Читать книгу «Закон захавання кахання» онлайн полностью📖 — Зінаіда Дудзюк — MyBook.

8

Ада ўзяла друкарку на пракат, падрыхтавала тэксты падрадкоўнікаў і прынесла іх на заняткі секцыі паэзіі, якая налічвала дзесяць чалавек. Перад званком вырашыла раздаць вершы аднакурснікам. Армянін Ара і кіргіз Кажагільды грэбліва адвярнуліся.

– Мы жаночых вершаў не чытаем, – сказаў Ара.

– А я вашы з задавальненнем пачытаю, калі дойдзе чарга, ды і разбяру дэталёва, – адказала Ада з іранічнай усмешкай. – Я гэта ўмею рабіць, бо шмат гадоў кіравала літаб’яднаннем.

Гэтыя два хлопцы выклікалі ў яе адмоўныя эмоцыі паводзінамі з першах дзён сумеснага навучання. Аднойчы прыземісты Кажагільды падымаўся з Адаю ў ліфце. Кіргіз змераў жанчыну позіркам і сказаў:

– Я згубіў ключ ад пакоя, можна ў цябе пераначаваць?

– Нельга, у кіргізаў мужчыны на жаночай палавіне не начуюць, – з’едліва адказала яна.

– Я думаў, ты мне паспачуваеш.

– Тут, акрамя мяне, жывуць яшчэ трыццаць мужчын, думаю, яны з радасцю дапамогуць, – адказала Ада і выйшла з ліфта, абурана думаючы: «Трэба такую лухту прыдумаць, ключ ён згубіў!»

Ара жыў злева ад Адзінага пакоя. Быў ён высокі, з чорнаю кучараваю галавой і арліным носам, насупленымі зламанымі бровамі, з-пад якіх пазіралі халодныя непрыемныя зрэнкі. З яго пакоя часта чуліся крыкі і спевы ледзь не да світання, што не давала магчымасці заснуць. З-за гэтага Ада злавала на яго.

Празвінеў званок – у клас увайшлі знакаміты паэт Максім Сераброў і крытык Алег Махонькін, якія вялі паэтычны семінар. Сераброў быў даволі высокі, з хваравіта-шэрым колерам твару, разумнымі вачамі, маўклівы. Пры разборы вершаў устаўляў час ад часу слова, усю асноўную нагрузку браў на сябе дробны, са зморшчаным твара Махонькін, які вельмі ўважліва ставіўся да кожнага твора, не прапускаў ні аднаго ўдалага радка, а калі бачыў лухту, дык без жалю бэсціў яе.

У той дзень разбіралі творы ленінградскага паэта Сяргея Шастова. Нешта не спадабалася Махонькіну ў той падборцы і ён сказаў пра гэта аўтару. Шастоў набычыўся, не прымаючы ніякай крытыкі, стаў даводзіць, што ў Ленінградзе існуе свая паэтычная школа, а ён з’яўляецца яе вучнем.

– Мёртвыя вучні мёртвых паэтаў, – не вытрымаў Сераброў, – у якога была ўласная думка пра творчасць некаторых леніградскіх лірыкаў.

Шастоў страшэнна раззлаваўся, бо зняважылі не толькі яго, але і ягоных настаўнікаў, схапіў свае рэчы і падаўся з аўдыторыі. Усталявалася гнятлівая цішыня. Агнія Дымава, па-жаночы адчуваючы віну за ўсіх, сказала:

– Што вы, мужчыны, ваюеце? Хопіць у літаратуры месца ўсім: геніям і графаманам. Вось у мяне бяда. З мужам развялася, а без мужчыны жыць не магу. Быццам палавіну мяне адрэзалі, і я хаджу, трымаючы рукамі вантробы, баюся, што яны вось-вось вываляцца. Масква поўная людзей, а роднай душы не знайсці. Скажыце мне, цудоўны паэт Максім Паўлавіч Сераброў, як вырашыць маю праблему? Вы ж разумны чалавек, пішаце геніяльныя вершы, якія не толькі вас, але і ўсіх нас, мададзейшых, перажывуць.

Агнія скардзілася на жаночую долю, ледзь не плакала. Адзе было няёмка слухаць яе, бо сама ніколі не адважылася б раскрыцца гэтак перад чужымі людзьмі, каб вызваліцца ад уласнага болю. Агнія магла. У яе была іншая ментальнасць, якая дазваляла ёй выглядаць слабой і нават бездапаможнай у гэтым мужчынскім асяроддзі, сярод паэтаў былі толькі тры жанчыны.

На гэтай слязлівай і маркотнай ноце скончыўся чарговы паэтычны семінар. Усе разышліся. Ада вярталася дамоў з сібірачка Тоняй Сурковай, ішлі да станцыі метро, разгаварыліся.

– Як там у вас у Сібіры?

– Прыемнага мала. Часам холадна, часам голадна. Не хочацца туды вяртацца. Сын даслужвае апошні год у войску, таксама турбота – трэба яго неяк тут уладкаваць. Што ён адзін без мяне будзе рабіць?

– Было ж там нешта добрае. Столькі песень Пахмутава напісала пра той край.

– Было. Аднойчы на цеплаходзе ехала па Енісеі, мне далі паруліць! Уражанняў хопіць на ўсё жыццё. Нездарма мужчыны так рвуцца да ўлады.

– Я некалі таксама хацела ехаць па камсамольскай пуцёўцы ў Сібір, ды маці не пусціла. У яе быў нейкі свой адмоўны досвед на гэты конт, – заўважыла Ада.

– Адна наша паэтэса склала такое чатырохрадкоўе:

 
Ах, ты, сука-романтика,
Краснаярская ГРЭС.
Я приехала с бантиком,
А уехала – без.
 

Такая ў нас рамантыка! Ад яе ажно верне.

– Так, Тонечка, вешаюць нам лапшу на вушы ідэолагі, а мы, наіўныя, верым. Мо зойдзем у Елісееўскі? У мяне нічога няма на вячэру.

– Пайшлі.

Жанчыны мінулі помнік Пушкіну і пашыбавалі ў гастраном. Ён стаяў насупраць, зусім побач і вельмі падабаўся Адзе. Размяшчаўся ў шыкоўным будынку з высачэннаю столлю, аздоблены ляпнінаю з пазалотаю. У прасторнай зале заўсёды мелася ў няўнасці і ў дастатку харчовых тавараў, у той час як у другарадных гастраномах найчасцей свяціліся пустыя халадзільнікі. Увайшлі ў сярэдзіну памяшкання, агледзеліся. Па каўбасу стаялі тры чаргі.

– Давай станем у розныя чэргі, мо якая хутчэй будзе рухацца, – прапанавала Ада.

– Нешта не хочацца ў чарзе марнавацца, мо якой рыбы купіць?

– Дык і па рыбу таксама чарга…

Жанчыны разышліся, сталі ў розныя чэргі. Ада назіраючы за знерваванымі ці пакорна маўклівымі людзьмі міжвольна пачала складаць верш:

 
Людзі ў чэргах… Маўклівасць і крык.
Па надзённае і да святыняў.
І сябе ад тугі не акрыць
У агорклай жыццёвай пустыні.
 
 
Сем дзясяткаў гадоў адстаіш, —
Хоць была гэта жытка няміла, —
Атрымаеш ці зорку, ці крыж
На грудзях, а хутчэй – на магіле…
 

Хуценька дастала натанік і запісала яго, нават не згледзелася, як хутка дайшла яе чарга. Паэзія паскарае час. Клікнула Тоню. Яны купілі сыравяленай каўбасы, каб магла паляжаць без лядоўні колькі дзён, узялі хлеба і малака ды накіраваліся ў інтэрнат, разважаючы пра тое, што пара дэфіцыту занадта зацягнулася, ажно на ўвесь савецкі перыяд. Ёсць надзея, што аднойчы ўсё гэта скончыцца, бо жыццё рухаецца па прынцыпу вады хвалямі.

– Тоня, а дзе твой муж? – спытала Ада.

– Чорт яго ведае, мо ў Ізраіль з’ехаў. Ён быў яўрэй. Усё, што я запомніла з сумеснага жыцця, гэта старых баб, якія ўвесь час нешта жавалі і чаўкалі ўстаўнымі сківіцамі. Як згадаю, дык і зараз на ваніты цягне. А як тваё сямейнае жыццё склалася?

– Звычайна, толькі дзяцей яшчэ не завяла, такая вось бясплодная смакоўніца.

– Ты яшчэ маладая, у цябе ўсё наперадзе. Колькі табе?

– Трыццаць.

– А мне ўжо за сорак. Іншы раз адчуваю сябе старою, старою…

– Што ты, Тонечка, ты вельмі добра выглядаеш…

– Стараюся…

За размовамі яны непрыкметна даехалі да інтэрната, дзе іх сустрэла вахцёрка-армянка сярэдняга веку, захутаная ў шэрую пуховую хустку.

– Замерзлі, Марыета Арамаўна? – спытала Тоня.

– Так, цяжка пераношу пахаладанні.

– Тут столькі хлопцаў бегае, можна пагрэцца.

– Вой, дзяўчаты, я ўжо і майткі лянуюся зняць, а вы кажаце… Для мяне ўсё лепшае мінула. Даседжу тут адзін год да пенсіі ды і падамся ў вырай на поўдзень.

Ада зірнула на палічку, дзе паштальёнка пакідала лісты для насельнікаў інтэрната. Ад Касьяна па-ранейшаму нічога не было. Яна з сумам падумала: «Крыніца Лятаўчыкавага кахання перасохла, а мо і не было зусім нічога, толькі гульня, пісаў жа ён у лісце, што душа ягоная заснула, а мо і не прачыналася».

Пакуль Ада з Тоняю чакалі ліфт, да іх падышоў святар, разам моўчкі падняліся на сёмы паверх.

– Тоня, што гэта ў нас наспявае? – здзіўлена спытала Ада.

– А ты хіба не ведаеш? Хлопцы дапіліся да белай гарачкі. Грыша Вепраў расказваў, што да яго ў пакой прыходзіць вялізны чорны сабака, галавой ажно да столі дастае, і сядзіць усю ноч. А ён баіцца паварушыцца, каб звер яго не загрыз. Агнія запрасіла святара, каб асвяціў наш паверх, ачысціў ад усяго благога.

– Ну, няхай сабе, абы памагло, бо Ара ў мяне за сцяною таксама ноччу оргіі ўчыняе, заснуць немагчыма. Можна ж ціха піць, навошта гарлапаніць… Бывай, да заўтра, – Ада развіталася з Тоняю і накіравалася ў свой пакой.

Яна і сама заўважала, што хлопцы адурэлі ад волі – побач ні сям’і, ні родных, толькі вялізны горад са спакусамі. Напіваліся так моцна, што іншы раз покатам ляжалі на калідоры. Некаторыя, мусіць, мелі ўжо вялікі стаж п’янства, таму справа дайшла да белай гарачкі. Грышу Веправа было асабліва шкада, вельмі прыгожы і таленавіты хлопец, але аказаўся слабы духам.

У пакоі было холадна. Ацяплення яшчэ не ўключалі. Аду, як і вахцёрку-армянку, таксама даймалі раннія маскоўскія халады, яна падумала, што трэба купіць нейкі абагравальнік ці хоць гумавую грэлку, каб класці ў пасцель пад ногі, і занялася прыгатаваннем вячэры. Вырашыла насмажыць трохі бульбы, калі-нікалі можна парушыць правілы харчавання, каб пазбыцца аднастайнасці. Гэтым яна і занялася. Калі бульба была гатовая, узяла патэльню і панесла ў пакой. Як толькі вытыркнулася ў калідор, убачыла, што на яе рухаецца працэсія на чале са святаром, які апускае вялізны венік у памыйнае вядро і пырскае калідор, за ім цягнуліся гурмою насельнікі сёмага паверха. Ада спынілася, каб не пераходзіць дарогу хрэснаму ходу. Мінаючы яе, святар шчодра пырснуў з веніка на смажаную бульбу. Ада зразумела, што есці бульбу, асвечаную з памыйнага вядра, не будзе, вярнулася і выкінула жаданую вячэру ў смеццеправод. «Не заслужыла я, мабыць, гэтую ежу», – падумала Ада і вярнулася ў пакой. Папіла гарбаты пад ціхі гоман радыёпрыёмніка, прыслухалася і са здзіўленнем пачула, што інтэрв’ю бралі ў прафесара, кандыдата мастацвазнаўства, пісьменніцы Молевай Ніны Міхайлаўны, той самай, у якую падчас вучобы быў закаханы Уладзімір Караткевіч. Слынны навуковец апавядала пра расійскіх мастакоў-авангардыстаў, аб’яднаных вакол студыі «Новая рэальнасць». Ада ўважліва ўслухоўвалася ў голас жанчыны і думала: «У рамане Караткевіча жанчына, якую пакутна кахае беларускі пісьменнік, памерла ад аперацыі на сэрцы. Закаханы герой павёз сваю каханую-нябожчыцу, каб пахаваць у Беларусі. Не мог пакінуць яе ў Маскве, хоць мёртвую забраў з сабою. Такая сумная гісторыя. Праўда мастацкага твора не супадала з фактамі жыцця. Прататып персанажа Молева жыве, працуе і нават перажыла аўтара. Мабыць, грэх – пісаць пра жывога чалавека, што ён памёр, за гэта аўтара можа чакаць кара і ранні зыход. Нельга праз літаратурны твор помсціць сваім непрыяцелям, жадаць ім зла, праклінаць. Сусветны закон справядлівасці бязлітасны да пісьменнікаў, таму што ім дадзена ўплываць на чалавечыя душы».

1
...