Читать книгу «Павадыр» онлайн полностью📖 — Михаила Новика — MyBook.
cover

Міхаіл Новік
Павадыр

– Заходзь…

Стары адчыніў дзверы ў светлы пакойчык, які стане мне прытулкам у гэтай вёсцы на пэўны час. Невялікі, але мне хопіць. Дашчаныя столь і падлога, фарбаваныя алейнымі фарбамі. Простыя папяровыя шпалеры на сценах. З мэблі – старыя шафа, ложак, стол і крэсла з сеткай трэшчын на лякіраваных драўляных драбніцах. Адкрытая вітая электраправодка, да якой падключаны купал з адзінокай лямпачкай пад столлю і электрычная разетка. Што яшчэ патрэбна камандзірованаму?

Акно выходзіць у сад, які зіхаціць свежай ярка-зялёнай лістотай першай паловы лета. Я падыйшоў да аканічкі і з задавальненнем удыхнуў лёгкае, напоўненнае пахам пакошанай травы паветра. Загледзеўся на тое, як прыгожа промні сонца ляжаць на пладовых дрэвах, падсвечваюць завязь яблык, груш і вішань, якія абляпілі галіны так, што месцамі здаецца, нібы гэта вінаградныя гронкі. Так бы і стаяў яшчэ доўгі час, удыхаючы здаровы пах незабруджанай цывілізацыяй прыроды, але вадзіцель чакаць не будзе, трэба рухацца, вызваляць багажнік ад сваіх рэчаў.

Усяго дзве гадзіны таму, калі я агучыў сваё пажаданне пасяліцца ў мясцовых жыхароў без аніякай папарэдняй падрыхтоўкі, на мяне паглядзелі як на вар’ята. Ўжо неаднаразова прадстаўнікі чэскай кампаніі, якая па дамове з кіраўніцтвам Беларускай дзяржавы будуе тут, у Нясвіжкім раёне, буйны жывёлагадоўчы комплекс, намагаліся заручыцца падтрымкай жыхароў чатырох размешчаных навокал ад будаўніцтва вёсак. Але гэтага так і не змаглі зрабіць.

Не, ніхто не нападаў на прадстаўнікоў кампаніі, не гнаў іх прэч, не рабіў перешкод будаўнічаму транспарту, які цэлымі суткамі мясіў сваімі коламі гразкія дарогі, што праходзілі праз вёскі. Мясцовыя жыхары быццам зусім не бачылі, што адбываецца навокал. Прынамсі, што вельмі дзіўна ў сучасных рэаліях, яны ні з кім з чужых не размаўлялі. Зусім не размаулялі, нават не адказвалі на прывітанні. Толькі ў рэдкіх выпадках абарыгены выціскалі з сябе некалькі слоў, і рабілася гэта толькі тады, калі побач стаяў міліцыянер ці прадстаўнік мясцовых улад, які жорстка загадваў адказваць на пытанні. І, вядома, пад прымусам ніякіх добрых размоў не атрымлівалася. Безумоўна, кампаніі было б значна лягчэй пры дапамозе месцічаў уладкаваць прыезжых будаўнікоў на першых кроках будаўніцтва, знайсці сярод іх падсобных рабочых і вырашыць яшчэ шмат дробных праблем, якія, пры вялікіх аб’ёмах работ і колькасці розных напрамкаў, узнікаюць кожны дзень. Але наладзіць добрыя ўзаемаадносіны ніяк не атрымлівалася.

Гэта было непрыемна, але амаль ніяк не адбівалася на тэмпах будаўніцтва. У выніку ўсё ўладкавалі і без дапамогі вяскоўцаў. Зараз будаўніцтва ідзе, як запланавана, і нават хутчэй. Па праўдзе кажучы, будаўнікам было амаль што ўсё роўна, як паводзяць сябе месцічы. Яны на самой справе ціха радаваліся таму, як паставілі сябе гэтыя «ненармальныя», паколькі па вопыту добра ведалі, што ў цывілізаванай Еўропе ўжо з самага пачатку работ на іх навалам ішлі б нападкі розных «зялёных» і іншых ахоўцаў прыроды і правоў чалавека, якіх адразу клічуць мясцовыя жыхары. А тут – цішыня, і ніхто не перашкаджае займацца сваёй справай. Ну і што, што да месца працы вымушаны ехаць лішнія паўгадзіны? Пройдзе зусім нямнога часу, з’явяцца больш-меньш прыстасаваныя для жылля баракі на самой будаўнічай пляцоўцы, а людзі, якія жывуць ў наваколлі, ў рэшце рэшт проста не атрымаюць па некалькі сот еўра за арэнду жылля.

Не жадае вясковая моладзь папрацаваць за грошы, якія ў некалькі разоў вышэй за іх звычайныя заробкі – дык гэта іх праблемы. Так што можна было б і супакоіцца, але кіраўніку будоўлі нешта не давала гэта зрабіць. Ен імкнуўся зразумець, чаму мясцовыя жыхары так нестандартна сябе паводзяць. Што тычыцца пратэстаў – усё зразумела. Беларусь – не тая краіна. Але жывуць у вёсках небагата і, тым не меньш, ніхто не жадае падзарабіць лёгкіх грошай.

Пачатковыя даведкі ў куратараў будаўніцтва з боку дзяржавы нічога не далі. Гэтыя людзі і самі нічога не ведалі. На ўсе пытанні толькі паціскалі плячыма. Потым, пасля размоў з прадстаўнікамі адміністрацыі раёна і людзьмі з іншых раённых улад, нейкая інфармацыя з’явілася, але на ўзроўні – жыхары вёсак заўжды такія, нелюдзімыя, жывуць ізалявана. Яны кантактуюць з іншымі толькі пад прымусам, але не перашкаджаюць і не будуць гэтага рабіць. Таму не трэба на іх звяртаць увагі.

Аднак вопытнага Вольшына Жуха, кіраўніка праекта чэскай кампаніі, нешта засмучала. Гэта не першая і нават не дзясятая яго будоўля, і яшчэ ніколі ён не сутыкаўся з поўнай абыякавасцю месцічаў. Ён жа не нейкую хацінку будуе, а цэлы жывёлагадоўчы комплекс на тэрыторыі амаль у пяць тысяч гектараў! Тут будуць працаваць тысячы людзей, якія забяспечаць мясам амаль усю краіну з дзесяцімільённым насельніцтвам. Усё наваколле ператвараецца для патрэбы мясной вытворчасці: вырубаюцца лясы, распахваюцца палі. Побач з вёскамі закладаюцца аграгарадкі, будуюцца дарогі. Але тубыльцам нібыта ўсё аніяк. Вольшын быў бы спакойны, нават калі б мясцовыя жыхары аб’явілі яму вайну, хоць гэта зусім неразумна. Усё робіцца па вышэйшых еўрапейскіх стандартах, і ніякіх праблем быць не можа.

А для раёна жывелагадоўчы комплекс увогуле – вялікае дабро ў эканамічным сэнсе. Гэта моцна паўплывае на якасць жыцця людзей наваколля ў лепшы бок. Зараз маюцца магчымасці зачапіцца за новае прадрыемства, спачатку на будоўлі, а потым прыйсці на працу на жывёлагадоўчы комплекс у якасці падрыхтаваных спецыялістаў, якія ўжо ўсё вывучылі і з усім пазнаёміліся пад час будаўніцтва і наладкі тэхналагічнага абсталявання. Прыйсці ў якасці адукаваных і зусім не танных супрацоўнікаў. І гэта толькі адзін варыянт з мноства. Вольшын стаміўся адбівацца ад армады жадаючых папасці да яго на працу. Ад мноства тых, хто бачыць перспектывы, імкнецца скарыстаць любую нагоду і зачапіцца за будоўлю.

Але людзі з навакольных вёсак ніяк не рэагуюць. Такога, па ўражаннях Вольшына, быць не можа і таму абсалютнае ігнараванне будаўніцтва нервавала яго кіраўніка. Ён ніяк не мог зразумець – чаму людзі сябе так паводзяць? Не могуць быць усе жыхары навакольных вёсак зусім абыякавымі ці настолькі дурнымі, што не бачаць нічога далей свайго носа. Ў вёсках жыве болей за тысячу чалавек і ніхто з іх не падаў голас, нават не зірнуў у бок будаўніцтва.

Пасля амаль месяца ваганняў Вольшын вырашыў звярнуцца да дырэктарата кампаніі з прапановай даслаць яму спецыяліста па сувязях з грамадствам. На пытанне, чаму ён выклікае такога супрацоўніка, калі вядома, што пратэстаў мясцовых жыхароў няма і прымаючы бок вельмі ўпэўненна заявіў, што іх не будзе, а калі што, дык яны адразу ўсё вырашаць, Вольшын абгрунтавана адказаць не змог. Але дырэктар кампаніі паверыў свайму вопытнаму супрацоўніку і вырашыў даслаць у Беларусь патрэбнага супрацоўніка.

У кампаніі было некалькі спецыялістаў, якія працавалі ў кантакце з грамадствам. Розных неўладкаванняў і праблем хапала, таму і трымаўся невялікі штат для вырашэння складаных сітуацый. Кіраўніцтву кампаніі засталося толькі вызначыць пэўнага чалавека і накіраваць яго ў Беларусь. Я працаваў тут ужо трэці год. Пад час працы набраў пэўнага вопыту. Не раз сутыкаўся з прадстаўнікамі розных грамадскіх аб’яднанняў, умеў размаўляць з людзьмі, супакойваць іх. Меў за плячыма некалькі вырашаных складаных спраў і, з гэтай нагоды, мяне лічылі карысным супрацоўнікам. Але зараз усё вырашыла маё паходжанне.

На самой справе я – чэх ў шостым пакаленні, але некалі ў пачатку ХІХ стагоддзя мае продкі прыехалі ў Прагу менавіта з беларускіх зямель. Калісьці ім прыйшлося ўцякаць ад войскаў Суворава пад час, калі гэты расейскі ваявода душыў вызваленчае паўстанне ў родных мясцінах маіх продкаў. Беглі спачатку ў Прусію, а потым, пасля захопу яе Напалеонам, у Чэхію. З тых пор і прыжыўся ў Празе мой род. З цягам часу паходжанне амаль забылася, толькі вядома было, што ў родзічах маіх былі Дугінскія, некалі заможны шляхецкі беларускі род. Таксама засталася незвычайная нават і для тых часоў традыцыя: ў маленстве вывучаць беларускую мову. Так што мяне палічылі найлепшым кандыдатам для камандзіроўкі. Ведаў бы хто, што маё валоданне беларускай мовай адразу створыць столькі праблем!

Па прылёце, ў аэрапорце Мінск-2, я павітаўся з мытнікамі на мове продкаў. Яны неяк зусім няветліва ўспрынялі мае словы. Потым амаль гадзіну пераглядалі мае нешматлікія рэчы. Задалі дзесяткі пытаняў, сэнсу большасці з якіх я не зразумеў, таму адказваў, магчыма, недарэчна і з неахвотай. Адпусцілі, бо не знайшлі нічога забароненага. Потым на прыпынку толькі трэці таксіст зразумеў, куды мяне патрэбна везці. Ў гатэлі я і ўвогуле вырашыў пераходзіць на ангельскую мову, каб было менш перашкод.

На наступны дзень з раніцы за мной прыехала машына, і я паехаў у Нясвіж. Вольшын ўжо чакаў мяне.

– О, Вітальд! Прывітанне! Як дарога? – спытаўся ён, як толькі ўбачыў мяне на парозе свайго кабінета, пад які быў адведзены асобны пакой у нясвіжскім гатэлі. Офісны будынак, які будзе з’яўляцца часткай жывёлагадоўчага комплекса і куды на час працы пераедзе кіраўніцтва будаўніцтва, яшчэ быў не гатовы.

– І я вітаю цябе, Вольшын! Усё добра. – Неяк засмучана адказаў я яму. Жух ведаў мяне пэўны час і таму адразу заўважыў мой няўпэўненны настрой.

– Цябе нешта турбуе? – адразу паспрабаваў ён высветліць сітуацыю.

– Гэта так. Мне здалося, што на маім месцы павінен быць іншы чалавек, які размаўляе па-расейску. Мая мова пакуль што прынесла толькі праблемы, а на расейскай мове я не размаўляю. Тут жа, з кім бы я ні пачынаў гаварыць, усе старанна адказваюць на незнаёмай мне мове, і не адразу здагадваюцца, што я іх не разумею. Бюджэтам паслугі перакладчыка для мяне не прадугледжаны. Мяркую, будуць цяжкасці.

– Так, з мовамі тут няпроста. Дзяржаўнае двухмоўе і, здаецца, беларуская мова можа знікнуць зусім, саступіўшы расейскай. Амаль усе размаўляюць па-расейску і з цягам часу забываюць родную мову. Разумеюць, калі да іх звяртаюцца па-беларуску, але з цяжкасцю, і свабодна карыстацца ёю ўжо не могуць – Вольшын задуменна пацёр далонню лоб – але, разумееш, Вітальд, я і так з вялікімі цяжкасцямі ўпэўніў нашага дырэктара прыслаць цябе сюды, паколькі рэальных падставаў для гэтага няма, толькі мае думкі. Таму нічога не зменіш, будзеш працаваць ты. І на самой справе, можа быць і лепш, што ты ведаеш беларускую мову, таму што жыхары вёсак вакол будоўлі размаўляюць толькі на ёй. Можа з гэтай нагоды ў цябе атрымаецца з імі пазнаёміцца і наладзіць кантакт – крыху супакоіў ён мяне.

– Першая добрая навіна. – Дарэчы, словы Вольшына яшчэ нічога не абяцаюць, але ў яго атрымалася мяне крыху супакоіць.

– Вось і добра – і Жух паведаміў мне пра тое, что адбываецца ў яго з мясцовымі жыхарамі, дакладней, – не адбываецца. На першы погляд – усё выдатна. Сітуацыя здаецца больш прыемнай, чым можна было б спадзявацца, але і мяне самога яна збянтэжыла. Не можа быць такога! Ніяк не можа быць! Потым я задаў некалькі пытанняў, якія яшчэ больш мяне заблыталі. На самой справе, пажадана зразумець, куды мы ўлезлі з гэтым будаўніцтвам. Была ў мяне справа з адным неакультам, і калі я з ім вагаўся, дык шмат рознай інфармацыі атрымаў. Пазнаёміўся з цэлым стосам сур’ёзных праблем для кампаніі, што могуць прынесці з сабою розныя неардынарныя згуртаванні ці фанатыкі ідэі.

На этой странице вы можете прочитать онлайн книгу «Павадыр», автора Михаила Новика. Данная книга имеет возрастное ограничение 16+, относится к жанрам: «Героическое фэнтези», «Попаданцы». Произведение затрагивает такие темы, как «невероятные приключения». Книга «Павадыр» была издана в 2017 году. Приятного чтения!