Перанясем уласцівасці прамаці-вады на якасці жанчыны, а прабацькі-паветра на характэрныя асаблівасці мужчыны з тым, каб зрабіць спробу вынайсці нейкія ідэальныя вобразы той і другога, каб ведаць, да чаго, акрамя вядомага 90х60х90, варта імкнуцца жанчыне.
Вада, якой яна мяркуема была адразу пасля стварэння: чыстая, празрыстая, глыбокая, плыўная, цякучая, гнуткая, мяккая, шаўкавістая, халаднаватая. Вось ідэал жанчыны і аформіўся: не спаскуджаная крывадушнымі ўзаемаадносінамі з бліжнімі, адкрытая аж да абсалютнай яснасці і поўнай празрыстасці і прастаты, паглыбленая ў сябе, у свой унутраны свет на невымерную глыбіню і таму загадкавая (і тады інтравертнасць з'яўляецца характэрнай асаблівасцю жаноцкага склада характару), заўсёды строячая стасункі з уласцівай жанчыне і вадзе гнуткасцю, мяккасцю, чуллівасцю і пяшчотай, здольная таксама як ахаланіць, так і разагрэць субяседніка (пры ўмове, калі яе саму давесці да кіпені).
Рака можа быць рознай: спакойнай і бурнай, паўнаводнай і мелкай, цёплай, прыемна ахалоджваючай ці скаванай ільдом, але вада ніколі не бывае бруднай сама па сабе, датуль, пакуль нехта яе не забрудзіў. Вось так і жанчына: стаіць сёння яснае ціхае надвор'е – яна спакойная і лагодная, заўтра набяжыць ветрык – настрой пачынае рабаціць, вецер узмацніцца – жанчына ўсхвалюецца, уздыбіцца, страсці распаляцца. А паўночны падуе вецер – зусім замярцвее, астыне і душой, і целам. Узмоцніцца вецер, надзьме ў празрыстыя воды ракі пяску, гразі, смецця… а жанчыне што рабіць? не можа яна сама пазбавіцца ад бруду, як тая рака. Хіба што з цягам часу асядзе ўсё на самае дно душы. Асядзе, але не знікне зусім.