© Грушэцкі А., 2023
© Козел В., ілюстрацыі, 2023
© Афармленне. ТДА «Выдавецтва „Чатыры чвэрці“», 2023
Кожныя вакацыі Янка і Мілана праводзілі ў дзедавай вёсцы, цёплыя ўспаміны аб якой цешылі падлеткаў у горадзе. Гэтае ж лета выдалася найбольш запамінальным і багатым на падзеі. Такіх прыгод не зведаў яшчэ ніводны з іх знаёмых.
Каму яшчэ ў жыцці давялося спаткацца з жывым Цмокам, які вывяргае сапраўдны агонь? А хтосьці ладзіў сяброўства з магутным волатам Вярнігарой, якому пад сілу валуны варочаць і горы руйнаваць? Ці хто бачыў няўрымслівых гарцукоў – сяброў ветру, альбо лесуна з багнікам? Прыгажунь-вужалак? Вось-вось, дакладна ніхто! А Янку з Міланай пашчасціла не толькі бачыць, але разам перажыць столькі, што іншым і не ўяўлялася! Юнакі за адно лета пасталелі, выраслі, сталі смелымі і моцнымі духам – сапраўднымі героямі, дасведчанымі на справе, што такое праўдзівая адвага і гонар!
Успамінаў хопіць не на адно жыццё. Шкада толькі, што падзяліцца няма з кім. Гэта ж сакрэт, вялікая тайна… пра таямнічае каралеўства.
Вярнуўшыся пасля бурных і яркіх падзей дадому, дзеці ледзь сябе не выдалі. Янка ўласна зачыніў праход у чароўнае каралеўства Сварга і нават паклаў на месца дзедавы падарункі – крыж з падковай, ад аправы люстэрка і загадкавы кулончык, з дапамогай якога ў Міланы атрымалася выклікаць Цмока, што выратаваў іх падчас вырашальнай бітвы. Аднак хлопчык забыўся замкнуць куфар на замок.
Вох, раззлаваўся ж тады дзядуля, які заўсёды вельмі любіў парадак і трымаў кожную рэч на сваім месцы, даведаўшыся, што дзеці ўзялі тыя загадкавыя прадметы без яго ведама. Але гневаўся нядоўга – ён моцна любіў сваіх унукаў, да таго ж яны адразу ва ўсім прызналіся. Праўда, не да канца. Сказалі, што вельмі карцела паглядзець на абяцаныя падарункі, і, убачыўшы адчыненыя дзверы, яны папросту не ўтрымаліся.
Ну што ты будзеш рабіць з любімымі ўнукамі? Старога гэта нават рассмяшыла. Тым не менш ён вельмі сур’ёзна выказаў, што такога рабіць не варта было. Няма дазволу, значыцца, няма. Дзед ніколі на іх не крычаў, толькі сур’ёзным голасам тлумачыў, што добра, а чаго рабіць не годна. Менавіта пасля такіх размоў дзеці адразу пачувалі сябе больш дарослымі і адказнымі, чыніць нешта неналежнае ім больш не хацелася.
Так камора была надзейна зачыненая, а крыжык, падкова і ўпрыгожванне схаваны ў куфар, хоць гэтыя рэчы дзеці вельмі палюбілі. Ад кулончыка Мілана была ў захапленні, ён здаваўся прыгожым і незвычайным. У яе сябровак дакладна такога не было.
Брату і сястры засталося чакаць канца вакацый, і дзед мусіў аддаць тыя рэчы. Але сумаваць па іх не было часу – падлеткі атрымлівалі асалоду ад летняга адпачынку ў любімай вёсцы. Мяркуйце самі: непадалёк ад хаты лес, за плотам гарода рэчка, адразу за якой распасцёрся поплаў, – хоць пейзаж малюй, бы маленькая Швейцарыя, а мо і прыгажэй.
Ні Янка, ні Мілана ніколі не бывалі ў той далёкай Швейцарыі. Але яны былі ўпэўненыя, што толькі ў іх вёсцы буслы клякочуць, нібыта вясёлыя музыкі з душою граюць на клякотках. Раніцай прыгожа спяваюць птушкі, раскрываючы ўсю сакавітасць сваіх галасоў у ранішніх пошчаках. Нават артысты з кансерваторыі імі заслухаліся б. Певень на плыце зранку заходзіцца, і, здаецца, сонейка выглядае толькі затым, каб паслухаць ды палюбавацца маляўнічай постаццю спевака. А якія яблыкі на гародзе растуць, каб вы толькі бачылі… Сакавітыя, толькі скаштуеш – аж унутры ўсё напаўняецца асвяжальна-салодкім сокам.
Непадалёк ад хаты, на дзялцы (зямельным участку), стаяў калодзеж з празрыстай, як сляза, і сцюдзёнай, як ляднік, вадой. У любога падарожніка ці госця, якому пашэнціла трапіць сюды ў спякотны сонечны дзень, папіць сцюдзёнай вады з калодзежа будзе адным з самых яскравых успамінаў. А калі ён да таго ж і абальецца вадой з вядра – дакладна не забудзецца на такое.
Вада была і ў доме, падавалася помпай ад калодзежа. Але ж набраць яе, зачэрпнуўшы вядром з цёмнай глыбіні студні і падымаючы на звінючым ланцугу, круцячы ручку бервяна-барабана, паставіць цяжкае, налітае да краёў вядро на лаву, аглядаць, як бавіцца ў ім на хвалях сонейка, – зусім іншая справа. Толькі такая вада і мае самы смак, сок зямліцы. П’еш і адчуваеш, як напаўняешся жыццёвымі сіламі, неверагоднай моцай.
У хаце ў адным з пакояў стаяла сапраўдная, мураваная печ з ляжанкай, – усё як мае быць. Зімой дзеці нават злазіць з яе не хацелі. Котка, напэўна, адтуль амаль і не саскоквала. Вядома ж, яна лавіла мышэй і сваім абавязкам давала рады на выдатна, але вольны час бавіла на ляжанцы, прывольна расцягнуўшыся або пяшчотна згарнуўшыся клубочкам.
Канешне, кухня ў хаце была абсталяваная газавай плітой, мікрахвалёўкай, мульціваркай. Але стравы з печы… Гэта ж зусім іншая рэч. Ежа, прыгатаваная асаблівым чынам у чыгунках, была духмянай і смачнай, адным словам – з душой.
Сям’я ахвотна прыязджала да дзядулі і бабулі, а малыя заўсёды бавілі час з задавальненнем. Сяброў у Янкі з Міланай было тут багата, бо тыя таксама імкнуліся выбрацца на лета не да нейкага там заморскага выраю, а да любай вёсачкі, адпачынак у якой не заменіць аніякая чужына. Гэткай красуні-прыроды больш анідзе не знайсці. Усё сваё, роднае, любае і дарагое сэрцу. Родны кут, зямля, адкуль карані бацькоў і продкаў. Таму і цягне штораз сюды, дзе ўсё так міла і знаёма, цешыць душу.
Рыбалка, купанне ў рэчцы, гульні ў хованкі да поцемак, паходы ў лес па ягады ды грыбы, святкаванне Купалля з начнымі скокамі праз вогнішча і пусканне падпаленага кола з гары, гонкі на роварах па прасёлкавых дарогах, а калі пашэнціць – то і на конях можна пакатацца… Але, на жаль, як бы тут ні было файна, вакацыі калі-небудзь ды скончваюцца.
Адпачынак нашых герояў ужо падыходзіў да завяршэння. Яшчэ колькі дзён – і час збірацца дадому. Але быў у гэтым і станоўчы момант – хутка дзеці атрымаюць свае незвычайныя падарункі. Ды і дзед пра іх не забыўся. Бацькі Янкі з Міланай акурат адправіліся ў госці разам з бабуляй. Самі ж дзеці бавіліся з сябрамі на вуліцы.
Дзед павольна накіраваўся да каморы, адчыніў дзверы і запаліў святло. Яму здавалася, што заўсёды першым на вочы ў каморы траплялася менавіта люстэрка. Можа, таму, што яно вялікае. Ці таму, што святло адразу адлюстроўвалася ад яго. А можа, з-за таго, што самотна вісела на сцяне і сваім загадкавым выглядам прыцягвала ўвагу. Дзядуля зайшоў, паглядзеўся ў яго і адкрыў куфар, выцягнуў драўляныя падкову і крыж, таямнічага колеру кулончык. Закрыўшы вечка, стаў разглядаць усё гэта, магчыма, у апошні раз.
– Хм, сапраўды дзіўна. І чаму мой дзед папрасіў ім перадаць тое?..
У роздумах стары падняў галаву і зірнуў на люстэрка, заўважыўшы, што крыж з падковай маглі быць выразанымі з таго ж дрэва, што і рама. Яны былі падобныя і па колеры. І тут ён паглядзеў вышэй.
– О, не… – вырвалася з яго вуснаў, і ён ледзь не ўпусціў з рук тыя прадметы. – Гэтага не можа быць. Гэтыя фігуры могуць з’яўляцца часткай герба, якіх бракавала. Ну-ка, – прамовіў ён, паклаўшы кулончык на вечка, а сам залез, пыхкаючы, на куфар.
Дзед паспрабаваў уставіць драўляны крыжык, паднёсшы той да пустога месца на гербе. На дзіва, крыж пасаваў таму месцу.
– Як тут і быў! – толькі ён гэта прамовіў, як па памяшканні прабегся лёгкі ветрык. Дзядуля крыху здзівіўся, але не надаў гэтаму вялікай увагі. Затым ён узяў падкоўку, пакруціў, разглядаючы, і таксама прыставіў яе ў адпаведнае паглыбленне, прыціснуўшы для надзейнасці. Але цяпер крыж выехаў са свайго месца. Дзед спужаўся, што той адваліцца і хуценька падхапіў яго. Але перасцярога апынулася залішняй – ён не выпаў, а боўтаўся на шрубе.
Старога гэта нават крыху заінтрыгавала. Напачатку ён паспрабаваў націснуць на яго, вярнуць на месца, але той не паддаваўся. Адначасова дзядуля заўважыў, што крыжык можа круціцца, і павярнуў яго, бы кранік на старым кухонным змяшальніку.
Тое, што адбылося далей, не на жарт напалохала яго. Па люстэрку пранёсся трэскат, быццам шкло разам з драўлянай рамай былі гатовыя лопнуць. Напужаны стары адразу ж саскочыў з куфра. Разам з тым у лямпачцы, што вісела над галавой, забзыкала напруга. Ледзьве дзед паспеў адскочыць, як лямпачка ўзарвалася, разляцеўшыся па пакоі на дробныя аскепкі, і стары, расхінуўшы дзверы, хутка выскачыў з каморы.
Абапёршыся на сцяну, ён схапіўся за грудзі. Сэрца зашчымела, даючы аб сабе ведаць непрыемным болем. Добра, што таблеткі заўсёды з сабой. Закінуўшы адну пад язык, стары прайшоў на кухню і прысеў на крэсла, пераводзячы дыханне.
Не тое, каб ён моцна спужаўся, за свае гады ўсяго пабачыў. Але здарэнне адбылося так нечакана і загадкава! Ён сядзеў і не мог зразумець, ці на самой справе люстэрка трэснула, ці гэта быў электрычны трэскат.
– Што б там ні было, а святло трэба памяняць. – Дзед крыху супакоіўся, аддыхаўся і пайшоў за новай лямпачкай, кіпа якіх заўсёды ляжала ў скрыначцы на палічцы каля ўваходу ў хату. Апусціўшы руку ў скрыню, ён павадзіў рукой і расчаравана выдыхнуў: – Ды няўжо скончыліся? Вось няўдача, – занерваваўся ён. – Давядзецца ісці ў краму.
Стары павольна павалокся на вуліцу, дзе сустрэў унукаў, якія акурат вярталіся дамоў ад сяброў.
– Добры дзень, дзядуля! – ветліва павіталіся яны.
– Добры, добры, шалапуты вы мае, – пажартаваў ён. – Найграліся? Дахаты?
– Так. А вы, дзеда, да каго ў госці?
– Ды не, у краму трэба схадзіць.
– Вам, можа, дапамагчы?
– Дзякуй, даражэнькія. Я так, па дробязі.
– Тады мы пойдзем? А то дзень гарачы, так піць хочацца.
– Вядома ж, ідзіце. Я, напэўна, потым яшчэ да вашых бацькоў далучуся, хутка мяне не чакайце. Не засумуеце?
– Не, дзядуля, не хвалюйцеся.
– Ну і добра.
Яны былі ўжо даволі самастойнымі, а за лета на свежым паветры выраслі, нават пасталелі. Гэта ўжо былі не тыя шалапуты, як любіў іх называць дзед, а сур’ёзныя, разважлівыя юнакі са сваімі думкамі, меркаваннямі і поглядамі. Выраслі, нічога не скажаш. І таму былі свае прычыны, пэўныя падзеі, што так паўплывалі на іх характары.
Яны дайшлі дадому, зайшлі ў хату і, ступіўшы на парог, тут жа застылі ў напружанні. Па падлозе спакойна паўзла змяя. Убачыўшы людзей, яна застыла на месцы, прыпадняўшы галаву, і ўтаропілася на іх.
– Змяя? – не тое каб спалохана, хутчэй, здзіўлена прамовіла Мілана.
– Гэта вуж, – паправіў Янка.
– Так, бачу, – пагадзілася сястра, – у яго жоўценькія вушкі. Пасля ўсяго, што з намі здарылася, вужа я здолею адрозніць. Ну, прывітанне табе, вужык! Адкуль жа ты тутака ўзяўся?
Вуж высунуў раздвоены язык, сыкнуў і, як ім падалося, нібыта пакланіўся, вітаючы.
– Гэта немагчыма, але… – насцярожана прамовіла Мілана, прыглядаючыся да змейкі. – Няхай я падамся табе дзіўнай, але…
– Папраўдзе і мне так здалося, – не даў ёй дагаварыць свае здагадкі брат. – Ён вельмі нагадвае нашага старога знаёмага.
– Але ж такое немагчыма!
– Так, гэта неверагодна.
А вуж, не адводзячы ад іх погляду, пачаў выгінацца, шыпець, а затым то падпаўзаць да іх, то зноў даваць задні ход.
– Слухай, ён неяк незвычайна сабе паводзіць, – пачала разважаць Мілана, – нібыта…
– Кліча за сабой, – падхапіў думку Ян.
– Менавіта так.
Хлопец павярнуў да яе галаву і моўчкі кіўнуў.
Яны паглядзелі адзін аднаму ў вочы і, не кажучы ні слова, павольна накіраваліся за нечаканым госцем. Той, нібыта ўзрадаваўшыся, што яго нарэшце зразумелі, прыўзняўся, развярнуўся і хутка папоўз у бок дзедавай каморы. Дзеці паспяшаліся за ім.
На іх здзіўленне, дзверы былі прыадчыненыя, і змяя спрытна праціснулася ў шчыліну. Дзяцей гэта крыху насцярожыла – дзед звычайна пільна сачыў за тым, каб яны былі надзейна замкнёныя на замок. Мабыць, ён толькі адзін раз дапусціў такую прамашку, ды і тое ў мітусні. Што было далей, мы памятаем.
– Нешта ў мяне нядобрае прадчуванне, – захвалявалася дзяўчына.
– Лепшы спосаб даведацца, наколькі маеш рацыю, – гэта спраўдзіць, што там.
– Я гэта і сама разумею.
– Ты гатовая?
Мілана глыбока ўздыхнула:
– Так, адчыняй, – рашуча прамовіла яна.
І брат, узяўшыся за клямку, расхінуў дзверы. А затым яны ўдваіх знерухомелі. У каморы было цёмна, але святла з калідора было дастаткова, каб зразумець, што ў памяшканні адбываецца нешта незвычайнае. З люстэрка на сцяне лілося серабрыстае святло таямніча, мякка і прыгожа, нібы прамень ад поўні напаўняе пакой у летнюю ноч, у якім нават лятучыя парушынкі, што павольна вісяць у паветры, падаюцца срэбнымі сняжынкамі. Дзіўна, таямніча і нерэальна. Зачароўвае.
У паўцемры было відаць, што вуж жадаў узлезці на куфар, але ў яго гэта ніяк не атрымлівалася.
– Здаецца, ён просіцца да люстэрка, – заўважыў Янка.
Хлопча паклацаў выключальнікам, але па-ранейшаму было цёмна.
– Падобна, лямпачка перагарэла.
Янка, нядоўга разважаючы, ступіў у пакой. Не паспеў ён зрабіць і некалькі крокаў, як яго пацягнула назад сястра.
– Што? – спытаўся ён.
У адказ дзяўчына толькі кіўнула галавой, паказваючы на падлогу. Брат павярнуўся і ўбачыў у месячным святле, як на падлозе блішчаць аскепкі дробнага шкла.
– Мяркую, гэта і ёсць лямпачка, – выказаў здагадку Янка. – Тое, што ад яе засталося.
– Відаць, так.
– Лепш я вазьму ліхтарык. Не хачу параніцца.
Звычайна ён ляжаў каля ўваходу ў хату. Янка падумаў адразу там жа ўзяць і новую лямпачку, але скрынка была пустая. Хлопец расчаравана схапіў толькі ліхтарык і накіраваўся назад да каморы. Пабачыўшы, што ў свяцільні застаўся пусты патрон, ён здагадаўся:
– Дзеда, відаць, спяшаўся да крамы па лямпачкі. А ў паспеху ізноў забыўся зачыніць дзверы.
– Хутчэй за ўсё. Мяне толькі турбуе, ці бачыў ён гэта, – кіўнула сястра на люстэрка.
– Мяркую, што не. Інакш бы ён быў усхваляваны. Як я зараз. Бо баюся, што праход… – брат нервова каўтнуў паветра, – ізноў адкрыты.
– Як гэта?
– Вось і я б хацеў пра гэта даведацца.
Брат з сястрой падышлі да люстэрка і паглядзелі на яго.
– О, не… – прамовілі яны разам.
Як яны і лякаліся, адлюстравання ніякага не было. Замест гэтага дзеці бачылі ў ім толькі змрочную пустэчу, праз якую прабівалася здалёку ледзь заўважнае святло. Янка насцярожана пасвяціў унутры.
– Так і ёсць! Гэта той самы праход, – прамовіў хлопец.
– Але як такое магло здарыцца? Не мог жа ён сам адкрыцца? Ты ж яго тады дакладна зачыніў.
Брат зірнуў ніжэй і перавёў ліхтарык на вечка куфра.
– Баюся, я здагадваюся, што тут адбылося.
На куфры ляжаў чароўны кулончык на вяровачцы, які прызначаўся Мілане.
– Вой! – усклікнула яна і тут жа падхапіла яго. – Няўжо ён самы? Мой любімы, – і яе твар ахінула прыемнай усмешкай.
– Ды гэта яшчэ не ўсё, – загадкава прамовіў брат, пасвяціўшы ўгару.
Дзяўчына падняла галаву і разгублена прамовіла:
– Як гэта?
Крыжык і падкова знаходзіліся на сваіх месцах. Хаця больш правільна было сказаць – не на сваіх. Яны павінны былі ляжаць у куфры пад надзейным замком, а цяпер былі ў гербе над рамай.
– Няўжо дзеда пра ўсё даведаўся? – спалохана прамовіла Мілана.
– Спадзяюся, што святло згасла раней, чым ён мог гэта пабачыць.
– Цудоўна, калі так. Але ж трэба нешта з гэтым рабіць. Можа, зачыніць яго, пакуль не позна?
На этой странице вы можете прочитать онлайн книгу «Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Каралеўству патрэбны героi», автора Алег Грушэцкі. Данная книга имеет возрастное ограничение 12+, относится к жанрам: «Фэнтези про драконов», «Попаданцы». Произведение затрагивает такие темы, как «волшебные миры», «рыцари». Книга «Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Каралеўству патрэбны героi» была написана в 2023 и издана в 2023 году. Приятного чтения!
О проекте
О подписке