У 1906 г. малады даследчык двойчы выязджаў у экспедыцыі ў Слуцкі і Мазырскі паветы, даследаваў цяжкадаступную палескую частку Беларусі па левым прытоку Прыпяці і сабраў у жыхароў непраходных лясоў і балот багатую этнаграфічную калекцыю. Яе склалі прадметы сялянскага адзення, земляробчыя прылады, прыстасаванні для лоўлі рыбы і палявання, посуд, узоры вышыўкі – усяго звыш 1000 экспанатаў. Пра гэта паведаміў сваім чытачам часопіс «Живая старина» (1907. Вып. 1, отд. 5. С. 9). Акрамя таго, Сержпутоўскі зрабіў мноства фотаздымкаў, малюнкаў прылад і прыстасаванняў, якімі пастаянна карысталіся сяляне. Свае назіранні ён запісваў у асобны сшытак. Азнаямленне з гэтымі запісамі дае ўяўленне аб жыцці палескай вёскі ў пачатку XX ст.
Вось як выглядала, напрыклад, у яго апісанні вёска Круковічы Слуцкага павета.
Пабудавана яна на адкрытым роўным месцы. У цэнтры размясціліся валасное ўпраўленне і народнае вучылішча. Паабапал вуліцы густа выстраіліся сялянскія дамы. Двары ў большасці сваёй не агароджаныя, варот няма. Адна студня на некалькі гаспадарак. Да хаты прымыкаюць сенцы, каморкі, побач – варыўні, павеці, хлявы, свірны, далей – гумны.
Даследчык звяртае ўвагу на беднасць сялянскага побыту. У кожнай хаце можна было ўбачыць самаробныя лаўкі, драўляныя ложкі. Сцены часаныя, без шпалераў і пабелкі. Падлога высцілалася габляванымі дошкамі. Як і сцены, яе мылі лугам (попелам) і гарачай вадой[24].
У некаторых вёсках Сержпутоўскі сустракаў курныя хаты, якія абаграваліся дымам. Адну з такіх хат у вёсцы Церабілава Рэчыцкага павета этнограф апісаў у сваім дзённіку. Памеры хаты 6×6 аршынаў. Тры невялікія акенцы прапускаюць мала святла, таму ў хаце заўсёды цёмна. Добрую трэць памяшкання займае печ з палацямі. Вусце ў печы нізкае, перад ім адтуліна. Труба адсутнічае, дым выходзіць на вуліцу праз шырокія нізкія дзверы, увайсці праз якія можна толькі сагнуўшыся. Хата награваецца хутка, хутка і астуджваецца. Едкі пах дыму навекі пасяліўся ў лёгкіх чалавека, ва ўсіх порах дрэва, цэглы.
Вокны ў большасці дамоў былі невялікія, усяго ў чатыры шыбы, што тлумачылася беднасцю сялян, якія не мелі магчымасці купіць дарагое шкло. Нягледзячы на беднасць, людзі жылі паміж сабой дружна, дзверы іх хат не ведалі замкоў. У лепшым выпадку іх замянялі кручкі або закруткі.
Сустракаліся вёскі і багацейшыя за Круковічы, напрыклад вёска Дзяніскавічы, якая выцягнулася больш як на дзве вярсты. Дамы тут добрыя, крытыя саломай, вокны з вялікімі шыбамі і аканіцамі. На каньках большасці хат красаваліся выразаныя з дрэва пеўнікі.
А. Сержпутоўскі тлумачыў гэтую заможнасць тым, што акрамя земляробства і жывёлагадоўлі жыхары займаліся яшчэ паляваннем і рамізніцтвам[25].
Вынікі сваіх першых экспедыцый Сержпутоўскі абагульніў у этнаграфічным нарысе «Белорусы-полешуки (этнографический очерк). Постройки, занятия и поверья крестьян северной половины Мозырского и южной части Слуцкого уездов Минской губернии»[26]. Нарыс уключае ўводзіны і тры раздзелы. Ва ўводзінах даецца геаграфічная і гісторыка-бытавая характарыстыка даследаванай часткі Палесся.
У першым раздзеле – «Жилые и служебные постройки (строительство) и другие сооружения» – аўтар працы грунтоўна, з веданнем справы апісвае пасяленні, жылыя і гаспадарчыя пабудовы палешукоў, ілюструе апісанне малюнкамі, чарцяжамі сядзіб, двароў многіх вёсак Мазырскага і Слуцкага паветаў. Расказваючы пра хаты і сядзібы багатых людзей з мноствам дапаможных і гаспадарчых пабудоў, ён кантрасна малюе бедную сялянскую хаціну, якая падслепаватымі вокнамі пазірае на вуліцу.
Падрабязна апісвае Сержпутоўскі планіроўку жылля, гаспадарчых памяшканняў – сянец, катухоў, свірнаў, дае высокую ацэнку майстэрству палешукоў, якія навучыліся будаваць дамы і гаспадарчыя памяшканні так, каб тыя ў дажджлівае лета не заліваліся вадой, каб грызуны не забіраліся ў свірны са збожжам, каб памяшканні добра вентыляваліся.
Гаворачы аб жывучасці старажытнага ўкладу, які захаваўся з-за ізаляванасці многіх палескіх вёсак ад знешняга свету, Сержпутоўскі ў той жа час адзначае пранікненне сюды капіталістычных адносін, што праявілася ў развіцці кааперацыі, таварнага абмену, у ажыўленні гандлю. Яскравым пацвярджэннем гэтага з’яўляецца прыклад арганізацыі кавальскай справы на Беларускім Палессі. Прафесія каваля лічылася на вёсцы адной з самых пачэсных і неабходных. Пагэтаму ўсёй грамадой узводзіўся будынак, дзе павінна была размяшчацца кузня, у складчыну набывалі неабходнае абсталяванне. Такім чынам, кузні з’яўляліся грамадскімі вытворчымі прадпрыемствамі. На сялянскіх сходах абмяркоўваліся кандыдатуры каваля – перавага аддавалася тым, хто валодаў большым майстэрствам, сілай, карыстаўся па вагай у сялян.
У ролі падручных каваля выступалі заказчыкі. Яны падносілі вугаль, жалеза, распальвалі горн, дапамагалі каваць. Расплачваліся за работу хлебам, мясам, соллю, гароднінай або па дамоўленасці працавалі пэўны час у гаспадарцы каваля.
Без дазволу сходу каваль не меў права абслугоўваць заказчыкаў з іншых населеных пунктаў. У адваротным выпадку яго маглі замяніць іншым.
Шмат месца адводзіць аўтар апісанню вырабу цэглы, будавання мастоў, перапраў, ёзаў[27], што ва ўмовах непраходных балот мела важнае значэнне. «Дарогі тут непраходныя, – адзначае А. К. Сержпутоўскі. – Напрыклад, у Гаўрыльчыцы, Лугі, Гоцк, якія размешчаны на поўдні Слуцкага павета Мінскай губерні, можна праехаць на конях толькі зімой, калі замерзнуць балоты, сярод лета на валах, калі падсохнуць балоты»[28]. Але ж жыццёвыя абставіны прымушалі сялян карыстацца такімі пераправамі і вясной, і ўвосень, калі былі дажджы. «Страшна глядзець, – пісаў А. Сержпутоўскі, – калі жанчына з люлькай за плячыма, у якой ляжала дзіця, ідзе па такім мосце. Пад нагамі шуміць і бурліць вада, ёз хістаецца, калкі трашчаць, а маці з акамянелым выразам на твары нетаропка рухаецца наперад. Страшна. Міжволі думаецца, што вось адзін няправільны крок або рух і няшчасная жанчына разам з дзіцем апынецца ў віры. Сапраўды, няшчасныя выпадкі тут нярэдкія»[29].
У другім раздзеле, прысвечаным заняткам і промыслам палешукоў, апісваюцца спосабы і прыёмы земляробства, жывёлагадоўлі, сельскагаспадарчыя прылады працы. Шмат месца ўдзяляецца збіранню лясных дароў, апрацоўцы льну і канапель, ткацтву, роспісу ганчарных вырабаў, бортніцтву, вырабу паясоў, папруг і г. д.
Не мог не спыніцца даследчык і на сацыяльных праблемах, якія хвалявалі сялян. Круглы год ад цямна да цямна працавалі яны на сваёй зямлі, палівалі яе потам, слязамі, але, нягледзячы на гэта, заставаліся беднымі. Неўрадлівая глеба, апрацоўка зямлі прымітыўнымі прыладамі не дазвалялі атрымліваць высокія ўраджаі.
Сяляне амаль ніколі не елі чыстага хлеба, змешвалі муку з дубовай карой, мякінай, пырнікам. Выручалі бульба, грэчка, проса, якія нядрэнна радзілі на мясцовых глебах, а таксама дары лясоў, балот, рэк – грыбы, журавіны, рыба. Праўда, і да гэтых астраўкоў выжывання цягнуліся прагныя рукі маючых уладу. Нягледзячы на адмену прыгоннага права ў Расіі, яшчэ ў пачатку XX ст. на Палессі захоўваліся элементы прыгонніцтва. Памешчыкі, буйныя арандатары, якія сканцэнтравалі ў сваіх руках вялікія надзелы зямлі, лясныя ўгоддзі, дапускалі сялян да карыстання імі па ліцэнзіях за плату, выкарыстоўваючы так званае сервітутнае права. Сяляне ж лічылі землі, лясы, рэкі і вадаёмы «божым дарам», а таму не хацелі мірыцца з такім становішчам. Яны бунтавалі, сілай адбіралі ў эксплуататараў зямельныя і лясныя масівы.
З гневам гаворыць Сержпутоўскі пра безгаспадарчыя адносіны землеўладальнікаў да прыроды, у прыватнасці пра масавае знішчэнне лясоў, якое пачалося ў паслярэформенны час. На Палессе хлынула хваля лесапрамыславікоў, перакупшчыкаў, рабочых з розных куткоў Расіі, Украіны, Прыбалтыкі. Пацягнуліся на заробкі і беларускія сяляне, пакідаючы свае гаспадаркі. За кароткі час дзялкі атрымалі велізарныя прыбыткі, а сяляне страцілі апошняе, асабліва пасля таго, як лясны бум пайшоў на спад. Лес знішчылі, вывезлі. Багацеі падаліся ў вялікія гарады, на адпачынак у заморскія краіны, сяляне ж вярнуліся ў свае запусцелыя гаспадаркі. Жыццё іх стала яшчэ больш цяжкім і невыносным. Выхад з такога становішча вучоны бачыць у карэнным пераўтварэнні гаспадарчага жыцця, хоць па вядомых прычынах не раскрывае шляхоў, якія павінны былі б выратаваць палешукоў ад непазбежнага вымірання.
Апісваючы цяжкае, поўнае гора і нягод жыццё палешукоў, Сержпутоўскі асабліва занепакоены становішчам жанчын. «На вядзенне дамашняй гаспадаркі і прыгатаванне ежы ў жанчын ідзе ўвесь час, – піша аўтар. – …Але гэта яшчэ не ўсё. Ёй трэба вырасціць лён, каноплі, прыгатаваць кудзелю, напрасці, наткаць і пашыць бялізну, прыгатаваць дамашняе сукно для верхняга адзення і г. д. Калі сюды аднесці нараджэнне дзяцей, хваробы і іншыя жыццёвыя нягоды, то трэба толькі здзіўляцца, як палеская жанчына выносіць такое жыццё і як асобныя з іх дажываюць да глыбокай старасці»[30].
Трэці раздзел нарыса Сержпутоўскі прысвяціў прымхам і забабонам палешукоў. У ім прыводзяцца апісанні «магічных» дзеянняў мясцовых ведзьмакоў, знахароў, шаптух. Многія назіранні лягуць пазней у аснову нарысаў і апавяданняў Аляксандра Казіміравіча.
Поспех першых экспедыцый Сержпутоўскага невыпадковы. У вывучэнні быту і культуры палешукоў дапамагла яму работа ў школе. Ужо тады ён назіраў за жыццём людзей, запісваў вусныя апавяданні, казкі, прымаўкі, заклёны, рабіў накіды чарцяжоў пабудоў, замалёўкі дамашняга побыту, вывучаў вопыт збіральніцкай дзейнасці іншых фалькларыстаў і этнографаў. Так, у 1893 г. на старонках часопіса «Этнографическое обозрение» друкаваліся нарысы аб жыцці сялян Віцебскай губерні М. Я. Нікіфароўскага. Дзякуючы ім шырокая грамадскасць Расіі змагла пазнаёміцца з жыццём і бытам беларускага сялянства, яго звычаямі, традыцыямі, культурай, вусна-паэтычнай творчасцю.
Вялікая цікавасць, якую праяўлялі да культуры, быту, умоў жыцця беларускага народа перадавыя людзі Расіі ў пачатку XX ст., была невыпадковай. Падзеі, звязаныя з развіццём капіталізму, з рэвалюцыяй 1905–1907 гг., знайшлі самы непасрэдны водгук у сэрцах беларусаў, садзейнічалі больш актыўнаму развіццю нацыянальнай культуры. Гэта з асаблівай сілай праявілася ў яго імкненні адстаяць правы на нацыянальную незалежнасць, карыстанне роднай мовай, літаратурай, культурай.
У гэты перыяд шырока разгарнулася работа па збіранні і вывучэнні народнай вусна-паэтычнай творчасці. Паўсюдна ствараюцца таварыствы і гурткі, ставіцца пытанне аб узнаўленні Паўночна-Заходняга аддзела Рускага геаграфічнага таварыства. Побач з таварыствам па вывучэнні Магілёўскай губерні (існавала з 1902 г.) у 1912 г. пачынае работу Мінскае таварыства аматараў прыродазнаўства, этнаграфіі і археалогіі. Неўзабаве такія ж таварыствы ствараюцца ў Віцебску, Гомелі, Барысаве.
Значны ўклад у справу вывучэння роднага краю ўнеслі студэнты беларускага зямляцтва Пецярбургскага ўніверсітэта. Яны вывучалі культуру і быт народа, запісвалі вусна-паэтычныя народныя творы, выкарыстоўвалі багаты фактычны матэрыял для паказу паднявольнага жыцця людзей, заклікалі працоўных на барацьбу за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне.
Вялікую дапамогу дзеячам культуры, пачынаючым краязнаўцам аказвалі працы такіх выдатных фалькларыстаў і этнографаў, як Е. Р. Раманаў, Я. Ф. Карскі.
Актыўна працягваў работу па вывучэнні быту, матэрыяльнай і духоўнай культуры беларускага народа А. К. Сержпутоўскі. Летам 1907 г. ён накіроўваецца ў экспедыцыю на Палессе Валынскай, Мінскай і Гродзенскай губерняў. Незадоўга да гэтага этнаграфічны аддзел Рускага музея распрацаваў праграму для збірання этнаграфічных прадметаў і абавязаў сваіх супрацоўнікаў строга кіравацца ёй. Азнаёміўшыся з гэтай праграмай, Сержпутоўскі прыходзіць да вываду, што яна не адлюстроўвае спецыфікі Беларускага Палесся. Ён распрацоўвае ўласную праграму, якую ўмоўна называе «Некалькі агульных заўваг аб збіранні этнаграфічных калекцый у Беларусі»[31].
Зыходзячы з рэльефу і прыродных умоў Беларусі Аляксандр Казіміравіч прапаноўвае умоўна раздзяліць яе тэрыторыю на дзве часткі: палявую – Літву і лясную – Палессе. Сержпутоўскі тут чамусьці карыстаецца гістарычным паняццем «Літва». Пры гэтым ён заўважае, што «літвіны», дзякуючы нядрэнным дарогам, раней устанавілі культурныя сувязі з суседнімі народамі.
Расказваючы аб гаротным становішчы палешукоў, Сержпутоўскі адзначае: «Тут, у глыбіні Палесся, мы можам сустрэць такія куткі, такі быт народа і ўсе абставіны яго жыцця, якія напамінаюць нам даўно мінулы час»[32]. Ён раіць пачынаючым фалькларыстам і этнографам збіраць этнаграфічныя калекцыі, якія характарызуюць быт і творчасць народа, рабіць падрабязнае апісанне мясцовасці, дзе збіраюцца гэтыя экспанаты, з прыкладаннем карт, планаў і фотаздымкаў, запісваць легенды, паданні, фразеалагізмы, даваць характарыстыку заняткаў людзей, прылад працы, сямейнага побыту, звычаяў, традыцый, народнай медыцыны, мастацтва, указваць, чым прадыктаваны выбар месца для будаўніцтва таго ці іншага збудавання, апісваць тэхніку яго ўзвядзення і г. д.
Сержпутоўскі сам строга прытрымліваўся гэтых правіл, выконваў велізарны аб’ём даследчых работ. У час экспедыцыі 1907 г. (чэрвень – жнівень) ён сабраў багатую этнаграфічную калекцыю. Як паведамляла «Живая старина», у яе ўвайшлі адзенне, земляробчыя прылады, прыстасаванні для ткацтва, музычныя, цяслярскія і бондарскія інструменты, амулеты, сродкі народнай медыцыны, прадметы табакакурэння і здабывання агню, сродкі перамяшчэння, цацкі, прылады для палявання, рыбалоўства, пчалярства, посуд, узоры тканін і вышыўкі, прадметы дамашняга ўжытку. Усяго дастаўлена ў музей больш за 800 экспанатаў, а таксама 200 фотаздымкаў пабудоў, тыпаў жыхароў, бытавых сцэн, промыслаў і г. д.[33]
Экспедыцыі патрабавалі ад збіральніка вялікага напружання фізічных сіл, часу. Трэба было адабраць самыя каштоўныя экспанаты, зрабіць падрабязнае апісанне кожнага з іх, знайсці транспарт, адвезці груз на чыгуначную станцыю або адправіць іншым спосабам. Часта для гэтага не хапала адпушчаных на камандзіроўку грошай, даводзілася разлічвацца ўласнымі. Царскія чыноўнікі на месцах не толькі не аказвалі этнографам неабходнай дапамогі, а часам нават перашкаджалі рабоце. Так, падчас экспедыцыі ў Польшчу ў 1909 г. Сержпутоўскі не змог наведаць Радомскую губерню, багатую народнымі рамёствамі і звычаямі. Незадоўга перад гэтым там адбыліся сялянскія хваляванні і для ўезду на тэрыторыю губерні патрабаваўся асабісты дазвол генерал-губернатара Царства Польскага. «Генерал-губернатар, як усходні дэспат, з выпадку масленіцы нікога не прымаў»[34], – пісаў Сержпутоўскі галоўнаму захавальніку этнаграфічнага аддзела музея Ф. К. Волкаву.
У горадзе Родзін Сядлецкай губерні ад Сержпутоўскага ні на крок не адставалі жандары, прыстаўленыя да яго губернатарам. У прысутнасці іх людзі баяліся выконваць песні, расказваць казкі, паданні, нават гаварыць. Нягледзячы на гэта, Сержпутоўскі поўнасцю выканаў праграму экспедыцыі, сабраў і адаслаў у музей 676 прадметаў, якія характарызавалі быт, культуру, заняткі мясцовых жыхароў.
Апісанне калекцый вучоны звычайна рабіў на рускай і беларускай мовах, строга захоўваючы мясцовую гаворку.
Паспяховай была паездка А. К. Сержпутоўскага ў Літву ў 1909 г. Тут ён зрабіў звыш 200 фотаздымкаў, запісаў многа песень, прыказак, прымхаў.
Падчас экспедыцый вучоны сустракаецца з мясцовымі краязнаўцамі, этнографамі, дзеячамі культуры і мастацтва, раіцца з імі адносна аб’ектаў даследчай работы, просіць збіраць і прысылаць у музей экспанаты. Падкрэсліваючы высокую самабытную культуру жыхароў заходняй часткі царскай імперыі, ён заўважае, што жыццё простага народа тут яшчэ больш цяжкае і невыноснае, чым у жыхароў цэнтральных губерняў Расіі.
О проекте
О подписке