Читать книгу «Двое на вуліцы» онлайн полностью📖 — Іван Сіпакоў — MyBook.
cover

Малыя таксама пасябравалі з цёцяю Тоняю. Ды так, што жанчыны, якія зайшлі ў вагон пасля, падумалі нават, што гэта яе дзеці. I калі, развітваючыся на бабуліным раз’ездзе, хлопчык вельмі лашчыўся да яе, а дзяўчынка не хацела злазіць з каленяў, калі Алег вёў пляменнікаў да выхаду, ён чуў, як жанчыны, не хаваючыся, дзівіліся: «Глядзі ты, збыла ўжо салдату сваіх дзяцей. Ды хутка як. А той, дурань, – за рукі і павёў».

Потым Тоня сама прызнавалася яму:

– Ведаеш, як ты адсланіў мае валасы, як убачыла я цябе – Бог мог, думаю, які прыгажун сядзіць, які бравы: усе грудзі ў медалях! I яшчэ ўбачыла, як да цябе малыя прыліплі і як ты ўмееш з імі забаўляцца, таксама падумала: Бог мой, во некаму такое шчасце на галаву зваліцца.

– I я пра шчасце ўспомніў, калі ўбачыў цябе. Гляджу, як малыя мае да цябе горнуцца, і таксама думаю: во некаму жонка добрая будзе.

Таму Алег адразу ж, як толькі дэмабілізаваўся, пазваніў ёй па міжгароднім тэлефоне ў студэнцкі інтэрнат.

– Што ты робіш?

– Вучу стараславянскую мову. А ты?

– А я да вяселля рыхтуюся.

– Што, што? – крыху насцярожылася яна.

– Да вяселля, кажу, рыхтуюся. Самагонку ганю, шлюбны касцюм шыю – ведаеш, чорны такі, строгі, з беленькаю насовачкаю ў кішэньцы. Нішто сабе атрымліваецца, чуеш?

– А хто ж у цябе жэніцца? – Тоня старалася гаварыць спакойна, але ён адчуваў, што яна напружана чакае яго адказу.

– Як хто? Сам!

Дзяўчына крыху памаўчала: навіна яе здзівіла, і яна абдумвала, што гаварыць далей.

– Ну, а хто ж такая шчаслівая? Тая, каго ты бярэш? – яшчэ больш насцярожана пыталася Тоня, а сама зноў жа думала, як сябе паводзіць, калі пачуе раптам імя сваёй суперніцы.

– А ты спытайся ў сябе самой, ці шчаслівая ты.

– Чаму?

– Таму, што я з табою жанюся! – закрычаў ён колькі сілы ў трубку.

Яна засмяялася.

– Бог мой, ён рыхтуецца да вяселля, шые сабе шлюбны касцюм, а я, яго нарачоная, нічога пра гэта не ведаю.

– Дык вось я і званю, каб сказаць, што ты выходзіш за мяне замуж.

Яна ўжо нічога яму не адказвала, адно, не стрымліваючыся, шчыра смяялася – у трубцы толькі і чуваць было яе «ках-ках-ках-ках».

Яму і потым, калі яны пажаніліся, вельмі падабаўся гэты яе смех. З розных гарадоў, з розных камандзіровак ён званіў жонцы па тэлефоне-аўтамаце, і калі манеты канчаліся, а на табло ўспыхваў надпіс: «Засталося 30 секунд», Алег, спяшаючыся, крычаў у трубку: «Усё, бывай», а затым паўтараў адно толькі слова: «Цалую, цалую, цалую». Яна шчыра смяялася – Тоні, вядома ж, падабалася гэта, – а ён «цалаваў» яе, аж пакуль аўтамат неяк бязгучна, без пстрыкання і без гуду – проста тухла табло, і ўсё – не раз’ядноўваў іх. У кабіне адразу рабілася ціха-ціха, а ў яго ў вушах усё яшчэ гучала яе радаснае і шчаслівае «ках-ках-ках-ках-ках»…

Тады ж пасля Алегавага тэлефоннага званка Тоня – пра гэта яна расказвала потым, – усё яшчэ смеючыся, вярнулася ў свой пакой. Дзяўчаты насцярожыліся.

– Што з табою? – спыталіся ў некалькі галасоў адразу.

– Дзяўчаткі, Бог мой, павіншуйце мяне, – крыху адсмяяўшыся, адказала яна. – Разумееце, я выходжу замуж і сама нават не ведаю пра гэта.

Тады стрымана, хоць і шчыра, засмяяліся сяброўкі – дзяўчаты смяюцца не ўсе разам, а кожная сабе, і таму такога дружнага рогату, як у хлопцаў, у іх не бывае.

– Ён ужо касцюм шлюбны шые. Да вяселля рыхтуецца. Самагонку гоніць.

– Хто ён?

– Ну Алег, салдат той. Памятаеце, я вам расказвала?

Яна, расчырванелая, смяялася нязмушана, абдымала дзяўчат, цалавала іх, і ёй было вельмі прыемна, што яна выходзіць замуж.

А праз колькі дзён Алег прыслаў пісьмо, а ў ім кароценькую, спісаную аднекуль інструкцыю па шыццю шлюбнага ўбору: «Сукенка нявесты па традыцыі шыецца з белай тканіны – натуральнага ці штучнага шоўку, мяккай шэрсці, тафты, гіпюру, баваўняных карункаў на атласнай падкладцы, шаўковага ці баваўнянага піке. Яна можа быць кароткай ці доўгай. Кароткую сукенку і пасля вяселля можна насіць, як святочную, калі зняць некаторыя ўпрыгожванні. Доўгая – больш урачыстая, яе надзяваюць толькі адзін раз – на вяселле».

Словам, тое шчасце, пра якое яны абое падумалі ў першую сваю сустрэчу, раптоўна абвалілася на іх, сагрэла сваёю цеплынёю і ласкаю, падаравала ім пацешнага сына, іхняга Вовачку, якім яны не маглі нарадавацца, і блізка каля дзесяці год яднала і цешыла, нібы маладажонаў падчас мядовага месяца.

I таму нейкім недарэчным жартам здалася яму тая запіска, банальна пакладзеная на стол, – колькі ўжо такіх запісак нечакана знаходзілі на сваіх сталах мужчыны ў розных кнігах і кінафільмах! – прыціснутая цукеркаю, каб не знёс вецер, які пырхаў пры адчыненым акне. Яму хацелася, каб гэта быў сон і каб, прачнуўшыся, ён нічога не ўбачыў на стале, але гэта была ява, і запіска напраўду ляжала перад ім.

«Алег, даруй мне, але інакш я не магу. Мы з Вовам выходзім замуж і пакідаем цябе. Не шукай нас і не спрабуй што-небудзь змяніць, – змяніць ужо нічога нельга. Бывай здароў і жыві як хочацца. З прывітаннем – Тоня».

* * *

Ён ніколі не быў раўнівы.

Нават тады, калі ў кватэру над імі, на апошні, пяты паверх, пасяліўся малады лейтэнант са сваёю жонкаю, з якім яны неяк адразу пазнаёміліся і які часта пачаў да іх заходзіць. Алег заставаўся спакойны, бо раўнаваць жонку не было ніякіх падстаў: лейтэнант прыходзіў, калі ён сам быў дома, гаварыў з жонкаю пры ім і не дазваляў сабе нічога такога, што б магло насцярожыць.

Праўда, калі яны часам сем’ямі гулялі ў карты, яму было неяк крыху неспакойна. Ён не хацеў быць у пары з жонкаю, бо калі яны прайгравалі, яму было крыўдна і няёмка. Але ён не хацеў таксама, каб Тоня гуляла з Сашкам, бо калі яны, пераміргваючыся, пераглядваючыся, усміхаючыся адно аднаму, выйгравалі, яму зноў жа было непрыемна і раўніва: бач ты іх, разумеюць адно аднаго з паўслова. Але гэта былі дробязі, і ён хутка пра іх забываўся.

Ранейшы іхні сусед зверху, які зараз пераехаў у новую, большую кватэру, быў мнагадзетны – яны з жонкаю мелі шасцёра ці нават сямёра дзяцей, – не гаваркі і таму часцей за ўсё маўчаў: нярэдка, калі сустракаліся ў пад’ездзе, ён, задумаўшыся, мог нават не павітацца – відаць, увесь час быў заняты думкаю, як накарміць і ў што апрануць такую грамаду дзяцей. А лейтэнант Сашка аказаўся таварыскім хлопцам – ён заўсёды знаходзіў прычыну, каб пабываць у суседзяў: летам яму дома было горача – маўляў, ведаеш, так напякло сонца ў дах, што ў хаце, як у інкубатары, – спякота, хоць ты задыхніся, у адных трусах і то млосна; зімою яму было холадна – ведаеш, снег жа над галовамі ляжыць, мароз як ціскане з усіх бакоў, дык здаецца, што бетон, нібы шалупінне, трашчыць: то пусціце пагрэцца ў вашу сям’ю.

Дзяцей у іх пакуль не было, але лейтэнантава жонка хадзіла ўжо на россыпе. Сашка радаваўся гэтаму, выбіраў сыну імя, а калі прыходзіў да іх, гуляў з Вовачкам і падміргваў Алегу: «Ну, хопіць, хопіць табе задавацца. Хутка і ў нас свой Вовачка будзе». I, гладзячы малога па галоўцы, пытаўся ў яго: «Вова, а ты будзеш з нашым Вовам дружыць?»

Але аднойчы Сашка прыйшоў да іх сумны.

– Чаго гвардыя галаву павесіла? – пацікавіўся Алег.

– Маўчы ты, кепскія нашы справы, – заклапочана адказаў лейтэнант.

Высветлілася, што Ірка хадзіла ў жаночую кансультацыю. I там доктарка – ці то зусім нявопытная дзяжурыла, ці то яна сапраўды была злая і зрабіла гэта знарок, уважліва агледзеўшы жанчыну, нібы між іншым спыталася ў яе: «А навошта гэта вы зацяжарылі? Вы ж бачыце, які ў вас вузенькі таз? Вы ж не зможаце радзіць».

Хоць доктарка потым і суцяшала яе, Ірка вярнулася дадому заплаканая. Яна, перапалоханая, плакала і дома, Сашка супакойваў яе, але і сам крыху разгубіўся: калі так гаворыць доктар, то тут, мусіць, нешта ёсць.

Расказаўшы пра ўсё гэта Алегу, Сашка ўважліва, нібы вывучаючы, правёў позіркам па Тоніным паўнаклубым стане і паспрабаваў нават пажартаваць:

– Пазычыў бы ты нам сваёй Тоні. Мы б радзілі Вовачку, а пасля зноў бы табе вярнулі яе.

Алегу гэта не спадабалася, яму здалося, што жарт выйшаў грубавата-няўдалы, але ён прымусіў сябе ўсміхнуцца – не будзеш жа злавацца на чалавека, якому і без цябе горна – і сам адказаў жартам:

– Што ты ў мяне пытаеш? Тоня табе трэба, з Тоняю і дамаўляйся.

Алега трохі здзівіла, што Тоня, заўсёды вельмі грэблівая да такіх непрыстойнасцей, на гэты раз нібы нічога і не заўважыла. Але яго яшчэ болей здзівіла тое ўзрушэнне, якое нечакана запаланіла жонку, калі Ірка нарэшце нарадзіла дачку – ад сполаху, відаць, трохі раней часу, але жывенькую і здаровенькую.

Тоня ўсхвалявана, горача абмяркоўвала з Сашкам, што трэба купіць малой, пярэчыла яму – маўляў, не гэта, а лепей вось гэта, – прапаноўвала штосьці сама, бегала з нявопытным бацькам па магазінах: увечары яны вярталіся дадому з поўным наруччам нейкіх пакетаў, клункаў, каробак, увязак, адкуль вытыркаліся пялёнкі, цацкі, паўзункі, якіх – Алегу здавалася, што пакупцы купляюць якраз не тое, што трэба, – і так ужо было поўна ў лейтэнантавай кватэры. Тоня расчырванелася, яе перапаўняла незразумелае нервовае ўзбуджэнне, яна ўся аж свяцілася ад радасці, і таму збоку магло здацца, што гэта не Ірка, а яна нарадзіла лейтэнанту дачку. За новымі, непрадбачанымі клопатамі жонка нібыта забылася нават пра свайго сына, і калі той пачынаў плакаць, нехаця брала яго за руку і цягала разам з сабою па магазінах. Алегу гэта не падабалася, ён пачуваўся нібыта лішнім ва ўсім гэтым чужым свяце і таму спрабаваў трохі ахалодзіць, прысароміць жонку:

– Чаго ты разбегалася? Супакойся. А то людзі смяяцца будуць.

– Кінь ты, Алежка. Гэта ж малое. А яму ўвага трэба. Ты сам не радзіў, дык і не ведаеш. Табе лёгка было – я ў вёсцы ў маці і хадзіла Вовачкам, і радзіла там, табе ўжо гатовага сына прывезла. Ты ж і не купаў яго, і пялёнкі не мыў. Помніш, як ён ад цябе, нібы ад чужога, адварочваўся, калі ўпершыню ўбачыў. А тут жа і парадзісе памагчы трэба. Яна ж вунь якая хворая – нічога пакуль рабіць не можа.

Алег жа бачыў, што парадзісе таксама не падабаецца гэтая яе мітусня. Ірка ляжала ў ложку сярод белых прасцін, неяк іранічна, нават грэбліва глядзела на Тоніна ўзрушэнне, кідала ўстрывожаны погляд на мужа, які раптам часцей пачаў раіцца не з ёю, жонкаю, а з гэтаю, незнаёмаю яшчэ нядаўна, чужою яму і зараз, жанчынаю.

Пакуль Ірка яшчэ ляжала, не хадзіла, яна сяк-так цярпела Тоніну дапамогу, а як толькі крыху ачуняла, адразу ўзялася рабіць усё сама. Але ж Сашка ўсё роўна, калі жонка выходзіла куды ў магазін, адразу прыбягаў да іх:

– Тоня, памажы – малое плача.

Тоня, чым бы яна ні займалася, тут жа кідала ўсю сваю працу, выцірала рукі аб фартушок і, крыкнуўшы мужу з кухні: «Алег, глядзі, каб бульба не прыгарэла», у чым стаяла – у халаце, дык у халаце, у кароценькай сукеначцы, дык у сукеначцы – бегла разам з Сашкам да яго ў кватэру. Алег бачыў, што такое ёй да душы, што яна ўжо штораз нецярплівей чакае Сашкавага званка. Алегу такія запросіны не падабаліся, але ён усё роўна глядзеў на іх пакуль што спакойна і не думаў пра большае: ну і што, калі яна збегае, ну і што з таго, калі яна паняньчыць, супакоіць дзіця.

Дарэчы, ён і сам, незаўважна для сябе самога, пачаў клапаціцца пра лейтэнантавага першынца. Калі ў Іркі знікла малако, Алег пазнаёміў Сашку з Анцяй, прыгожай, паўнагрудай мантажніцай з іхняга завода. Яна якраз тады таксама радзіла, і ў яе было столькі малака, што сваё малое не паспявала папіваць. У яе ўжо брала малако яшчэ адна парадзіха, але Анця не адмовіла і Сашку. Адно толькі яна папрасіла за гэта добрыя грошы, таму Сашка, вярнуўшыся з поўнай бутэлечкай, жартаваў:

– Ого, дык твая знаёмая, глядзі, круглы год запускацца не будзе. Мільянершай стане.

Сашка штодзень бегаў да Анці па малако, але, нягледзячы на гэта, паспяваў зазірнуць і да іх. Пазней ён пачаў прыбягаць па Тоню і пры жонцы:

– Хадзем, малая плача, а Ірка яе супакоіць не ўмее.

Ён, Алег, значыць, нічога благога не заўважаў, а Ірка – тая ўсё бачыла. I таму, калі Алег неяк выпадкова сустрэўся з ёю на вуліцы і, павітаўшыся, хацеў прайсці міма, яна затрымала яго за рукаў:

– Слухайце, ці гэта вы напраўду сляпы і нічога не бачыце, ці толькі прыкідваецеся?

– А што здарылася, Іра?

– Госпадзі, а вы і праўда, відаць, сляпы, – у яе вачах стаялі слёзы, і Алег адчуваў, што яна вось-вось расплачацца, слёзы пачнуць выкочвацца зусім і пабягуць па вейках, па зморшчынках. – Хіба вы не бачыце, што яны здраджваюць нам?

– Хто – яны? – не прыдумаўшы адразу што-небудзь разумнейшае, спытаўся Алег і сам зразумеў, што гаворыць не тое: вядома ж хто – яны!

Але Іра цярпліва патлумачыла яму:

– Госпадзі, ды мой Сашка і ваша Тоня.

I цяпер ужо яму здалося, што ў вачах яе, дзе ўсё яшчэ стаялі, як замарожаныя, слёзы, нібыта праз лёд праступала злосць і нянавісць не толькі да Сашы і Тоні, але нават і да яго, хто нічога не бачыць і нічога не робіць, каб усё гэта спыніць.

Ён, папраўляючы акуляры, – калі Алег хваляваўся, у яго заўсёды пацела пераноссе і акуляры самі сабою спаўзалі з носа, – пачаў супакойваць жанчыну:

– Кінь ты, Іра, гэта табе здалося. Тоня проста памагае вам, яна хоча, каб табе лягчэй было.

– О, Госпадзі, Госпадзі, – толькі адказала на гэта Іра і, не азіраючыся, пайшла прэч.

Пасля Алег зразумеў, што ў кватэры над імі – нелады: адтуль часам чуўся прыглушаны плач, ціхі звычайны голас – «бу-бу-бу», – здаралася, зрываўся на крык, там нервова хадзілі па падлозе, там штосьці падала, кацілася па масніцах, нібы рассыпаныя пацеркі.

Гэта, пэўна, ваявала Ірка. Яго ж Тоня была спакойная: яна нібыта і не чула, што робіцца над імі, нібыта ўсё гэта яе і не цікавіла, хоць Алег заўважаў сяды-тады, як яна, мыючы што ці шыючы, раптам сцішвалася на хвіліну-другую і да чагосьці таксама прыслухоўвалася.

Алег разумеў, што Ірка ваюе за сваю сям’ю, за мужа, за дачку, якіх, як яму здавалася, ніхто і не хоча ў яе адбіраць. Ён ведаў, што ад разгневанай жанчыны можна чакаць чаго хочаш, але пра такое чамусьці не думаў: Ірка паскладала ў чамаданы сваё цёплае адзенне, забрала нават летнія сукенкі – значыць, збіралася яна не на нейкі час, а, відаць, назаўсёды, калі падумала і пра лета, – узяла на рукі малую і, нягледзячы на дажджлівае надвор’е, паехала да свае маці некуды аж за Дуброўна.

Сашка зайшоў да іх сумны, разгублены.

– Усё. Паехала. З малою. Так што я зараз халасцяк.

Тоні ж, як Алегу падалося збоку, гэтая навіна спадабалася.

– Што ты кажаш? – з нейкім вясёлым шкадаваннем, у якім было мала шчырасці, спытала яна. – Няўжо паехала?

Сашка на гэты раз доўга ў іх не быў. Тоня прапаноўвала яму павячэраць разам з імі, выпіць чаю, супакоіцца, але сусед адмовіўся:

– Не, пайду. Сёння мне, Тоня, не чай, а што-небудзь мацнейшае трэба, каб супакоіцца.

Жончына радасць, якая прарвалася ў той вечар, крыху занепакоіла Алега. Але Сашка цяпер да іх амаль не заходзіў, жонка штодзень, калі, забраўшы з садзіка Вовачку, муж вяртаўся дадому, была ўжо ў хаце і клапатліва завіхалася на кухні. Яна, як і раней, ласкава сустракала іх, карміла, была ветлівая.

I Алег супакоіўся.

* * *

Ён ціха, не спяшаючыся – а куды яму спяшацца? – ішоў па тратуары, не выбіраючы сушэйшага, не зважаючы на лужы, што цямнеліся ў выбоінах на асфальце, не адчуваючы, што ногі ў яго даўно ўжо мокрыя.

Дождж ліў гэткі ж, як і зараз, але ў вечаровай цемрадзі яго не было відаць, і толькі было золка і балюча, калі вецер заварочваў дажджавое крыло яму ў твар, рабілася непрыемна, ён аж угінаў плечы, калі аднекуль зверху абрыналася на яго цэлая лавіна вады, – як усё роўна трапіў пад страху, пад самы капеж: кроплі гулка барабанілі па скураной шапцы, нібы па палатцы ці па якім гонтавым даху.

Шкельцы акуляраў былі мокрыя: дажджынкі, якія траплялі на іх, нібы прыліпалі, расплываліся, расцякаліся па шкле, і ў гэтых вадзяных разводах, вельмі падобных на нейкія прасцейшыя істоты – туфелькі ці амёбы, – расплывіста мігцелі агні вячэрняга горада: загарыцца ў святлафоры чырвонае святло – і ўсе амёбы стануць чырвоныя; праплыве побач зялёнае вочка незанятага таксі – і ў кожнай туфельцы на імгненне ўспыхне па рухомай зялёнай крапцы.

Праз акуляры амаль нічога, апроч позніх вечаровых агнёў, не было відаць, але ён не зважаў на гэта. Ён ішоў проста так, без усялякай мэты, яму не было куды спяшацца, не было куды ехаць, а таму і дождж, і мокрыя акуляры не заміналі.

Хоць нават і з акна было відаць, што надвор’е паганае, мокрае, Алег выйшаў у дождж, на вуліцу – абы толькі не быць дома. Яму надакучыла сядзець перад акном у ціхай і апусцелай сваёй хаце, глядзець на вялізную кроплю, якая, гайдаючыся ад ветру, як пад носам, вісіць пад настылым знадворным градуснікам, на дажджыны, якія, нібы апалонікі, спяшаюцца зверху ўніз па шыбах; слухаць, як надакучліва барабаніць дождж па абабітым цынкам падаконніку, і яму тут жа, адразу ж, нясцерпна захацелася на вуліцу, да людзей – думалася, што там крыху суцішыцца яго боль, што ў натоўпе і сам ён супакоіцца. Нервовае жаданне хутчэй выскачыць са сваёй хаты было такое вялікае, што яму здавалася – памарудзь ён яшчэ крыху і ў яго разарвецца набалелае, перапоўненае тугою сэрца.

Пасля таго як на ягоным стале, прыціснутая цукеркаю, з’явілася запіска з жорсткім афарызмам «жыві як хочацца», Алег усё больш і больш гарнуўся да людзей, у натоўп – абы не заставацца аднаму.

У першыя ж дні Жавейка ніяк не мог апамятацца, сабрацца з думкамі, даць ім нейкі разумны накірунак. Ён толькі ляжаў на тахце і тупа глядзеў у акно або ў столь. Ці, адвярнуўшыся да сцяны, вывучаў без патрэбы шпалеры і думаў абы пра што.

Хоць бы сабе пра тыя ж шпалеры. Думаў, якія яны бываюць розныя. Ёсць светлыя – звонкія і напятыя, якія, нібы дынамікі, узмацняюць любы гук: ад іх аж ломіць у вушах. А ёсць і цемнаватыя, густыя, дзе, здаецца, як у злямчаным тумане, вязне, прыглушваецца ўсё чыста – нават крык.

Ёсць цёплыя па колерах, якія нават у дажджлівыя дні падсвечваюць – адкуль яно, тое святло? – і хату, і ўсе рэчы ў ёй. I ёсць халодныя, бяздонныя і бясконцыя, як неба, у якія можна глядзець доўга, і вока ніяк не наткнецца на які-небудзь край гэтай бездані.

Ёсць шпалеры маўклівыя і гаваркія, вясёлыя і нудныя – розныя, як і самі людзі. Шпалеры розныя? Можа, яшчэ скажаш – кожная са сваім характарам? Кінь ты! Яны здаюцца чалавеку такімі або іншымі толькі ад настрою. Вось гэтыя ружовыя шпалеры, што прыемна радавалі яго ў сямейным жыцці, зараз раздражняюць, і яму хочацца пасадраць з іх усе яркія кветкі, ад якіх аж балюча вачам.

А ўрэшце, пры чым тут шпалеры? І чаго ён да іх прычапіўся?..

Услухаўся ў гукі, якія даносіліся зверху, і пачуў, як мякка ходзіць па хаце жонка, як бегае там Вовачка, як сын часта пачынае чагосьці плакаць і як яго супакойваюць: «бу-бу-бу».

...
6