Прывяду яшчэ адзін, менш яскравы, але, магчыма, больш жыццёва важны прыклад.
Дзеля гэтага мне трэба будзе распавесці вам некалькі сваіх сноў. Таму спачатку хацелася б крыху падрыхтаваць вас да гэтай інфармацыі.
Што такое сон?
Існуе шмат навукова-псіхалагічных даследванняў на дадзеную тэму. Цікавае азначэнне сну давалі нашы продкі, лічыўшыя сон падарожжам душы. Такое меркаванне зразумелае: а чым яшчэ яны маглі абгрунтаваць тое, што ў сне мы можам назіраць незвычайныя краявіды, якіх ніколі не бачылі ў жыцці, сустракаць іншых людзей і памерлых родзічаў. (А калі так, то атрымліваецца, што памерла толькі іх фізічная абалонка – цела?) Наколькі з гэтым можна пагадзіцца? Давайце паразважаем.
Пачну з прыкладаў.
Колькі год таму мы з сябрам, смеху дзеля, правялі (амаль што навуковы!) эксперымент. Я ў сне, цалкам свядома, я хачу сказаць, у канралюемым сне, горача яго цалавала. Раніцай ён распавёў мне аб тым, што гэтае ж самае снілася і яму. Такім чынам, ствараецца ўражанне, што ноччу мая душа «хадзіла на спатканне» да яго душы і рабіла з ёю ўсё, што мне хацелася. Праз некаторы час тое ж зрабіў мой сябар. Толькі калі ён справакаваў сходную сітуацыю асэнсавана, са мной на гэты раз усё адбывалася ў стане глыбокага сну.
Як бачыце, умяшацельства ў ваш і ваша ў сон іншага чалавека – рэальная рэч. Узнікае пытанне: якім чынам гэта адбываецца? Дзякуючы чаму эксперымент удаўся? У чым заключаецца механізм утварэння сноў?
Вельмі прыгожа было б адказаць на пастаўленыя пытанні з дапамогаю таго азначэння сну, якое давалі продкі, такі вывад нібыта напрошваецца сам сабою. Але гэта не так. Дух можа на некаторы час пакінуць цела чалавека, калі той спіць, але толькі ў выключных выпадках. Адрозніць такое падарожжа можна па спецыфічных адчуваннях пры абуджэнні: ты раптоўна асэнсоўваеш, што толькі што быў (не ў сне, а наяве) у другім месцы, а прачнуўся на сваім ложку – адсюль здзіўленне; ты добра памятаеш, як толькі што быў абсалютна свабодны ў сваіх перамяшчэннях, а стаў звязаным межамі свайго цела – адсюль дыскамфорт; ты адчуваеш, што хацеў бы апісаць атрыманы вопыт пры дапамозе слоў і разумееш, што слоў, дакладна перадаючых перажытае, не існуе. Калі ж іншы чалавек і можа ўбачыць разгульваючы на свабодзе дух жывога чалавека, то такая сустрэча хутчэй будзе нагадваць сутыкненне з прывідам, сон тут ні пры чым.
Вобразы ж сноў узнікаюць у глыбіні нашай падсвядомасці. На карысць гэтай гіпотэзы і супраць сцвярджэння, што сон ёсць перамяшчэнні духа-душы, выступае той факт, што, па-першае, не заўсёды Маша сніцца Дашы ў той час, як Даша сніцца Машы – пры сапраўднай сустрэчы абедзвюм дзяўчынам снілася б адно і тое ж; па-другое, паколькі Саша сніўся мне ў той час, калі ён знаходзіўся на працы і дакладна не спаў, то мой дух ніякім чынам не мог з ім сустрэцца, а вось працаваць маёй падсвядомасці такая акалічнасць не перашкодзіла б.
Такім чынам, атрымліваецца, што сон – гэта праца ўнутранага «я» чалавека. Тады ўзнікае шэраг іншых пытанняў: якім чынам думкі другога чалавека аказваюць уплыў на тое, што мне сніцца? Чаму нябожчык, які з’явіўся ўначы, часта папярэджвае аб сапраўднай небяспецы? Дзякуючы чаму мы часам бачым у сне фрагменты будучыні, а на святкі суджанага?
Хто ведае, адкуль бяруцца грыбы? Вырастаюць з грыбніцы, нябачна ахутваючай усю зямлю, нібы павуценне, яшчэ з даўніх-даўніх часоў. Сны – тыя ж грыбы, дзе грыбніцай будзе з’яўляцца сфера падсвядомага. Гэтак жа як кожны грыб будзе змяшчаць інфармацыю аб усёй грыбніцы, так і праз сон можна атрымаць праўдзівую інфармацыю не толькі аб працэсах, якія праходзяць ва ўнутраным свеце чалавека, але і аб падзеях, адбываючыхся звонку – у свеце думак, эмоцый, пачуццяў. І няма нічога дзіўнага ў тым, што мы даведваемся ў сне аб рэчах, скрытых ад многіх з нас наяве: аб думках і пачуццях іншых людзей, аб той будучыні, якая была б для нас найлепшай і аб той, якая пагражае ў выніку выбару, зробленага на сённяшні дзень. Пры гэтым звесткі могуць паступаць праз вобразы знаёмых людзей і памерлых родзічаў, і праз тых, якіх вы не ведаеце, што ведаеце, таксама праз сімвалы, зразумелыя вашаму розуму. Нітачкі з падсвядомасці цягнуцца настолькі далёка, што пры жаданні можна атрымаць доступ практычна да любых ведаў, знаходзячыхся ў памяці Сусвету.
Падагульнім. Вобразы сноў могуць з’яўляцца вынікам перапрацоўкі засвоенай за дзень інфармацыі або нявырашанай фізіялагічнай праблемы, могуць служыць сродкам рэалізацыі незадаволеных ўдзень жаданняў (гэта ідэя належыць Фрэйду). Часта сны даюць адказы на пастаўленыя пытанні і ўказваць на пачуцці да нас іншых людзей, расказваюць аб падзеях, якія здараюцца ў жыцці родных, блізкіх і знаёмых. Або яны могуць паказаць магчымыя варыянты будучыні, каб вы маглі зрабіць правільны выбар. У цэлым жа сон з’яўляецца працай нашай падсвядомасці. Падсвядомасць, у адрозненне ад свядомасці (сазнання), добра ведае, што для нас лепш, і праз сон імкнецца да нас дастукацца, бо так жа мы дапускаць яе ў сваё жыццё пазбягаем!
Таму, калі вы хочаце жыць у згодзе з самім сабой, прыслухоўвайцеся да голасу інтуіцыі, нават калі розум будзе аказваць упартае супраціўленне.
І працягваем разважаць.
16 красавіка 1999 года мне прысніўся дзіўны сон: «Увайшла ў кіназалу. Светла. Ідзе кіно. Заўважыла незнаёмага мужчыну, якога – адчуваю – кахаю. Села побач. Цёмна. Хачу быць як мага бліжэй да яго. Прыкідваюся соннай, схіляю галаву яму на плячо. Ён мяне абдымае, лашчыць – спакойна і пяшчотна. Усе паварочваюцца. Запальваецца святло. Абмяркоўваюць сітуацыю і пакідаюць нас удваіх. Ён працягвае мяне абдымаць. Я адчуваю сябе бы ў раі».
13 жніўня 2010 года падобны сон прысніўся мне зноўку. На гэты раз з некаторымі ўдакладненнямі. Паслухайце і яго.
«Мы з сяброўкай, якая таксама крыху раней за мяне падала на развод, збіраемся ў кіназалу. На першую серыю мы ўжо спазніліся, ведаем гэта, але не спяшаемся. На другую, цікавейшую серыю прыходзім своечасова. Селі на розных радах – мой Лене падаўся надта высокім. Раптам заходзіць на гэты раз знаёмы мне мужчына, сустракаемся з ім вачыма. Я чакаю, што будзе далей. А далей ён падыходзіць і садзіцца побач. Затым паўтараецца ўсё, як у першым сне. Толькі напрыканцы, пасля выхаду з кіназалы (выходзіць не хацелася так!), мы ішлі разам па дарозе, удваіх, бясконца доўга… Дарога вельмі нагадвала тую, па якой я хадзіла з пасёлка, з шашы, у вёску, дзе нарадзілася».
Раптам у гэты чароўны сон урываецца (зноў-такі, у сне) званок мабільніка, падобнага на мой, але яшчэ ў горшым стане.
Вы разумееце, што гэты званок быў вельмі несвоечасовы, так як перашкодзіў мне тады даведацца аб дакладным месцазнаходжанні раю? Але, судзячы па накірунку руху, можна прыйсці да высновы, што ён (рай) знаходзіцца дзесьці ў Гомельскай вобласці. Толькі не вытапчыце, калі ласка, усё Палессе, шукаючы! Магчыма, там знаходзіцца толькі мой рай.
Падымаю, чую голас толькі што сніўшагася мне чалавека:
– Прывітанне.
– Прывітанне.
– Хачу сказаць нейкія… словы…
(Не магу нічога разабраць, вельмі дрэнная сувязь. Прашу паўтарыць. Паўтарае, але ўсё роўна нічога больш не чуваць.)
– Ідзі да чорта!!!
Адразу пасля гэтых слоў кінуў трубку. Ператэлефаноўваю (вядома ж, у сне). Ніхто не бярэ трубку.
Ужо наяве.
Успомніла радкі з верша, які чытала ўчора: «У палон прасілась я да Вас, а Вы свабоду мне дарылі…”. Далей распавядаецца пра тое, як няўдзячная за такога роду «падарунак» жанчына сумна скончыла. Для сябе вырашыла, што я не яна. Таму словы «ідзі да чорта» успрыняла як добры знак таго, што цікавячая мяне асоба мяне пачула (у сэнсе, відаць, адчуў, што я яго не забываю). Да таго ж нельга пайсці да істоты, якой не існуе. Засталося пачакаць колькі часу, каб яшчэ і зразумеў, што лыжка да вячэры нічым не горш за лыжку да абеду. А нават калі і не зразумее, гэта не перашкодзіць мне атрымліваць асалоду ад жыцця і, у такім выпадку, ад свабоды, да якой заўсёды імкнулася.
Не зразумейце толькі мяне памылкова. Адчуванне сябе свабодным не мае нічога агульнага з прыняццем рашэння «адпусціць тармазы» і «жыць на поўную шпульку». У такім выпадку чалавек не знаходзіць свабоду, а, наадварот, страчвае яе, становіцца залежным ад уласных страсцей. Быць свабодным у дадзеным кантэксце азначае толькі мець удвая меншую адказнасць, што будзе садзейнічаць больш лёгкай хадзе.
Сапраўды свабодным можа лічыць сябе толькі той чалавек, які здолеў падняцца над – сабой, абставінамі, поглядамі натоўпу, агульнапрынятымі ўстаноўкамі, стэрэатыпамі. Каб атрымаць ясны зрок, трэба ўзняцца над гарызонтам.
Калі ў вашым жыцці сустракаліся падобныя выпадкі, не важна, у сне ці наяве, памятайце, што ва ўсім трэба бачыць толькі добры бок. Галоўнае не тое, што з вамі здараецца ў той ці іншы момант жыцця, а тое, што вы пры гэтым адчуваеце. Таму што толькі станоўчыя эмоцыі здольныя даць станоўчыя вынікі.
Быць непапраўным аптымістам значна лягчэй і прыемней, чым спраўным песімістам.
І нават калі свабода вам падабаецца менш, чым мне, не трэба рабіць выгляд «дохлага ільва». На «падаль» кідаюцца толькі «шакалы». Я нічога не маю супраць гэтых «жывёл», санітары лесу быць павінны, толькі вось ці жадаеце вы быць «смеццем»? Памятайце таксама: «сілком мілы не будзеш». Інакш кажучы, нельга навучыць, у тым ліку і любіць, таго, хто сам вучыцца не жадае – гэта я вам як настаўнік-дэфектолаг кажу. Зацікавіць можна. У любым выпадку, канца свету няма. І не будзе! Ёсць толькі яго аднаўленне.
А зараз давайце адкажам на пытанне: дык што ж зрабіць, каб лепшыя з тых сноў, якія вы калі-небудзь бачылі, здзяйсніліся, а ілюзіі сталі-такі рэчаіснасцю?
Па-першае, яны не павінны рэчаіснасці супярэчыць – не варта ісці супраць законаў прыроды. Па-другое, жаданне, іх спарадзіўшае, павінна быць дастаткова моцным і, па-трэцяе, пазітыўным. Лепш пазітыўным, калі вы не хочаце наклікаць на сваю галаву безліч розных няшчасцяў. Дастаткова ўлічваць гэтыя тры рэчы і – фантазіруйце сабе на здароўе, бо заўсёды ёсць верагоднасць таго, што сённяшняя мара стане заўтрашняй явай, адсутнасць жа ілюзіі саму такую магчымасць выключае. Такім чынам, пераасэнсаваўшы і разам з тым крыху перайначыўшы фразу, прагучаўшую ў пачатку главы, робім вынік, што жыццё – гэта ажыццёўленая ілюзія, або аб чым марыце, тое і маеце.
А прымаўку «Лепш сініца ў руках, чым журавель у небе» прыдумалі ідыёты. Навошта мучыць бедную сінічку? Няхай сабе лётае, дзе ёй хочацца. Разам з іншай, сабе падобнай, сінічкай. І што дрэннага ў тым, каб паназіраць за жураўлём? Спусціцца ён да вас на зямлю – добра, а не, дык палёт жураўля – не самы горшы краявід.
Гэта разважанне вельмі нагадвае дэвіз «усё або нічога»? Не, не так. Усё або ўсё. Мабыць, інакшае, але ўсё. Апошні дэвіз больш жыццёсцвярджальны, а значыць, прынясе больш шчасця яго паслядоўніку.
О проекте
О подписке