Ужо пачынала вечарэць. Вандроўнікі цэлы дзень правялі на нагах і пасля доўгай дарогі вельмі стаміліся. Але, як толькі перад вачыма паўстала жыллё Пугача, настрой адразу ж узняўся, стомленасць бы рукой зняло, і яны дадалі хады. Цёплыя пачуцці і яркія ўспаміны атачылі іх, і юнакі заспяшаліся да запаветнага дрэва, бы іх вецер падхапіў.
Яны пабеглі так бадзёра і гучна, што радасны гоман было чуваць па паляне. Відаць, гаспадар Пугач, які чакаў гасцей, пачуў тыя воклічы і высунуў галаву з дупла. А, пазнаўшы сваіх старых знаёмых, ён усцешана выбраўся на тоўстую галіну, што расла пад дуплом, і павітаў кампанію, ветліва махаючы крылом.
– Спадар Пугач! Спадар Пугач! – шчасліва закрычалі яны. – Дзень добры!
– Хо-хо-хо! – засмяяўся ён. – Добры! Насамрэч добры! Няўжо ж гэта вы, мае даражэнькія?! Як жа я рады вас ізноў бачыць, вы нават не ўяўляеце. Ну, давайце заходзьце. Зараз, зараз… – усё паўтараў ветлівы гаспадар.
Пугач нырнуў зваротна ў сваё жыллё. Праз некалькі імгненняў пранёсся працяглы трэск, да якога было цяжка прызвычаіцца. Падавалася, дуб вось-вось напалову патрэскаецца. Дрэва задрыжала, і ўпоперак яго пачала з’яўляцца расколіна, вышэйшая за дарослага чалавека. Яна шырэла, пакуль не зрабілася дастатковай для таго, каб праз яе можна было прайсці.
Юнакі разам з вужыкам, апынуўшыся ўнутры, асцярожна пакрочылі па цёмным вузкім калідоры, ад якога цягнула волкай старой драўнінай. Але яны не звярталі на гэта ўвагі, бо ведалі, наколькі ўтульна і прасторна долу, папросту казачна.
Хутка пабачыўся прасвет, а там і пакой. У гасціную залу яны ўвайшлі разам з Пугачом, які адначасова з імі спусціўся з гары па стромкіх сходах. Ён распасцёр свае шырокія крылы і, не хаваючы эмоцый і шчырых пачуццяў, накіраваўся да іх.
– Мае сябры, дайце ж я вас абдыму! – паклікаў ён усіх пад свае крылы. – Які ж я шчаслівы, што вы прыйшлі! Мае прывітанні!
– Дзень добры! – прытуліліся юнакі да яго. – Мы таксама рады вас бачыць, мы вельмі сумавалі.
– Хо-хо-хо! Як жа мяне цешаць вашы словы! Вужу! – звярнуўся ён да змяі. – Які ж ты малойца, што адшукаў іх! Цяжка было?
– Не без гэтага, задача была няпростая, – усміхнуўся той. – Па праўдзе, больш пужала, што трэба было адправіцца туды, куды нават і сам не ведаў.
– Невядомасць многіх пужае, гэта нармальна.
– Так, але ж як у тую невядомасць было трапіць?.. Ледзь адшукаў ход. Давялося ўспамінаць усё, што казаў бацька, астатняе дамысліваць.
– Я ніколі ў табе не сумняваўся, ты заўжды быў цямлівым. Такі ж разумны, як бацька. Ён бы табой ганарыўся.
– Дзякуй, спадзяюся.
– Тое дакладна, павер мне. Ну, а вы як маецеся, мае юныя сябры? – звярнуўся ён да Янкі з Міланай. – Пакажыцеся.
Усміхаючыся, яны адышлі на некалькі крокаў назад.
– Хм, – задуменна прамовіў Пугач. – Прызнацца, я чакаў вас убачыць большымі. Хаця… – нешта ці ўспомніў, ці падумаў ён і махнуў крылом. – Мне б так захоўваць знешні выгляд, – засмяяўся ён і правёў па сваім старым пер’і.
– Ну што вы! Вы вельмі добра выглядаеце.
– Дзякуй за добрыя словы! Пацешылі старога. Распавядзіце ж, чым займаліся ўвесь гэты час? Дзе былі, што бачылі?
– Ды асабліва нідзе. Дома ў дзядулі з бабцяй. Сябры, рыбалка, забавы. Нічога новага. Што ў нас магло здарыцца за такі кароткі час?.. – прамовіў гэта і адразу ж сумеўся Янка, успомніўшы, што час дома і ў іншасвеце – зусім розныя рэчы.
– А ў нас тут, мае даражэнькія, столькі ўсяго здарылася, што вам нават і не перадаць.
– Нам пан Вуж распавёў. Вельмі вам спачуваем.
– Так, добрага мала.
– Скажыце, калі ласка, а што ж адбылося з вашым каралём?
– Вы пра рыцара Мацея, якога мы абралі каралём пасля перамогі над Волхам?
– Так, менавіта. Слаўны ваяр. Ён жывы?
– Жывы. Але ж…
– Што?
– Ды ў вязніцы ён, у Семаргала.
– Ну, галоўнае, што жывы.
– Ды яно так. Але самі можаце здагадацца: звычайнаму чалавеку яшчэ невядома што лепей – у вязніцы Семаргала альбо…
– Дык і рыцар Мацей – чалавек загартаваны, такіх мужных яшчэ пашукаць. Мы добра памятаем, як ён біўся ў бітвах.
– Так, адчайны ваяр, мужнасці яму не займаць. Але не ведаю, хто здольны вытрымаць здзекі семаргалаўскіх катаў.
– А ў вязніцы ён у той жа, што і пры Волху пакутвалі рыцары?
– Так, у той самай, што Цмок ахоўваў.
– Трэба было, каб Цмок яе ўшчэнт зруйнаваў!
– Можа быць, але ж тое не выйсце. Няволілі б тады ў сутарэннях замка. І ахоўвалі б ужо найадданыя паслугачы Семаргала. А гэта яшчэ горш, бо там самыя бязлітасныя і бяздушныя сабраліся.
– Таксама верна. Але што нам цяпер рабіць? Трэба ж яго вызваліць, бо там і да смерці закатаваць могуць.
– Гэта ці наўрад.
– Чаму?
– Мяркуючы па тым, колькі наш Мацей там знаходзіцца, ён дакладна патрэбны каралю. Каб усе ведалі, што моц і кантроль знаходзяцца ў яго руках. Семаргал можа паказаць народу, які Мацей слабы і знясілены, няздольны даць рады новаму каралю. А калі б ён загінуў, то адразу б зрабіўся пакутнікам-героем, яго смерць магла б выклікаць бунт у жыхароў.
– Мудра.
– Так, Семаргала дурнем не назавеш.
– Дык як яго ўратаваць? Сябры сяброў не пакідаюць.
Пугач толькі сумна прамовіў:
– Гэта ўсё так, мы таго жадаем вельмі моцна. Але што мы можам зрабіць? Ці можам зараз проціпаставіць свае паслабленыя вайной з Волхам сілы магутным войскам Семаргала?
– Прабачце, але я ўпэўнены, што рыцар Мацей бы так не разважаў. Ён бы жыцця свайго не пашкадаваў, калі б хто-небудзь з нас патрапіў у бяду.
– Тут вы маеце рацыю. Гэта, бадай, самы высакародны рыцар, якога я ведаў за сваё жыццё.
– Тады можа пачнём нашыя дзеі з малога – з выратавання аднаго?!
Пугач цяжка ўздыхнуў:
– Гэта будзе вельмі цяжкая місія, папярэджваю вас.
– Спадар Пугач, у мінулы раз мы вызвалілі атрад рыцараў. Ды няўжо ў гэты раз не атрымаецца выратаваць аднаго?
– Добра, каб усё так лёгка было. Мацея ахоўваюць лепей, чым усіх рыцараў разам узятых.
– Але ж тады сам Цмок вартаваў, а зараз хто? Горстка ваяроў?
– Ды не, далёка не горстка. Да таго ж добра падрыхтаваных і загартаваных у баях.
– Значыцца, трэба адцягнуць іх увагу. Альбо нават вымусіць пакінуць замак. Мы ж нешта падобнае ўжо выкідвалі, і гэта мела поспех.
– Вох, так! – успомніў з задавальненнем былое Пугач. – Толькі цяпер іншая сітуацыя. Хаця… – аб нечым прызадумаўся птах. – Падаецца, ёсць у мяне адна ідэйка.
– Падзяліцеся!
– На днях у каралеўскім замку павінен адбыцца турнір.
– Сапраўдны рыцарскі турнір?
– Амаль. Нашыя ж высакародныя рыцары ў ім удзелу прыняць не змогуць. Але галоўнае, што на турнір, апрача ўдзельнікаў, прыбудзе і шмат гледачоў. Каб падтрымаць парадак, трэба, адпаведна, сцягнуць і ваяроў для нагляду. Значыцца, частка іх ад вязніцы будзе адцягнутая.
– Падаецца, мы разумеем, да чаго вы ведзяце, – хутка сцяміла здагадлівая Мілана. – Жадаеце выкарыстаць гэты шанец?
– Упэўнены ў ім. Але ж, мае шаноўныя, прабачце мяне старога, – раптам спахапіўся Пугач. – Я ж за гэтымі размовамі зусім забыўся пра галоўнае! Вы ж з дарогі, стаміліся ж, відаць, то не будзеце супраць, каб падмацавацца?
– Шчыра кажучы, ёсць такое. Шлях, і сапраўды, быў вельмі доўгім і цяжкім. За гэты час усё так пазарастала і змянілася…
– Маеце рацыю, змянілася шмат чаго, – задуменна працягнуў Пугач і тут жа страпянуўся: – Але ж, як кажуць, вайна вайной, а абед… учасна!
– Так, – усміхнуўся Янка. – Прыйшлі вестачкі, што хочацца естачкі.
– Давайце, госцейкі даражэнькія, праходзьце, рассаджвайцеся, я хутка. У мяне ўжо амаль усё гатова, гэтым разам я падрыхтаваўся загадзя.
Яны распрануліся, памылі рукі перад ежай і ўтульна паселі. А гаспадар замітусіўся і пачаў хутка накрываць на стол, на якім ужо прадбачліва штосьці было. Хутка пачалі з’яўляцца смажаная бульба з грыбочкамі, ды не простымі, а маладымі лісічкамі. А да яе і верашчака – гэта мясныя свіныя рабрынкі, абсмажаныя з дробна нарэзанай цыбуляй, а потым стушаныя ў хлебным квасе ў чыгунку. Да гэтага птах падаў свежую зеляніну і агародніну, яшчэ гарачы закісны чорны хлеб, выпечаны ў печы. Нават ад аднаго паху, каб і зусім не хацеў есці, прачнуўся б апетыт.
Пугач заўважыў бляск у іх вачах і моўчкі заўсміхаўся.
– Частуйцеся, – запрасіў ён. – Спадзяюся, вам спадабаецца.
Ад такога багацця страў вочы разбягаліся, ды яшчэ і на галодны страўнік.
– Жартуеце?! Каб такое і не было даспадобы?
І яны накінуліся на ежу.
– М-м-м, – смакуючы, працягла прамовіў Янка. – Якая ж смаката! Пальчыкі абліжаш.
– Дзякуй, мяне вельмі цешыць, што вам дагадзіў.
– Яшчэ і як! – пацвердзіла Мілана. – Нашы бацькі, асабліва бабуля, таксама добра гатуюць, але такіх страў каштаваць, прызнаюся, мне яшчэ не даводзілася. Трэба абавязкова папрасіць у вас рэцэпт.
– Юная пані яшчэ і гатуе?! – прыемна здзівіўся Пугач.
– Не так шыкоўна, – сціпла прамовіла дзяўчына. – Але ж дапамагаць маці пры гатаванні люблю.
– Гэта вельмі пахвальна. Дапамагаць бацькам – добрая справа. А рэцэптамі, вядома ж, падзялюся. Гэта кухня нашага народа, яму трэба падзякаваць. Я толькі прыгатаваў, – відавочна сціпла паводзіў сябе Пугач, як і належыць выхаванай асобе.
– Затое як пышна! – ізноў пахвалілі яго юнакі. – Так выдатна ды смачна прыгатаваць таксама трэба ўмець, не кожны здолее.
– Дзякуй, мае добрыя. Імкнуўся як найлепей, з душой.
Але найбольшай падзякай для гаспадара было бачыць, з якім задавальненнем і апетытам госці ўміналі ўсе стравы. І было зразумелым, што яны і насамрэч прыйшліся да густу. Аднак адолець усё былі не ў сілах, бо наеліся аж ад пуза.
– Пф, насыціўся, дзякуй! – цяжка прамовіў Янка, адкідваючыся на спінку крэсла.
– Так! – далучылася Мілана. – І ўсё так смачна, не перадаць. Аж бракуе слоў…
– Каралеўская вячэра! – прамовіў брат за яе.
– У кропку, менавіта.
– Дзякуй, мае даражэнькія, пацешылі старога, – заўсміхаўся Пугач. – Да гэтага і імкнуўся – пачаставаць нашых збавіцеляў па-каралеўску.
– Вой, ну што вы, – засаромеліся яны, – навошта так гучна? А вось тое, што вашага сапраўднага караля зараз побач няма, насамрэч шкада.
– Так, маеце рацыю. Але, спадзяюся, як вы цяпер тут, то хутка і ён будзе з намі. Дзеля гэтага мы вас і паклікалі.
– Ваш кароль быў вельмі мужным і адважным рыцарам. Аб ім толькі найлепшыя ўспаміны. Калі што будзе па нашых сілах, мы, безумоўна, усё зробім, – цвёрда і рашуча выказаўся Янка.
– Спадар Пугач, – звярнулася Мілана, – а вы нам можаце што-небудзь распавесці пра караля Мацея? Пра тыя часы, калі ён быў яшчэ рыцарам.
– Анягож! Ён удзельнічаў ва ўсіх бітвах каралеўства, дзе прадставаў мужным ваяром і высакародным рыцарам. Але ж адно, напэўна, засланяе ўсе яго перамогі і пераўзыходзіць колькасць зрынутых ім ворагаў.
І Янка з Міланай уважліва засяродзіліся, прыкаваўшы ўвагу да аповеду мудрага Пугача. А той з цікавасцю працягваў:
– Тое была вялікая бітва. З аднаго далёкага каралеўства незлічоныя войскі, якія знішчалі ўсё на сваім шляху і пад крывавым націскам якога ўжо пала некалькі суседніх каралеўстваў, чорнай навалай уварваліся ў нашы землі. Яны моцным ударам адкінулі частку нашых воінаў ад памежжа. І вось павінна ўжо была адбыцца рашучая бітва каля муроў нашага замка. Адвесці войскі за сцены і схавацца было немагчыма, замак не мог змясціць у сябе ўсіх жыхароў і ваяроў. Да таго ж гэта азначала б вырак на галодную смерць, бо мінулыя гады былі вельмі неўрадлівыя. Таму ўнутры былі толькі мірныя насельнікі.
О проекте
О подписке