Шмат казак, легенд, паданняў захоўвае памяць чалавека. У адной з беларускіх легенд расказваецца пра тое, што даўным-даўно пралятала над Палессем Жар-птушка і згубіла пяро незвычайнай прыгажосці. Плаўна падала яно на зямлю, рассыпаючы ва ўсе бакі зіхатлівыя прамяні. Кінуліся людзі шукаць тое пяро – з пакалення ў пакаленне перадаецца пагалоска, што таму, хто знойдзе пяро Жар-птушкі, наканаваны шчаслівы лёс, – але вярталіся ні з чым. Адны бачылі побач вясёлку, другія – папараць-кветку, трэція – зорачку, якая пералівалася рознымі колерамі. Але варта было наблізіцца да іх, як усё раптам знікала. Мінаюць гады, стагоддзі, але жыве гэтая цудоўная легенда. Як і раней, шукаюць людзі пяро Жар-птушкі, кветку папаратніку, цудоўную гаючую крынічку з жывой вадой. Яшчэ больш любай сэрцу кожнага становіцца родная зямля, бацькоўскі кут, які чалавек ласкава называе сваёй малой радзімай, Айчынай.
Вывучэнне духоўнай культуры народа, яе лепшых традыцый – неад’емная частка грамадзянскіх, патрыятычных, маральных пачуццяў. Сёння, у час нацыянальнага адраджэння, пераасэнсаванне нашых здабыткаў у сацыяльным жыцці, навуцы, тэхніцы, станаўленне мовы і культуры беларускага народа набываюць асаблівае значэнне.
Каштоўнай крыніцай для развіцця мастацкай творчасці, пазнання духоўнай і матэрыяльнай культуры беларускага народа з’яўляецца літаратурная, асветніцкая, навуковая спадчына нашага славутага земляка, вядомага этнографа, фалькларыста, літаратара, мовазнаўцы Аляксандра Казіміравіча Сержпутоўскага. На працягу пяці дзесяцігоддзяў (1890–1940) даследаваў ён быт і культуру беларусаў, рускіх, украінцаў, палякаў, літоўцаў, татар, мардвы, народаў Каўказа. Збіраючы і вывучаючы фальклорна-этнаграфічныя матэрыялы, ён прытрымліваўся прынцыпаў і прыёмаў, выпрацаваных прагрэсіўнымі дзеячамі фалькларыстычнай навукі свету, падмацоўваючы іх уласным вопытам. А. К. Сержпутоўскі вызначыў два асноўныя напрамкі ў даследаванні народнага жыцця. Гэта духоўны свет народа – народна паэтычная творчасць, вераванні, абрады, звычаі, мова, і яго матэрыяльна-бытавы ўклад.
У той час, калі пачалася навуковая дзейнасць Сержпутоўскага, шляхі, сродкі і метады этнаграфічнай і фалькларыстычнай работы, узятыя на ўзбраенне вучоным, былі прагрэсіўнымі і смелымі, тым больш што аб’ектам яго вывучэння з’яўляліся народнасці, якія найбольш прыгняталіся афіцыйнымі коламі царскай Расіі. Насуперак буржуазным этнографам, што сцвярджалі, быццам народы Расіі жывуць паміж сабой у варожасці і нянавісці, Сержпутоўскі пастаянна падкрэсліваў факты дружалюбнасці і добрасуседства паміж імі, указваў на сапраўднага ворага ўсіх прыгнечаных – царызм.
Асабліва значны ўклад унёс А. К. Сержпутоўскі ў вывучэнне духоўнага жыцця беларусаў Палесся – адной з найбольш адсталых у той час і слаба вывучаных ускраін царскай Расіі. Дзякуючы працам вучонага, дайшлі да нас апісанні жыцця, самабытных звычаяў і абрадаў беларусаў-палешукоў, якія даюць яскравае ўяўленне аб іх вераваннях, маралі, занятках.
Знаёмства са звычаямі і абрадамі беларусаў мае не толькі пазнавальную каштоўнасць, але і практычнае значэнне. Яно дазваляе даць правільную ацэнку тым традыцыям, якія захаваліся ў сучасным народным побыце, выкарыстаць лепшыя элементы традыцыйнай народнай абраднасці пры стварэнні новых беларускіх абрадаў.
А. К. Сержпутоўскі быў сапраўдным наватарам у беларускай этнаграфічнай і фалькларыстычнай навуцы. Ён адным з першых сярод збіральнікаў-фалькларыстаў звярнуў сур’ёзную ўвагу на асобу казачніка, імкнуўся запісваць ад найбольш здольных, таленавітых, прагрэсіўных людзей. Гэтым, галоўным чынам, і тлумачыцца вялікая сацыяльная завостранасць казак, запісаных ім, у параўнанні з творамі, сабранымі іншымі фалькларыстамі.
Вялікае месца ў даследаваннях А. К. Сержпутоўскага займалі праблемы стану і далейшага лёсу беларускай мовы. Яго мовазнаўчыя працы атрымалі высокую ацэнку сусветна вядомых у гэтай галіне вучоных акадэмікаў Д. К. Зяленіна, Я. Ф. Карскага, А. А. Шахматава.
Вывучаючы помнікі матэрыяльнай культуры, старажытныя промыслы, звычаі і абрады, светапогляды і творчасць беларусаў-палешукоў, вучоны імкнуўся даць ім сацыяльна-гістарычнае тлумачэнне, зыходзячы з прыродна-геаграфічных і сацыяльных умоў жыцця народа, што надавала яго навуковым працам грамадскае гучанне.
Асаблівай вастрынёй і крытычнай накіраванасцю характарызуюцца народныя творы, апублікаваныя ў зборніку «Сказки и рассказы белорусов-полешуков» (1911), у якіх бязлітасна крытыкаваліся паны і царскія чыноўнікі, папы і ксяндзы, адлюстроўвалася ўзрастаючая палітычная самасвядомасць простага народа, яго пратэст супраць сацыяльнай несправядлівасці і існуючага дзяржаўнага ладу. Упершыню ў шэрагу твораў у яркай мастацкай форме народ раскрыў сапраўдныя крыніцы абагачэння эксплуататараў, паказаў, што грошы і золата багацеяў – гэта кроў і пот людзей працы.
Зборнік Сержпутоўскага быў зусім новай з’явай не толькі ў расійскай дарэвалюцыйнай фалькларыстыцы, але і ў фалькларыстыцы ўсіх славянскіх народаў. Гэтая кніга канчаткова разбурыла памылковую думку, якая панавала ў тагачаснай гуманітарнай навуцы, аб беларускай народнай прозе як пераважна міфічнай творчасці, паказала свету мастацкія здольнасці беларуса, яго глыбокае філасофскае мысленне.
Вялікае значэнне маюць і іншыя фальклорна-этнаграфічныя працы Сержпутоўскага, якія ўтрымліваюць каштоўны матэрыял для вывучэння духоўнай культуры і быту беларускага народа, эвалюцыі яго светапогляду, мастацка-эстэтычных запатрабаванняў.
Цяжка пераацаніць дзейнасць Сержпутоўскага ў галіне збірання і вывучэння помнікаў духоўнай і матэрыяльнай культуры беларусаў. Яго шматлікія апісанні промыслаў, заняткаў, пабудоў, абрадаў і павер’яў сялян дарэвалюцыйнай Беларусі, сабраныя ім калекцыі прылад працы, адзення, прадметаў хатняга ўжытку дапамагаюць зразумець і асэнсаваць багатую культурную спадчыну народа.
Вучоны жыва цікавіўся песеннай народнай творчасцю. У народнай песні яго прыцягвала перш за ўсё яе грамадскае гучанне. Сержпутоўскі бачыў у песні адлюстраванне ўнутранага духоўнага жыцця народа, яго маральнага ідэалу. З сабранай вучоным песеннай народнай творчасці навуковую цікавасць выклікаюць каляндарна-абрадавыя песні: калядныя, валачобныя, жніўныя і інш. У іх ярка адлюстраваліся земляробчыя клопаты беларускага селяніна, які імкнуўся з дапамогай абрадавых дзеянняў і песень, у магічную сілу якіх ён верыў, аказаць уплыў на ўраджай, забяспечыць дабрабыт свайго дома і гаспадаркі.
Не абышоў сваёй увагай Сержпутоўскі і парэміяграфічную спадчыну беларускага народа, захаваўшы для нашчадкаў скарбы народнай мудрасці.
У галіне вывучэння старажытных светапоглядаў і вераванняў беларусаў асобная роля належыць фундаментальнаму зборніку А. К. Сержпутоўскага «Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў» (1930). У гэтай кнізе, якая з’явілася вынікам яго шматгадовых этнаграфічных назіранняў і збіральніцкай дзейнасці, змешчана мноства легенд, паданняў, апавяданняў, прымхаў і забабонаў, запісаных у паўднёвых раёнах Слуцкага павета. Гэтыя апісанні даюць магчымасць узнавіць малюнак духоўнага свету беларускага сялянства дарэвалюцыйнага перыяду з яго станоўчымі і адмоўнымі бакамі.
Нягледзячы на вялікі ўклад А. Сержпутоўскага ў развіццё беларускай этнаграфіі, фалькларыстыкі, мовазнаўства, яго жыццё, навуковая і літаратурная дзейнасць даследаваны недастаткова. Няма вычарпальных прац, у якіх быў бы дадзены глыбокі аналіз навуковай дзейнасці вучонага, ацэнены яго ўклад у славянскую і айчынную фалькларыстыку. Нешматлікія рэцэнзіі на яго працы не раскрываюць методыкі, прынцыпаў збіральніцкай і даследчай дзейнасці Сержпутоўскага, не ўвязваюць яго працы з дасягненнямі фалькларыстычнай і этнаграфічнай навукі. Не вывучаны яго светапогляды і грамадская дзейнасць. Па-за ўвагай даследчыкаў засталіся многія рукапісныя працы вучонага, якія захоўваюцца ў архівах Расіі і Беларусі. А між тым гэта спадчына мае вялікае навуковае, пазнавальнае і выхаваўчае значэнне.
Аб жыцці і творчасці А. К. Сержпутоўскага можна даведацца з нарыса В. К. Бандарчыка і А. С. Фядосіка (выдадзены ў 1966 г. у выдавецтве «Навука і тэхніка»). У ім сцісла характарызуюцца апублікаваныя вучоным фальклорныя зборнікі, раскрываюцца адносіны збіральніка да новых з’яў у народнай творчасці. Асаблівы акцэнт зрабілі аўтары на творах сацыяльна-палітычнага напрамку і, на жаль, значна менш месца ўдзялілі творам, якія адлюстроўваюць маральна-этычныя і сямейныя праблемы. Недастаткова, на наш погляд, раскрыта ў нарысе месца Сержпутоўскага ў славянскай фалькларыстыцы, адсутнічаюць супастаўленні яго прац з вынікамі дзейнасці іншых беларускіх фалькларыстаў.
Асобныя бакі збіральніцкай, навуковай дзейнасці А. К. Сержпутоўскага разглядаліся ў свой час у працах В. К. Бандарчыка[1], І. К. Германовіча[2], Л. Р. Барага[3], М. Я. Грынблата[4], К. П. Кабашнікава[5], I. М. Лушчыцкага[6], М. Р. Ларчанкі[7]. Аднак большасць названых вышэй даследчыкаў выкарыстоўвалі матэрыялы Сержпутоўскага толькі ў сувязі з даследаваннем пэўных праблем і не разглядалі ролю вучонага ў развіцці беларускай этнаграфіі і фалькларыстыкі, не звярталіся да архіўных крыніц.
У апошняе дзесяцігоддзе з друку выйшлі кнігі «Палескі дзівасіл. Беларускія народныя прыказкі, прымаўкі, выслоўі» (2005), «Русальная нядзеля. Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў» (2009), «Гняздоўе белых буслоў. Казкі і апавяданні беларусаў-палешукоў» (2010), «Чароўны човен. Казкі і апавяданні беларусаў Слуцкага павета» (2012), якія раскрываюць збіральніцкую, навуковую, даследчую дзейнасць славутага беларускага вучонага.
У аснову працы, якая прапануецца ўвазе чытачоў, пакладзены зборнікі А. К. Сержпутоўскага «Сказки и рассказы белорусов-полешуков» (1911), «Казкі і апавяданні беларусаў з Слуцкага павету» (1926), «Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў» (1930) і іншыя яго фалькларыстычныя, этнаграфічныя, літаратурныя, мовазнаўчыя працы, а таксама матэрыялы, прыцягнутыя да вывучэння з забытых кніг, часопісаў, газет. Акрамя таго, у архіве Расійскага этнаграфічнага музея (РЭМ), Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве, навуковым архіве Рускага геаграфічнага таварыства (РГТ), архіве Акадэміі навук Расіі, архівах Дзяржаўнага Рускага музея, Інстытута рускай літаратуры (Пушкінскі дом), Дзяржаўнай публічнай бібліятэкі імя Салтыкова-Шчадрына, рукапісных аддзелах Дзяржаўнай бібліятэкі Расіі, навуковых бібліятэках і архівах Рэспублікі Беларусь, Літвы і іншых краін аўтарам гэтай працы знойдзены і ўпершыню ўведзены ў навуковы абарот шэраг матэрыялаў, якія асвятляюць шматгранную дзейнасць А. К. Сержпутоўскага, раскрываюць значэнне яго навуковай спадчыны.
У кнізе выкарыстаны таксама назіранні і запісы, зробленыя аўтарам у час экспедыцыйных паездак па месцах, дзе некалі запісваў народныя творы А. К. Сержпутоўскі.
О проекте
О подписке