Читать книгу «Двое на вуліцы» онлайн полностью📖 — Іван Сіпакоў — MyBook.
cover

– Што вы кажаце? – паспрабаваў здзівіцца Алег і адчуў, што гаворыць словамі – нават інтанацыя тая ж! – дзяўчыны, якая цалавалася ля вагона.

– Не «што вы кажаце», а прайшоў. І калі вам, грамадзянін, ехаць на Маскву, дык не абавязкова цэлыя суткі чакаць вюнсдорфскага. У той жа бок ідзе многа цягнікоў. Сядайце і едзьце любым.

– Добра, добра, паеду, – абы заспакоіць міліцыянера, хутка згадзіўся з ім Алег.

І той нехаця, падазрона аглядаючыся, адышоўся ад яго, стаў зводдаль, зрабіў выгляд, што заняты іншым, але Жавейка разумеў, што ён усё ж цікуе за ім.

Міліцыянер, відаць, адчуў, што чалавек нікуды не едзе, і яму зараз не цярпелася апазнаць у ім якога злодзея ці бадзягу. Алегу ж не хацелася, каб зараз у яго распытвалі пра дакументы, пра тое, чаго начуе тут, на вакзале, а не дома, і таму ён, крыху пасядзеўшы яшчэ для прыліку, устаў і выйшаў на прывакзальную плошчу.

Дождж сціх. Але на дварэ не стала ад гэтага цяплей – стылая золь адразу ж бралася за рукі, за твар, студзіла нават душу.

Была ўжо глыбокая ноч. Горад спаў моцным сном – ні ў адным акне не гарэла святло. Быў самы той час агульнага, здаровага сну, калі і «совы» – тыя, хто позна кладзецца, – палеглі ўжо, і «жаўранкі» – тыя, хто рана ўстае, – яшчэ не папрачыналіся.

Горад са сляпымі, нежывымі вокнамі – а як яны вяселяцца, калі ў іх успыхне святло! – здаваўся нейкім дзіўным, прывідным і нерэальным – ён быў нібы намаляваны. Яшчэ больш дзіўным і нерэальным здаўся яму свой дом, калі Жавейка на таксі пад’ехаў да яго з зусім нечаканага боку – ад дзіцячага сада. Вялізны дом, у якім не свяцілася ніводнае акно, выглядаў нежывым і халодным – нібыта ўсе яго жыхары ці то вымерлі, ці то выракліся сваіх кватэр і пакінулі гэты шэры, мокры гмах, які стаяў зараз да вусцішнасці ціхі і непрыветлівы. Нават не верылася, што вось прачнуцца ў ім людзі, – і ён ажыве: нехта старанна, да поту будзе выбіваць пярэсты дыван, нехта будзе крычаць з балкона: «Стасік, Стасік, куды ты пайшоў?», а на доўгай, ледзь не на ўвесь дом, верандзе, якая зараз пустуе, зноў збяруцца гаваркія жанчыны, якім вельмі ж ужо трэба ведаць, хто куды ідзе і хто каго з сабою вядзе.

Вакзал крыху развеяў яго цяжкія думкі, прытупіў боль. Таму ён, каб зноў не вярэдзіць душу, як толькі ўвайшоў у кватэру, адразу ж пачаў распранацца. Пасля мулкай вакзальнай лаўкі прыемна было класціся на свежыя, чыстыя просціны, якія ўсё яшчэ, здаецца, пахлі Тонінымі рукамі, а галава сама хілілася да мяккіх падушак, з якіх яшчэ не выветрыўся пах яе валасоў.

Ён заснуў хутка, як толькі лёг. Але ўсё роўна сон быў трывожны, цяжкі. Пад самую раніцу яго разбудзіў глухі стук, і Алег адразу ж здагадаўся, што гэта хляпнулі дзверы наверсе, у лейтэнантавай кватэры. Нават не прыслухоўваючыся, ён ведаў: выйшла Тоня, яна спяшаецца на працу. I праўда, хутка па прыступках глухавата затукалі яе чаравічкі – тук-тук-тук, тук-тук-тук…

На іхняй пляцоўцы тупат нібы заціх, і Алегу нават чамусьці падумалася, што Тоня вось зараз зойдзе дадому, кінецца яму на шыю, ён збегае наверх, забярэ Вовачку і ўсё ў іх пойдзе, як і раней. Яму нават здалося, што яна падышла да дзвярэй, стаіўшы дыханне, стаіць там і ніяк не адважыцца пазваніць. Алег, пільна прыслухоўваючыся, напружыўся ўвесь – ну, калі, калі ж яна пазвоніць? – і нават адхінуў ужо коўдру, каб бегчы хутчэй адчыняць: яму памроілася, што ён чуе нават шорхат яе пальцаў, якія, спяшаючыся, шукаюць кнопку званка.

Але Тоня, відаць, і не прыпынялася, відаць, яму ўсё гэта толькі здалося, бо яе абцасы тут жа, праз нейкую секунду – Алегу нават не верылася, што прайшла ўсяго секунда – зноў гулка затукалі па прыступках: тук-тук-тук, тук-тук-тук. Цяпер ужо гэты тупат быў часцейшы і больш таропкі – Тоня спяшалася, нібыта яе хто даганяў.

Алег міжволі лічыў за ёю прыступкі, спрабаваў здагадацца, на якім яна зараз паверсе, хоць і разумеў, што ўсё гэта, мякка кажучы, выглядае смешнавата.

І ўсё роўна ён як бы сачыў за ёю адсюль, з хаты, з ложка, аж пакуль не заціхлі зусім яе крокі – ці то жонка выйшла ўжо з пад’езда на вуліцу, ці то яна бегла яшчэ па прыступках, але ўжо так далёка ад сваіх дзвярэй, што Алегу нічога не было чуваць.

Ён захінуў адкінутую коўдру і зноў пачаў прыслухоўвацца: зараз лейтэнант павінен весці яго Вовачку ў садзік. Але ўсё было ціха. Відаць, Сашка завёў сына раней, калі Алег, стомлены начным бадзяннем, яшчэ спаў.

Жавейка паляжаў крыху, услухоўваючыся ў ранішнія шумы пад’езда і суседніх кватэр, затым адным рыўком устаў з цёплай пасцелі і пачаў збірацца на працу.

* * *

Раней яму заўсёды не ставала часу, а зараз ён не ведаў, што з ім рабіць.

На працы, праўда, не здоўжвалася – ён быў увесь час сярод людзей, заняты справаю, клопатамі, і таму думаць пра сваю бяду яму не выпадала. Толькі недзе пад канец змены, калі ўсе нецярпліва пачыналі паглядаць на гадзіннікі, у яго перад вачыма, як цёмная навальнічная хмара, паволі ўсплывала яго адзінота, яго прасторная, гулкая, як парожняя бочка, кватэра, і яму тады дужа не хацелася, каб рабочы дзень канчаўся.

І ўсё ж ён канчаўся, сябры, паспешна ціснучы яму рукі, развітваліся – спяшаліся ў свае цёплыя, сагрэтыя сямейным ладам кватэры, да ласкавых жонак і рассмяяных дзяцей: аднаму жонка купіла білеты ў тэатр, другому трэба забраць з садзіка дачку, трэці бяжыць шукаць падарунак, бо ў яго сына якраз сёння дзень нараджэння. А ён заставаўся тады адзін. Стаяў, як дурань, ля прахадной, думаў, куды падацца, ці рабіў выгляд, што і яму вельмі ж няма часу, што і яго нехта чакае, спяшаўся хутчэй развітацца і таропка кіраваўся ў які-небудзь бок, а пасля, мінуўшы завод, запавольваў хаду, апускаў галаву і ціха ішоў куды вочы глядзяць. Спадзяваўся сустрэць каго знаёмага. Але знаёмыя, як і таварышы па працы, таксама спяшаліся дамоў, да сваіх асветленых вокан. Яго ж вокны, Алег гэта добра ведаў, заўсёды будуць цёмныя, пакуль ён сам не асветліць іх.

Прыходзілі да яго з працы, супакойвалі, суцяшалі, спачувалі. Але ён не любіў зараз спачуванняў і не даваўся на такія гаворкі. Думаў, калі ўжо баліць, дык няхай баліць толькі яму аднаму.

Заходзіў у кінатэатры, але і там прахопліваўся раптам недзе ў канцы фільма, і тады заўважаў, што ён нічога не глядзіць і нічога не ўспрымае, а думае зноў жа толькі пра сваё.

Часам ён затрымліваўся з тымі, хто не спяшаўся дадому, хто меў намер, як кажа Лясун, «уздаць на гарачае каменне». Яны скідваліся – у каго што было ў кішэнях, ішлі ў краму, бралі гарэлку і ехалі да яго дадому, уцякаючы ад сваіх жонак – у яго ж жонкі няма, ніхто не выганіць з хаты, не насварыцца, не будзе раздражнёна сноўдаць каля стала. Але гэта, як пасля стала зразумела, усё роўна не ратавала ад адзіноты. Хлопцы п’янелі хутка – закускі ж асаблівай не было: дзе там тая закуска ў халасцяка – і адразу ж пачыналі спачуваць яго гору.

– Слухай, а давай мы зараз падымемся наверх і паб’ём усе вокны ў лейтэнанта, – прапаноўвалі адны.

– Ага, паб’ём вокны, а тваю жонку звяжам і дадому табе прынясём, – дадавалі іншыя.

Алег паблажліва ўсміхаўся – ат, ведама, п’яныя. Ды яны і самі, ён разумеў, гаварылі гэта не сур’ёзна, а толькі, каб зрабіць яму прыемнае, а вось калі б ён папрасіў іх напраўду пайсці і пабіць тыя вокны, яны, хутчэй за ўсё, знайшлі б прычыну, каб адмовіцца.

Госці, хоць і п’яныя, але ўсё ж, калі цямнела, нервова паглядалі на гадзіннікі, хапаліся за галовы:

– Ужо дзевяць гадзін? Ай-яй-яй! Мая ж мяне і ў хату не пусціць.

– А мая ўжо даўно, відаць, ля дзвярэй з качалкаю стаіць.

Яны па адным, па два знікалі з хаты, і Алег урэшце зноў заставаўся адзін у пустой і гулкай кватэры, за сталом, на якім яшчэ дыміліся ў попельніцах недакураныя цыгарэты.

Цяпер Алег нечакана для сябе адкрыў, што ўсе людзі заўсёды кудысьці спяшаюцца. Раней, калі спяшаўся і сам, ён гэтага не заўважаў. Цяпер жа бачыў, што кожны жыве сам па сабе і што шчаслівым ён, непрытульны, адзінокі, замінае – усе спяшаюцца з ім хутчэй развітацца, каб застацца сам-насам са сваім шчасцем.

Успомніў, як Радзік запрасіў яго дадому ў госці, і як ён адагрэўся ў іхняй сям’і, і як яму было хораша ад іхняй наіўнай, амаль дзіцячай яшчэ, гасціннасці. Яны акружылі шчыраю ласкаю і ўвагаю, яму было ўтульна ў іх, і, відаць, таму ён не заўважыў своечасова, што стаміў гаспадароў. А калі ўбачыў, што маладажонам ужо хочацца застацца ўдваіх – яны ласкава пераглядаліся між сабою, не хаваючыся, лашчыліся адно да аднаго, – спахмурнеў і адразу ж пачаў збірацца дадому. Маладажоны яшчэ для прыліку запрашалі яго пасядзець з імі, але ён бачыў, што казалі яны гэта толькі для адводу вачэй. Пасля таго як паспешна зачыніліся, ляснулі за ім дзверы і як там, у хаце – таксама паспешна – павярнулі ключ у замку, ён зразумеў, што ў чужой сям’і, як бы там шчыра цябе ні прымалі, шчаслівым усё роўна не будзеш.

Нават у сям’і пляменніцы – той, якая яшчэ дзіцем ехала з ім тады, калі ён пазнаёміўся з Тоняю, і якая, ён і не заўважыў калі, вырасла, стала дарослаю (гэтак жа, як і пляменнік – раней Алег прыязджаў да сястры, браў электрабрытву, што заўсёды ляжала на адным месцы, а тады неяк прыехаў, цап – а брытвы няма. «Дзе яна?» – «Коля ўзяў». Во яно што! Аказваецца, і Коля ўжо вырас: голіцца!) – дык вось, гасцюючы неяк у гэтай пляменніцы, ён падумаў пра тое ж. Яны прымалі Алега нават лепей, чым Радзік з жонкаю – Валя ўвесь час клікала яго і скардзілася на мужа: «Дзядзька, а ён б’ецца». – «Чаго ж ён б’ецца?» – «Кажа, што я дрэнную бульбу для вас абіраю, а я ж самую лепшую бяру». Алег, усміхаючыся, мірыў іх, а праз якую хвіліну пляменніца клікала яго зноў: «Дзядзька, а ён зноў б’ецца». Ён падыходзіў, Валін муж апраўдваўся: «А чаго яна не тыя відэльцы кладзе?», і Жавейку было дужа прыемна ад такой увагі.

Але і тут, калі яны перагаварылі ўсё, паўспаміналі многае, паелі ўсе смачныя стравы, прыгатаваныя пляменніцай, і ўжо сядзелі і маўчалі, Жавейка раптам адчуў, што лішні і ў гэтай сям’і, што гаспадары адно цярпліва чакаюць, калі ён пойдзе.

Асабліва Алег не любіў зараз выхадных дзён. Яны так здоўжваліся, што ён паспяваў перарабіць столькі работы, а дзень усё не канчаўся: кожны выхадны цяпер рос, нібы сухая, нічым не здобраная ў роце каша – ты яе жуеш, глытаеш, а яе ўсё большае.

Часам у суботу ці ў нядзелю прыходзіў Лёша Лясун:

– Ну што, уздадзім на гарачае каменне? Каб аж зашыпела.

Яны спускаліся ў магазін, бралі паўлітэрку, сядзелі за сталом, «уздавалі», і яму рабілася нібыта і хораша – усё ж ён быў хоць пры нейкім, але пры занятку. К вечару прыходзіла ціхая, сціплая Лесунова жонка – яна ўжо ведала, дзе шукаць мужа, – садзілася з імі за стол, выпівала сваю кроплю гарэлкі, сядзела і ўважліва слухала. Захмялелы Лясун крыўляўся пры ёй, задаваўся, пакепліваў з яе. Жанчына, не зважаючы на гэта, спрабавала спяваць не вельмі выразным голасам сваю любімую песню «Стаю я на паўстаначку», з асаблівым пачуццём выдыхаючы словы «дзе мае вясеннія гады». Лясун тады смяяўся:

– Во-во, і я ёй кажу: «Вось ты сядзіш тут, у хаце, „а міма пра-ля-таюць паязды“». А яна чагосьці злуецца.

Алегу гэта крыўлянне не падабалася, бо ён разумеў, што Лясун проста здзекуецца, нібы помсціць жонцы за тое, што яна старэйшая за яго гадамі.

– Ну і язва ж ты, Лёша, – кідаў ён тады Лесуну, а сам абавязкова казаў што-кольвек прыемнае жанчыне.

Ён разумеў, што маладосць – усяго толькі часовая перавага, і хацеў растлумачыць гэта Лесуну, але ўспамінаў, што ў іхняй сям’і гэтая перавага з гадамі будзе толькі расці – жанчыны ж старацца хутчэй.

Лесуніха прыбірала на кухні, мыла посуд, паспявала нават, пакуль яны дапівалі гарэлку, падмесці ў кватэры. I калі Лесуны збіраліся дадому, Алегу рабілася яшчэ болей тужліва: жанчына, якая пабыла ў яго халасцяцкай кватэры, зноў, сама сабою напамінала яму, што людзі, як і ўсё жывое на зямлі, створаны для таго, каб жыць парамі.

Ён зараз быў без пары. Ён зараз быў адзін. І ў яго кватэры цяпер жанчыны, апрача Лесуновай жонкі, можна лічыць, не бывалі. Праўда, неяк раней, у нядзелю ўвечары, прыйшла да яго суседка – яны жылі на адной пляцоўцы, ён так і зваў яе: «суседка злева» – маладая, ёмкая жанчына, якая была, відаць, гадоў на дзесяць маладзейшая за свайго мужа-п’яніцу, пра якога кабеты, што ўвесь час сядзяць на верандзе, казалі: «Ай, і праўда, які гэта Лене муж? Ён жа п’яны гадзін у шэсць вечара як пачне падымацца на свой чацвёрты паверх, дык гадзінам к дванаццаці толькі да сваіх дзвярэй дапаўзе». Яшчэ і пры Тоні Алег часта сустракаўся з гэтай прывабнаю жанчынаю то на пляцоўцы, то на верандзе, то на вуліцы (яна штодзень прагульвала вялікага, прыгожага ў сваёй сабачай прыгажосці бульдога), яны па-суседску ветліва віталіся, усміхаліся і нават какетнічалі…

Лена, цесна захінуўшыся ў лёгенькі летні халацік, які яна прытрымлівала абедзвюма рукамі і які, нібы шарсцяная сукеначка, хораша прыліпаў да цела, падкрэсліваючы яе фігуру – шырокія клубы, тонкую талію і тугія грудзі, – прыйшла папрасіць у яго праса: яе, маўляў, перагарэў, а ёй трэба спешна папрасаваць бялізну. Калі жанчына абедзвюма рукамі зачыняла дзверы, халацік сам сабою шырока расхінуўся, і Алег аж аслупянеў ад нечаканасці: пад халацікам яна была амаль голая – толькі беленькія-беленькія трусікі шчыра кідаліся ў вочы. Алегу спачатку падалося, што на Леніных грудзях такі ж чысты, як трусікі, станік, але, прыгледзеўшыся, ён зразумеў, што грудзі яе голыя. Проста іх белізну – яны ж былі ўвесь час пад купальнікам – адцяняе прыгожы, густы летні загар, які і зараз, восенню, усё яшчэ быў шакаладны.

Ён нехаця, злуючыся на сябе за тое, што яму не хочацца гэта рабіць, ледзь адарваў вочы ад зваблівага жаночага цела – бачыў, што і Лена адчувае яго позірк, але не спяшаецца захінацца, – рэзка павярнуўся і пайшоў у другі пакой. Чуў, як мякка і паслухмяна спяшаецца за ім і Лена.

Ён доўга грымеў у бакавушцы, пакуль нарэшце знайшоў прас, завалены розным хломаздам, абцёр з яго пыл і, павярнуўшыся, аддаў Лене. Калі яна брала прас – зноў абедзвюма рукамі, – халацік, як і першы раз, расхінуўся, і Алегавы вочы зноў наткнуліся на голыя, тугія, яшчэ амаль дзявочыя грудзі і белыя, як нечапаны снег, трусікі. Зараз ён паспешлівей, больш рашуча адвярнуўся, але і адвярнуўшыся нібыта ўсё роўна бачыў яе расхінуты халацік і, не гледзячы нават, адчуваў, як, не спяшаючыся, захінаецца ім Лена.

Ён зараз злаваўся на жанчын. Ён, уражаны і абражаны здрадаю жонкі, быў у такім стане, калі чалавеку не да распусты і не да юру.

Відаць, гэта зразумела і Лена, бо неўзабаве прынесла назад прас, але на гэты раз яна ўжо была апранута, як на вуліцу: паліто, шапачка, боцікі-панчохі. Прынесла, аддала і, нібы спяшалася куды, пайшла назад – яе абцасікі паспешліва зацокалі па прыступках, – а Алегу адразу паспакайнела, бо ён ужо, нягледзячы на свой настрой, не ведаў, ці стрымаецца, калі яна ў тым жа халаціку, які так зручна расхінаецца, зойдзе ў хату зноў…

I ўсё ж пакуль што яму было не да жанчын. Ён, і да гэтага крыху маўклівы, зараз яшчэ больш зацяўся, хадзіў задуменны, слухаў усіх і маўчаў. Спрабаваў разабрацца ў сабе, у тым, што здарылася, але чым далей разбіраўся, тым больш бачыў, што нічога не зможа зразумець.

«Жыві як хочацца»… Гэтага жончынага афарызму, які яна так лёгка паставіла ў канцы сваёй запіскі, ён не разумеў – злаваўся на яго і нават ненавідзеў. Але той, як прытопленая ў вадзе крыга, зноў і зноў усплываў у яго думкі і балюча цёрся аб іх сваімі абламанымі – вострымі і шурпатымі – краямі.

За форткаю, па мокрым шкле, нібы прыклееная да шыбы, паўзла – дзе там паўзла: плыла! – божая кароўка, якая ўсё яшчэ, нягледзячы на халады, жыла ў яго. Ён дастаў яе – усё, што было ў хаце жывое, Алег зараз шанаваў і бярог – і пасадзіў на сухое: яна адразу ж, пакідаючы за сабою мокры след, папаўзла чамусьці ў другі бок.

Дык што ж гэта ўсё-такі значыць – жыць як хочацца? Што значыць? Можа, жыць як хочацца – гэта завесці сабе кампанію (не, аддаць сябе ў кампанію п’яных сяброў, так будзе больш правільна) і дзе-небудзь у чадным, задымленым пакоі, дзе не відно і субяседніка, над недапітымі чаркамі, над закуссю, якая толькі пры гарэлцы пахне гэтак даўка і непрыемна, спрачацца да хрыпаты аб сусветных праблемах, грэбліва не заўважаючы ўсяго, што пад нагамі, п’яна высвятляць, надоўга ці ненадоўга хопіць нам зямлі і сонца? А можа, для таго, каб жыць як хочацца, трэба завесці статак жанчын і па чарзе хадзіць да іх у госці, гаворачы кожнай няшчырыя і часцей за ўсё банальныя словы – маўляў, якая ты прыгожая, якая харошая, адзіная мая, – і ўсё гэта толькі дзеля таго, каб пераспаць з ёю і, перахітрыўшы цудоўныя законы працягу чалавечага роду, проста спатоліць сваю ахвоту?

А можа, якраз раней ён жыў так, як хочацца – тады, пры жонцы, пры Вовачку, пры харошай сям’і і харошай рабоце? Можа, якраз у гэтым шчасце? Ён жа недзе чытаў, што для радасці чалавеку трэба ўсяго толькі дзве рэчы: харошая сям’я і харошая праца. Чалавек пачуваецца шчаслівым, калі раніцою з радасцю бяжыць на працу, а ўвечары – таксама з радасцю – вяртаецца дадому. I нават ужо дастаткова аднаго – харошай працы ці харошай сям’і, – каб чалавеку было цёпла ў гэтым, не заўсёды ласкавым, свеце.

Яшчэ нядаўна ў Жавейкі было і тое, і другое – і харошая праца, і любімая сям’я, – а таму яму было цёпла ўдвайне.

Значыць, вось гэтае «жыць як хочацца» – ці не мяняецца яно ад таго, хто на яго і як глядзіць?

Успомніў, што маці доўгі час кпіла з бацькавай разважлівасці. Як толькі пачалася вайна, ён, калгасны рахункавод, пайшоў на фронт. Маці, не бачачы ад слёз дарогі, праводзіла яго і ўсё пыталася: «Петрачок, дык а што ж мне, скажы, з дзецьмі тут рабіць?» «А ён, бач ты яго, – злавалася маці і зараз, – парадзіў, разважыў – кажа тады мне: „А што я табе, Малання, скажу? Глядзі, што людзі будуць рабіць, тое і ты рабі“. Нічога сабе, разумна разважыў. А тут адны ў партызаны пайшлі, другія, прайдзісветы, вінтоўкі пабралі ды ў паліцыю падаліся, трэція – пагробні ды клуні пачалі чысціць. І ўсё ж людзі».

Алег разумеў, што маці гаворыць так, каб толькі дадзець бацьку: самой жа ёй не трэба было нічога выбіраць – яна адразу ж стала партызанскаю сувязною. Разумеў, што і гэты ўспамін нагадаўся яму недарэчы, але не так сабе: ён пацвярджаў, што на адну і тую ж рэч можна глядзець па-рознаму.

Як вось і на гэтае «жыві як хочацца». Адзін пачуваецца шчаслівым, калі паплёўвае сабе ў столь і нічога не робіць, а другі шчаслівее толькі ў працы. Адзін прагне, дамагаецца волі, а другому гэтая воля, нібы горб, толькі замінае жыць.

У яго зараз была воля, але ён не ведаў, што з ёю рабіць.