Читать книгу «Танцавальны марафон» онлайн полностью📖 — Виктора Правдина — MyBook.
image

12

Маёр Кудзiн быў начальнікам следчага аддзела Маскоўскага РАУС, i прыезд падпалкоўнiка без папярэдняй дамоўленасцi быў больш чым нечаканы. Высокi, хударлявы Кудзiн сваiм доўгiм кручкаватым носам, вострым падбародкам i асаблiва кадыком, якi ўвесь час рухаўся на шыi, нагадваў нейкую драпежную птушку.

Мiкулiч не спяшаўся раскрываць мэту вiзiту, разлiчваць, што маёр з радасцю ўспрыме ягоныя падазрэннi наконт смерцi сястры Шапавалава, было, па меншай меры, наiўна. Асцярожны Мiкулiч пачаў бадзёра i здалёк:

– Сяргей Iванавiч, мэта майго вiзiту – не на цябе палюбавацца…

– Здагадаўся, – кадык у Кудзiна нервова тузануўся, быццам ён нешта пракаўтнуў.

– Прывяла смерць Казаковай… – Мiкулiч не адводзiў вачэй ад маёравай шыi. У нейкi момант яму здалося, што кадык тузаецца таму, што Кудзiн нешта глытае. Гэта раздражняла. – Я расследую смерць Шапавалава, стрыечнага брата Казаковай.

Каля гадзiны Мiкулiч расказваў пра Шапавалава, а напрыканцы засяродзiў увагу на вiзiце Хмары да Казаковай, узгадаў участковага Барану.

– А цяпер пакумекай, – падвёў рысу падпалкоўнiк, – якая жанчына на ноч гледзячы мые вокны? Можа, твая жонка? Мая то не.

Галоўная задача Мiкулiча была ў тым, каб пасеяць сумненнi ў правiльнасцi афiцыйнай версii смерцi Казаковай. Кудзiн успрыняў пачутае знешне спакойна, але надоўга задумаўся, i толькi кадык па-ранейшаму тузаўся i цяпер не тое што раздражняў, ён даводзiў падпалкоўнiка да шаленства.

Кудзiн быццам адчуў, што нечым раздражняе Мiкулiча, паспешлiва ўстаў, заклаў рукi за спiну i зашпацыраваў па пакоi. Пачуўшы, як за спiнай рыпнулi маснiчыны, Мiкулiч уздыхнуў вальней i нечакана падумаў: «Як мала трэба чалавеку: знiк з вачэй iндычы сутаргаваты кадык – i дыхаць стала лягчэй».

Пытаннi Мiкулiча трапiлi ў самае яблычка. Кудзiн у першую хвiлiну знаёмства са справай Казаковай таксама пытаўся пра тое, чаму пацярпелая мыла вокны ноччу.

«Мая жонка ў любы час сутак можа не толькi прыбiрацца ў кватэры, але i перасоўваць мэблю», – не задумваючыся, спаслаўся на «бясспрэчную iнстанцыю» дзяжурны следчы, што выязджаў на месца здарэння.

Аб няшчасным выпадку сведчыла суседка з нiжэйшага паверха. Праўда, моманту падзення яна не бачыла, але прызналася, што за некалькi хвiлiн да здарэння яны з Казаковай сварылiся. Казакова, мыючы акно, бруднай вадой заплюхала бялiзну, вывешаную на балконе, i суседка ўзнагародзiла яе даволi гучнымi i непрыстойнымi эпiтэтамi. Гэта таксама чулi iншыя суседзi, i ўсе яны сцвярджалi, што Казакова была на падпiтку. Фотаздымкi з месца здарэння дапаўнялi карцiну i поўнасцю пацвярджалi версiю няшчаснага выпадку.

Кудзiн чакаў, што яшчэ скажа хiтры Мiкулiч, але паўза зацягвалася, i трэба было прымаць нейкае рашэнне. Але не Казакова ў гэтыя хвiлiны яго турбавала – з ёй было ўсё зразумела i проста. Па-сапраўднаму ўсхваляваў участковы Барана. Кудзiн ведаў, што маёр сябруе з начальнiкам аддзела Белым, а гэта неймаверна ўскладняла сiтуацыю. Ён не мог дапусцiць, каб менавiта ад яго, Кудзiна, пайшлi кампраметуючыя Барану звесткi, ды яшчэ не правераныя. «Пацвердзяцца падазрэннi Мiкулiча цi не – адказваць мне, – раздражнёна пакусваючы вусны, думаў Кудзiн. – Чаму ты прыпёрся да мяне, а не да Белага? Круцiся цяпер…»

– Участковы Барана – адзiн з лепшых супрацоўнiкаў, – здалёк пачаў Кудзiн, – кiнуць цень на чалавека проста, а вось што рабiць, як не пацвердзяцца падазрэннi? Канечне, iнфармацыя заслугоўвае ўвагi, але Барана – не мой падначалены. Лепш гаварыць адразу з Белым.

– Мяне зусiм не турбуе, з кiм спiць Барана, – зразумеўшы Кудзiна, рэзкавата зазначыў Мiкулiч. – Я прыйшоў з адным – знайсцi паразуменне i па-сапраўднаму адпрацаваць версiю забойства Казаковай, бо не выключаю, што смерць Шапавалава i ягонай сястры ўзаемазвязаны.

– Ну, гэта занадта, – запярэчыў Кудзiн, – няшчасны выпадак даказаны, пацверджаны сведкамi. Хаця… – маёр прымоўк, у вачах блiснуў зларадны агеньчык. – Хоць Вам нiхто не забараняе звярнуцца па iнстанцыi.

13

Маёр Кудзiн напачатку даволi скептычна аднёсся да вiзiту Мiкулiча, але поўнасцю iгнараваць звестку, якая неяк тычылася смерцi Казаковай, не мог. Падпалкоўнiк усё-такi пасеяў сумненнi, прымусiў захвалявацца. Пасля таго як незадаволены Мiкулiч пайшоў, Кудзiн страцiў спакой, неадчэпна праследавала думка, што падпалкоўнiк ведае больш, чым расказаў.

«А раптам Мiкулiч дакажа, што iснуе ўзаемасувязь памiж загадкавай смерцю Шапавалава i ягонай сястрой? Канечне, гэтага факта хопiць, каб аб’яднаць справы, але як буду выглядаць я, калi нехта iншы дакажа, што смерць Казаковай – не няшчасны выпадак, а хiтра спланаваная акцыя? Мiкулiча Бог паслаў, я павiнен застрахавацца ад непрыемнасцей, а яны абавязкова будуць, i не столькi ад Мiкулiча, як ад начальнiка аддзела палкоўнiка Белага».

У думках Кудзiн ужо меў план дзеянняў, але не спяшаўся, памарудзiў, яшчэ i яшчэ ўзважыў усе «за» i «супраць». Калi поўнасцю пераканаўся, што робiць правiльна, выклiкаў капiтана Лукiна, следчага, якi дапамагаў пракуратуры ў справе Казаковай.

Праз некалькi хвiлiн Лукiн нячутна, без стуку прачынiў дзверы i, усунуўшы ў шчылiну галаву, прамармытаў: «Можна?..» Атрымаўшы дазвол, неяк бокам пратэпаў на сярэдзiну пакоя. Ён быў невысокi i, здавалася, нейкi запаволены ў рухах. Незвычайна ясныя блакiтныя вочы насцярожана абмацалi Кудзiна i абыякава знерухомелi, разглядаючы нешта вышэй маёравай галавы. Капiтанава знешнасць, падкрэсленыя раўнадушша i апатыя быццам гаварылi за тое, што ён вымушаны падпарадкоўвацца i выконваць загады. Кудзiн добра ведаў, што гэтая флегматычнасць i знешняя абыякавасць – не што iншае, як маска, якая хавае ўчэпiсты розум i неверагодную працаздольнасць. Капiтана лiчылi дзiваком, бо менавiта напускная абыякавасць i адчужанасць рабiлi яму дрэнную паслугу. Лукiна часта, раз у год, вылучалi на вышэйшыя пасады, але справа на паўшляху тармазiлася, далей гутаркi з кiраўнiком, ад якога залежала прызначэнне, нiколi не заходзiла. Чалавека, якi ўпершыню бачыў капiтана, не пераконвала асабiстая справа Лукiна, не верылася ў праўдзiвасць падзяк i прэмiй, узнiкалi сумненнi кшталту «Цягне хтосьцi!» Яму адмаўлялi ў кiраўнiчых пасадах нават тыя, хто добра ведаў капiтана. Тут перамагала звычайная жыццёвая логiка: сустракаюць па апратцы… А якое ўражанне аб сабе мог скласцi нягеглы, праставаты Лукiн? Ён прахадзiў капiтанам да сарака гадоў i большага не дабiваўся, гэта задавальняла следчага. З нагоды цi без, Лукiн любiў паўтараць: «Чысцей пагон – чысцей сумленне…»

Атрымаўшы загад прызначыць экспертызу вады, якой Казакова мыла акно, i знайсцi яе хiмiчны састаў на адзеннi i целе нябожчыцы, Лукiн здзiўлена лыпнуў вачыма i, працягваючы свiдраваць нейкую кропку над галавой Кудзiна, раўнадушна заўважыў:

– Няшчасны выпадак даказаны. Нi ў пракурора, нi ў нас сумненняў няма. Што…

– А я сумняваюся! – нечакана ўзарваўся Кудзiн.

Маёр цанiў Лукiна i заўсёды трымаўся з iм падкрэслена афiцыйна, але сённяшнi выгляд падначаленага i асаблiва тое, што капiтан з паўслова зразумеў, куды хiлiць Кудзiн, выбiлi з каляiны. Маёр не мог спакойна глядзець на запэцканыя сiнiм чарнiлам пальцы, на нязграбную, нейкую несiметрычную паставу з вялiкай галавой i тонкай шыяй.

Лукiн i брывом не павёў, нi адзiн мускул не здрыгануўся на чыста паголеным твары. Ён нязграбна кульнуўся з нагi на нагу i нечакана перамянiўся, ад знешняй абыякавасцi не засталося i следу.

– Бачыў падпалкоўнiка Мiкулiча… – вiрлаватыя вочы свiдравалi Кудзiна. – Ён заходзiў толькi да вас!.. Нешта змянiлася ў справе Казаковай, чаго не ведаю я?

«Можа, пераказаць размову? – завагаўся Кудзiн. – У Лукiна хватка мёртвая, як у бульдога, зачэпiцца – дакапаецца».

– Ну?! – нецярплiва выдыхнуў капiтан, ягоныя вочы азартна блiшчэлi. – Я з самага пачатку адчуваў, што нешта тут не чыста, бо занадта праўдзiва выглядае няшчасны выпадак.

«Зараз пусцiць слюнi – i чым не бульдог?» – мiжволi падумалася Кудзiну, i ад гэткага параўнання стала лягчэй.

– У справе Казаковай нiчога не змянiлася, – цвёрда адказаў Кудзiн.

Маёр прыняў рашэнне i не будзе спакушаць лёс, не кiнецца з дакладам да Белага, але на ўсялякi выпадак зробiць пэўныя захады. Ён павiнен мець адказы на Мiкулiчавы пытаннi, бо няма гарантыi, што падпалкоўнiк не задасць iх пры начальнiку ўпраўлення. А Лукiн выканае загад, зробiць усё, каб нiхто не ўсумнiўся ў афiцыйнай версii смерцi Казаковай. Кудзiн, прыжмурыўшы вочы, кiнуў на капiтана хiтраваты позiрк. Ён ведаў, што сказаць Лукiну, каб паставiць яго на месца.

– Падпалкоўнiк Мiкулiч шукае сабе намеснiка – можа, пара i Вам, Алесь Дзмiтрыевiч, начапiць маёрскiя эпалеты? Калi згодны – пахадатайнiчаю…

Лукiн адразу знiякавеў, незадаволена хмыкнуў:

– Я магу iсцi? – i дурнавата залыпаў вачыма, шукаючы на сцяне вартую ягонай увагi кропку.

У той дзень маёр Кудзiн так i не знайшоў участковага Барану, хоць каля гадзiны накручваў дыск тэлефоннага апарата. Нi дома, нi на працы, нi ў мацi, тэлефон якой дала жонка ўчастковага, маёра не было. Кудзiн з самага пачатку i не думаў нешта ўтойваць ад Бараны, ён шукаў маёра, каб пераказаць размову з Мiкулiчам i папярэдзiць пра непрыемнасцi.

«Няхай Барана пакумекае, як прыкрыць свае тылы! – разважаў Кудзiн. – Падумаеш, пераспаў з маладзiцай, дык што, цяпер мы яго павiнны звольнiць з працы? Не, даражэнькi Генадзь Сымонавiч, я не буду капаць пад сваiх! Праўду пра цябе кажуць: сабака на сене – нi сабе, нi другiм…»

Кудзiн папярэдзiў дзяжурнага па аддзеле, што неадкладна хоча бачыць цi чуць участковага Барану, i праз паўгадзiны амаль забыўся на ранiшнi вiзiт Мiкулiча. На працягу дня Кудзiн больш не ўзгадаў нi Барану, нi Мiкулiча, нi Казакову, але ўвечары сiтуацыя нечакана змянiлася. У шасцiдзесяцi кiламетрах ад Мiнска, каля горада Барысава, у прыдарожным пералеску знайшлi труп маёра Бараны. Гэтая навiна была для Кудзiна як гром сярод яснага неба. Усё, што ранiцай гаварыў Мiкулiч, цяпер бачылася i ўспрымалася па-iншаму: ён адчуў небяспеку. Некалькi разоў хапаўся за слухаўку тэлефоннага апарата, але так i не змог вызначыцца, каму тэлефанаваць i што гаварыць.

«Цяпер позна расказваць Беламу праўду пра маёра Барану, – лiхаманкава шукаў выйсця Кудзiн, – Мiкулiч папярэдзiў, каб нi слова начальнiку аддзела. Значыць, ён нешта недагаварыў… Што, калi Барана i Белы заадно?! Во заварыў кашу, дык заварыў…»

Часу на роздум не было. Кудзiн разумеў, што павiнен сёння знайсцi выйсце, заўтра будзе позна. Адзiнае, што магло ўратаваць, – гэта сустрэча з начальнiкам упраўлення горада. Трапiць да генерала Рашэтнiкава было не так проста, але iншага выйсця Кудзiн не бачыў. Ён яшчэ доўга шпацыраваў па кабiнеце, прадумваў, што будзе гаварыць, асушыў ледзь не поўны графiн вады i нарэшце з хваляваннем зняў слухаўку.

Разлiк спрацаваў бездакорна. Рашэтнiкаў, даведаўшыся, што Кудзiн валодае канфiдэнцыяльнай iнфармацыяй аб забойстве маёра Бараны, прызначыў неадкладную сустрэчу.

Саракагадовы генерал быў невысокi, плячысты, з русявай кароткай стрыжкай. У строгiм генеральскiм мундзiры Рашэтнiкаў выглядаў маладзей i менавiта праз гэта насiў вусы, якiя на прыхiльным, трошкi стомленым твары тапоршчылiся, як прыклееныя, i вiдавочна былi тут выпадковымi.

– Таварыш генерал, я парушаю статут – пра нашу сустрэчу начальнiк аддзела Белы не ведае, – надломленым голасам прамовiў Кудзiн i выструнiўся, чакаючы, якая паследуе рэакцыя Рашэтнiкава.

– Спадзяюся, што на тое ёсць прычына, – строга зазначыў генерал i, вытрымаўшы невялiкую паўзу, строга дадаў: – Небяспечна лiчыць, што статут напiсаны для кагосьцi.

Пагрозлiвая шматзначнасць, з якой прагучалi словы Рашэтнiкава, не выбiла маёра з каляiны, наадварот, Кудзiн нечакана адчуў злую, помслiвую палёгку. Нарэшце з’явiўся шанц даказаць, што ён – не зломак i варты значна большага.

– Прычына ёсць, i вельмi важная, – аблiзнуўшы iмгненна сасмяглыя вусны, зрабiў крок уперад Кудзiн.

– Тады сядайце i раскажыце.

Кудзiн толькi прысеў на блiжэйшае крэсла каля доўгага да люстэркавага бляску адпалiраванага стала i iмгненна падскочыў.

– Стоячы зручней…

Наступныя дваццаць хвiлiн маёр пераказваў факты, якiя тычылiся смерцi Казаковай, узгадаў маёра Барану, якi меў стасункi з нябожчыцай, i падвёў выснову, што забойства ўчастковага можа мець дачыненне да здарэння з Казаковай, тым больш, што ёсць сур’ёзныя падставы для перагляду афiцыйнай версii. Ён далажыў Рашэтнiкаву аб падазрэннях пра смерць Казаковай i выказаў здагадку, што гэта – хiтра спланаваная акцыя. З пераканаўчага даклада Кудзiна напрошвалася лагiчная выснова: маёр Барана займаўся сутэнёрствам, i гэта магло быць адной з прычын забойства ўчастковага.

Кудзiн хiтрыў. Ён да пэўнага часу нi словам, нi паўсловам не ўзгадаў падпалкоўнiка Мiкулiча, версiю якога цяпер цалкам пераказаў генералу. Усё выглядала так, быццам гэта ён, маёр Кудзiн, яшчэ да таго, як знайшлi мёртвага ўчастковага, улiчыў маёра ў зламысных стасунках з Казаковай. Кудзiн так увайшоў у ролю, што без ваганняў узгадаў следчага Хмару, якога ён быццам бы знайшоў па справе Казаковай. Лейтэнант быў апошнi, хто бачыў жывой нябожчыцу. Толькi пасля гэтага ў аповедзе Кудзiна выплыў Мiкулiч, а следам – i справа Шапавалава.

Калi Кудзiн змоўк, Рашэтнiкаў нешта засяроджана запiсаў у блакноце i ўзняў на маёра шэрыя вочы.

– Вы прапаноўваеце аб’яднаць тры справы ў адну?

– Так, – кiўнуў Кудзiн, – загадкавая смерць Казаковай, калi не прама, то ўскосна мае дачыненне да забойства маёра Бараны, i наадварот.

– А справа Шапавалава?

– Падпалкоўнiк Мiкулiч перакананы, што калi пацвердзiцца версiя забойства Казаковай, то смерць Шапавалава – не няшчасны выпадак. Хтосьцi пазбавiўся ад брата з сястрой.

– Магчыма i так, – пагадзiўся генерал i нечакана спытаў: – А чаму не давяраеце свайму начальнiку?

Кудзiн чакаў гэтага пытання, бо менавiта яно прымусiла шукаць сустрэчы з Рашэткiкавым, таму i адказ быў падрыхтаваны яшчэ да таго, як напрасiўся на аудыенцыю.

– Маёр Барана i палкоўнiк Белы – даўнiя блiзкiя сябры, – узрушана выпалiў Кудзiн. – Я не меў права рызыкаваць…

– Маеце факты здрады?

– Пакуль што не, толькi падазрэннi, але…

– Зразумела, – устаў з-за стала генерал. – Аб сваiм рашэннi я Вам паведамлю.