Читать книгу «Алёнкіны казкі» онлайн полностью📖 — АлёнКи — MyBook.
image

Ваўкалакі – міф або рэчаіснасць, або што было спачатку: яйка ці курыца?

«Што было спачатку: курыца ці яйка?» – не адно пакаленне вучоных задае сабе гэта пытанне і так і не можа прыйсці да адзінай высновы.

Адказ, між тым, ляжыць на паверхні. Спачатку была качка.

Чаму менавіта качка? Таму што да яе была толькі вада, а качка, як вядома, птушка вадаплаваючая. Калі гэты довад вас не задавальняе, тады варта ўспомніць міф аб утварэнні Сусвету.

Спачатку была вада, потым прыляцела качка, якая, мабыць, вядомая інстынктам прадаўжэння роду, вырашыла адкласці яйка. Дзеля гэтага ёй патрэбна было звіць гняздо, што яна і пачала рабіць, б’ючы лапкамі па вадзе. Так атрымалася суша.

Неверагодна? А вы вазьміце трохлітровы слоік падагрэтага дамашняга малака і патрасіце яго хвілін сорак. Што ў вас атрымалася? Ну вядома ж, кавалак масла, акружаны малаком меншай тлустасці або шчыльнасці. Таму – факт.

Такім чынам, атрымліваецца своеасаблівы ланцужок: вада-суша-яйка, выседзеўшы якое, качка дала жыццё ўсяму жывому.

Тады адкуль узяўся чалавек?

Глава невыпадкова мае двайную назву. І Дарвін не вельмі памыляўся, калі лічыў, што чалавек пайшоў ад малпы. Яго памылка змяшчалася толькі ў адным слове —«малпа». Замяніце яго агульным паняццем «жывёла» – і вось вам гатовая карціна нашага з вамі паходжання. Нездарма першапачатковымі рэлігіямі ўсяго чалавецтва былі анімізм і татэмізм. А гэта значыць, што ўсё: чалавек, жывёлы, расліны, камяні маюць душу.

Ну што, шаноўныя жанчыны, вам усё яшчэ хочацца атрымаць на дзень нараджэння шыкоўны венік з некалькіх дзясяткаў забітых кветак?

Слова «татэмізм» азначае, што кожны род мае свой татэм і пакланяецца той жывёліне, ад якой узяў пачатак. Так што ваўкалакі ніякі не міф, а самая што ні на ёсць сапраўдная рэчаіснасць.

Вось тое, што датычыцца паходжання мужчын.

Адкрытым застаецца пытанне: адкуль пайшла жанчына? У Бібліі і больш позніх міфах сцвярджаецца, што з рабра. Але раней нашы продкі лічылі, што жанчына ўтварылася з пляўка мужчыны. Чым ён пры гэтым пляваўся, гісторыя замоўчвае, але наўрад ці сліной: аплюйце вы хоць усё наваколле – чалавек ад гэтага не народзіцца. Такім чынам, атрымліваецца, што продкі мелі на ўвазе плявок іншай часткі цела мужчыны. А менавіта той, па якой мы адрозніваем, хлопчык нарадзіўся ці дзяўчынка. Пры гэтым, наўрад ці чалавека-воўк займаўся самазадаволеннем. Хутчэй за ўсё ён скарыстаўся для гэтай мэты звычайнай ваўчыцай (ці можа мядзведзіцай, не гэта галоўнае). У выніку такога вось «свяшчэннадзейства» і ўтварылася жанчына.

Добра гэта ці дрэнна, а з усяго вышэй сказанага выцякае, што чалавек не «вянец тварэння», а вынік генна-храмасомнай мутацыі шэрагу жывёл. Магчыма, таму ён з’яўляецца менш дасканалай істотай за звяроў. Бо як тады растлумачыць тое, што яны нас разумеюць, а мы іх, у большасці сваёй, не. А роздумы пра дабро і зло – вынік палёту хворага ўяўлення. Яшчэ сафісты гаварылі: «Дабро ёсць зло, для зла». Таму такіх паняццяў, як дабро і зло не існуе, ёсць толькі наша суб’ектыўнае меркаванне аб тых ці іншых з’явах, як аб добрых або дрэнных.

На тое, што чалавек узяў сваё паходжанне ад жывёл, указваюць не толькі нашы паданні пра пярэваратняў, але і главы з паэмы Авідзія «Метамарфозы», дзе расказваецца пра Эака, для якога Зеўс стварыў працалюбівых гараджан з мурашак, і пра Кадма, дзе з зубоў змяі ўтвараюцца воіны і, больш за тое, дзе Кадм сам разам з жонкай пераўтвараюцца на змей; апошняе адбываецца згодна іх пажаданняў.

Вяртаючыся да ваўкалакаў. Аляксандр Гарбоўскі ў кнізе «Жыццё, смерць, бессмяротнасць?..» выказвае цікавае меркаванне, што ў стане трансу можна выходзіць са свайго цела і ўсяляцца ў цела жывёлы. Жывёла ж, утрымліваючая адразу дзве сутнасці – сваю і чалавека, будзе з’яўляцца пярэваратнем, адным з магчымых яго ўвасабленняў. А калі так (калі казаць без жартаў), то, распавядаючы сваю версію паходжання чалавека, нашы продкі, верагодна, хацелі ўсяго толькі намякнуць нам на магчымасць перасялення душ. Татэмізм, у такім выпадку, указвае на тое, што душа кожнага з жывучых сёння людзей змяшчалася некалі ў целе жывёлы.

Так што, калі сустрэнеце дзесь на ўскрайку лесу тры ўторкнутых побач нажы – не чапайце іх, пашкадуйце свайго суродзіча ваўкалака – не ўсё незразумелае і непадуладнае сярэднестатыстычнаму чалавечаму розуму з’яўляецца благам.

Разважанні аб каханні

 
Мужчына. Жанчына. Чаканне.
Шуканне. Блуканне. Час.
Жанчына. Мужчына. Спатканне.
Вітанне. Пытанне. Адказ.
Мужчына. Жанчына. Дыханне.
Сэрцабіенне. Забыццё.
Жанчына. Мужчына. Каханне.
Мужчына. Жанчына. Жыццё.
 
Алесь Вярцінскі

Каханне – гэта еднанне пры ўмове захавання цэласнасці, індывідуальнасці. Каханне – гэта актыўная сіла ў чалавеку, сіла, якая рушыць сцены, аддзяляючыя чалавека ад яго блізкіх; якая аб'ядноўвае яго з іншымі. Каханне дапамагае яму пераадолець пачуццё ізаляцыі і адзіноты, пры гэтым дазваляючы яму заставацца самім сабой і захоўваць сваю цэласнасць. У каханні мае месца парадокс: дзве істоты становяцца адной і застаюцца пры гэтым дзвюма.

Эрых Фром

Што такое каханне? Існуе шмат розных азначэнняў любві. Дакладна можна сказаць толькі тое, што каханне – гэта пачуццё.

Адкуль яно бярэцца?

З паветра. Энергія кахання растворана ў наваколлі. Паглынаць яе або не з акружаючага асяроддзя, кожны дарослы чалавек вырашае для сябе сам. Нованароджаныя дзеці здольныя, па маім меркаванні, паглынаць яе вялікімі дозамі, не раздумваючы – менавіта таму яны маюць такую велізарную патрэбу ў ласцы. Навукова даказана, што «калі мы ўлюбляемся, пачынаюць вырабляцца нейкія ўзбуджаючыя амфетаміны. Гэта яны дораць стан лёгкасці, вяселля, шчасця. Гэтыя лёгкія наркотыкі вырабляюцца нават пры думках аб каханым. Яшчэ адзін „прадукт любві“ – аксітацын. Ён павышае адчувальнась нервовых канчаткаў і прымушае скарачацца мышцы. Менавіта таму закаханым так падабаецца цалавацца, абдымацца, лашчыцца. А ад вялікай колькасьці аксітацына ўспыхвае проста-такі надзвычайная страсць. З часам арганізм прывыкае да пэўнай колькасьці гэтага рэчыва, і дзеля падтрымкі „агню“ яго патрабуецца ўсё болей. Як паказвае практыка, каханне пачынае згасаць прыкладна праз тры гады пасля пачатку сумеснага жыцця. На шчасце, „нехта“ аб усім паклапаціўся. Прывыкаючы да партнёра, арганізм пачынае вырабляць новае рэчыва – эндарфін, па сваіх якасцях падобнае на марфін. Яно надае адчуванне ўціхамірання, задаволенасці і бяспекі. Біяэнергетыка сцвярджае, што калі сапраўднай любві няма, энергетычнага круга не ўтвараецца, энергія „выцякае“, паслабляючы абодвух. А калі абодва кахаюць, падчас інтымнай сустрэчы ўзнікае энергетычнае кола, па якому энергія перацякае ад аднаго да другога, павялічваючы асалоду. Страты энергіі няма, ёсць толькі яе аднаўленне». (А. Казакова.)

Паглынанне дзецьмі энергіі кахання адбываецца да таго часу, пакуль бацькі, хочацца верыць, што неасэнсавана, не пачынаюць у іх гэту здольнасць душыць сваімі праблемамі, вечнай незадаволенасцю, расчараваннем у жыцці. Самі страцілі ўменне любіць, і вам, дзеці, нечага яго мець! Зразумець такую пазіцыю можна, людзям уласціва зайздросціць, прыняць нельга. Як вынік, гадам к тром-чатыром дзіцяці сваю прыроджаную здольнасць любіць страчвае, але патрэба ў любові застаецца. Што атрымліваецца? Бацькі з тужлівым выразам твару распавядаюць усім, што іх сын ці то дачка перажывае ўзроставы крызіс, а малеча ўлюбляецца: у першы раз, у другі, у трэці… Сітуацыя паўтараецца да таго часу, пакуль юнак і дзяўчына ўпершыню не адчуюць страсць у адносінах адзін да аднаго. І толькі ўжо потым, год гэтак праз пятнаццаць-дваццаць, а часам ніколі, мы набліжаемся да вялікага, сапраўднага, светлага пачуцця – да кахання.

Страсць, дарэчы, вельмі падобная да любові. Але розніца існуе, як у якасці праяўлення пачуцця, так і ў працягласці яго існавання. У той час як горача закаханы чалавек бачыць усё праз «ружовыя акуляры» (нездарма кажуць, што «страсць сляпая»), ідэя валодання аб’ектам яго памкненняў становіцца неадчэпнай, сапраўды кахаючы чалавек глядзіць на свет цвяроза, шырока расчыненымі вачыма, ён самадастатковы: асоба, якая выклікала да жыцця гэта пачуццё, можа быць побач з ім (добра, калі так), а можа і не быць – не важна; галоўнае – навучыцца любові як адчуванню, той любові, якая, па вялікім рахунку, безаб’ектная, хоць і распаўсюджваецца на ўсіх, хто знаходзіцца побач.

Страсць заканчваецца прыкладна праз тры гады. Сапраўднае каханне, кажуць, доўжыцца вечна. Калі гаворка ідзе пра любоў як вобраз жыцця, то я ўпэўнена, што так яно і ёсць. Калі ж казаць пра каханне двух канкрэтных людзей, то дакладна вызначыць гэта можна, толькі будучы пры смерці.

Тым жа, хто не ўяўляе сабе жыцця без таго, каб не завалодаць аб’ектам свайго пакланення цалкам, непадзельна, я нагадаю словы Гамера: «Калі страсць становіцца апанаванасцю, то разрадзіць яе можа толькі дзеянне».

Існуе добры псіхалагічны трэнінг, які дапаможа вам вырашыць не толькі праблему безадказнасці, але і шэраг іншых. Называецца «Скала адзіноты». Комплекс для безнадзейна закаханых, смяротна пакрыўджаных або расчараваўшыхся ў жыцці раз і назаўсёды.

Пастаўце пасярод пакоя стулік. Ускараскайцеся на яго. Зыходнае палажэнне: ногі разам, правая рука на сэрцы, левай схапіцеся за галаву. Па камандзе «І раз і назаўжды» – сагніце ногі ў каленях і скачыце са стуліка, як са скалы. «І раз і назаўжды». «І зноў» – зноў залазьце на стулік. Падрыхтаваліся. Пачалі. «І раз і назаўжды. І зноў. І раз і назаўжды». Працягвайце і без каманды. Самі. Не спыняйцеся. Кідаючыся ў бездань, злёгку нахіляйце тулава наперад, галаву трымайце прама, без напружання, у вачах пабольш адчаю і тугі.

Памянялі становішча рук. Левую – на грудзі, правай схапіліся за галаву. «І раз і назаўжды. І зноў. І раз і назаўжды. І зноў. І раз і назаўжды. І зноў». Безнадзейна закаханыя могуць застацца на стуліку, пакрыўджаныя і расчараваныя працягваюць кідацца ў бездань, як заведзеныя. «І раз і назаўжды. І зноў. І раз і назаўжды. І зноў».

Заканчваючы практыкаванне, пастаўце на месца стулік і пачніце жыццё зноўку.

Логіка мужчынская і жаночая

Вельмі важна, каб працэс пазнання навакольнага свету і сябе ажыццяўляўся мужчынам пры дапамозе жанчыны і наадварот. Чаму? Логіка ўспрымання ў іх розная, узаемадапаўняючая. Зараз растлумачу, што я маю на ўвазе, пры дапамозе аднаго бытавога прыкладу.

На дзень напісання гэтых радкоў я жыву разам з братам, на абед да нас прыходзіць яшчэ і бацька (мы ўтрох працуем у адным населеным пункце), маці перадае ім слоік з супам ці з баршчом, яны пераліваюць яго ў рондаль, грэюць, разліваюць па талерках, – абедаюць, адным словам. Пасля абеду што бацька, што брат бяруць свае кубкі з-пад гарбаты і апалоскваюць іх пад кранам з халоднай вадой. І гэта, па іх шчырым перакананні, дазваляе ім зрабіць вынік, што яны пасля абеду вымылі за сабой посуд!

Гэты прыклад найлепшым чынам характарызуе мужчынскую логіку – даволі вузкую, аднабокую, выбіральную.

Жаночая ж логіка, наадварот, носіць больш шырокі, рознабаковы характар. Вы ж не можаце ўявіць сабе жанчыну, якая скажа, што яна памыла посуд, перш чым збярэ кубкі па ўсіх пакоях, праверыць на наяўнасць пратэрмінаваных прадуктаў халадзільнік, вытрэ пасля мыцця ўсяго посуду стол, пліту, блізляжачыя да мойкі шафкі, адчысціць саму мойку і плітку над ёй?!

Я не хачу паказаць гэтым прыкладам, што жанчыны разумнейшыя за мужчын. Не. Проста мы розныя. Мужчына выбірае для сябе нейкую пэўную вобласць для даследванняў і капае, капае, капае, пакуль не закапаецца. А паспрабуйце вырыць яму ў 2—3 метры, залезці ў яе, і што вы ўбачыце? Адну толькі вузкую палоску святла над галавой. Гарызонт атрымліваецца звужаным дашчэнту!

Я ж пра сябе, як пра жанчыну, не магу сказаць, што валодаю глыбокімі ведамі хаця б у якой-небудзь вобласці. Так, там нешта пачытала, краем вуха пачула, убачыла, штосьці адчула, знаёмы расказаў цікавы выпадак з жыцця, своечасова паглядзела патрэбную перадачу па тэлевізары. Але менавіта гэтая няздатнасць глыбока пагрузіцца ў адну канкрэтную праблему і дае жанчыне іншую здольнасць – пераасэнсаваць і зрабіць высновы з шырокага спектру інфармацыі. Няўменне глыбока «капаць» дае магчымасць жанчыне бачыць усё наваколле аж да лініі гарызонту, што несувымерна больш той вузкай палоскі, якую, няхай сабе і дэталёва, бачыць мужчына.

Такім чынам, усеахопнасць павярхоўных ведаў адной можа служыць добрым дадаткам да вузканакіраванасці і, як вынік, глыбіні ведаў другога. (Я дапушчаю думку, што некаторыя мужчыны здатныя нагрэць чайнік вады, каб дасканала памыць сваю шклянку з лыжкай кіпнем з дабаўленнем «Morning fresh». )

Іншымі словамі, у той час, як ён мае большую схільнасць да аналітычнай дзейнасці, то яна – да сінтэтычнай. Сумесная ж праца дасць высокія вынікі якаснай аналітыка-сінтэтычнай дзейнасці.

Падрабязней аб абодвух метадах.

Аналіз – гэта калі вы пачынаеце рашаць задачу з высвятлення пытання. Што запытваецца ў задачы? Што трэба ведаць, каб адказаць на пытанне задачы? Што мы ўжо ведаем? Што трэба знайсці? Як мы можам гэта знайсці? І г.д.

Або: мужчына спачатку ставіць перад сабой мэту, а потым ужо думае, як яе дасягнуць.

Ці то: трэба купіць машыну. За два гады я магу назбіраць чатыры тысячы долараў, каб потым на гэтыя грошы прыдбаць сабе патрыманы фальксваген.

Можна і так: на днях выдалі тэмы дыпломнай работы. Які жах, праз год ужо абарона, а тэму далі толькі сёння! Дзе яны былі раней?! Трэба хутчэй пачынаць працу. Пачну з пастаноўкі мэты і задач.

Не, вы так не робіце – не пачынаеце панікаваць раней, чым трэба, і хутчэй хапацца за работу? Добра, значыць вы спакойны, упэўнены ў сабе мужчына.

Сінтэз – гэта рашэнне задачы з аналізу набору дадзеных. Напрыклад, ва ўмове задачы ёсць лічбы 3 і 5. Што яны абазначаюць? Што я магу знайсці, ведаючы гэтыя лічбы? Якім дзеяннем? І г. д. Адказ на пытанне задачы высветліцца сам сабой.

Або: жанчына, валодаючая пэўным наборам ведаў, спачатку думае, што яна можа з маючайся інфармацыяй зрабіць, робіць тое, што лічыць патрэбным (тое, што ў галаву ўзбрыдзе), а якія вынікі гэта прынясе, будзе бачна ўжо напрыканцы разважанняў.

Ці так: сёння атрымала многа мільёнаў беларускіх рублёў. На што б гэта іх заўтра патраціць? Можа, машыну сабе купіць? Машына якога колеру больш падыдзе да маёй апошняй сукенкі: сіняга або чырвонага?

Або яшчэ: праз тыдзень дыпломную здаваць, трэба б распачаць над ёй працаваць.

Праз пяцера сутак амаль бесперапыннай працы. Усё, дыпломная амаль што гатова; засталося толькі перачытаць яе і падагнаць мэту і задачы пад той змест, які атрымаўся.

Вы жанчына, але ўсё ж такі спачатку фармулюеце задачы, а ўжо потым прыступаеце да аналізу матэрыялу? І потым не карэктуеце ўводзіны? І пры гэтым упэўнены, што вашы задачы і змест дыпломнай хаця б дзе-небудзь перасякаюцца? Малайчына! Магу вас пасвяткаваць: вы выканалі тэст на перавагу ў вашым характары мужчынскіх якасцяў на 200%.

Зразумела, чаму працэс пазнання будзе поўным толькі ў выніку саюза паміж мужчынам і жанчынай?!

Ісус Хрыстос – Бог ці чалавек, або што зашыфравана ў Бібліі?