– Глядзі ж, не лаві варон, – папярэдзіла мяне жонка, адпраўляючы ў госці. – Ты ж ведаеш, што цяпер жулік на жуліку едзе i жулікам паганяе. А ты, да таго ж, такі рассеяны.
Я яшчэ раз намацаў у кішэні тоўсты кашалёк, у які мы ўціснулі ўсе нашы мільёны. Ехаў я ў Брэст, да ўнука. Прайшло амаль паўгода, як ён з’явіўся на свет, а мне ўсё не выпадала з’ездзіць.
Калі крануўся цягнік, я абвёў позіркам пасажыраў, якія exaлi ca мной у адным купэ. Здаецца, нікога падазронага. Але, як той казаў, беражонага Бог беражэ. Неўпрыкмет дастаў свой кашалёк i сунуў пад прасціну ў сябе пад бокам. Дарога была далёкая, таму я рашыў, не трацячы дарэмна часу, хоць адпачыць ды выспацца ўволю.
Прачнуўся я тады, калі цягнік прыбыў да перона ў Брэсце. Усе пасажыры замітусіліся. Падхапіўся i я, бо правадніца стала бурчаць, што доўга корпаемся, а ёй, бачыце, яшчэ ўборку трэба рабіць у вагоне.
Схапіўшы клункі, я кінуўся да выхаду. На пероне ўбачыў сына з нявесткай i ўнукам у калясцы. Радасці маёй не было канца.
Накіраваліся на кватэру. I тут, разбіраючы свае торбы, я ўспомніў пра грошы! Божухна! Што ж я нарабіў!..
Разам з сынам мы паімчалi на вакзал. Цягнік, на якім я прыехаў, ужо загналі далёка ў тупік. Мы – туды. Знайшлі патрэбны вагон. Ускочылі – а там ужо няма бялізны! Хоць ты валасы на сабе pвi ад роспачы!
Кінуўся да правадніцы, тая як абухом па галаве: «А мы ўжо ўсю бялізну здалі ў пральню».
Я схапіўся за сэрца, а сын, малайчына, не дарэмна ж інжынер-камп’ютаршчык, гаворыць:
– Давай, бацька, у матрацах пашукаем.
Перабралі мы гару матрацаў, i ў адным з ix унутры ляжаў мой кашалёк! Значыць, я па няўважлівасці засунуў яго не пад прасціну, а ў матрац.
А ў гэты час мая жонка пазваніла на кватэру сына, каб даведацца, як я дабраўся. Нявестка ёй i кажа: «Пабеглі нечага на вакзал!»
А жонка перабівае: «Я так i ведала, што згубіць грошы, недарэка!»
Калгасны механізатар Амяллян Муравушкін заўважыў, што пара ўжо касіць сеяныя травы. Падышоў да брыгадзіра Беразняцкага:
– Васіль Пятровіч! Сенажаць па пояс, здаецца мне, што трэба касіць.
– Добра, Амяллян, далажу аграному.
Малады аграном Пятрусь Захарчыкаў адразу ж паімчаў да старшыні калгаса.
– Mixaіл Максімавіч! Па-мойму, трэба пачынаць сенакос у першай брыгадзе.
– Пачакай, даражэнькі, параюся з РАПА, – крыху астудзіў яго старшыня i пазваніў у раён.
Старшыні РАПА на месцы не было, а яго намеснік паабяцаў даць адказ заўтра, бо Парфен Парфенавіч у камандзіроўцы.
Калі ж вярнуўся старшыня РАПА, яго намеснік тут жа ўнёс прапанову:
– Лічу, Парфен Парфенавіч, што пара пачынаць сенакос у першай брыгадзе калгаса «Перадавік»!
– Пачынайце! – згадзіўся Парфен Парфенавіч, а сам падумаў: «Глядзі ты, а казалі, мой намеснік нічога не шурупіць… А ён жа i прапанову дзелавую ўнёс і ведае нават дакладны адрас, дзе трэба пачынаць…»
– Малайчына, Mixaiл Максімавіч! – гаварыў неўзабаве намеснік старшыні РАПА старшыні калгаса. – Парфен Парфенавіч адобрыў вашу ініцыятыву.
«Малады, а башкавіты!» – думаў старшыня калгаса, аддаючы распараджэнне аграному Петрусю Захарчыку пачынаць касьбу.
– Можна касіць! – сказаў неўзабаве аграном брыгадзіру, у душы зайздросцячы, што той такі дзелавы, сапраўдны гаспадар.
Брыгадзір жа выклікаў да сябе Амялляна Муравушкіна:
– Так, паступіла ўказанне з раёна – пачынаць касьбу. Хуценька чапляй касілку i адпраўляйся на поле!
– Так, – бадзёра пачаў дырэктар, – сёння мы павінны разгледзець тэрміновае i вельмі важнае пытанне: падабраць кандыдатуры для плануемага скарачэння штатаў. У каго будуць прапановы?
– Я лічу, што падыходзіць Семчанка, – узяў слова Іван Іванавіч, намеснік дырэктара, які прыйшоў у інстытут нядаўна. – Які з яго вучоны! Больш дваццаці год працуе над кандыдацкай, а вынікаў – нуль…
– Наадварот! – перапыніў яго дырэктар. – Яму уласціва творчае гарэнне, апантанасць, нарэшце вернасць мэце!
– Семчанка – стрыечны брат дырэктара, – шапнуў Івану Іванавічу вучоны сакратар.
– У такім разе давайце пазбавімся ад Алены Паўлаўны – старшага рэферэнта па інфармацыі, – увайшоў у азарт Іван Іванавіч. – Усё роўна ад яе ніякай карысці, толькі плёткі разносіць…
– Э, не, даражэнькі! – падскочыў дырэктар. – Без навукова-тэхнічнай інфармацыі нам i кроку не зрабіць наперад!
– Гэта ж сястра жонкі дырэктара, – шапнуў Івану Іванавічу вучоны сакратар.
– А можа, мне ўзяць на свае плечы большы цяжар, – прапанаваў раптам дырэктар, намякаючы на скарачэнне свайго намесніка.
– Xiбa вы забыліся, як Іван Іванавіч трапіў да нас? – шапнуў дырэктару вучоны сакратар.
– А ўвогуле, таварышы, спяшацца не будзем, – спыніў нараду дырэктар, – магчыма, i на гэты раз неяк абыдзецца.
Да трэцяга паверха Альжбета дабегла больш-менш спакойна. A на чацвёртым дыханне перахапіла, затахкала сэрца, ногі сталі як ватныя. «Гэта ж трэба, – пранеслася думка, – так хвалююся!»
Вось i пакой нумар 469, у якім жыве яе Пятрок. Ужо два тыдні, як ён адпачывае ў санаторыі. I ўвесь гэты час на сэрцы ў Альжбеты неспакойна: ведае Петракову памаўзлівасць да кабет. I сны нейкія пачварныя aпошнім часам ёй сняцца. Таму i рашыла наскочыць знячэўку: во будзе, калі раптам якую кралю застукае ў пакoi з Петраком! Хай пакруціцца, як уюн на патэльні!
Ціхенька падышла да дзвярэй, балазе на калідоры нікогa не было. У пакоi гучала прыемная музыка з радыёпрыёмніка. Альжбета, пастукаўшы, рэзка адчыніла дзверы. I войкнула: на ложку ля акна сядзела сімпатычная маладзіца. Яе плашчык ляжаў у крэсле, модныя туфлі cтaялi ля дзвярэй. Сама яна папраўляла прычоску. Больш нікога ў пакоi не было.
– Ты што тут робіш? – грозна падскочыла да жанчыны. – Вось я табе зараз пакажу!
– Яшчэ пабачым, хто каго! – падхапілася жанчына. – I наогул, што вам тут трэба?
– Яна яшчэ пытае, гадаўка! Развалілася ў пакоі майго мужа i чакае!.. Я табе зараз… – i Альжбета коршакам кінулася на кабету. Тая залямантавала.
О проекте
О подписке