Читать книгу «Танцавальны марафон» онлайн полностью📖 — Виктора Правдина — MyBook.
image

5

Прапахлы тытунём кабiнет быў невялiкi, халодны i змрочны. Мэбля для такiх устаноў звычайная: двухтумбавы стол, шафа для адзення, сейф, тры крэслы з чырвонымi спiнкамi. На шырокiм падваконнi сiратлiва тулiўся пашарпаны гаршчок, напалову запоўнены зямлёй, з якой тырчала бляклая раслiна. Што расло, Хмара, як нi сiлiўся, зразумець не змог, але першае, што зрабiў, – гэта добратакi палiў сухую зямлю. Старыя, без усялякага малюнка, зеленаватыя шпалеры, пабачыўшыя на сваiм вяку не адну сотню закаранелых злачынцаў, рабiлi сцены кабiнета гнятлiвымi, нейкiмi замкнёнымi ў прасторы, а абрамленае кратамi, патрэсканае шкло ў адзiным акне, здавалася, мутным халодным вокам зазiрнула новаму гаспадару ў самыя патаемныя куточкi душы. Хмара адчуваў сябе няўтульна, але ведаў, што гэта часова. Ён хутка прывыкне i да пашарпаных сцен, i да кратаў на акне, i толькi патрэсканае шкло ён заўтра памяняе.

Другою палову свайго першага працоўнага дня Хмара вывучаў справу за нумарам 385. Перачытаўшы яе ад вокладкi да вокладкi некалькi разоў, ён у роспачы задумаўся: навошта Мiкулiч усучыў яму гэтую заведама зразумелую i амаль скончаную справу? Зноў душу раздзiралi сумненнi i незразумелая злосць: «Што гэта – жарт, насмешка з маладога супрацоўнiка?» – у думках распаляўся Хмара. Ён сумленна вышукваў у рыпучых, яшчэ не зляжалых паперках хоць якую-небудзь дробязь, намёк, хоць бы слова на злачынны намер у адносiнах да пацярпелага i не знаходзiў.

Занатаваныя ў справе падзеi адбылiся некалькi дзён таму ў парку Чалюскiнцаў у клубе «Каму за трыццаць» i тычыліся некага Шапавалава Iвана Мiкалаевiча, якi там нечакана памёр. Нi агрэсiўнасцi, нi злога намеру ў адносiнах да нябожчыка нiхто з прысутных не праяўляў, ён танцаваў, быў як усе i раптам памёр, iмгненна i цiха. У справе мелася i медыцынскае заключэнне, у якiм гаварылася, што Шапавалава напярэдаднi выпiсалi з бальнiцы i ён амбулаторна далечваў двухбаковае запаленне лёгкiх. Пералiчвалiся медыкаменты, якiя пацярпелы прымаў у бальнiцы i якiя прапiсаны для далечвання. У выснове гаварылася, што смерць Шапавалава справакаваная некалькiмi прычынамi, i галоўнае – пацярпелы разам з моцнымi антыбiётыкамi ўжыў шмат гарэлкi i шыпучага вiна, хутчэй за ўсё шампанскага, што выклiкала алергiчную рэакцыю. Алергiя iмгненна спаралiзавала лёгкiя, выклiкала шок, хуткацечную кому i смерць. Фiзiчныя нагрузкi, у дадзеным выпадку – танцы, Шапавалаву былi супрацьпаказаныя, яны паскорылi i ўзмацнiлi алергiчную рэакцыю на лёгкiя. У дадатак пацярпелы два гады таму перанёс прыступ параксiзмальнай тахiкардыi, i гэта таксама значылася адной з прычын лятальнага вынiку.

Канечне, пэўная работа аператыўна-следчай групай была праведзена i ў асноўным тычылася збору звестак пра Шапавалава i падзеi, якiя папярэднiчалi няшчаснаму выпадку. Фармальнасць гэтай работы была вiдавочнай, дый па-iншаму i быць не магло, бо нiякага крымiналу ў здарэннi нават не праглядвалася.

«Тады навошта, дзеля чаго Мiкулiч падсунуў мне гэтую справу? – разважаў Хмара. – І што азначаюць падпалкоўнiкавы словы „Трэба ж з нечага пачынаць“?»

Ранiца наступнага дня выдалася надзiва сонечнай i цёплай. Лужыны на гарадскiх вулiцах блiшчэлi серабром, але дажджу не было, гэта палiвачныя машыны пастаралiся стварыць святочную чысцiню i жаданую прахалоду. Хмара трошкi прайшоўся па тратуары, збочыў у Севастопальскi сквер i наўпрасткi па добра-такi ўтаптанай сцяжынцы пашыбаваў да тралейбуснага прыпынка. Хтосьцi нябачны за густым кустоўем свiснуў, мабыць, падклiкаючы сабаку.

Настрой у Хмары быў выдатны, ад учарашняй прыгнечанасцi не засталося i следу. Лейтэнант быў перакананы, што справу Шапавалава ён атрымаў як вучэбны дапаможнiк, i гэтае Мiкулiчава празмернае апекаванне сёння падалося смешным.

Пасля пяцiхвiлiнкi Мiкулiч папрасiў Хмару застацца i, медыцынскiм скальпелем вострачы аловак, нецярплiва спытаў:

– Прачыталi справу?

– Так, – кiўнуў лейтэнант.

– Ну, i што можаце сказаць?

– Я цалкам згодны з версiяй, што Шапавалаў памёр не гвалтоўна. Судова-медыцынская экспертыза пацвярджае факт…

– Я ведаю, што сказалi эксперты, – Мiкулiч рэзкавата перапынiў Хмару i насупiўся; ён кiнуў на стол аловак, схаваў у шуфляду скальпель. – А вось у мяне ёсць пытаннi, i галоўнае: чаму хворы чалавек пацягнуўся на танцулькi? Няўжо пяцiдзесяцiгадовага мужыка не стрымала запаленне лёгкiх?

– Шапавалаў быў п’яны, – зазначыў Хмара.

– Не п’яны, а выпiўшы, – з’едлiва ўдакладнiў Мiкулiч.

«Ён што, здзекуецца?» – раздражнёна падумаў Хмара. Добры настрой знiк, у душу закралася пачуццё прыгнечанасцi, быццам штосьцi яму не дадзена зразумець у гэтай справе.

– Шапавалаў прыйшоў у клуб «Каму за трыццаць» з жанчынай, – не звяртаючы ўвагi на iмгненна знiякавелага лейтэнанта, вёў сваё Мiкулiч. – Як яе?..

– Александровiч Галiна Вiктараўна, – адказаў Хмара i нечакана зразумеў, што падпалкоўнiк наўмысна цягне яго ў спрэчку.

– А чаму сяброўка Шапавалава не ўзгадала хваробу каханка? Не ведала? Малаверагодна… Яны больш за год ў даволi блiзкiх адносiнах…

– Што зменiцца, калi мы ўстановiм, што Александровiч ведала пра хваробу Шапавалава i змаўчала на допыце?

– Юрыдычна нiчога, – ажно засвяцiўся Мiкулiч. – А цяпер трошкi пафантазiруем, паспрабуем лагiчна абгрунтаваць з’яўленне пацярпелага ў клубе «Каму за трыццаць». Думаю, што без танцаў Шапавалаў мог абысцiся, а вось без палюбоўнiцы, можа, i не. Толькi навошта сустракацца ў клубе, калi ў Александровiч, як вядома, мелiся асабiстыя ключы ад халасцяцкай кватэры каханка?

– Мы не даведаемся, што iм кiравала, – раздражнёна прагаварыў Хмара; слухаючы i назiраючы за Мiкулiчам, лейтэнант нечакана засумняваўся ў легендах, якiя чуў пра гэтага чалавека. – Шапавалаў мог прыйсцi ў клуб i каб напiцца, i каб патанцаваць, i каб сустрэцца з палюбоўнiцай.

– Толькi не памерцi! – задаволена ўскрыкнуў праставаты Мiкулiч. – Таму я i хачу, каб Вы знайшлi сапраўдную прычыну i дакладна высветлiлi: чаму хворы Шапавалаў аб’явiўся ў клубе?

– І гэта ўсё? – шчыра здзiвiўся Хмара.

– Не так i мала, – усмiхнуўся Мiкулiч i лагодна прабурчэў: – Я згодны з афiцыйнай версiяй, толькi Шапавалаў не быў разухабiстым мужыком, цанiў сваё здароўе i асаблiва – заробленую капейку… Тая ж Александровiч, калi заўважылi, назвала палюбоўнiка «прыжымiстым мужыком».

6

Пошукi Александровiч пачалiся з нейкай незразумелай таямнiчасцi. Хмара спярша пазванiў дадому, але тэлефон упарта маўчаў, а на працы мiлагучны жаночы голас млява паведамiў, што ў фiрме «Венера» Галiна Вiктараўна Александровiч не працуе i нiколi не працавала.

«Але ж у пратаколе допыту значыцца зусiм iншае… Што падштурхнула каханку Шапавалава да хлуснi? – разважаў Хмара. – Чаму яна ўзгадала фiрму “Венера”? Наўмысна замоўчвае месца сапраўднай працы? Магчыма, але навошта такая дакладнасць, ды яшчэ пасаду пазначыла – кансультант?» Хмара яшчэ раз патэлефанаваў у «Венеру» i паспрабаваў высветлiць, чым займаецца фiрма. У адказ усё той жа мiлагучны голас завучана i з непрыхаваным юрлiвым пачуццём працытаваў:

 
Калi ў вас праблемы з сексам
I каханне толькi ў сне,
Вы прыходзьце у «Венеру»,
Знiмем мы праблемы ўсе…
 

Гэтае вершаванае тлумачэнне падзейнiчала лепш, чым Мiкулiчавы хiтраватыя намёкi на паглыбленую праверку смерцi Шапавалава. Праз гадзiну Хмара быў на вулiцы Танкавай i хутка знайшоў дом і пад’езд, дзе жыла Александровiч. На ўваходзе Хмара звярнуў увагу на перапоўненую газетамi паштовую скрынку. Было вiдавочна, што Александровiч даўнавата не наведвалася па гэтым адрасе. Здагадка пацвердзiлася, i лейтэнанту нiчога не заставалася, як гаварыць з суседзямi.

На лесвiчнай пляцоўцы месцiлiся чатыры кватэры, але толькi ў адной адазвалiся на званок. Хмару непамерна доўга i прыдзiрлiва вывучалi праз вочка, за дзвярамі чуўся шэпт i старэчы кашаль. Лейтэнант нецярплiва зноў нацiснуў на кнопку званка, выцягнуў з кiшэнi мiлiцэйскае пасведчанне i, разгарнуўшы перад самым вочкам, строга сказаў:

– Я з мiлiцыi, хачу задаць некалькi пытанняў.

Пасля гэтых слоў на нейкi момант запанавала цiшыня, потым зноў данёсся шэпт, i нарэшце шчоўкнуў замок, дзверы прачынiлiся, але роўна настолькi, наколькi дазваляў серабрысты ланцужок. У шчылiне з’явiлася сухая, жоўтая, быццам з воску, рука.

– Дай дакумент, – рэзкавата загадаў нябачны гаспадар i надрыўна закашляўся.

Хмара без ваганняў паклаў пасведчанне на дрыжачую далонь, якая iмгненна знiкла, шчоўкнуў замок. Лейтэнант цярплiва чакаў. Нарэшце дзверы адчынiлiся, i ўсё той жа голас запрасiў:

– Праходзьце.

У вузкiм, як размiнуцца дваiм, калiдорчыку стаялi стары i старая. Абое невялiкага росту, хударлявыя, зямлiста-шэрага колеру твары былi пасечаныя глыбокiмi зморшчынамi. Дзве пары выцвiлых слязлiвых вачэй з цiкаўнасцю i страхам глядзелi на лейтэнанта. Хмара нечакана разгубiўся, яму нiколi ў жыццi не даводзiлася бачыць людзей гэткага сталага веку. Ён павiтаўся i паспешлiва патлумачыў:

– Я шукаю вашу суседку з сорак пятай кватэры.

Гаспадары перазiрнулiся.

– Гавары ты, – прашапялявiла старая i, унiкаючы глядзець на Хмару, разгублена дадала: – У кватэру не запрашаем – не прыбрана.

– Усё ў нас чыста, – нечакана ўзвiўся гаспадар, ягоныя шчокi па-ружавелi, вочы ажылi.

– Не запрашаем, бо няма чым частаваць, – гаспадар нечакана змоўк, ухапiў сябе за дрыжачую скiвiцу i, не зважаючы на Хмару, паправiў устаўныя зубы. – Гарбата i тая скончылася, а схадзiць у краму не можам – ногi не iдуць.

– Ды мне пачосткi нiякай i не трэба, – адчуваючы, што чырванее, адмахнуўся Хмара; ён ужо шкадаваў, што так настойлiва рваўся ў гэтую кватэру.

– Госць у хату – стаў самавар, – падвёў рысу гаспадар, які быццам i не чуў лейтэнантавых слоў.

Старая цяжка ўздыхнула i пашкрэбала на кухню. Было вiдавочна, што мужавы словы тычылiся толькi яе.

– Давайце я схаджу ў краму, – нечакана прапанаваў лейтэнант.

Гаспадыня прыпынiлася, прыхiльна паглядзела на Хмару.

– Памажы, унучак, а то…

– Цыц, баба! – гнеўна перапынiў жонку стары. – Чалавек на дзяржаўнай службе, гэта табе не блiнцы на патэльнi пераварочваць…

– Ды я мiгам, – стаяў на сваiм лейтэнант, – кажыце, што купiць.

Праз сорак хвiлiн Хмара сядзеў за сталом насупраць гаспадара кватэры i з высокага кубачка сёрбаў гарбату ў прыкуску з драбавым цукрам. Фiлiпаўна, так назвалася жонка старога, няспешна раскладвала прынесеныя лейтэнантам прыпасы: што ў халадзiльнiк, што ў шкапчык каля плiты, што на падваконне. Гаспадар аказаўся чалавекам упартым i па-старэчы крыўдлiвым. Ён адразу заявiў, што яму ёсць што сказаць, але нiчога гаварыць не будзе, пакуль «прадставiцель кампетэнтных органаў» не пап’е з iм гарбаты. Хмары нiчога не заставалася, як падпарадкавацца i моўчкi чакаць, калi стары зменiць гнеў на лiтасць.

– Значыць, органы зацiкавiлiся суседкай з сорак пятай кватэры? – здаволiўшы самалюбства, здалёк пачаў стары.

– Так, – кiўнуў Хмара.

– Ну i правiльна робiце, што цiкавiцеся.

– Коля! – Фiлiпаўна прыпынiлася каля стала з цэлафанавым мяшэчкам грэчкi ў руках, шматзначна зiрнула на мужа.

– Што Коля? – бразнуў лыжкай аб стол гаспадар. – Мне восемдзесят пяць, i за столькi гадоў больш дурной бабы, як Галька, не сустракаў.

– Можа, яшчэ ўсё наладзiцца, – патупiлася гаспадыня, вiдавочна, дакараючы сябе, што зачапiла мужа.

– На-ла-дзiцца! – шапялявячы, перадражнiў жонку гаспадар. – Ад дабра дабра не шукаюць… А Гальцы ўсяго мала… Баба-гром… Такога чалавека Бог паслаў, а яна хвастом, як…

– А ты языком, як памялом! – зазлавала Фiлiпаўна. – Пашкадуй слых маладога чалавека.

Гаспадар прымоўк, слепавата зiрнуў на Хмару i, збiраючыся з думкамi, на нейкi час сцiшыўся, моўчкi дапiў астылую гарбату. Жонка зноў напоўнiла ягоны кубак.

– А для органаў iнфармацыя будзе такая… – стары кiнуў у кубак кавалачак цукру, трошкi павагаўся i паклаў яшчэ адзiн. – Галька, хоць i бядовая, але баба неблагая, iншым разам нават добрая. Змоладу ўсё жанiхоў перабiрала, а як трыццаць булькнула – хахаляў… Але нiхто i не прыжыўся, цяперака – нi мужыка, нi хахаля… Ды i я з такой не жыў бы, – нечакана зрабiў выснову гаспадар i, задзiрлiва паглядзеўшы на жонку, падмiргнуў Хмары.

– Цьфу ты! – плюнула старая. – Зусiм з глузду з’ехаў! Ва ўборную сам не сходзiць, а падмiргвае!

Стары насупiўся i надоўга замаўчаў. Хмара цярплiва чакаў, але ў нейкi момант варухнулася сумненне, што дарма трацiць час, слухаючы старога маразматыка. Тое, што следчы маўчыць i не задае пытанняў, гаспадар ацанiў па-свойму.

– Ты раскажы пра апошняга ўхажора, – паспрабавала схiтрыць гаспадыня, яна, вiдавочна, хвалявалася, i такая падказка выглядала па-дзiцячы наiўнай. – Напэўна, з-за яго чалавек i прыйшоў.

– Не ўмешвайся, – зласлiва буркнуў стары, – дойдзем i да апошняга, трэба па-парадку, органы павiнны ведаць усю карцiну… А даўжэй за ўсiх пратрымаўся з Галькай наш Iван Мiкалаевiч…

«Ну, нарэшце, – узрадавана падумаў Хмара. – Вiдаць, Шапавалава тут добра ведалi i цанiлi, калi называюць поўным iмем».

– Золата, а не чалавек, – iмгненна дала характарыстыку Шапавалаву гаспадыня.

– Што праўда, то праўда, – падтрымаў жонку стары.

– Iван Мiкалаевiч Вам радня? – удакладнiў Хмара, нязмушана падштурхоўваючы размову ў патрэбны накiрунак.

– З чаго Вы ўзялi? – насцярожыўся стары.

– Вы самi сказалi «наш Iван Мiкалаевiч».

Гаспадар на хвiлiну задумаўся, пачмокаў губамi, адсунуў ад сябе кубак з гарбатай.

– Я ў пераносным сэнсе, – стрымана патлумачыў ён i, шукаючы падтрымкi, паглядзеў на жонку.

– Пра Шапавалава ведаем толькi харошае, – знайшлася гаспадыня i таропка выпалiла: – Ён нам як родны сын. І не вiнаваты зусiм Iван Мiкалаевiч. Дый той, другi, таксама не вiнаваты… Справа далiкатная…

– Што тут далiкатнiчаць, праз Гальку мужыкi пабiлiся, яна звяла, – не сцярпеў гаспадар i нечакана папярхнуўся, зайшоўся цяжкiм грудным кашлем.

Фiлiпаўна замiтусiлася, паставiла на стол блакiтную цукарнiцу з трэснутай накрыўкай i з вузкага скасавуранага шкапчыка, якi вiсеў каля акна, дастала бутэлечку з лекамi. Адкруцiла металiчную пробку i напоўнiла яе мутнаватай вадкасцю. Пакой iмгненна запаланiлi прытарныя бальнiчныя пахi. Стары цяжка праглынуў мiкстуру i вачыма, поўнымi слёз, паглядзеў на жонку, махнуў рукой. Фiлiпаўна даволi моцна пачала стукаць яго далонню па спiне. Пасля гэтых няхiтрых i, напэўна, частых аперацый кашаль у старога прапаў гэтак жа хутка, як i пачаўся.