Читать книгу «Среди болот и лесов (сборник)» онлайн полностью📖 — Якуба Брайцева — MyBook.
image
cover

Якуб Брайцев
Среди болот и лесов

© Оформление. ИПА «Регистр», 2013

(1861–1931)

Якуб Брайцаў
Вяртанне пісьменніка

Літаратурная спадчына Якуба Брайцава толькі цяпер прыходзіць да чытача, хоць жыў пісьменнік і пісаў свае незвычайныя творы ў XIX – першай чвэрці XX стагоддзя. Ён бы так і застаўся забытым аўтарам адной аповесці «Богачи», выдадзенай яшчэ ў 1889 г., каб не ідэя сына Васіля Якаўлевіча Брайцава[1] выдаць да стагадовага юбілею зборнік бацькавых твораў. Будучы ўпэўненым у прызнанні яго літаратурных заслуг у Беларусі, Васіль Якаўлевіч звярнуўся ў пачатку 1960 г. з лістом да старшыні праўлення Саюза пісьменнікаў БССР П.У. Броўкі[2], у якім напісаў: «Многоуважаемый Петр Устинович! 19-го февраля 1961 г. исполнится 100 лет со дня рождения старейшего писателя Белоруссии Якуба Романовича Брайцева. В литературно-критическом очерке Ф.Н. Доминиковского «Белоруссия в произведениях Я.Р. Брайцева»[3] приведены биографические сведения о жизни и деятельности писателя и обзор его основных произведений. Ф.Н. Доминиковский, известный ученый-геолог и литературовед, уделил большое внимание изучению наследия писателя и написал очерк и не успел его напечатать, т. к. внезапно скончался от паралича сердца. Его жена З.П. Доминиковская передала мне рукопись, и я посылаю ее для напечата-ния в одном из литературных журналов по Вашему усмотрению. Появление в печати очерка, несомненно, привлечет внимание и послужит, возможно, толчком к напечатанию сборника произведений Я.Р. Брайцева. Рукописи хранятся у меня, его младшего сына.

Как в жизни каждого человека прошлое с годами все ярче всплывает, так и у народа далекое становится близким. В литературных произведениях Я.Р. Брайцева даны этюды из прошлого белорусского народа, и сейчас, в пору расцвета его культуры и государственности, будет уместно помянуть писателя добрыми словами. Я надеюсь, что Союз писателей БССР воздаст должное памяти своего старейшего собрата, окажет содействие в напечатании его произведений и сохранит их для будущих поколений».

На гэтым лісце 6 лютага 1960 г. П.У. Броўка зрабіў рэзалюцыю: «А. Кучару.[4] Прашу вырашыць справу». Але на пасяджэнні прэзідыума праўлення СП БССР пытанне аб стагадовым юбілеі Я. Брайцава і выданні яго твораў не разглядалася[5]. Мяркую, што ліст Васіля Якаўлевіча з прыкладзеным да яго нарысам Ф.М. Дамінікоўскага быў перададзены ў рэдакцыю газеты «Літаратура і мастацтва», дзе тады загадчыкам аддзела пісем працаваў паэт С.П. Шушкевіч[6]. Менавіта С.П. Шушкевіч пад псеўданімам С. Койданаўскі змясціў у «ЛіМе» 17 лютага 1961 г. невялікі юбілейны артыкул пра Я. Брайцава, у канцы якога заўважыў: «Варта, каб спадчынай Якуба Брайцава зацікавіліся нашы літаратуразнаўцы, а Цэнтральны архіў БССР набыў рукапісы пісьменніка і даў магчымасць вывучаць іх нашым вучоным і пісьменнікам». Вядома, што С.П. Шушкевіч сустракаўся з Васілём Якаўлевічам і той падарыў яму фотаздымак бацькі, які быў упершыню апублікаваны ўжо да наступнага, 105-гадовага юбілею пісьменніка ў часопісе «Беларусь» з артыкулам зноў жа С.П. Шушкевіча. Зразумела, што артыкул 1961 г. быў заўважаны і абмеркаваны ў літаратурным архіве, а яго аўтар з ахвотай перадаў матэрыялы, якімі валодаў, для арганізацыі працы па набыцці рукапісаў Я. Брайцава. У хуткім часе завязалася перапіска літаратурнага архіва з Васілём Якаўлевічам, і ў пачатку мая 1961 г. ён прыехаў у Мінск з добрым пакункам літаратурнай спадчыны свайго бацькі і быў ветліва і ўдзячна прыняты ў калектыве архіўных супрацоўнікаў. З той пары прайшло больш за пяцьдзясят гадоў. Многія літаратуразнаўцы звярталіся да твораў Я. Брайцава, і ў іх працах зроблены аналіз яго рамана «Среди болот и лесов», а найбольш аповесці «Богачи». Але да выдання зборніка лепшых твораў пісьменніка так і не прыйшлі.

Першым, хто задумаўся над несправядлівасцю пісьменніцкага лёсу Я. Брайцава, быў выдатны беларускі паэт Алесь Пісьмянкоў. Па праву зямляцкага паклікання[7] Алесь Уладзіміравіч узяўся за вывучэнне твораў Я. Брайцава з тым, каб прапанаваць якому-небудзь выдавецтву зборнік і ўрэшце адкрыць для беларускага чытача яшчэ адно імя ў нашай літаратуры. У сваім артыкуле «Забыты Брайцаў» («ЛіМ». 26.02.1999) А. Пісьмянкоў успамінаў сустрэчу са сваім школьным настаўнікам, выдатным краязнаўцам Аляксандрам Іосіфавічам Нікіценкам і яго скрушныя словы: «Забылі Брайцава, зусім забылі, а шкада: прыгожы быў чалавек». З гэтым і прыйшоў Алесь Уладзіміравіч у Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва – выправіць недахоп памяці, тут знайшоў сваіх аднадумцаў, тут былі зроблены першыя крокі па вяртанні пісьменніка ў літаратурны кантэкст. На вялікі жаль, толькі першыя крокі: 23 красавіка 2004 г. Алесь Уладзіміравіч раптоўна пайшоў з жыцця. Яго ідэю вырашылі не адкладваць. Праца па ўкладанні зборніка была распачата ўжо выключна намаганнямі супрацоўнікаў архіва-музея. Пасля быў доўгі шлях блукання гэтага зборніка па выдавецтвах. Яго выпрабоўваў лёс, як не аднойчы выпрабоўваў і яго аўтара.

Якуб Раманавіч Брайцаў нарадзіўся 19 лютага 1861 г. у сяле Забялышын Клімавіцкага павета Магілёўскай губерні[8] ў сялянскай сям’і. Па ўспамінах сваякоў, бацька быў суровым і працавітым гаспадаром, сваіх дзяцей выхоўваў у бесперапыннай, часам знясільваючай, працы і выключнай дысцыпліне. Сам жа пісьменнік згадваў: «Суровый отец мой не любил шутить делом»[9]. У сям’і выхоўвалася чацвёра дзяцей: сыны Якуб, Іван, Васіль і дачка Марыя. Усім траім Раманавым сынам, дзякуючы прыродным здольнасцям і выхаванай змалку працавітасці, суджана было атрымаць выдатную адукацыю і стаць вядомымі людзьмі свайго часу: Іван (1870–1947) стаў матэматыкам, доктарам фізіка-матэматычных навук, прафесарам; Васіль (1878–1964) – знакамітым хірургам, вучоным у галіне эксперыментальнай і клінічнай хірургіі, прафесарам, сапраўдным членам Акадэміі медыцынскіх навук СССР. Самым вялікім рамантыкам у сям’і, з юначых гадоў здольным да філасофскага аналізу стану рэчаў, да ўспрыняцця літаратурных твораў так, каб аж не спаць усю ноч ад хвалявання, быў старэйшы сын Якуб. Гэтая акалічнасць не спрыяла трываласці адносінаў з бацькам, які, па-ўсяму, не падзяляў імкненні сына да спраў, што адбіралі час у непраходзячых гаспадарчых клопатаў. На яго, як на старэйшага, ускладваліся абавязкі і надзеі прадаўжальніка сялянскай гаспадарскай традыцыі, кармільца, і не з прыхамаці бацькі, а па адвечным беларускім звычаі. Ён жа гэты звычай намерыўся парушыць і ў вачах усёй вясковай грамады быў дзіваком і адступнікам. Але колькі такіх маладых вяскоўцаў было ў той час у Беларусі, якія адважыліся ламаць спаконвечныя законы, адчуваючы сваю наканаванасць быць у літаратуры, музыцы, навуцы.

Якуб Брайцаў скончыў пачатковую школу ў родным Забялышыне прыблізна ў 1873 г. і паступіў у павятовае вучылішча ў Клімавічах. Менавіта тут ён пазнаёміўся з магутным талентам А. Пушкіна, М. Гогаля, М. Лермантава, М. Някрасава. На ўсё жыццё яму запомніліся прыватныя вечары ў Клімавічах, дзе ён зачаравана слухаў мастацкую дэкламацыю іх твораў і яго ахоплівала неверагодная радасць і хваляванне. Юнак меў вялікую мару «выйсці ў людзі»: старанна вучыўся, спасцігаў не толькі літаратуру, але і матэматыку, геаграфію, іншыя навукі. Пасля сканчэння прыблізна ў 1878 г. павятовага вучылішча, будучы на раздарожжы і пакуль яшчэ падпарадкоўваючыся волі бацькі, ён застаецца ў Забялышыне і працуе памочнікам пісара Забялышынскай управы. У хуткім часе адпраўляецца шукаць шчасця на Украіну і ўладкоўваецца канторшчыкам на цукровы завод памешчыка Цярэшчанкі[10]. Але праз два гады Я. Брайцаў вымушаны быў вярнуцца ў сваю вёску «на прызыў» у салдаты. Ад вайсковай службы быў вызвалены як старэйшы сын у сям’і, але і на гаспадарцы заставацца не захацеў. Насуперак бацьку вырашыў ехаць у Маскву. Была ў яго і аднадумца – Праскоўя Кілесава, фельчарка мясцовай бальніцы, нявеста. З ей і адправіўся ў далёкі шлях. На паштовай станцыі Звянчатка (паміж Крычавам і Рослаўлем) маладыя павянчаліся. Іх чакалі выпрабаванні беспрытульнасцю і беднасцю і ўрэшце здабыты цяжкай працай дабрабыт, а пасля вялікае расчараванне дваццаці год маскоўскага жыцця.

У Маскве Якуб Брайцаў уладкаваўся на працу ў кантору садавода Ф.Ф. Ноева[11], дзе адразу паказаў сваю дасведчанасць у вядзенні спраў. У хуткім часе атрымаў пасаду бухгалтара, што гаворыць не толькі аб яго выключных здольнасцях і працавітасці, але і аб імкненні і жаданні набываць усё новыя веды. Наўрад ці мог бы ён атрымаць такую пасаду, каб не пастараўся прайсці адпаведную падрыхтоўку. Нягледзячы на тое, што праца бухгалтара давала яму добрую магчымасць утрымліваць сям’ю, а пасля і арганізаваць выданне кніг, бухгалтарам па натуры ён не быў. Я. Брайцаў шукаў шлях у літаратуру. Увесь вольны час аддаваў вывучэнню рускай і сусветнай класікі, сістэматычна наведваючы ў Маскве Румянцаўскую бібліятэку. Пад уражаннем твораў рускіх пісьменнікаў піша вялікую аповесць «Богачи», якая выйшла асобным выданнем у друкарні Кушнярова[12] ў 1889 г., адначасова стварае аповесці «Невдашечка Анюта», «Старая деревня», першую з якіх рыхтуе да выхаду ў той жа друкарні Кушнярова. У гэты час сям’я Я. Брайцава, дзякуючы яго нястомнай працы і выданню «Богачей», жыве ў матэрыяльным дастатку. Якуб Раманавіч нават бярэ на ўтрыманне сваіх малодшых братоў і дапамагае паступіць ім у Маскоўскую гімназію, а пасля і ва ўніверсітэт. Так што «выйшлі ў людзі» яны не без удзелу свайго старэйшага брата. Можна меркаваць, што Я. Брайцаў, без перабольшання, дзякуючы выданню сваёй таленавітай аповесці, стаў адметнай асобай у маскоўскім літаратурным асяроддзі. Ён знаёміцца з многімі пісьменнікамі, яго майстэрства адзначае Л. Талстой, а пасля не аднойчы прымае Я. Брайцава ў сваім доме. Геніяльны рускі пісьменнік, як заўважыў Ф. Дамінікоўскі, зрабіў бясспрэчны ўплыў на фарміраванне яго светапогляду і пад уражаннем іх знаёмства Я. Брайцаў напісаў псіхалагічны эцюд «Иуда».

У 1890-я гады Якуб Раманавіч спасцігае сакрэты адвакацкай практыкі, што дасць яму неблагі заробак, а ў будучым і ўвогуле стане амаль адзінай яго працай. Як вядома, юрыдычнай адукацыі Я. Брайцаў не меў. Але, відавочна, карыстаючыся існаваннем у той час інстытута прыватных павераных, падаў прашэнне і здаў неабходны экзамен у адным з маскоўскіх судоў, дзе і атрымаў «Свидетельство на хождение по делам». У гэты ж час па прыкладзе Ф.Ф. Ноева, пачынае захапляцца навукай развядзення кветак, вывучае кветкаводства. У яго была даўняя мара адчыніць сваю ўласную краму кветак. Недзе ў другой палове 1890-х крама была ўладкавана і адчынена. Але, да вялікага расчаравання, прадпрыемства не ўдалося. Магчыма, моцная канкурэнцыя, а таксама літаратурная праца, якую ён не мог спыніць і якая забірала час і сілы, не спрыялі яго бізнесу. У выніку банкруцтва і страта ўсіх грошай, якія збіраліся праз многа год вялікімі намаганнямі. Набраныя ў выдавецтве яго аповесці «Невдашечка Анюта» і «Дудолева лоза», як лагічны зыход апісаных падзей, з-за немагчымасці аплаціць кошты выдання так і не ўбачылі свет. Для Якуба Раманавіча наступілі цяжкія дні. Падрасталі сыны Дзмітрый, Іван, Георгій, самаму старэйшаму з якіх Дзмітрыю было ўсяго дзесяць гадоў. Да таго ж пад яго апекай заставаўся самы малодшы брат Васіль. Пакінуць іх без сродкаў ён не мог, а пачынаць усё з таго, з чаго пачынаў дваццаць гадоў таму, азначала кінуць сям’ю на паўгалоднае існаванне. I яны разам з жонкай Праскоўяй Сяргееўнай прымаюць рашэнне вярнуцца ў Забялышын на «бацькоўскія парогі». У гэты час памёр бацька Раман Рыгоравіч, маці засталася зусім адна, а гаспадарка патрабавала догляду. Такім вось горкім чынам спраўдзілася бацькава надзея: старэйшы сын усё ж забраў з яго рук «тастамент» на сялянскія клопаты.

...
9

На этой странице вы можете прочитать онлайн книгу «Среди болот и лесов (сборник)», автора Якуба Брайцева. Данная книга имеет возрастное ограничение 16+, относится к жанрам: «Литература 20 века», «Классическая проза». Произведение затрагивает такие темы, как «проза жизни», «авторский сборник». Книга «Среди болот и лесов (сборник)» была издана в 2013 году. Приятного чтения!