Ні адно жаданне не даецца нам без таго, каб не даваліся сілы здзяйсніць яго. Магчыма, аднак, дзеля гэтага прыйдзецца папрацаваць.
Р. Бах
Калі існуючы свет – гэта ілюзія, і ўсе падзеі, якія з намі здараюцца, залежаць ад нашых думак, спадзяванняў і веры ў іх ажыццяўленне, то ўзнікае міжвольнае пытанне: а як жа варожбы на картах, рунах, па агню, вадзе, камянях, любімай кнізе?
Справа ў тым, што ўсе яны, так жа як прыкметы і павер’і, ёсць адлюстраванне нашай падсвядомасці, якая пасылае імпульсы сазнанню. Такім чынам, на картах адлюстроўваецца толькі тое, што знаходзіцца ў дадзены момант у вашай галаве. І калі, згодна варажбе, вас чакае ўсё толькі благое, мае сэнс запытаць сваю падсвядомасць: чаму так? Што вас турбуе? Што перашкаджае вам быць шчаслівымі, багатымі, здаровымі, любімымі?
Адказаўшы на пытанне, вы зможаце спачатку пазбавіцца ад негатыву, а потым пачаць прывабліваць у сваё жыццё ўсё тое добрае і светлае, што вы заслужылі. А вы гэта заслужылі!
Мы самі з’яўляемся будаўнікамі свайго лёсу.
Мы не можам выбраць умовы, у якіх нарадзіліся, але можам выбраць шлях, якім будзем крочыць па жыцці.
Такім чынам, кожны чалавек з’яўляецца сам гаспадаром свайго лёсу, не важна, асэнсоўвае ён гэта ці не. Кожны мае права выбару. Нехта лічыць за лепшае «несці свой крыж» на зямлі, беспадстаўна спадзяючыся пры гэтым патрапіць у рай пасля смерці. А нехта знаходзіць рай пры жыцці. Але спачатку трэба прайсці праз чысцец, зноў-такі, пры жыцці, і пазбавіцца ад усіх сваіх жахаў, горычы, болю… А пазбавіцца іх можна толькі прыняўшы. Адчуй, перажыві зноўку свае страхі, свой боль, сваю крыўду. Даруй людзям, якія вольна або міжволі прымусілі цябе пакутаваць і даруй сабе, бо ў тым, як ты ўспрымаў словы і падзеі, вінаваты толькі ты сам і ніхто іншы.
Даруй і адпусці. І ляці ў рай, дзе ўсе твае жаданні споўняцца. Толькі, загадваючы жаданне, не трэба прагназаваць магчымыя варыянты яго выканання. Пакінь гэту справу Богу. Сам жа проста жадай: моцна, шчыра, пастаянна. Выпраменьвай любоў і дабро. І тады ўсё будзе так, як ты хочаш.
І памятай: калі «ноша» падаецца табе вельмі цяжкай, магчыма, ты ўзваліў на сябе чужую?! Бо сапраўдным «крыжом» будзе той, які прыносіць задавальненне.
***
Амаль не забыла сказаць пра святочныя варожбы. Апошнім верыць можна: нельга нават уявіць сабе ў дваццаць год, што лёсам табе прызначаны муж… Кожнаму свой, ці не так? Тым больш немагчыма прадбачыць яго імя.
Нездарма ж кажуць: «Свой лёс канём не аб’едзеш». І трэба быць удзячнымі Богу хаця б за гэту невялічкую магчымасць даведацца аб тым, што табе наканавана. А ўжо як складзецца гэты лёс – добра або дрэнна – залежыць ад вас.
І будзьце ўважлівымі, скачучы: аб’ехаць не аб’едзеш, а вось развярнуць каня і паехаць у другі бок можна.
Спачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Слова было Бог… Усё праз яго пачало быць, і без яго нішто не пачало быць, што пачало быць.
Евангелле ад Іаана
У хваробе і ў беднасці…
Калі гэтыя радкі пра вас, паважаныя мае, тады хуценька чытайце, рабіце высновы і пазбаўляйцесь ад хвароб. А за сэканомленыя на лекі грошы з’ездзіце на Кіпр, ці куды вы там яшчэ жадаеце.
Пачнем з таго, што ўсе без выключэння хваробы ўзнікаюць першапачаткова ў вас у галаве. Як так? Не можа быць? А як жа інфекцыйныя захворванні?
З Бібліі вы ведаеце, а калі не, то пачытайце яшчэ раз эпіграф, што «спачатку было Слова». А што апярэджвае слова? Правільна, думка. Бывае, вядома, і наадварот, але гэта не пра вас, бо калі вы чытаеце гэтыя радкі, значыць вас цікавіць не толькі праграма тэлеперадач, што дазваляе мне зрабіць вынік, што ваш мозг мае больш за дзве звіліны.
Такім чынам, спачатку ўзнікла думка, якая ператварылася ў слова або вобраз.
Глядзім далей. «І Слова было Бог. Усё праз яго пачало быць, і без яго нішто не пачало быць, што пачало быць». Што атрымліваецца? Усё, у тым ліку наша ўласнае дазваленне на здароўе або хваробу, на багацце або беднасць, на любоў або нянавісць, «пачало быць» праз слова, а значыць спачатку праз думку і вобраз.
Такім чынам, усе хворыя хварэюць таму, што ім так хочацца? Так! Толькі адны з іх (зараз маюцца на ўвазе хранічна хворыя) хварэюць таму, што жадаюць, каб іх пашкадавалі, аказалі больш увагі, іншым падабаецца займацца самабічаваннем, яны адчуваюць мазахісцкае задавальненне ад таго, што вымушаны «несці свой крыж» да канца жыцця.
Вы ўважліва прачыталі аб дзвюх найбольш распаўсюджаных групах хворых людзей і не знайшлі там сябе? Значыць вы або не хранічна хворы чалавек, або асёл. З першым мы яшчэ паразмаўляем, а другі – марш да тэлевізара! Там, напэўна, менавіта ў гэты момант ідзе рэклама ўніверсальных таблетак ад усіх хвароб. Першым пакупнікам дысконтныя карткі і скідкі ў бюро пахавальных паслуг у дадатак, не прапусці!
Такім чынам, вы не «хронік», любіце людзей, знаходзіце нават нейкія прывабныя рысы ў аслоў, а ўсё ж такі хварэеце. Чаму? Вось тут важна разабрацца ў прычыне хваробы.
Вы – настаўнік. Пачалася эпідэмія грыпу. Амаль ўсе дзеці ў класе захварэлі. Вы трымаліся да апошняга, але і вас спасцігла тая ж доля. Чаму? Паспрабуйце адказаць на пытанне спачатку самастойна.
Не, вы захварэлі не таму, што гэта інфекцыя перадаецца паветрана-кропельным шляхам, а вы знаходзіліся ў яе эпіцэнтры. Вы захварэлі, таму што баяліся, маральна рыхтаваліся захварэць, «прадбачылі» гэта. Вы захварэлі спачатку ў думках. Вось чаму грып не прымусіў сябе доўга чакаць. Першапрычынай былі вашы думкі аб хваробе.
Або вы вывіхнулі, зламалі цi падвярнулі нагу. Чаму?
Не, не таму што няўдала ўпалі, а таму што думкі, якія ўзніклі ў вас у галаве напярэдадні падзення, былі памылковымі, вашы «ідэі храмалі».
Вы ўвесь час аб нешта стукаецеся рукамі падчас напісання карціны?
Паспрабуйце, магчыма у вас лепш атрымаецца пісаць вершы.
«Ляснуўся» пазваночнік? Чаму?
Не, не таму што вы яго застудзілі на скразняку або падарваліся, цягаўшы грузы, якія важаць столькі, колькі і вы. Мурашка цягае, і нічога. Хутчэй за ўсё ваш пазваночнік не вытрымаў грузу праблем, якія вы на яго ўзвалілі.
Баліць галава? Чаму?
Адказ, па-мойму, відавочны. Ад думак «пухне».
Як зрабіць, каб галава больш ад думак «не пухла»?
Не трымайце іх, адпусціце на волю. Няхай вашы думкі цякуць свабодна, не сустракаючы на сваім шляху перашкод.
Турбуе лішняя вага?
Магчыма, вам больш няма дзеля каго быць стройнай і прыгожай? Ну дык зрабіце гэта дзеля сябе, любімай! А калі вас пры гэтым пачнуць апаноўваць думкі аб тым, што ў вас парушаны абмен рэчываў або гэта ўзроставае, памятайце, што ў Асвенціме тоўстых не было.
У вас праблемы з прасторавай арыенціроўкай? Радуйцесь! Значыць, вы «не ад гэтага свету». Расціце крылы! А каб не заблукаць у гэтым свеце, развівайце ўменне перамяшчацца ў прасторы па зрокавых арыенцірах. Ездзіць на метро без суправаджэння не раю.
А калі сур'ёзна, хочаш навучыцца арыентавацца ў прасторы – хопіць «лунаць у аблоках», спусціся з нябёсаў на зямлю. Толькі прызямліцца трэба ўдала, не страціўшы станоўчай жыццёвай зарыентаванасці. Навучысь адрозніваць правільнае ад «левага», і табе больш не трэба будзе хапацца за ручку, каб зразумець, каторая з дзвюх рук з'яўляецца правай.
Чаму так шмат «асаблівых» дзяцей маюць патрэбу ў карэкцыі прасторавай арыенціроўкі? Таму што яны жывуць у сваім свеце, ім там добра і зусім не хочацца бачыць, што творыцца наўкола. Але трэба разумець, што свет – гэта не толькі твой унутраны свет, а яшчэ і навакольны, і яго таксама трэба ўлічваць, інакш карцінка не будзе поўнай, а ўспрыманне рэчаіснасці цэласным. Зрабіць гэта будзе лягчэй, калі ўсведаміць, што свет не добры і не злы. Ён справядлівы. Няма ні адной нягоды, што здарылася з табой на працягу жыцця, якой бы ты не заслужыў. І чым хутчэй засвоіш урок, тым меншую колькасць разоў табе прыйдзецца застацца на стымулюючых і падтрымліваючых, на карэкцыйных занятках, вымушаючых цябе праходзіць праз адны і тыя ж выпрабаванні да таго часу, пакуль не здолееш атрымаць тую адзнаку па прадмеце «Чалавек і свет», якую можна лічыць заліковай.
Стаміліся ўвесь час хадзіць да стаматолага?
Перастаньце «грызці» людзей. А там, глядзіш, і камары кусаць перастануць, ды й мышы (грызуны) пяройдуць жыць да суседа. Спажыванне ў якасці ці замест ежы «граніту навукі» таксама не будзе садзейнічаць павелічэнню трываласці зубоў, каторыя будуць крышыцца куды менш, калі ўявіць сабе навуку чымсьці мякчэйшым за камень.
Вы страцілі слых або зрок? Ці не ад таго, што не жадаеце чуць заўвагі або бачыць розныя «несправядлівасці»?
А зараз адкажыце сумленна: пазналі вы ў якой-небудзь з апісаных характарыстык сябе?
Што трэба зрабіць? Так, выспаведацца перад самім сабой і дараваць сабе. Дараваць усё, што накоплена «непасільнай працай» на працягу вашага «нялёгкага» жыцця.
І пачынаць кожныя дзень, раніцу, вечар, ноч, любую сваю справу з усмешкі.
Усміхайцесь заўсёды, пры любых абставінах, і ўжо праз тыдзень вы адчуеце сябе лепш.
Свет дзіўны: у ім усё магчыма.
Х. Л. Борхес
Жабы зроблены з таго ж матэрыялу, што і камяні, толькі матэрыял гэты па-рознаму выкарыстаны.
Р. Фейнман
На працягу некалькіх тыдняў мяне не пакідала адно жаданне. І вось аднойчы, выпадкова зайшоўшы ў кнігарню, вырашыла запытаць: варта гэтае жаданне маёй увагі ці не. Раптам бачу кнігу з цікавай назвай «Адказ». Я ўзяла яе, расчыніла на першай трапіўшайся старонцы, ткнула пальцам, чытаю: «Вы будзеце на сёмым небе ад шчасця». Вырашыла: добра, інтуіцыя ў чарговы раз мяне не падвяла. І тут заўважаю побач яшчэ адну кнігу: «Ключ». Апошнюю я купіла, не раздумваючы – i не пашкадавала! Кніга апраўдала сваю назву. І калі вам таксама не дае спакою нейкае жаданне, паспрабую падзяліцца з вамі «ключом» да яго здзяйснення.
Але спачатку давайце згуляем у асацыяцыі.
Адкажыце, калі ласка, на пытанне: якія вобразы ўзнікаюць у вас пры слове «ключ»?
Так, залаты ключык з казкі А. Талстога «Залаты ключык, або прыгоды Бураціна».
Які вынік напрошваецца?
Правільна, ключ да выканання жаданняў трэба шукаць у казках, у першую чаргу, у народных.
Вы бачылі калі-небудзь казку з нешчаслівым канцом? Рэдка. Відаць, таму што героі казак ведалі, як дасягнуць сваёй мэты. I народ, які iх складаў, таксама. Тады, каб зрабіць сваё жыццё падобным на казку, дастаткова прааналізаваць пачуцці і ўчынкі казачных персанажаў.
З чаго пачынаецца шлях да ажыццяўлення мэты? З узнікнення жадання. Здаецца, што можа быць прасцей, жаданні ёсць у кожнага. Але далёка не ўсе яны, здзяйсняючыся, робяць нас шчаслівымі. Чаму? Таму што важным складнікам жадання з’яўляецца яго якасць: скіраванасць у бок дабра або зла, умоўна кажучы.
Глядзіце, калі герой робіць нешта для сваіх бацькоў і робіць гэта з задавальненнем (напрыклад, здабывае для бацькі маладзільныя яблыкі), ён дасягае пастаўленай мэты, прайшоўшы шэраг выпрабаванняў. Прычым, заўважце, калі герой стараецца не дзеля сябе, а дзеля іншых, ён і сам не застаецца без узнагароды: атрымлівае ў дадатак каня або прыгажуню нявесту. Тое ж, калі шукае каханую з мэтай ажаніцца, або старыя хочуць займець дзяцей ці ўнукаў. Крыху інакш выглядае сітуацыя, калі чалавек хоча грошай. Ён атрымлівае і іх, але яны яму на карысць не ідуць. Жадаць быць сытым, апранутым і абутым пры гэтым не забараняецца. Задавальненне сваіх першасных патрэб успрымаецца як нешта, што само сабой разумеецца, як норма, і не атаясамляецца з прагнасцю. І ўжо зусім іншая рэч, калі старэйшыя браты з зайздрасці забіваюць больш удачлівага малодшага, або калі злая мачыха хоча звесці са свету сваю падчарку – вось за гэтыя жаданні заўсёды надыходзіць расплата!
А зараз адкажам на другое пытанне: якімі якасцямі трэба валодаць, каб усё задуманае табой здзяйснялася? Якімі характарыстычнымі асаблівасцямі надзяляюцца станоўчыя персанажы казак?
Пры любых выпрабаваннях яны застаюцца чыстымі сэрцам і душой, упэўненыя ў сабе, у сваіх сілах, спакойныя, разважлівыя, кемлівыя, ім не ўласцівыя злосць, зайздрасць, нянавісць. І яшчэ трэба адзначыць адну якасць, якая часам дорага каштуе, але, напэўна, неабходна, паколькі прысутнічае ў многіх станоўчых персанажаў – даверлівасць. Бо нельга, напэўна, падазраваць у подласці іншых, не будучы подлым самому. Тым не менш, заўсёды знаходзяцца сілы, якія ім дапамагаюць: крумкачы з жывой і мёртвай вадою, шэры воўк, волатаўскі конь, магутны дуб. Ці не таму, што нашы продкі верылі (ведалі!), што душу мае ўсё жывое, а не толькі чалавек. Цяжка гэта ўявіць сабе? А вы паспрабуйце сабаку, які на вас брэша, у думках сказаць: «Я твой сябар» – ён перастане брахаць. Або папрасіце чорную кошку не пераходзіць вам дарогу – і яна застанецца стаяць на месцы, пакуль вы не пройдзеце. Дзіўна, праўда? Але гэта так. А калі жывёлы (і расліны таксама!) разумеюць нас, нашу мову, думкі, жаданні, ці не сведчыць гэта аб тым, што ў іх ёсць тая ж частка божай энергіі, што і ў нас?
Яны могуць нават прадбачыць будучыню і папярэдзіць нас аб небяспецы. Як зрабіў мой любімы кот Аляксандр (можна Шурык): прыгаючы з шафы, ён так «удала» прызямліўся на сістэмны блок ад камп’ютара, што той зваліўся на падлогу. Добра, там у гэты час ляжаў выратавальны круг – ён апраўдаў сваю назву цалкам. Камп’ютар застаўся цэлы, але я зразумела, што інфармацыю з яго трэба перапампаваць кудысь яшчэ, і скінула яе на флэшку. Праз тры дні паляцела сістэма Windows. Усе матэрыялы, якія знаходзіліся на дыску С, у тым ліку, «казкі» і гатовая дыпломная работа, былі знішчаны і аднаўленню не падлягалі. Пасля гэтага я пайшла і расцалавала свайго ката, якога тры дні таму аблаяла.
Вяртаючыся да якасцяў нашых герояў, трэба да ўсяго пералічанага дадаць яшчэ настойлівасць у дасягненні мэты, гатоўнасць прайсці праз выпрабаванні і застацца пры гэтым самімі сабой: добрымі, светлымі, мудрымі, шчырымі, любячымі.
І тады самыя неверагодныя, самыя чароўныя казкі стануць явай, і вы знойдзеце дзесьці там, за сёмым перавалам, сваю аленькую кветачку, рэалізуеце заветную мару: знойдзеце каханне, спазнаеце ісціну, будзеце атрымліваць задавальненне ад любімай справы.
Аднойчы я абмовілася, што жыццё – гэта ілюзія. Прыйшоў час патлумачыць, што я мела на ўвазе.
Зразумела, што пэўная рэчаіснасць існуе: мы ўсе робім нейкія дзеянні, ходзім на працу, нараджаем дзяцей, нехта ўжо паспеў пабудаваць дом і пасадзіць дрэва замест некалькіх дзясяткаў, ссечаных дзеля пабудовы дома – гэта аб’ектыўныя рэчы. А ў чым жа тады заключаецца ілюзія? Разгледзім, што пад гэтым словам разумеў З. Фрэйд (кніга «Будучае адной ілюзіі»): «Характэрнай рысай ілюзіі з'яўляецца яе паходжанне з чалавечага жадання, яна блізкая ў гэтым аспекце да ідэй, прыходзячых да чалавека ў стане трызнення ў псіхіятрыі, хоць адрозніваецца і ад іх [як і ад памылковых ідэй], не кажучы ўжо аб большай структурнай складанасці бязглуздай ідэі. У бязглуздай ідэі мы выдзяляем як істотную рысу супярэчнасць рэчаіснасці, ілюзія ж неабавязкова павінна быць памылковай, гэта значыць нездзяйсняльнай ці супярэчачай рэчаіснасці».
Як бачым з меркаванняў Фрэйда, ілюзія бярэ сваё паходжанне з вобласці фантазіі і абумоўлена чалавечымі жаданнямі. Яна можа як здзяйсніцца, так і не, але ў любым выпадку падчас свайго ўзнікнення не супярэчачая рэчаіснасці фантазія ёсць ілюзія.
Фрэйд разважаў такім чынам ў адносінах да рэлігіі, разбіраючы, якія з яе пастулатаў можна аднесці да ілюзій, якія да бязглуздых ідэй, а якія з іх з’яўляюцца памылковымі. Мы ж спраецыруем яго разважанні на рэаліі нашага з вамі жыцця.
Уявіце сабе наступную сітуацыю: лета, слупок тэрмометра паказвае 34 градусы ў цяні, а вы збіраецеся ў «час пік» ехаць кудысьці ў перапоўненым тралейбусе. Што вы адчулі, смакуючы наперад такую сітуацыю? Вас можна зразумець. Але ж можна было на гэта паглядзець і з іншага пункту гледжання: вы ў хуткім часе за бясцэнак у абедзены перапынак пабываеце ў сауне! А колькі дзындраў выведзецца з арганізма з потам падчас падорожжа?! Яшчэ колькі такіх паездак – і лішніх двух-трох кілаграмаў як не бывала. Цуд ды й толькі!
Адчулі розніцу паміж тым, як гэтую простую, здавалася б, сітуацыю звычайна ўспрымаеце вы, і як маглі б успрыняць? А розніца ва ўспрыманні адбываючагася ў сучасны момант і ў прадчуванні будучых падзей вядзе да выклікання розных пачуццяў, часам супрацьлеглых. Апошнія ж аказваюць непасрэдны ўплыў на нашу будучыню.
Скажу па-іншаму. Калі вы навучыцеся з задавальненнем ездзіць на грамадскім транспарце, уяўляючы сабе пры гэтым, што падарожнічаеце на ўласным аўтамабілі, то верагоднасць таго, што ён у вас калі-небудзь з’явіцца, шматкратна павялічваецца.
О проекте
О подписке