Читать книгу «На дняпроўскім лузе» онлайн полностью📖 — Міхась Сліва — MyBook.
image

Васількі

У той дзень у Алеся было многа працы на месцы, але начальнік распарадзіўся інакш – паслаў яго ў самую аддаленую гаспадарку, на край вобласці. Алесю было не прывыкаць да такіх сітуацый. Ён нават жартаваў сярод сяброў: «За што я люблю сваю працу, дык за тое, што не ведаю, дзе магу аказацца, бо планую з раніцы адно, а даводзіцца займацца іншым».

Алесь хутка зрабіў усё, што трэба было, звязанае з працай. Потым, падзякаваўшы старшыні за запрашэнне на абед, спытаў, дзе ў іх найбольш урадзіла жыта. Высветлілася, што поле гэтае недалёка ад магістралі. Старшыня, пажылы, сур’ёзны чалавек, недаўменна паглядзеў на Алеся. Але растлумачыў вадзіцелю, як ехаць.

І вось машына імчыць па пыльнай дарозе, абапал якой раскінуліся жытнёвыя палеткі. Неўзабаве Алесь убачыў шмат васількоў.

– Стой! – гучней, чым трэба, крыкнуў ён вадзіцелю. – Спыніся!

Выскачыў, стаў хуценька рваць. Назбіраўшы цэлы букет, ён загарнуў іх у газету, беражліва паклаў на задняе сядзенне машыны.

Пасля працы Алесь бягом кінуўся да таго месца, дзе яго заўсёды чакала Ларыса. Сёння, ён ведаў, яе не будзе, бо ўчора вельмі пакрыўдзіў каханую, і яна сказала, што больш не сустрэнуцца.

Ён кахаў яе. Кахаў даўно, моцна, страсна…

Не звяртаючы ўвагі на прахожых, Алесь з васількамі ў руцэ бег па вуліцы. Раптам ён заўважыў, што насустрач яму ідзе… Ларыса. Яна ўбачыла яго, твар яе заззяў радасцю, як дзве зоркі, свяціліся яе незвычайныя вочы…

Сюрпрыз

Пераступіўшы парог сваёй хаты, Вера здзіўлена азірнулася: вакол было чыста і ўтульна. Свежавымытая падлога. Поўны парадак на кухні, на стале вячэра.

«Няўжо Таня прыехала? – мільганула думка. – Дык наўрад жа, усяго два дні, як паехала з малым, рабочыя дні зараз, у адпачынку пабыла ўжо…»

Яшчэ больш здзівілася жанчына, калі ў сенцах убачыла даёнку з малаком, а ў хляве – карову і сытага парсюка, побач з ім было карыта з недаедзенай мешанню. І куры ўжо зачынены ў хлевушку.

– Сапраўдная казка, – не ўтрымалася Вера. – І як дарэчы.

Сёння, як ніколі, Вера стамілася, бо час быў гарачы – жніво, працы на таку хоць адбаўляй. Яна ўгаварыла сябровак – такіх жа жанчын перадпенсійнага ўзросту – папрацаваць у дзве змены.

Зноў зайшла ў хату, стала пераапранацца. Раптам дзверы расчыніліся і са ззяючым тварам увайшоў Сцёпа, яе муж. У руках ён трымаў вялізны букет кветак.

– Ну, віншую… – нібы саромеючыся, прамовіў ён і падаў кветкі Веры. Задумаў гэта сумысна.

– З чым? – ледзь не вырвалася ў той, бо дзень яе нараджэння яшчэ не хутка, свята 8 Сакавіка – таксама. Але зірнула на сцяну, дзе вісеў каляндар. Ён паказваў дваццаць першае жніўня – дзень яе нараджэння. Спачатку яна разгубілася, але ўспомніла, што гэта ўнук, які быў у гасцях, потайкам ад дзеда адарваў лішнія лісткі календара…

Вера ўзяла букет і моцна пацалавала Сцяпана. Сэрца яе напоўнілася ўдзячнасцю.

Стары сшытак

– Дык вось, – пачаў Андрэй Усцінавіч, сядаючы бліжэй да гасцей. – Раскажу я вам гісторыю пра свайго колішняга начальніка. Звалі яго Кузьма Ягоравіч. Быў ён строгі і пануры. Часта даваў разгон нам, сваім падначаленым. Любімым заняткам Кузьмы Ягоравіча было чытанне нейкага тоўстага сшытка.

Гэта быў стары агульны сшытак у пацёртай карычневай вокладцы. Калі хто-небудзь заходзіў у кабінет Кузьмы Ягоравіча, ён хуценька хаваў сшытак у сейф. А ключ ад сейфа насіў заўжды ў кішэні.

Зайшоў я неяк да яго па справе. Гляджу – Кузьма Ягоравіч чытае свой тоўсты сшытак. І так зачытаўся, што мяне не заўважае. На твары шчаслівая ўсмешка, якую я ніколі раней у яго не бачыў. Вочы гараць нейкім дзіўным агнём.

Раптам следам за мной у кабінет зазірнуў мой калега. Вельмі гучна павітаўся. Разгублены Кузьма Ягоравіч аж падскочыў са сшыткам у руках. Імгненна выраз яго твару змяніўся, стаў сярдзітым. Не гледзячы на нас, ён хуценька засунуў сшытак у сейф…

Аднойчы Кузьма Ягоравіч цяжка захварэў і трапіў у бальніцу. А тут наляцела рэвізія са сталіцы. Тэрмінова спатрэбілася паглядзець нейкія дакументы з сейфа. Мы звярнуліся да жонкі Кузьмы Ягоравіча. Тая прынесла ключ.

І вось мы трымаем у руках запаветны сшытак. Той самы тоўсты сшытак, які начальнік чытаў потайкам шмат гадоў. Каліграфічным почыркам у ім былі запісаны ўсе выпадкі, калі Кузьма Ягоравіч пакараў таго ці іншага свайго падначаленага…

Рамантыка

– Эх, Васіль, Васіль!.. – паківала галавой Аксана, калі муж вярнуўся з працы. – Я цябе не пазнаю…

– А што здарылася?

– Мне нават не верыцца, што той рамантычны хлопец, за якога я ішла замуж, і ты, практычны муж, – адзін і той жа чалавек. Ты забыў ужо, што прыносіў мне мілыя букецікі кветак, рабіў нечаканыя прыемныя сюрпрызы, кранальныя падарункі! – разышлася жонка. – Ты хоць памятаеш, колькі разоў у год прыносіш мне кветкі?

Васіль стаў успамінаць…

– Не моршчы лоб, я сама нагадаю: на мой дзень нараджэння ды восьмага сакавіка! Куды мы з табой хадзілі, акрамя кіно! Дый то гады ў рады, пасля маіх шматлікіх просьбаў і грозьбаў. Божа, як з табой стала сумна і нудна!

– Даражэнькая, – пачаў прасіцца Васіль, – я так стаміўся, што мне зараз зусім не да рамантычных глупстваў.

– Дык ты лічыш, што гэта глупства!.. – залемантавала Аксана.

На другі дзень на працы Васіль завёў размову на гэтую тэму з Наталляй Самсонаўнай, вядучым інжынерам іх аддзела, жанчынай перадпенсійнага ўзросту, вельмі дасціпнай і добразычлівай.

– Тваю бяду я рукамі развяду, – весела зашчабятала тая. – Ты, Васіль, да вяселля гэтую рамантыку, відаць, выкарыстоўваў, каб заваяваць каханне Аксаны. Але, даражэнькі, адносіны ў сям’і трэба будаваць і ўдасканальваць пастаянна. Інакш ты рызыкуеш страціць тое, што стваралася не адзін дзень: узаемныя пачуцці, душэўную блізкасць, радасць зносін…

Васіль ажно рот разявіў, слухаючы калегу. А тая працягвала:

– Ты, сябра, недаацэньваеш псіхалогію жанчыны. Думаеш, калі прыносіш грошы дадому, дык усё будзе ў парадку? Не забывай, што жонка чакае ад цябе ў першую чаргу пяшчотных слоў, хоць ты яе і золатам абсыпаў. Ёсць жа куча мілых дробязей, якія амаль не патрабуюць часу. Напішы ласкавую запісачку і пакладзі яе жонцы ў сумачку. Вось убачыш, тваё задавальненне ад уласнай фантазіі будзе не меншым, чым радасць Аксаны…

Васіль прыслухаўся да парады. На сваім рабочым камп’ютары набраў, затым вывеў на прынтэры запіску, у якой прызнаваўся ў каханні Аксане, напрыдумваў кампліментаў, прапанаваў сустрэчу ў гарадскім парку ў першы выхадны дзень, а падпісаў прыдуманым імем – Артур.

Вечарам, калі жонка была ў ваннай, ціхенька палажыў запіску ў сумачку.

Ідучы на працу раніцай, Аксана ўспамінала словы сваёй сяброўкі Ніны: «Час праходзіць, мілая. Іншы раз варта і па баках паглядзець!..» А на яе даўно заглядваюцца мужчыны не толькі з іх цэха, але і з іншых. Асабліва старшы механік Артур Краўцоў падоўгу затрымлівае свой позірк на яе твары, ласкава ўсміхаецца пры сустрэчах. «А можа, і сапраўды варта звярнуць увагу на паклоннікаў?» – пранеслася ў галаве Аксаны думка.

На прахадной завода Аксана, дастаючы з сумачкі пропуск, заўважыла запіску. Але чытаць яе не было калі. Толькі ў канцы працоўнага дня яна ўспомніла пра яе. Прачытала – і ахнула. Пра такое можна толькі марыць! Артур прызнаваўся ў каханні. А якімі ласкавымі словамі ён яе называў!.. Аж сэрца закалацілася.

Назаўтра, а гэта ўжо быў выхадны дзень, потайкам ад мужа Аксана купіла новую сукенку, схадзіла ў цырульню і з хваляваннем накіравалася ў гарадскі парк. Да прызначанага часу сустрэчы Аксана пахадзіла ўдалечыні, а затым рашуча накіравалася да месца спаткання.

Падышла – і аслупянела. Насустрач ёй з кветкамі ў руках рухаўся… яе Васіль…

«Вось табе і сюрпрыз, вось табе і рамантыка!» – падумала Аксана. Яна пачырванела і збянтэжылася.

– Як ты даведаўся? – разгублена прамовіла яна.

– А ты хіба чакала не мяне? – хітра заўсміхаўся Васіль.

Усмешка Джаконды

У ноч на мужчынскія святы

Святкавалі мы пад кіраўніцтвам дырэктара нашай фірмы «Перапрадай» Івана Мікітавіча ў адзін вечар адразу два мужчынскія святы: 23 лютага і 8 Сакавіка. Няважна, што ніхто з нас не служыў. Выкруціліся: хто «пласкаступ», хто «блізарукі»… А 8 Сакавіка?.. Дык мы ж усе жанчын кахаем. Якое ж без іх свята? Перш за ўсё, яны выдатна зарэкамендавалі сябе пры пераносцы сумак з пітвом і закуссю.

Разгавеліся ў мясцовым рэстаране – так бы давеку. На стале засталося ўсяго столькі, што вялікую рэшту ежы спакавалі жанчынам у сумкі. Пітво – два партфелі – узяў у рукі пад сваю адказнасць сам Іван Мікітавіч.

Ад рэстарана да мікрараёна, дзе фірма купіла шэфу двухпавярховы катэдж з басейнам, бліжэй за ўсё праз чыгунку. Але не праз станцыю, а цераз ускраіну. Вырашылі ўсёй грамадой правесці Івана Мікітавіча дадому: ёсць жа каго, а галоўнае, ёсць чым суправаджаць.

Вядома, па дарозе некалькі разоў спыняліся, бралі чарку, жадалі здароўя Івану Мікітавічу, шчасця яго сям’і і росквіту фірме «Перапрадай». Яна ж нас у людзі вывела – у кожнага свой дамок, рахуначак у банку.

Праўда, быў тост і за жанчын. Ужо ля чыгункі, калі пяты ці шосты раз чаркаваліся, шэф сказаў: «За жанчын! Каб квітнелі вакол нас!..»

Выпілі і заўважылі, што чамусьці наўкола цёмна, хоць мы каля чыгункі. І трэба ж – шлях перагароджвае грузавы састаў! Глядзім налева – хоць вока выкалі… Направа – удалечыні ледзь свецяцца агеньчыкі.

– Абыходзіць – няма дурных! – кажа шэфаў намеснік, брат яго жонкі Пятро Пятровіч. – І чакаць не будзем, невядома калі цягнік паедзе. Але ўспомніце маё слова – раніцай (машыністы таксама людзі, святкуюць) палезем пад вагон, мы яшчэ хлопцы – ого!.. Хто першы? (Што праўда, то праўда, старых у фірме няма, мажных, не раўнуючы, як вяпрук, акрамя шэфа, – таксама. Дык шэфу па пасадзе трэба быць важным. Ды яшчэ лысым. Зараз ці не кожны ўлюбёны ў сябе «круты» бізнесмен такі.)

– Я першым буду! – не раздумваючы, азваўся шэфаў рэферэнт невядома па якіх пытаннях, худзенькі цыбаты Толік. Але ён такі: за шэфа – хоць у пельку. Будучы шэфаў зяць: усе ведаюць, што Толік кахаецца з яго дачкой-банкіршай.

– Давай! – дазваляе шэф. І Толік ужо на тым баку чыгункі, вокамгненна пад вагон шуснуў.

– Не бойцеся!! – крычыць адтуль Толік. – Састаў стаіць. Калі будзе кранацца, абавязкова сігнал дасць.

– Ат, жывём адзін раз! – раптам крыкнула наш эканаміст Аляўціна Паўлаўна і з важка напакаванай сумкай кінулася пад вагон.

Які ўзрост яе – ніхто не ведае. Можа, трыццаць, калі не глядзець у пашпарт. Не ў гэтым справа. Спартсменка. За кошт фірмы наведвае спартзалу. Шэф заўсёды бярэ яе з сабой у камандзіроўкі. Кажа, для прадстаўніцтва. Маўляў, зараз сапраўдныя бізнесмены без прыгожага атачэння на людзі не паказваюцца.

Калі ўжо жанчына пад вагон нырнула, дык што застаецца рабіць нам, мужчынам?

Шэф, трымаючы ў кожнай руцэ па партфелю, не раўнуючы, як той герой, адчайна кінуўся пад вагон, ажно глуха брэнкнулі бутэлькі. Але не разбіліся.

Памятаеце, я казаў, што Іван Мікітавіч мужчына мажны, як і належыць сапраўды важнай асобе, бізнесмену. Ён і апрануты быў адпаведна: у скураным, да пят, паліто. І раптам з-пад вагона крычыць:

– Гэй, там, наверсе! Хто мяне трымае?

Ды ніхто… Эге, за нешта зачапіўся, значыць. Тым часам нечакана ў галаве састава, можа, за паўкіламетра ад нас – гудок лакаматыва!.. Пранізлівы. Усё, папярэджанне, састаў адпраўляецца!..

– Цягніце! – крычыць шэф не сваім голасам.

Мог бы і не лямантаваць: што трэба цягнуць у такой сітуацыі, мы і без яго ведаем.

З гэтага боку вагона ўхапіўся за партфель я, а Толік – за партфель з таго боку.

Не ведаю, што ў такі адказны для ўсяго калектыву час думаў Толік, а я меў, мяркую, правільную думку: як самому не трапіць пад колы і ўратаваць партфель! Шэф што? Фірма без яго абыдзецца вельмі проста. Хаця мільганула і іншая думка: у яго ж сям’я…

Зноў гудок…

– Ідыёты, – шэф ужо сіпіць, – мяне цягніце.

Паставілі мы асцярожна партфелі побач з рэйкамі. Я са свайго боку штосілы пацягнуў шэфа за рукаў – рукаў у мяне застаўся, Толік – са свайго.

– Дапамажыце!.. Міліцыя, міліцыя! Людцы!.. – вые, ну чыстая сірэна, як у кіно ў час авіяналёту, Аляўціна Паўлаўна.