Читать книгу «Двое на вуліцы» онлайн полностью📖 — Іван Сіпакоў — MyBook.
cover

Янка Сіпакоў
Двое на вуліцы

* * *

© Сіпакоў І. Д., 2023

© Афармленне. ТДА «Выдавецтва „Чатыры чвэрці“», 2023

Жыві як хочацца
Аповесць

Напачатку, яшчэ спрасоння, ён ніяк не мог даўмецца, што яго разбудзіла, што халоднае і, як яму нават падалося, вострае, нібы цвік, дзеўбанулася ў шчаку – быццам уджаліла – і адразу ж скацілася за расшпілены каўнер сарочкі – на грудзі, а потым, крыху ачомаўшыся і агоўтаўшыся ад сну, зразумеў: гэта, разгайданая рухам, адарвалася ад настылага жалеза і ўпала на яго зверху вялікая дажджавая кропля.

Ён сцепануўся, узняў галаву, якая, нібы не свая, адкінулася была ў сне назад, павёў плячыма і з непрыемнасцю адчуў, як кропля пад сарочкаю пакацілася па грудзях яшчэ далей, ніжэй, і там, дзе яна прайшла, целу зрабілася мокра, холадна і няхораша.

Ад нязручнага сну ў крэсле, калі галава матлялася ва ўсе бакі, ныла шыя, балелі плечы – як мядзведзь на іх уссеў – ды і наогул усяму яму было кепскавата-няўтульна.

Ён паварушыўся, пахітаў галавою, каб размяць зацёклыя цягліцы, адным пальцам паправіў акуляры, якія з’ехалі былі з пераносіцы, і ўсеўся зручней.

Аўтобус, не спяшаючыся, прадзіраўся праз восеньскую непагадзь, аб’язджаў вялікія лужыны на дарозе, а калі гэта яму не ўдавалася – з-пад колаў далёка на ўзбочыну ляцелі густыя брудныя пырскі. Дождж са снегам сыпаў на разараныя на зіму палі, на голыя, пачарнелыя ўжо ад макрэчы кусты, што паныла праплывалі за акном.

У палях, дзе яшчэ толькі пачынала світаць, было шэра, мокра і таксама няўтульна. Тыя ж шэрань і няўтульнасць гусціліся і ў аўтобусе – у ім усё было, як і на вуліцы, і толькі, можа, адно не хапала ветру і дажджу, каб поўнасцю адчуць, як холадна і зябка зараз вось там, на палявых сцяжынах, ля голых кустоў, дзе нясвежа бялеюцца – нібы рудзеюць – невялікія лапікі мокрага снегу, праз рэдзенькі покрыў якога праступае настылая цёмна-бурая зямля.

Праўда, спачатку, калі ён з сябрамі па непагадзі, яшчэ ўпоцемках – аўтобус выпраўляўся ў дарогу дужа рана – пехатою дабраўся нарэшце да раённай аўтастанцыі і, абшкробшы аб прыступку гразь з чаравікаў, увайшоў у зырка асветлены аўтобус, там яму стала раптам цёпла і ўтульна, нібы ў ласкавай і гасціннай, сагрэтай зычлівасцю хаце.

Але потым, калі выехалі з гарадка, пасажыры папрасілі шафёра выключыць святло: «Яшчэ ж рана, давайце паспім» – і ў аўтобусе адразу стала гэтак жа панура і хмурна, як і на вуліцы.

Хмурна было і ў яго на душы.

Учора нарэшце яны пусцілі электронна-вылічальную машыну, якую набыла – можа, для моды, а можа, яна і сапраўды там трэба – невялікая мясцовая фабрыка. З іхняга завода прыязджалі сюды іншыя людзі – інжынеры, мантажнікі, – рабілі свае вузлы, правяралі іх і вярталіся дамоў, і толькі вось яны, трое, былі тут, у раённым гарадку, пры машыне, неадлучна цэлы месяц. Закончыўшы працу, адзначыўшы камандзіроўкі, яны сабраліся ў гасцініцы, у яго, Жавейкавым, нумары – збірацца да Алега ці то дома, ці то ў камандзіроўцы было даўняю і звыклаю завядзёнкаю. І на гэты раз таксама ніхто не ўсумніўся: «Чаму гэта ўсё да Жавейкі ды да Жавейкі? Хадзем да мяне!», бо ўсе былі на дзіва перакананы, што збірацца трэба толькі там. Лёша Лясун, кучаравы, валасаты волат – валасы ў яго стаялі неяк дыбка, а таму галава была падобна на буслінае гняздо – узбуджана хадзіў па пакоі, узнімаў рукі ўгору, трос у паветры, нібы пагражаючы каму, сціснутымі кулакамі і басам дэкламаваў – як спяваў усё роўна, пераймаючы оперных спевакоў: «Уздаць трэба на гарачае каменне! Чуеце – уздаць! Ды так, каб ажно зашыпела».

Узялі пару бутэлек сухога віна. Лясун, які зусім не знаходзіў смаку ў сухім віне, зморшчыўся: «Ат, кісляццё адно» і «выбіў» сабе бутэлечку «Белавежскай»: маўляў, я на спецзабеспячэнні буду.

Яны доўга «ўздавалі на гарачае каменне», шмат курылі – аж вось і зараз яго валасы пахнуць табакаю, – гулялі ў падкіднога дурня.

У карты яму зусім не шанцавала – ён увесь час прайграваў: і падкідаць яму, як назло, не было чаго, і адбівацца таксама не было чым. Хлопцы жартавалі: «Нічога, нічога, Жавейка, цярпі – каму ў карты не шанцуе, таму ў каханні ой як ручыць». Ён смяяўся разам з імі над сваім няўмельствам, а сам думаў: «От чэрці, яшчэ пацяшаюцца! Лёгка ім пацяшацца, калі самім шанцуе і там, і там – і ў карты, і ў каханні».

Аднаго, не зважаючы на тое, што ён часам можа захапіцца і лішне «ўздаць на гарачае каменне», шчыра любіць жонка – ціхая, памяркоўная і клапатлівая, крыху старэйшая за яго па гадах жанчына. Яна вельмі яго даглядае – вось тут, у камандзіроўцы, без яе ўвагі і ласкавых рук ён неяк пакамячыўся ўвесь, зацёрся, пабруднеў – сарочкі не мые, чаравікі не чысціць, – калі хочаце, нават змізарнеў і страціў той свежы выгляд, якім ён заўсёды, дзякуючы жончыным клопатам, мог пахваліцца дома.

А другі, Радзік, амаль кожны дзень бегае на мясцовую пошту і звоніць жонцы, з якою яны жывуць так ужо дружна і злагадна, што нават суседзі часам жартуюць: «Вы ўжо хоць бы калі для прыліку пасварыліся, ці што». Зараз жонка ў яго цяжарная – па ёй, праўда, гэтага яшчэ не відно, але Радзік сам так кажа, а яму ж відней, – і таму ён хвалюецца і за яе, і за дачку, – ён чамусьці ўпэўнены, што ў яго будзе дачка, – і за першага сына, які застаўся на цэлы месяц з маці.

У яго, у Жавейкі, увесь час тухла папяроска, ён часта браў са стала запалкі і прыкурваў наноў, а Лясун жартаваў і з гэтага: «Вось бачыш, папяроска таксама тухне. Значыць, нехта думае пра цябе, сумуе без цябе, чакае. Глядзі, вунь як у Радзіка папяроска ярка гарыць, бо пра яго ж ніхто не думае».

Радзік – малады інжынер, амаль яшчэ хлапчук. І наіўны, наіўны. Жаніўся ён ужо даўнавата, гадоў з пяць назад, але пакуль што, відаць, яшчэ не нацешыўся з сямейнага шчасця і таму адусюль, як на злом галавы, хутчэй бег дадому – да маладой сваёй жонкі.

«А каму пра Радзіка думаць? – сур’ёзна, знарок уважліва гледзячы ў карты, вёў сваё Лясун. – Жонка ў яго ёмкая, прыгожая, маладая. Хіба яна будзе сядзець дома і чакаць нейкага там Радзіка з камандзіроўкі? Вядома ж, не! Яна ўжо недзе даўно да другіх пабегла – туды, дзе кампанія, віно, танцулькі…»

Радзік неяк разгублена і ў той жа час дужа пільна паглядзеў на Лесуна – ці смяецца ён, ці напраўду ўсё гэта гаворыць? – а пасля, перахапіўшы ледзь улоўную ўсмешку Жавейкі, зморшчыўся: «Не вярзі ты, Лясун, абы-чаго. Ты лепей глядзі, каб твая Лясоўна куды да старэйшых не збегла».

Хоць Радзік крыху і супакоіўся, але Жавейка бачыў, што Лесуновы словы, як кажуць, зачапілі хлапца за жывое: будзе ўсё ж асцярожна распытваць жонку, дзе яна была без яго, куды хадзіла…

Радзіка Алег упершыню ўбачыў на наваселлі ў Лесуна. Тады была амаль такая ж мокрая восень, і Радзік усё баяўся, каб не наслядзіць у хаце. Скочыць на новы, разасланы па падлозе дыван, абатрэ хуценька ногі і стаіць на ім – баіцца на чыстую падлогу стаць, каб не забрудзіць яе. Пастаіць так, пастаіць, а потым на другі дыван пераскоквае і там ногі таксама выцірае. А дываны ж прыгожыя, новенькія – толькі што з крамы. Лясун глядзеў-глядзеў на малога, злаваўся моўчкі, а тады і не сцярпеў: «Радзік, ты ногі сабе аб дыван абатры. Толькі нос не ўздумай ім выціраць – гэта ж табе не насоўка, абдзярэшся…»

І другая кропля ўпала гэтак жа нечакана, як і першая, – яна гулка шпокнулася на скураную Жавейкаву кепку і разбілася на маленечкія кропелькі: ён адчуў нават, як навокал, нібы якая морась, пасыпаліся пырскі.

Жавейка зірнуў угору: там, на столі, завязвалася новая кропля. Відаць, летні люк для вентыляцыі быў зачынены не зусім добра, і таму ў шчыліны задзьмувала дождж.

Ён пасунуўся да акна, пацясніў крыху Лёшу Лесуна – той прачнуўся, лыпнуў вачыма, няўцямна паглядзеў на яго і зноў заснуў.

Жавейка, заплюшчыўшы вочы, таксама спрабаваў заснуць. Але яму не спалася. Зноў успомніў пра папяроску, пра жарты сяброў. «А яна тухла, – падумаў сам сабе, – не таму, што па мне і праўда нехта сумуе, а таму, што я зусім не ўмею курыць». Колькі ні вучыўся – нічога не атрымліваецца: ён, асабліва калі заняты чым, забывае, што папяроску, каб яна добра гарэла, трэба, як соску, увесь час смактаць.

Па акне барабаніў дакучлівы дождж. Маленькія кропелькі на шыбах хутка большалі ад дажджынак, увачавідкі цяжэлі і, нібы пабраўшыся за рукі, паволі скраналіся з месца. Спачатку яны паціху сунуліся ўніз, убіраючы ў сябе ўсё больш і больш гэткіх жа, як самі, кропелек – усё набіралі разгон, – а потым імкліва, нібы ўрэшце адважыўшыся, віхляючы, быццам тыя рухавыя галавасцікі-апалонікі, шукаючы зручнейшай, пракладзенай ужо да іх на мокрым шкле сцяжыны, паспешліва кідаліся ўніз і імчалі ўсё хутчэй і хутчэй, пакідаючы за сабою вільготныя, звілістыя пісягі.

Ён глядзеў на гэты імклівы рух – нават вока не заўсёды магло прасачыць, як дажджыны, нібы жывое што, мільгалі па шыбе, – і яму здавалася, што гэта не кроплі бягуць па шкле, а ідзе нейкае паспешлівае, хапатлівае перасяленне цэлай калоніі галавасцікаў.

Успомніў, што гэтая думка прыйшла яму не зараз, зараз яна толькі паўтарылася. Так падумалася яму неяк раней, дома, ці не ў тую яшчэ восень, калі ён, адзінокі, у кепскім настроі сумна сядзеў у пустой кватэры і бяздумна, тужліва глядзеў у мокрае ад нуднага дажджу акно, па якім, як вось і сёння, кудысьці спяшаліся хапатлівыя кроплі-галавасцікі; калі за акном, пад вялікім знадворным градуснікам, нібы пад носам, вісела, хітаючыся ад ветру, і ўсё ніяк не магла адарвацца вялікая дажджавая кропля.

Успомніў пра хату, падумаў, як там зараз пуста і не па-жылому холадна, як ходзіць, пэўна, па кватэры вецер, як дзьме ён у неагледжаныя вокны, як ад яго павеву калышуцца фіранкі і шторы – раніцою аж боязна ўставаць, – і яго зноў скаланула, нібы ад той самай кроплі, што трапіла нядаўна за каўнер. Падумаў, што і муха, якая жыла ў яго хаце і якой ён заўсёды пакідаў нешта з ежы, мусіць, таксама здохла – на гэты раз, збіраючыся ў камандзіроўку, ён забыўся на яе і нічога не пакінуў.

І нібы наяве, выразна пачуўшы, як гулка адбіваюцца ў яго кватэры крокі, ён міжволі злавіў сябе на думцы, што ехаць дадому яму не хочацца.

У аўтобусе спалі. Лёша Лясун хроп, прысланіўшыся галавою да шыбіны, – калі аўтобус падкідала, яго валасы праціралі мокрае, запацелае шкло. Радзік соладка спаў, далёка назад адкінуўшы сваю галаву, – яна матлялася як не пад самым носам у Жавейкі: ён нават чуў, што ад яго валасоў густа пахне ўчорашнім дымам, які так уеўся, што і за кароткую ноч – яны позна ляглі і рана ўсталі – не паспеў выветрыцца. Радзікава галава матлялася па плячах так бездапаможна і нежыццёва, – нібы чужая, нібы прыстаўленая, – што Жавейку нават непрыемна было на ўсё гэта глядзець, і яму міжволі муляла такая дзіўная думка: маўляў, а ці зможа ён, прачнуўшыся, падняць яе, і ці зможа шыя зноў стаць пругкаю і моцнаю, каб, як і да гэтага, трымаць на плячах галаву. Уявіў, што, відаць вось так, калі ён спаў, матлялася і яго галава, і яму стала няёмка, што нехта і пра яго мог падумаць гэтак жа, як ён толькі што думаў пра Радзіка.

У аўтобусе кожны спаў так, як яму было зручней і як дазваляла дарожная неўладкаванасць. Абвёўшы вачыма ўсіх, хто спаў, Алег успомніў, што менавіта так спяць на вакзале.

Усе навокал спалі, і толькі на пярэднім сядзенні ціха, нібы шэпчучыся, размаўлялі два дзядзькі – відаць, вясковыя, відаць, ехалі ў горад да сваіх дзяцей: праход ля іх быў застаўлены кашамі, мяшкамі, авоськамі.

Жавейка прыслухаўся – пра што яны гавораць?

– Яно, калі ты пайшла ўжо на гэтых сірот, дык і маткай старайся ім быць, а не мачахай. А калі адчуваеш, што не зможаш, дык і не рыпайся, не ідзі за ўдаўца замуж.

– Ага. А то сваіх панадзявае, прыбярэ, як лялек, – у іх і касцюмчыкі, у іх і чаравічкі, – а гэтае дзіця няшчаснае як не босае ў школу бегае: ёй хоць бы на капейку чаго з горада прывезла.

Тую, пра каго дзядзькі гаварылі, яны, відаць, добра ведалі абодва.

– Яно і бацька вінаваты. Іншы бубухнуў бы пару разоў, дык і мачаха была б як мачаха – шаўковаю б зрабілася. А гэты ж маўчыць.

– Ага, не кажы ты, маўчыць…

З суседняга сядзення павярнуўся да іх, сеў якраз тварам на праход зусім старэнькі дзядок:

– Вось вы тут, чую я, усё «мачаха» ды «мачаха» гаворыце. А іншая мачаха, каб вы ведалі, часам лепей за родную матку дзяцей глядзіць. Матка вунь спілася, прыйшла, чаравікі ў роднай дачкі ўкрала і ўцякла. А мачаха сядзіць ля дзяўчынкі, слёзы ёй выцірае дый супакойвае: «Не плач, дачушка, мы табе новыя справім». А вы кажаце – мачаха…

– Дык што вы раўняеце? Якая ж гэта матка, калі яна спілася? А гэта ж здаровая і не глядзіць.

– Дзед праўду кажыць, – таксама павярнулася на размову немаладая ўжо жанчына і нават адхінула хустку з вуха – каб лепей чуць. – У мяне вунь у самой матка замуж за ўдаўца выйшла. І ці паверыце, так ужо баялася, каб яе ніхто не папікнуў, што яна сіротак не глядзіць. Дык ім усё лепшае аддавала, усё ў першую чаргу. І так яна ўжо гэтых чужых дзяцей глядзела, што мне, малой, нават не падабалася, што яна мне родная матка, – хацелася, каб і ў мяне мачаха была.

– А не выдумляй ты, цётка, абы-чаго – няма такіх мачах.

– Яй жа Богу, праўду кажу. Каб мне з гэтага месца не сысці, што праўда…

Апошнім часам Жавейку здавалася, што ўсюды людзі толькі пра гэта і гавораць: той развёўся, тая кінула свайго мужа, нехта гадуе чужых дзяцей – быццам бы ўсе толькі тое і робяць, што разводзяцца, жывуць з чужымі дзяцьмі і кожнаму стрэчнаму пра гэта расказваюць. Ды ён разумеў, што людзі і жывуць шырэй, і гавораць шмат пра што іншае, але ўсё гэта лёгка абыходзіць яго, а ягонае насцярожанае вуха ловіць толькі тое, што баліць і яму самому.

Скажам, хіба, да прыкладу, у той халодны восеньскі дзень, калі ліў такі ж самы, як сёння, дождж, ён мала каго сустракаў на мокрай і няветлівай вуліцы. Але ж запомніў бадай што толькі іх – бацьку і сына. Бацька быў цёпла апрануты, ён размашыста шыбаваў па лужынах, а побач з ім у адным пінжачку, без куртачкі бег малы – дождж ліў яму за каўнер, хлопчык уцягваў галаву ў плечы і ўсё стараўся глыбей у кішэні схаваць свае паакрэплыя на дажджы і холадзе рукі, усё спрабаваў нешта загаварыць да бацькі, але той маўчаў. Жавейка здзівіўся, што ў чалавека так і не з’явілася жадання захінуць малога хоць крысом бліскучага ад дажджу плашча, зашпіленага на ўсе гузікі, – нават башлык быў насунуты на галаву і завязаны пад барадою.

Вось тады, седзячы дома каля акна, ён глядзеў на халодную кроплю пад градуснікам, на галавасцікаў, якія спяшаліся па шыбах немаведама куды, а перад вачыма ў яго ўсё стаялі тыя двое – бацька і сын.

А можа, той мужчына, які вёў хлопчыка ў дзіцячы сад, ніякі не бацька малому? А хто ж ён тады? Выпадковы чалавек? Прымак? Знаёмы? Сябра яго маці на адну толькі ноч? А можа, усё ж бацька, але п’яніца? Не, на п’яніцу ён не падобны. Жавейка бачыў – балазе дзіцячы сад у яго пад самымі вокнамі, – як п’яныя бацькі забіралі часам дадому дзяцей. Яны затульвалі малых ад ветру, захіналі лацвей у палітончыкі, ішлі, хістаючыся ва ўсе бакі, іх заносіла, але яны ўважліва глядзелі, каб не наступіць малым на ногі, і моцна трымалі сына ці дачушку за ручаняткі: п’яніцы напачатку бываюць, дарэчы, вельмі чуллівымі.

Жавейка сам сабе празваў гэтага мужчыну «мачахай», грэбліва ўспамінаў яго, асуджаў і разумеў, што ён дужа кепскі чалавек. Бо калі б быў хоць крыху лепшы, то, не зважаючы на тое, кім даводзіцца яму малы, абавязкова захінуў бы хлопчыка ад дажджу.

Думаў і пра свайго сына. Як ён там? Хто яго водзіць зараз у сад? Хто забірае дадому? Ці ўспамінае ён бацьку?

Вова сніўся яму зараз як не кожную ноч. I ўдзень ён у многіх хлапчуках пазнаваў яго і гатовы быў бегчы за кожным, хто нават са спіны быў падобны на сына.

* * *

Яны жылі з жонкаю дружна і хораша.

Хоць пазнаёміліся зусім выпадкова, сустракаліся таксама вельмі мала і да жаніцьбы, як кажуць, амаль што «не хадзілі» – толькі пісьмамі віталіся, – але сям’я ў іх атрымалася шчаслівая.

А пазнаёміліся яны з Тоняю ў дарозе.

Тады ён апошні год служыў у арміі і, атрымаўшы водпуск, ехаў дадому. Але раней чым заехаць да маці, якая адна, чакаючы яго, жыла ў вёсцы, ён рашыў паказацца сястры – Аленка выйшла замуж. У гарадок, што ляжаў якраз на паўдарозе ў родныя мясціны: маўляў, няхай паглядзіць на брата, у якога «ўсе грудзі ў медалях» – крыху значкоў у Алега было сваіх, крыху, для важнасці, ён пазычыў у сяброў і ўсё гэта начапіў на гімнасцёрку. Ён пагасцяваў колькі дзён у сястры, падружыўся з яе старэйшым сынам – у дзядзькі, апроч значкоў, была яшчэ і ракетніца, а таму малы нават у першы ж дзень ніяк не мог дачакацца вечара, калі можна будзе запусціць ракету. Хлопчык дужа ўпадабаў дзядзьку Алега, і калі той збіраўся ад’язджаць, ён так плакаў, так прасіўся ехаць разам з ім да бабулі, што давялося яго ўзяць з сабою. А потым, калі расплакалася і сястрына дачушка, якой таксама заманулася да бабулі, узяў нават і яе…

Было якраз лета, шчодра свяціла сонца, і цягнік падышоў да станцыі, спавіты ў святло і ззянне, – Алег і сёння, вось зараз, праз гэтую шэрую дажджлівую непагадзь нібыта наноў бачыў, як ён – увесь пушысты ад промняў – набліжаецца да перона.

У гэтым цягніку яны і пазнаёміліся.

Студэнты шумнаю гурмою ехалі дадому, каб нейкі час пабыць з бацькамі перад тым, як зноў раз’язджацца ў студэнцкія будаўнічыя атрады, на практыку, у экспедыцыі.

Хлопцы і дзяўчаты весяліліся, нават дзяцініліся, рагаталі і спявалі пад гітару просценькімі галасамі свае просценькія студэнцкія песні.

Яна ж сядзела насупраць яго і чытала кнігу. Доўгія, белыя, як лён, валасы, разабраныя на дзве пасмы, вольна спадалі на столік, захіналі нават яе твар, вочы: Алегу здавалася, што валасы засцяць ёй кнігу, замінаюць чытаць, і яму вельмі ж – да няўсцерпу – хацелася адхінуць іх. А можа, і не столькі адхінуць, як проста дакрануцца да іх – мяккіх і зваблівых.

І ён не стрымаўся. Далікатна, ласкава так адгарнуў яе валасы, спачатку з аднаго боку, потым з другога, захінуў пасмы за яе маленькія, зграбныя вушы – яна, відаць, здзіўленая і ўражаная, нават не зварухнулася, засяроджаная, як і да гэтага, глядзела ў кнігу і рабіла выгляд, што чытае. Потым сарамліва падняла вочы, разгублена паціснула плячыма і сказала:

– А вы смелы.

– А вы прыгожая, – адказаў ён, і яны абое немаведама чаго рассмяяліся, а студэнты, якія, здавалася, і не зважалі на іх, тут жа закрычалі «горка» і пачалі пацешна спяваць ім вясельныя песні.

Але зараз і іхнія песні, і іхні смех, і нават іхняя гітара, якая, кепска наструненая, брынькала не дужа каб цікава, нібыта здаліліся для іх дваіх; зараз усё гэта злівалася ў нейкі агульны, далёкі-далёкі шорах і патрэскванне: здавалася, што гэта недзе ў другім свеце шэпча – слоў не разабраць – радыёпрыёмнік, які нехта выключыў не да канца, і той усё яшчэ хрыпіць, абыякава змешваючы розныя хвалі.

...
6

На этой странице вы можете прочитать онлайн книгу «Двое на вуліцы», автора Іван Сіпакоў. Данная книга имеет возрастное ограничение 16+, относится к жанру «Современная зарубежная литература». Произведение затрагивает такие темы, как «история любви», «мужчина и женщина». Книга «Двое на вуліцы» была издана в 2023 году. Приятного чтения!