыклапедыяй матэрыяльнага і духоўнага жыцця беларусаў дарэвалюцыйнага часу.

Значны ўклад у вывучэнне матэрыяльнай і духоўнай культуры беларусаў унёс М. Я. Нікіфароўскі[15]. Пасля заканчэння Віцебскай духоўнай семінарыі ён доўгія гады працаваў настаўнікам народных вучылішчаў і гімназій Віцебскай губерні і горада Віцебска, Свіслацкай і Маладзечанскай семінарый. Работу на ніве асветы паспяхова спалучаў са збіральніцкай і навуковай дзейнасцю, з’яўляўся правадзейным членам Таварыства аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі Маскоўскага ўніверсітэта, Рускага геаграфічнага таварыства. Апублікаваў звыш дваццаці даследаванняў па этнаграфіі, фальклору, гісторыі Віцебшчыны.

Вывучэнню гісторыі, літаратуры, этнаграфіі беларусаў шмат сіл і энергіі аддаў вядомы беларускі этнограф, археолаг, публіцыст, гісторык, грамадскі дзеяч ліберальнага кірунку Адам Ганоры Карлавіч Кіркор[16]. Рэдагуючы «Памятные книжки Виленской губернии» (1850–1854), газету «Виленский вестник» (1860–1865), з’яўляючыся адным з выдаўцоў газеты «Новое время» (1868–1871) у Санкт-Пецярбургу, ён прыцягнуў да супрацоўніцтва многіх рускіх, беларускіх, польскіх, літоўскіх гісторыкаў, краязнаўцаў, археолагаў, этнографаў, літаратараў. Рэгулярна друкаваў на старонках гэтых выданняў уласныя працы па гісторыі, літаратуры, этнаграфіі Беларусі і Літвы.

Фальклор Беларускага Палесся быў шырока прадстаўлены ў зборніках Д. Булгакоўскага «Пинчуки»[17], М. Доўнар-Запольскага «Песни пинчуков»[18]. Працы М. Доўнар-Запольскага і М. Янчука[19] сведчылі аб паглыбленні ў беларускім фальклоры дэмакратычных і патрыятычных тэндэнцый.

У рабоце па збіранні вуснай народнай творчасці беларускага народа актыўна ўдзельнічалі рускія і ўкраінскія даследчыкі. У 1878 г. выйшаў другі том «Трудов этнографической экспедиции в Западно-Русский край» пад кіраўніцтвам П. П. Чубінскага. Побач з украінскімі казкамі ў ім змешчана каля 30 казак, запісаных у паўднёва-заходніх раёнах Беларусі.

Збіральнікамі і прапагандыстамі казачнага эпасу беларусаў былі таксама многія польскія фалькларысты. У 11-м-12-м тамах часопіса «Zbiór Wiadomości do Antropologii Krajowej» (1887–1888) А. Кіркор надрукаваў больш за 50 беларускіх казак. Ён падкрэсліваў у прадмове да зборніка У. Вярыгі «Podanis białoruskie» (Львоў, 1889) вялікае значэнне матэрыялаў зборніка для вывучэння мовы і быту беларусаў.

Прыкметнай з’явай у славянскай і беларускай фалькларыстыцы стаў фундаментальны збор М. Федароўскага[20], у якім надрукавана мноства беларускіх народных казак, песень, прымавак. Адным з першых сярод збіральнікаў беларускага казачнага эпасу ён звярнуў увагу на ўмовы бытавання казак і на казачнікаў.

Адзначаючы вялікі ўклад у сусветную фалькларыстыку прац названых вышэй збіральнікаў вусна-паэтычнай творчасці народа, варта заўважыць, што многія з іх з’яўляліся прадстаўнікамі міфалагічнай школы і прытрымліваліся думкі, што большасць сюжэтаў і вобразаў фальклорных твораў бяруць пачатак ад старажытных міфаў. Менавіта на такіх пазіцыях стаяў А. Кіркор. На самай жа справе міфалагічная школа не аказала істотнага ўплыву на дзейнасць беларускіх фалькларыстаў, як, дарэчы, і гістарычная школа. У большасці сваёй збіральнікі народнай творчасці імкнуліся да дакладных запісаў вусна-паэтычных твораў, звярталі ўвагу на старажытныя формы, часта ігнаруючы новыя з’явы і працэсы, якія адбываліся ў грамадстве. Прычыну таго, што ў фальклорных зборніках адсутнічалі сацыяльна вострыя ў ідэйных адносінах песні, казкі, легенды, прыказкі і прымаўкі, прыпеўкі, трэба шукаць і ў засіллі царскай цэнзуры. Вядома, нельга забываць і пра тое, што сяляне не заўсёды давяралі збіральнікам вуснай народнай творчасці і таму не расказвалі ім тэкстаў, у якіх высмейваліся цар, паны, царкоўнікі.

Вялікі ўклад у развіццё не толькі беларускай, але і сусветнай фалькларыстыкі, этнаграфіі, мовазнаўства ўнёс наш славуты зямляк А. К. Сержпутоўскі.

Нарадзіўся Аляксандр Казіміравіч 21 чэрвеня 1864 г. у вёсцы Бялевічы Слуцкага павета Мінскай губерні у беднай сялянскай сям’і. Нялёгкім было жыццё малазямельных сялян паслярэформеннай Беларусі. Яшчэ цяжэй даводзілася тым, хто наогул не меў зямлі. Да ліку такіх адносілася і сям’я будучага вучонага. Каб звесці канцы з канцамі, бацька Аляксандра вымушаны быў займацца сплавам лесу па палескіх рэках, працаваць на лесанарыхтоўках, вартаўніком. Сям’і прыйшлося пакінуць абжытае месца і пераехаць спачатку на хутар Дарагацішча, а затым у вёску Перавалокі (зараз Салігорскі раён).

Тут, у лясной глушы, і прайшлі дзіцячыя гады Аляксандра Сержпутоўскага. Пасля заканчэння ў 1880 г. Вызнянскага народнага вучылішча хлопец паспяхова здаў экзамены ў падрыхтоўчы клас Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі. Аднак у прыёме яму адмовілі з-за слабага здароўя. Хаця здароўем Аляксандр не мог пахваліцца, але характар меў цвёрды. Праз год ён зноў прыехаў у Нясвіж і паступіў у семінарыю.

У 1884 г. Сержпутоўскі ў якасці настаўніка пераступіў парог Лучыцкага народнага вучылішча ў Мазырскім павеце. Крайняя галеча, норавы адсталай палескай вёскі напаўнялі сумам сэрца маладога настаўніка. Адзіную радасць прыносіла работа з дзецьмі, даследаванне быту і культуры мясцовага насельніцтва. Ён запісаў абрад Купалля ў вёсцы Заполле, вясельныя абрады – у вёсцы Лучыцы, замовы і праклёны, прымаўкі і прыказкі – у вёсцы Загалле. Багаты матэрыял для роздуму і асэнсавання існуючай рэчаіснасці давалі Сержпутоўскаму сустрэчы з простымі палешукамі. «Жывучы доўгі час на Палессі, – пісаў ён, – і маючы непасрэдныя зносіны з народам, мне давялося ўнікаць ва ўсе бакі яго жыцця. Такім чынам я рабіў свае назіранні, пры кожным зручным выпадку знаёміўся з рознымі прымхамі, забабонамі, якімі так багатыя жыхары гэтага кутка Беларусі»[21].

Малады настаўнік адчувае патрэбнасць расказаць людзям пра ўбачанае, перажытае. У 1891 г. у «Минских губернских ведомостях» з’яўляецца першая публікацыя А. Сержпутоўскага «Голос из глуши», у якой аўтар знаёміць чытачоў з жыццём сялян вёскі Лучыцы, іх бытам, традыцыямі, заняткамі. Гаворачы аб той шкодзе, якую наносяць здароўю людзей лекары-самавукі, знахары, шаптухі, ён ставіць пытанне аб неабходнасці падрыхтоўкі кваліфікаваных спецыялістаў для вёскі – урачоў, аптэкараў, культасветнікаў, настаўнікаў. За час настаўніцтва на Мазыршчыне А. Сержпутоўскі надрукаваў у гэтай газеце звыш дваццаці артыкулаў.

У 1893 г. Сержпутоўскі пераязджае ў Мінск. Працуе пісарам у Мінскім аддзяленні Сялянскага пазямельнага банка, а затым у паштова-тэлеграфным ведамстве. Хоць у аўтабіяграфічнай даведцы А. К. Сержпутоўскага не ўказваюцца прычыны, якія прымусілі яго змяніць прафесію настаўніка на службу дробнага чыноўніка, думаецца, што не апошнюю ролю адыграла тут жаданне працягнуць вучобу ў вышэйшай навучальнай установе і прысвяціць сябе вывучэнню быту, матэрыяльнага і духоўнага жыцця беларускага народа.

У 1896 г. А. К. Сержпутоўскі становіцца жыхаром Санкт-Пецярбурга. Працу на Галоўпаштамце ён паспяхова спалучае з вучобай у археалагічным інстытуце і на вышэйшых юрыдычных курсах. У сшытку, дзе ён канспектаваў лекцыі вядомых вучоных, прафесараў Санкт-Пецярбургскага археалагічнага інстытута ў 1903–1904 гг., сустракаюцца запісы, як з дапамогай пластыліну і скульптурнага воску зрабіць злепак, як адрозніць арыгінал карціны ад копіі, адкуль і як адбываецца запазычанне слоў, у прыватнасці тэрмінаў. Як бачым, ужо тады Аляксандр Казіміравіч сур’ёзна рыхтаваўся да вялікай даследчай работы.

Яшчэ да пачатку першай рускай рэвалюцыі ў Сержпутоўскага складаюцца перадавыя грамадска-палітычныя і філасофскія погляды. Гэтаму ў значнай ступені садзейнічалі кнігі палітычнага, філасофскага і сацыяльнага зместу. Аб тым, што Сержпутоўскі цікавіўся такой літаратурай, сведчыць сшытак афарызмаў, сабраных і напісаных ім асабіста на працягу 1901–1909 гг. Звяртаюць на сябе ўвагу думкі, якія сведчаць аб матэрыялістычных поглядах Сержпутоўскага на паходжанне жыцця на зямлі. «Чалавек з’явіўся на зямлі такім жа шляхам, – чытаем у запісах, – як з’явіліся камяні, расліны, жывёла. Ён – прычынная часцінка сусветнай матэрыі і яе энергіі»[22].

Яшчэ больш катэгарычны ён у сваіх ацэнках самадзяржаўнага ладу, пры якім усе законы дыктуюць не сумленне і праўда, а золата і прымус: «Калі ў мінулыя часы рабства параджалася грубай фізічнай сілай, то зараз – капіталам (золатам)». «Золата ад таго блішчыць, што яно пастаянна абмываецца слязамі». «Усялякі захоп ёсць насілле, якое супярэчыць справядлівасці. Зямля, святло, паветра і ўся прырода належаць усім без любых абмежаванняў… Кожны мае права на жыццё. Для жыцця неабходны зямля, сонца, паветра, хлеб, вада, адзенне, жыллё і інш. Калі ж нас пазбаўляюць усяго гэтага, то гэта не права, а насілле»[23].

Катаргай, домам для вар’ятаў, пеклам называў ён самадзяржаўны лад, які можа пазбавіць аптымізму любога чалавека. I ўсё ж аўтар афарызмаў цвёрда верыў у будучае свайго народа. «Рана або позна, – пісаў ён, – а людзі ўсвядомяць цягу матэрыяльнай залежнасці ад нікчэмнай меншасці, аб’яднаюцца агульнымі інтарэсамі і пазбавяцца ад рабства».

Вядома, было б памылковым бачыць у маладым Сержпутоўскім сталага рэвалюцыянера. Аднак у тым, што ідэі вызвалення народных мас ад прыгнёту царскага самадзяржаўя былі блізкімі яму, сумнявацца не даводзіцца. Пацвярджэннем таму можа служыць наступны запіс у названым вышэй сшытку афарызмаў. «У маскоўскім тэатры, – піша Сержпутоўскі, – упершыню была пастаўлена “Улада цемры” Л. М. Талстога. Прысутныя, затаіўшы дыханне, сачылі за развіццём падзей на сцэне. I раптам з галёркі пачуўся малады ўсхваляваны голас: “Унізе – улада цемры, наверсе – цемра ўлады”». У зале, па ўспамінах Сержпутоўскага, пачуліся дружныя апладысменты, сярод радоў забегалі паліцэйскія ў пошуках таго, хто пасмеў узняць голас супраць цара і яго памагатых.

У гэтым жа сшытку занатаваны цікавыя думкі пра мастацтва, музыку, эстэтыку, змешчаны прыказкі, прымаўкі, замалёўкі з жыцця беларускіх сялян.

У 1904 г. Сержпутоўскі закончыў археалагічны інстытут. Вольны ад работы час ён праводзіць у бібліятэках, наведвае Рускае геаграфічнае таварыства, якое аб’ядноўвала даследчыкаў культуры і быту народаў Расійскай імперыі, прымае ўдзел у абмеркаванні экспедыцый Е. Р. Раманава, У. М. Дабравольскага, А. М. Харузіна ў цэнтральныя і заходнія раёны Расіі. З’яўляецца гарачае жаданне самому накіравацца ў экспедыцыю ў родныя сэрцу мясціны Беларускага Палесся.

У 1906 г. Сержпутоўскі паступае на работу ў Рускі музей у якасці рэгістратара этнаграфічнага аддзела. Пачынаецца новая старонка ў яго біяграфіі.