Читать книгу «Жонка на гадзiну» онлайн полностью📖 — Андрэй Сідарэйка — MyBook.

Як Вiнцук «хваробы» пазбавiўся

Вінцук быў заўзятым футбольным балельшчыкам. Часам увесь дом чуў, як ён святкаваў гол. Да таго ж не абыходзілася без абавязковага атрыбуту – піва – і каментавання ходу матча.

Гэта не падабалася жонцы Аўдоцці, якой даводзілася самастойна займацца хатнімі справамі. Аднойчы яна не вытрымала і звярнулася да мужа з папрокам:

– Ты б хоць кран адрамантаваў! У мяне адной на ўсё рук не хапае.

Вінцук на імгненне адарваўся ад тэлевізара, зірнуў на жонку.

– А ты лічыш, што мне лёгка? Пасля футбола мне ні на што іншае моцы не хапае. Эмацыянальнае выгаранне асобы. Чула пра такое? Вось што робіць са мной гэткая «хвароба».

– І яе не можа вылечыць ніводны ўрач? – не паверыла жонка.

– Не. Толькі цуд, – ціха адказаў мужчына.

Аўдоцця папрасіла мужа не хвалявацца, а лепей легчы ды адпачыць, а сама пайшла працаваць далей. Мужчына ж задаволена ўсміхнуўся і адправіўся выконваць пажаданне жонкі.

На наступны дзень пасля працы Вінцук па звычцы пачаў шукаць на кухні вячэру. Але яе не было. Ён зайшоў у залу. Там перад тэлевізарам на канапе сядзела Аўдоцця, глядзела серыял і лузгала семкі. Вінцук ад такога відовішча ажно прысвіснуў.

– Чаму не сустракаем любімага мужа?

Аўдоцця пусціла слязу і шэптам прамовіла:

– Захварэла я, Вінцук. Цяжкая хвароба мяне апанавала, ніякі ўрач не можа з ёю справіцца.

– Што яшчэ за хвароба? – занепакоіўся мужчына.

– Тэлесерыялізацыяй завецца. Пакуль не пагляджу вечарам усе серыі любімых кінастужак, за ніякую хатнюю работу рукі не бяруцца. Так што ты сам як-небудзь на кухні спраўляйся. Дый і мяне, хворую, частуй.

Незадаволены Вінцук пайшоў гатаваць вячэру. Тое ж яму давялося рабіць і на наступны дзень, і ў іншыя. Напрыканцы тыдня Вінцук звярнуўся да жонкі:

– Даражэнькая, мне б вопратку папрасаваць…

– Не ведаю, ці здолею, сёння самы пік хваробы настаў, – стомлена адказала жонка.

Тут Вінцук не вытрымаў.

– Я не ведаю, што гэта за хвароба такая – «тэлесерыялізацыя», – але вылечыць яе змагу. Трэба выключыць тэлевізар і забыцца на яго існаванне!

– А ці не выявяцца нейкія пабочныя эфекты, калі мы тэлевізар вынесем на балкон? – здівілася жонка.

– Не. Калі не глядзіш, то і не «хварэеш», – адказаў мужчына і пачаў адключаць тэлевізар.

– Колькі вольнага часу ў нас адразу з’явіцца… Тады, можа, кран адрамантуеш? – запыталася Аўдоцця.

– Канечне. Хіба я не гаспадар у хаце? – рашуча прамовіў Вінцук і пайшоў па інструменты.

Аўдоцця яшчэ з хвіліну пасядзела на канапе, а затым, напяваючы вясёлы матыў, адправілася на кухню. У душы яна была шчаслівая і ганарылася сабой: ніводны ўрач не мог вылечыць мужа, а яна за тыдзень ад жудаснай хваробы пазбавіла. Ці ж гэта не сапраўдны цуд?

Не з той нагi
Офісныя гісторыйкі

Графiн

Гэта гісторыя адбылася ў рэдакцыі адной гарадской газеты. Рэдактар там неяк сказаў свайму намесніку:

– А прынясі ты мне вады, Рыгор Данілавіч.

– Гэта мы зараз, Пятро Андрэевіч, – падхапіўся той.

І графін са стала ўзяў. Аднак, выйшаўшы з кабінета, падумаў: «А сакратарка ў нас на што?.. Я хоць і намеснік, але ж ваду гэтаму вепруку насіць не стану».

З гэтым ён паставіў графін на стол у прыёмнай. Сакратарка яго, вядома ж, убачыла. Падумала: «Ну добра, шэфу – то кавы, то гарбаты. А тут яшчэ і намесніку?.. Ды яму толькі моду пакажы… Не на тую напалі!»

Словам, абурылася кабета і занесла графін у аддзел палітыкі.

Супрацоўнікі яго таксама здзівіліся, бо сакратарка ж, як ты ні круці, ім не начальніца… Таму графін яны перадалі ў аддзел гарадскога жыцця.

Але хадзіць па ваду там таксама не пажадалі, і графін апынуўся ў аддзеле культуры.

– Мы, безумоўна, людзі інтэлігентныя, – адзначылі пра сябе тамтэйшыя дзяўчаты, – але ж не настолькі…

У кабінеце вёрсткі ўсе шчыравалі над новым нумарам, таму графін аддалі прыбіральшчыцы, якая прыходіла з заявай на адпачынак. «Гэтага мне яшчэ не хапала – ваду ім насіць», – пакрыўдзілася кабета і аднесла графін … назад у прыёмную.

Туды (і якраз жа ў гэтую хвіліну!) са свайго кабінета выйшаў рэдактар. Убачыўшы, што графін па-ранейшаму пусты, ён вырашыў, што намесніка некуды выклікалі, і пайшоў па ваду сам. А паколькі пачаўся абед, то сакратаркі на месцы не было, і куды знік графін, ніхто не ўбачыў…

Вярнуўшыся з абеда і згледзеўшы, што графіна з вадою няма, намеснік выклікаў да сябе сакратарку:

– Дзе графін? – спытаў у яе. – Шэф патрабуе.

Гэта крута мяняла справу, таму сакратарка ледзь не лёцьма кінулася ў аддзел палітыкі. Там, пачуўшы, што вада патрэбна рэдактару, а не ёй, сказалі: «Адну хвілінку», – і паімчаліся ў аддзел гарадскога жыцця, адтуль – у аддзел культуры…

Нарэшце высветлілі, што апошняй, хто бачыў прапажу, была прыбіральшчыца. Яе і папрасілі зайсці да намесніка, а ўжо разам з ім – у кабінет да шэфа.

Убачыўшы перад ім графін (ды яшчэ і паўнюткі!), намеснік зусім разгубіўся.

– Што вы хацелі, Рыгор Данілавіч? – спытаў у яго галоўны.

– Мы пад-думалі, – знячэўку стаў заікацца той, – можа, вам генеральную прыборку варта было б зрабіць?..

– Згодзен, – сказаў шэф.

А вось што потым сказала прыбіральшчыца намесніку, не чуў ніхто.

Не з той нагi

Раніцай да сябе выклікаў шэф.

– Вы ў Першамаі прыняць удзел жадаеце? – утаропіўшыся пагрозлівым позіркам, запытаўся ён.

Я задумаўся.

– Што вы стаіце, як укопаны? – запытаўся Іван Іванавіч зноў. – Дык так ці не?

Я сціснуў кулакі, сабраўся з духам.

«Усё ж, – думаю, – не кожны дзень тут пытаюцца тваёй думкі».

Але, як і заўжды, адкрыць рот не паспеў.

– І не думайце адмаўляцца! – пачуў я. – Усё проста: ад прадпрыемства – удзельнікі, удзельнікам – па заслугах.

– А за заслугі? – сарвалася неяк з языка.

– Усе людзі, як людзі! – абурыўся шэф. – Калі з’яўляюцца сюды, языкі ў іх адразу ж дзе патрэбна падвешваюцца. А ў вас, як бачу, ён свярбіць. Сваімі нетактоўнымі паводзінамі і некампетэнтнымі пытаннямі вы толькі ставіце палкі ў колы сабе і перашкаджаеце вырашаць праблемы простых рабочых мне.

– Выбачайце, – падціснуўшы хвост, вымавіў я, – перашкаджаць вырашэнню намеру не меў.

І задаў драпака з кабінета.

А ў абедзенны перапынак заглянуў у сталовую. Як высветлілася, не з той нагі сёння падняўся не толькі дырэктар, але і кухар.

– Вам што?

– Я, – кажу, – заказваў боршч, а мне падалі суп.

– Што заказвалі, тое і падалі, – адмахнуўся кухар. А потым дадаў: – Супу ў меню сёння няма.

– У меню, можа, і няма, – не разгубіўся я, – але ён яўна ёсць у маёй талерцы.

Кухара нібы муха ўкусіла.

– Бачыш, – кажа ён мне, – суп яму не боршч! А мне што, з-за гэтага апошнюю порцыю ўчарашняга супу ў памыі выліваць? Выручку губляць?

Пад такім ціскам адчуў сябе не ў сваёй талерцы. А кухар, заўважыўшы, што я разгубіўся, яшчэ вышэй узняў галаву.

– Усе людзі, як людзі, ядуць так, што аж за вушамі трашчыць! Звычайныя катлеты ідуць па кошце адбіўных, і не скардзіцца ніхто. А вы заварылі тут кашу. Сваімі недарэчнымі пытаннямі толькі апетыт наведвальнікам псуяце і ходу абслугоўвання працоўных мас замінаеце.

Ад такога нечаканага супадзення і здзіўлення ў мяне аж язык прыліп да нёба.

– Прабачце, – кажу, – абслугоўванню мас замінаць не хацеў.

І даў лататы са сталовай.

Расчараваны такім няўдалым днём, зайшоў пасля працы ў краму, каб купіць малака. Ужо з якой нагі паднялася сёння прадаўшчыца, не ведаю, але яна ўбачыла, што я засяроджана разглядваю поліэтыленавы пакет, занепакоілася і насцярожана пацікавілася:

– Штосьці не так?

– Усё так, – адказваю, – тлустасць пазначана, завод-вытворца таксама. А вось тэрмін рэалізацыі знайсці ніяк не магу.

Прадаўшчыца занепакоілася яшчэ больш.

– А вы з санэпідстанцыі? – асцярожна і ласкава запыталася яна зноў.

– Не, звычайны спажывец.

– Ну і паводзьце сябе адпаведна, – параіла мне прадаўшчыца. – Няма чаго тут на пакет глядзець, усё адно, што бык на новае шула. І дадала: – Усе людзі, як людзі, бяруць і пытанняў не задаюць. Дый часу на гэта няма. Бывае, людзей у краме што селядцоў у бочцы. Якія тут пытанні? Тут сабе і абважыш, і рэшту недадасі. І ціха ўсё. А вы ўзнялі буру ў шклянцы вады. Цікавіць тэрмін рэалізацыі, дык і шліце лісты на пазначаны адрас. А некампетэнтнымі сваімі пытаннямі няма чаго тут прадстаўніка гандлю адрываць ад працы.

«Змовіліся яны сёння, ці што?»

– Выбачайце, – кажу, – адрываць прадстаўніка і ў думках не было.

Я разлічыўся і мяне як ветрам з крамы садзьмула.

У расчараванні так у той вечар і заснуў.

А ўжо на наступны дзень, баючыся задаваць некампетэнтныя пытанні, я хутка разлічыўся ў краме і ўзяў у сталоўцы звычайныя катлеты па кошце адбіўных. Канечне, у краме крыху аблічылі і прадалі прадукт, тэрмін рэалізацыі якога даўно ўжо мінуў, а ў сталоўцы прыйшлося пераплаціць. Затое мне ветліва ўсміхнулася прадаўшчыца, а кухар, прыязна пахлопаўшы па плячы, пажадаў прыемнага апетыту.

Цяпер я мог смела ісці да шэфа: з якой бы нагі ён ні ўстаў, мае надзвычай тактоўныя паводзіны яму спадабаліся б.

Шчаслiвы дзень

Новы шэф быў злым як авадзень. Не паспеў я спазніцца на працу, як выклікаў да сябе.

«Ну, усё, – вырашыў я, – пэўна, звольніць сабраўся».

Нерашуча пераступіў парог кабінета і раптам пачуў:

– Вы, пэўна, стаміліся, дык сядайце, калі ласка. Я вас разумею: гэтыя трамваі, метро. Пакуль да працы дабярэшся, з ног звалішся.

Я кінуў позірк на крэсла. У ім нікога не было.

«Хто ж гэта са мной размаўляе? – падумаў я. – Ці, можа, мне гэта ўсё толькі здалося?»

– Што ж вы стаіце? – пачуў я зноў. – Сядайце. А калі я што не так сказаў, то прабачце, калі ласка.

Я няўпэўнена прысеў на першае крэсла, якое было бліжэй да выхаду, і ўрэшце ўбачыў шэфа. Ён стаяў спінай каля акна, трымаючы рукі ў кішэнях.

– Як вашыя справы? – пачуў я зноў лагодны голас.

«Ды гэта проста намеснік, таму і гаворыць так ветліва!» – падумаў я і няўпэўнена вымавіў:

Конец ознакомительного фрагмента.