Читать книгу «Праўда ў вочы» онлайн полностью📖 — Міхась Сліва — MyBook.
image

Дзень памяцi ахвяр алкагалiзму

Якіх толькі свят, знамянальных дат і дзён не адзначаем мы штогод! І ўсе яны патрэбныя. Лічу, што неабходна абавязкова ўключыць у спіс і яшчэ адзін, для некаторых грамадзян надзвычай важны дзень, які многія будуць адзначаць, – Дзень памяці ахвяр алкагалізму.

Упэўнены, што мяне падтрымаюць тыя, хто сутыкнуўся з гэтай з’явай. За прыкладамі далёка хадзіць не буду. Вось быў у мяне сябрук Мікола, разам са мной працаваў на мэблевай фабрыцы. Абодва мы – хлопцы мяккахарактарныя, спагадлівыя. Калі хто папросіць вынесці пару-другую дошак або брускоў, мы не маглі адмовіць. Ну, а ў канцы змены, як і належыць, па пляшцы-другой віна выпівалі. Карацей кажучы, ніколі не прасыхалі! У рэшце рэшт дабрата наша бокам вылезла: мяне з фабрыкі вытурылі, а Мікола – царства яму нябеснае! – і да пенсіі не дажыў… А ўсё яны, гарэлка ды віно праклятыя, вінаватыя ў гэтым! Мы з Міколам – іх ахвяры!

А вунь мой сусед Валодзька Мармузевіч нават начальнікам канторы быў. Няблага, кажуць, кіраваў, але ж вельмі любіў пасля працоўнага дня зняць стрэс. Але неўзабаве і самога знялі… з пасады, а праз год і наогул яго не стала…

Пайшоў у лепшы свет і мой зямляк Антон Нупрэйчыкаў. Як кажуць, кожны дзень «квасіў». Характар, праўда, быў у яго паскудны: напіўшыся, Антон заўсёды пускаў у ход кулакі. Таму пасля таго, як ён цёплым летнім днём захлынуўся ад гарэлкі, жонка надта не бедавала. Але ж многія аднавяскоўцы шкадавалі, бо за шклянку віна ці самагонкі Антон ахвотна дапамагаў і прысядзібныя ўчасткі апрацоўваць, і іншыя гаспадарчыя работы выконваць.

Сярод ахвяр, якія патрабуюць успамінаў і ўшанавання, яшчэ адзін мой сусед – Руслан Пеўнеў. Залатыя рукі былі ў чалавека! Нялёгка яму даводзілася: з-за стану здароўя нельга было чарку браць, але ж за яго працу кожны стараўся наліць. Бо працаваў Руслан слесарам-сантэхнікам.

А колькі небарак у нецвярозым стане згарэла і працягваюць гінуць ва ўласных хатах пры пажарах! А колькі чалавек развіталася з жыццём падчас п’яных разборак з жонкамі ды сябрукамі! Пералік ахвяр Бахуса можна працягваць. Ён патапіў людзей у чарцы больш, чым іх загінула ў акіяне…

Вось я і прапаную ўвесці ў наш ужытак Дзень памяці ахвяр гэтага крыважэрнага цмока – зялёнага змея. Давайце ўспомнім паімённа ўсіх, хто аддаў душу д’яблу п’янства. Лічу, што той, хто жлукціць спіртное, але пакуль яшчэ жывы, будзе ведаць, што імя яго захаваецца ў гісторыі. Праўда, у асобным спісе – п’яніц і алкаголікаў.

Дакладная запiска

Начальніку райсельгасхарчу

Чарназёмаву Івану Кузьмічу

ад дырэктара саўгаса

«Шырокія гарызонты»

Пеўнікава Віктара Пятровіча

Даводжу да Вашага ведама, што рэдакцыя нашай раённай газеты праводзіць няправільную работу. Мяркуйце самі.

У апошнім нумары газеты быў надрукаваны крытычны матэрыял, у якім расказвалася аб дрэннай арганізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці ў нашым саўгасе «Шырокія гарызонты». Да таго ж былі змешчаны і фотаздымкі, якія адлюстроўваюць непрывабны стан спраў у гаспадарцы, якой я паспяхова кірую ўжо некалькі гадоў.

Сапраўды, як Вы і самі добра ведаеце, ураджай збожжавых і іншых культур мы вырасцілі нядрэнны, але загубілі, своечасова не ўбралі. Праўда і тое, што надоі малака знізіліся ўдвая, а прывагі буйной рагатай жывёлы ў нас ніжэй, чым у самых адсталых гаспадарках. Дапусцілі мы і падзёж жывёлы, а на ферму ў нас не зайсці з-за гною і бруду. Згодзен, шмат недаробак і ў іншых справах. Дастаткова ўспомніць, колькі новай тэхнікі мы ўгробілі за апошнія два гады, амаль уся яна стаіць пад плотам.

Можна сказаць, што сваім крытычным матэрыялам газета пляснула мяне тварам у лужыну. Але ж і на Вас пырскі паляцелі. Цяпер кожны жук і жаба паказвае пальцам на мяне, не ведаю ўжо, куды вочы дзяваць. Карацей кажучы, заварылі кашу газетчыкі.

Улічыце, шаноўны Іван Кузьміч, што публікацыя ў газеце матэрыялаў, якія раскрываюць нашу безгаспадарчасць, наносіць вялікую шкоду нашаму з Вамі аўтарытэту.

Улічваючы ўсе гэтыя акалічнасці, прашу Вас, Іван Кузьміч, націснуць на ўсе кнопкі, каб у газеце больш не паяўлялася крытычных матэрыялаў у наш адрас, а змяшчаліся толькі станоўчыя.

З надзеяй на дапамогу,

В. Пеўнікаў

Узнагароджанне

У разгар рабочага дня ў кабінеце намесніка дырэктара ўстановы пачуўся тэлефонны званок. Трубку ўзяў гаспадар кабінета – Ігар Пятровіч.

– Добры дзень! Турбуе Галубіцкая…

– Я пазнаў вас, Вольга Піліпаўна, пазнаў! – падхапіўся намеснік дырэктара. І ўжо стоячы працягваў размову, бо недзе вычытаў, што так лепш думаецца, чым тады, калі сядзіш у крэсле пры размове.

– А дзе ваш дырэктар? – уладным голасам спытала Галубіцкая, намеснік старшыні райвыканкама, якая курыравала пытанні сацыяльнай сферы жыцця ў раёне.

– Артур Антонавіч паехаў на раён, будзе позна, – як школьнік адрапартаваў Ігар Пятровіч, хоць добра ведаў, што яго шэф у гэты час разам з двума сваімі падначаленымі займаецца будаўніцтвам лазні на дачы. Між іншым, ён не надта і хлусіў: дача ж шэфа знаходзіцца за горадам, «на раёне»…

– У такім разе зрабіце без яго! – скамандавала Вольга Піліпаўна, якая, як вядома, кіраваць любіла. – Тэрмінова падрыхтуйце неабходныя матэрыялы на ўзнагароджанне вашага галоўнага спецыяліста Івана Міхайлавіча Ключнікава і да канца дня перадайце нам!

У калектыве ўстановы ўжо была размова аб падвядзенні вынікаў работы за мінулы год і ўдзеле ў традыцыйнай штогадовай цырымоніі ўзнагароджання за дасягненні ў сацыяльна-культурнай дзейнасці. Таму Ігар Пятровіч успрыняў загад падрыхтаваць адпаведныя паперы як усё зразумелае. Выканаць гэтае заданне раённага начальства яму дапамог сам Ключнікаў, які і даставіў потым матэрыялы ў райвыканкам.

Дырэктар жа адсутнічаў на рабоце яшчэ два дні, да выхадных. Як паведаміў усім яго вадзіцель, шэф узяў бальнічны ліст.

У панядзелак Артур Антонавіч з’явіўся на рабоце пасля аператыўнай нарады ў райвыканкаме. І тут жа выклікаў да сябе намесніка…

Праз некаторы час Ігар Пятровіч выйшаў ад яго як у ваду апушчаны. Узрушаны, нейкі задуменны. Заглянуў у кабінет Ключнікава.

– Іван Міхайлавіч, бяда! Шэф зусім азвярэў. Крычыць, чаму без яго ведама аддалі матэрыялы на ваша ўзнагароджанне. Яшчэ і на агульным сходзе будзе рваць мне нервы, і наогул спуску не дасць…

– Не хвалюйся, зараз усё нармалізуем! – хітра ўсміхнуўся Іван Міхайлавіч, які быў амаль удвая старэй за намесніка дырэктара, выдатна ведаў нораў Артура Антонавіча. Таму рашуча накіраваўся ў кабінет дырэктара. І яшчэ з парога пачаў размову:

– Дзякуй вам, Артур Антонавіч, за дапамогу і падтрымку! Калі б не вы, то не ведаю, што было б…

Шэф спачатку разгубіўся, пачырванеў, падумаў, відаць, што Іван Міхайлавіч іранізуе. А потым узяў сябе ў рукі і марудна, з цяжкасцю падбіраючы словы, стаў гаварыць:

– Гэта ж яшчэ месяц таму ў райвыканкаме зайшла размова, што рыхтуецца чарговая цырымонія ўзнагароджання перадавікоў народнай гаспадаркі, дык я хуценька напісаў паперу на цябе і сам адвёз. Так што гэта мая заслуга ў тым, што цябе ўзнагародзяць!..

– Яшчэ раз дзякуй вам, Артур Антонавіч! – весела ўсклікнуў Іван Міхайлавіч і паімчаў да намесніка дырэктара.

– Можаш спаць спакойна: шэф сказаў мне, што гэта ён падрыхтаваў патрэбныя паперы і адвёз у райвыканкам (ты толькі громка не смейся!). А ён жа, як ведаеш, кожны раз падкрэслівае, што ніколі не хлусіць!..

Услед за Іванам Міхайлавічам рассмяяўся і Ігар Пятровіч, яшчэ раз пераканаўшыся, які абармот іх шэф.

Псiхатэрапiя

Язэп Іванавіч задаволены выйшаў ад доктара. Вядомы на ўсю акругу ўрач-псіхатэрапеўт Аляксандраў аказаў яму патрэбную дапамогу: уважліва выслухаў, даў карысныя рэкамендацыі, каб супакоіць нервы ў свайго пацыента, выпісаў рэцэпт на добрае лякарства, правёў сеанс псіхатэрапеўтычнага ўздзеяння. Асабліва ж раіў Язэпу Іванавічу не звяртаць увагі на разнастайныя жыццёвыя дробязі. Не сакрэт жа, што недахопы ўсюды ёсць, таму трэба адносіцца да гэтага спакойна, заўважаць толькі светлае, добрае, радавацца кожнаму пражытаму дню. Тады і дэпрэсіі ніякай не будзе, і ціск не павысіцца, і сэрца перастане балець, і наогул самаадчуванне стане выдатным. Нават калі ў цябе пенсійны ўзрост…

Конец ознакомительного фрагмента.