«Сказки и рассказы белорусов-полешуков». Значнай з’явай у гісторыі беларускай фалькларыстыкі, этнаграфіі і мовазнаўства стаў выхад у свет у 1911 г. зборніка А. К. Сержпутоўскага «Сказки и рассказы белорусов-полешуков». Цікавая гісторыя гэтай кнігі. 16 студзеня 1910 г. Сержпутоўскі перадаў рукапіс у савет этнаграфічнага аддзела Рускага музея. Акадэмікі А. А. Шахматаў, Я. Ф. Карскі, В. М. Істрын, М. Я. Мар высока ацанілі працу, аднагалосна выказаліся за яе хутчэйшае выданне. Праўда, у аддзеле не было сродкаў для аплаты расходаў на выданне кнігі. Дзякуючы старанням В. М. Істрына ўдалося адшукаць 350 рублёў (друкарскія расходы склалі 319 рублёў). Пры гэтым кіраўніцтва музея пакінула за сабой права атрымаць 600 экзэмпляраў кнігі ў асабістае распараджэнне.
У пачатку 1911 г. кніга ўбачыла свет. Пра яе поспех сведчыць той факт, што тыраж разышоўся літаральна за некалькі дзён. Па просьбе шматлікіх навуковых цэнтраў Расіі Аляксандр Казіміравіч перадаў ім усе ўласныя аўтарскія экзэмпляры, а сам быў вымушаны карыстацца бібліятэчным.
Зборнік Сержпутоўскага, які ўключаў 80 казак, уступаў па аб’ёме зборнікам П. В. Шэйна, Е. Р. Раманава, М. Федароўскага, але ў той жа час меў шэраг пераваг перад імі. Першае і самае галоўнае, што адрознівала калекцыю казак Сержпутоўскага ад папярэдніх публікацый, – гэта новы падыход да збірання і вывучэння казачнай прозы беларусаў. Аляксандр Казіміравіч першым звярнуў увагу на новыя з’явы ў фальклоры, якія ўзніклі ў сувязі са зменамі ў жыцці беларускай вёскі канца XIX – пачатку XX ст. Аб гэтым сведчыць тое значнае месца, якое займаюць у зборніку вострыя па сваёй палітычнай і сатырычнай накіраванасці творы, што супярэчыла афіцыйнай думцы, якую падзяляла большасць тагачасных фалькларыстаў: чым больш старажытны тэкст, чым цясней звязаны ён з абрадамі, тым больш ён каштоўны.
Да таго ж аб’ектам даследавання А. Сержпутоўскага стаў на гэты раз зусім нявывучаны фалькларыстамі рэгіён, размешчаны ў глыбінцы Беларускага Палесся – паўднёвай частцы Слуцкага павета і паўночнай частцы Мазырскага павета Мінскай губерні. Немалаважным было і тое, што народныя творы вучоны запісваў у гады першай рускай рэвалюцыі, якая пакінула прыкметны след у памяці людзей і знайшла сваё адлюстраванне ў народнай творчасці.
Запісы і назіранні Сержпутоўскага раскрываюць шырокую карціну жыцця сялян Беларускага Палесся ў дарэвалюцыйныя часы, іх культуру, палітычныя і філасофскія погляды. Гэта адпавядала патрабаванням часу. Нагадаем, што М. А. Дабралюбаў заклікаў даследчыкаў народнай творчасці пры запісах казак, легенд, паданняў, песень, прыказак і прымавак перадаваць усю абстаноўку, у якой запісваліся гэтыя творы[59].
Такія думкі цалкам падзяляў А.К. Сержпутоўскі, які добра разумеў, што ў вусных апавяданнях і казках, прыказках і прымаўках увасоблены светапогляд, жыццёвая мудрасць і этычныя ўяўленні беларускага селяніна. Вось чаму так сур’ёзна падыходзіў ён да адбору і запісу казачных сюжэтаў, імкнуўся перадаць усе нюансы мовы і манеры апавядальніка.
Перш чым прыступіць да запісвання вуснапаэтычных твораў у пэўнай вёсцы, Сержпутоўскі знаёміўся з яе жыхарамі, іх бытам, умовамі жыцця, збіраў звесткі пра казачнікаў. Ён заўсёды клапаціўся аб стварэнні такой атмасферы, пры якой сяляне-апавядальнікі забываліся пра прысутнасць чужога чалавека, тым больш «пана» ў іх уяўленнях, адчувалі сябе свабодна, проста. Калі апавядальнік хваляваўся, блытаўся, Сержпутоўскі прасіў яго паўтарыць тэкст яшчэ раз. Шмат увагі ўдзяляў ён вывучэнню падобных варыянтаў твораў, уключаў у зборнікі самыя цікавыя, яркія, вобразныя, непаўторныя.
У адрозненне ад Е. Раманава, У. Дабравольскага, А. Афанасьева, якія ў сваіх зборніках прама або ўскосна абгрунтоўвалі класіфікацыю казак, А. Сержпутоўскі не закранаў гэтага пытання ні ў кароткай прадмове «Ад збіральніка», ні ў іншых сваіх працах. Яго цікавілі галоўным чынам ідэйны змест казкі, манера апавядання і сама асоба казачніка.
Канкрэтны матэрыял зборніка Сержпутоўскага дазваляе выдзеліць чарадзейныя і сацыяльна-бытавыя казкі, вусныя апавяданні, небыліцы і легенды.
Чарадзейныя казкі займаюць у зборніку нязначнае месца, каля васьмі працэнтаў ад наяўных твораў. Тым не менш менавіта з чарадзейных казак лічым неабходным пачаць разгляд матэрыялаў, бо знаёмства з імі дае магчымасць лепш разабрацца ў вытоках творчасці беларускіх народных казачнікаў, у светапоглядзе народа, прасачыць трансфармацыю казачных сюжэтаў пад уплывам часу, даследаваць адносіны палескіх казак з рускімі, украінскімі.
Ведаючы прыроду дадзенага жанру, характэрныя яго рысы, варта прызнаць, што і па сённяшні дзень сусветная фалькларыстыка не выпрацавала дакладнай унутрыжанравай класіфікацыі чарадзейнай казкі, якая б дазволіла выдзеліць яе разнастайнасці. Прычыны гэтага вядомы беларускі фалькларыст К. П. Кабашнікаў бачыць у вялікіх унутраных зменах, што адбыліся ў кожным відзе казачнага эпасу на шляху развіцця, у пераасэнсаванні старога ў свеце новага мастацкага мыслення, наслаенні новых ідэй, вобразаў[60].
Некаторыя казачнікі прапаноўваюць свой уласны падыход да размяшчэння казак па блоках. Так, Ф. П. Гаспадароў усе чарадзейныя казкі падзяляў на казкі, «дзе ўсё робіцца чарадзействам», і легендарныя[61].
У аснове чарадзейнай казкі ляжыць элемент цудоўнага, незвычайнага. Як справядліва адзначала Э. В. Памяранцава, у адрозненне ад бытавой чарадзейная казка народжана іншай рэчаіснасцю, але ў пэўныя перыяды свайго гістарычнага шляху тая ці іншая аказаліся пад уплывам адных і тых жа сацыяльных і эканамічных фактараў і адлюстравалі па-свойму ў рознай ступені адны і тыя ж запаветныя ідэі народа. Гэтыя народныя мары выяўляюцца ў чарадзейнай казцы дзякуючы канфлікту[62]. У казках зборніка А. К. Сержпутоўскага, якія блізкія паміж сабой па сюжэтах і нагадваюць вядомыя казкі, аб’яднаныя агульнай канвой «тры царствы», станоўчым героям супрацьстаяць змрочныя магічныя сілы ў вобразах Змея Гарыныча, Бабы Ягі, Кашчэя Бессмяротнага і інш. Народ надзяліў сваіх герояў велізарнай сілай. Каваль-багатыр з аднайменнай казкі як «ухваціў сваю сакеру да як махнуў, дак адразу сатнуў сем дубоў і голаў змею». Лёгка ўпраўляецца з саракапудовай булавой Каваль з аднайменнага твора. Героі казкі ненавідзяць зло, несправядлівасць, аб’яўляюць вайну насіллю і, праходзячы праз усе выпрабаванні, выходзяць пераможцамі.
Гіпербалізуючы сваіх герояў, народ надзяляе фантастычнай сілай і ворагаў. Кашчэй Бессмяротны адным дыханнем можа ператварыць у камень дзясяткі людзей. Замест адсечаных галоў у Змея тут жа вырастаюць новыя. Ад станоўчага героя патрабуюцца вялікая сіла, вытрымка, спрыт, знаходлівасць, каб справіцца з такімі моцнымі і вераломнымі ворагамі.
У казках «Каваль-багатыр», «Каваль», «Бортнік» мы сустракаемся з міфічнымі вобразамі Змея, Кашчэя, Бабы Ягі, сочым за сталеннем станоўчых герояў. Многія з іх надзелены велізарнай сілай ужо пры нараджэнні. Так, Асілак нараджаецца з трыма «чортавымі рэбрамі». У свайго маленькага сына («Каваль») маці заўважае на лбе сонейка, а на патыліцы – месячык. Пакладзе ён руку на спіну каню – той падае на калені, павядзе плячом – перасоўваюцца з месца на месца горы. Незвычайныя і самі подзвігі герояў. Яны скіраваны на дапамогу людзям працы, абарону іх ад цёмных сіл, якія хацелі б пазбавіць народ волі, радзімы.
Як і ў многіх рускіх народных казках, у беларускай чарадзейнай казцы сустракаюцца эпізоды вызвалення царэўны, любімай дзяўчыны з палону Кашчэя. Але найбольш характэрна для беларускай чарадзейнай казкі тое, што яе галоўны герой выступае ў абарону народа. Так, Каваль-багатыр забівае Змея, бо ён «многа людзей паеў альбо загроб к сабе ў цёмны лес». Каваль уступае ў бой з царскімі слугамі, якія абараняюць інтарэсы душыцеляў народа.
У вуснах выдатнага беларускага казачніка Рэдкага, ад якога запісваў А. К. Сержпутоўскі, чарадзейная казка набывае новую афарбоўку. Герой казкі «Каваль-багатыр» адчувае велізарную радасць ад раскатаў грому, ад навальніцы з маланкамі і перунамі. М. В. Новікаў чуе ў гэтай казцы водгалас падзей 1905 г.[63] На яго думку, герой казкі нечым нагадвае горкаўскага Буравесніка. Бунтаром малюецца і Каваль, які смела ўступае ў бой з царскім войскам і перамагае яго.
Вядома, наіўна было б чакаць, што чарадзейная казка стане рэалістычна адлюстроўваць рэвалюцыйныя настроі мас. Многія стагоддзі яе напаўнялі чарадзейныя персанажы, цудадзейная мастацкая аснова была і застаецца сёння галоўнай у сюжэце казкі. I ўсё ж новы час уплёў сваю нітку ў яе старажытную канву. Калі ў казцы «Бортнік» галоўны герой адгукаецца на просьбу цара вызваліць ад Змея царэўну і пазней становіцца царом, то Каваль выступае супраць царскага войска, а Асілак заклікае народ «не грызціся паміж сабою, да ад ворагаў бараніцца гурбою». Гэты сюжэт не мае сабе аналагаў ва ўсходнеславянскім фальклоры. Л. Бараг лічыць, што ў гэтай казцы адчуваецца ўплыў пракламацый і «гутарак», якія былі распаўсюджаны на Палессі ў гады першай рускай рэвалюцыі[64].
На першы погляд, казка «Іванка Прастачок» адносіцца да сюжэтаў аб змеяборстве. Аднак пры аналізе яе заўважаюцца новыя рысы сацыяльнага пераасэнсавання гэтага старажытнага вобраза, набліжэння яго да рэчаіснасці. Загніваючага Змея (цара) акружаюць паны і падпанкі, якія «нічога не робяць да толькі сала гадуюць. А людзі служаць дохламу Змею, служаць тым гнілым панам, аддаюць ім апошняе, а самі ходзяць галодныя, халодныя» (Сказки. С. 149). Іванка Прастачок, іграючы на чарадзейнай дудачцы, адкрыта заклікае народ да паўстання.
Прыкладам таго, як беларуская казка напаўняецца новым сацыяльным зместам і адыходзіць ад традыцыйных вобразаў чарадзейнай казкі, можа служыць твор «З чаго ліха на свеце». Ён вызначаецца вострай сацыяльнай накіраванасцю, філасофскім асэнсаваннем рэчаіснасці, закранае праблему, якая хвалявала сялянства царскай Расіі, – праблему свабоднага і забяспечанага жыцця. Казачнік умела перакідвае масток паміж рэчаіснасцю – змрочнай, галоднай, беспрасветнай, дзе жменька паноў і падпанкаў прыгнятае мільёны простага люду, паразітуе на іх працы, і мінулым, калі людзі быццам бы жылі заможна і шчасліва, бяды не ведаючы. Канец гэтай ідыліі настаў тады, гаворыцца ў казцы, калі людзі праігнаравалі наказ Бога жыць паміж сабой у міры і згодзе, «каб ніхто не меў улады адзін над другім».
Як толькі Бог пакінуў зямлю і падняўся на неба, вылез са свайго сховішча чорт і стаў падбухторваць дужэйшых і спрытнейшых браць уладу над слабейшымі. Такім чынам з’явіліся на зямлі паны, ад якіх «пайшло такое ліха, што і сказаць не можна». Паны захапілі зямлю, пачалі марыць людзей голадам, біць, забіваць іх, насылаць адзін на другога.
Удала выкарыстоўваючы старажытны матыў вайны чарцей з анёламі, казачнік М. Кравец указвае на сапраўдных носьбітаў зла – царскае самадзяржаўе, паноў. У творы яскрава прасочваюцца ўзаемаадносіны паміж класамі антаганістычнага грамадства. Прадстаўнікі пануючага класа паказаны ў выглядзе горкі камянёў, у якой «зверху цяжкае каменне дробных на пясок расцірае; зверху іх гнятуць другія, а на тых ляжаць і ціснуць долу яшчэ цяжэйшыя; зверху ж лёг адзін вялікі камень». Нялёгка дастаецца камяням, якія ляжаць унізе, але ў казцы выказана ўпэўненасць у немінучым краху самадзяржаўя: «Трашчыць куча, трэ каменне… Трашчыць і хутка асядае ніжэй… мабыць, скора затрашчаць падпоркі і рассыплецца ўся куча». Гаворачы аб лепшай долі, якая чакае народ у будучыні, казачнік падкрэслівае, што шчаслівае жыццё само па сабе не прыйдзе, за яго трэба змагацца.
Аналізуючы гэты твор, I. Лушчыцкі пісаў, што ён сведчыць аб агульным уздыме ў развіцці беларускай грамадска-палітычнай думкі, што грамадска-палітычныя ідэалы перадавога сялянства, адлюстраваныя ў казцы, – гэта ідэалы ўтапічнага дробнабуржуазнага сацыялізму. У той жа час пры ўсёй утапічнасці такіх грамадска-палітычных поглядаў яны для свайго часу былі прагрэсіўнай з’явай, бо натхнялі і падымалі сотні людзей на барацьбу з самаўладствам і прыгонніцтвам[65].
Значнае месца ў чарадзейных казках зборніка займае тэма маралі, у аснове якой ляжыць стваральная праца, гуманныя адносіны людзей. Станоўчай рысай сваіх герояў казачнік лічыць уменне, працавітасць. Каваль-багатыр за кароткі час навучыўся кавальскай справе і навучыў людзей каваць жалеза і рабіць з яго нажы.
Працоўная дзейнасць чалавека раскрываецца ў казках «Стары бацька» Рэдкага і «Паляшук і чорт» Грыцкевіча. У апошняй размова ідзе пра асваенне чалавекам балот, выказваецца незадаволенасць сціплымі поспехамі ў пакарэнні прыроды. Гэтым казачнік выказаў настроі сялян-палешукоў, якія да прычын, што парадзілі гора і бядоты, адносілі таксама балоты з нязменным бездарожжам, адсутнасцю добрых паш і ворнай зямлі.
Казачнікі Беларускага Палесся з вялікай цеплынёй і павагай расказвалі пра працаўнікоў вёскі і, наадварот, бязлітасна высмейвалі гультаёў, несумленных людзей, якія былі не супраць завалодаць плёнам працы іншых. Паказальная ў гэтым плане казка «Мядзведзь». Злодзея і гультая, які паквапіўся на дабро суседа, спасцігае суровая расплата: ён ператвараецца ў мядзведзя.
Беларускую казку адрознівае нацыянальны каларыт, які праяўляецца ва ўказанні месца дзеяння, у абмалёўцы вобліку героя, раскрыцці сацыяльна-палітычных матываў, настрояў казачных персанажаў. У казцы «Паляшук і чорт» героя завуць Палешуком, тым самым падкрэсліваецца яго нацыянальная прыналежнасць, указваецца, што дзеянне адбываецца на Палессі.
У творах «Іванка Прастачок», «Мужык і пан» і іншых ярка адлюстраваны перыяд прыгоннага права, адчуваюцца антыпрыгонніцкія, бунтарскія настроі. У шэрагу больш позніх запісаў атрымалі развіццё ідэі сацыяльнай расплаты («Пану навука»), мары сялян аб роўнасці і шчасці («Асілак»).
Да нацыянальных асаблівасцей беларускіх казак варта аднесці антыпамешчыцкія і антыцарскія настроі. Для чарадзейных казак, запісаных А. К. Сержпутоўскім, характэрны глыбокі псіхалагізм і мяккі лірызм, якія дапамагаюць раскрыццю дынамікі чалавечых пачуццяў. Казкі ўводзяць слухачоў у чароўны свет музыкі, мастацтва. Яркім прыкладам можа служыць казка «Музыка і чэрці».
Чарадзейная казка ў своеасаблівай фантастычнай форме адлюстравала сапраўдныя ўзаемаадносіны класаў, паказала вострыя супярэчнасці паміж імі, больш таго – падказала шляхі іх пераадолення. Гэта ўрэшце прывяло да паступовага затухання чарадзейнай казкі. Яе рашуча выцесніла сацыяльна-бытавая казка, якая асабліва палюбілася народу.
Сутнасць сацыяльна-бытавой казкі раскрываецца ў самім тэрміне. Вядомы беларускі фалькларыст А. С. Фядосік вызначае сацыяльна-бытавую казку як жанр народнай казачнай прозы, у якой праўдзіва, часцей у крытычна завостранай форме адлюстроўваюцца грамадскія і сямейныя з’явы, быт і жыццё працоўных, высмейваюцца сацыяльныя тыпы і чалавечыя недахопы[66].
О проекте
О подписке